Выклада́ць ’вучыць, займацца педагагічнай дзейнасцю’ (БРС, Гарэц., Яруш., Касп.), ’вымаць’ (БРС, Нас., Гарэц.), ’выказваць (думку), тлумачыць’ (БРС, Нас., Гарэц., Яруш.); ’кастрыраваць’ (Юрч., Шатал.), выклада́ти ’ткаць тэхнікай узорнага ткання’ (Влад.). Гл. кладу, класці. У значэнні ’вучыць, займацца педагагічнай дзейнасцю’ слова з’яўляецца калькай рус. излагать (Крукоўскі, Уплыў, 149); мяркуюць (Гіст. мовы, 2, 142), што значэнне ’выказваць (думку)’ — таксама калька рус. дзеяслова, але хутчэй гэта семантычнае запазычанне з польск. wykładać ’выказваць, тлумачыць’, на што можа ўказваць фіксацыя гэтага значэння ўжо ў Насовіча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лотва ’чарада, плойма (дзяцей)’ (Касп.), рус. пск. лотва некрещеная! — лаянка; ’шалёнае зборышча’, польск. Lotwa ’Латвія’. Лексема паходзіць ад этноніма як абагульняючае слова для мноства людзей (з незразумелай мовай). Параўн. яшчэ рус. пск. латыш ’чалавек, які гаворыць неразборліва’. Паходзіць з незасведчанай у балтыйскіх помніках назвы для краіны і яе насельніцтва *Latuvā, Latvā (Атрэмбскі, Gramatyka, 1, 3), параўн. назву вёскі Лотва Мядзельскага р‑на, ст.-бел. Лотва (у Стрыйкоўскага) і інш. Больш падрабязна гл. Непадкупны (Связи, 151–152).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гадаты́вус ’рэзанёр, гаварун’ (ужывалася пераважна шляхтай, Нас.). Запазычанне з польск. gadatywus ’тс’. Гэта апошняе ўтворана ў польск. мове на базе дзеяслова gadać ’балбатаць, гаварыць’ і суфіксальнай часткі ‑tywus (паводле лац. слоў на ‑t‑ivus). У польск. мове гэта спачатку, можа, жартоўнае ўтварэнне (параўн. яшчэ іншыя лацінізаваныя польскія ўтварэнні ад gadaćgadateusz, gadeus ’гаварун’). Але бел. гадатыўка ’гаваруха, гаварлівая (гаворыцца пераважна ў колах шляхты)’ (Нас.) ўтворана на беларускай глебе ад гадатывуспольск. мове слова gadatywka няма, гл. SW).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галава́. Слова прасл. паходжання: рус. голова́, укр. голова́, польск. głowa, чэш., славац. hlava, ст.-слав. глава, балг. глава́, серб.-харв. гла́ва і г. д. Прасл. *golva (acc. sg. *golvǫ). Роднасныя: літ. galvà, ст.-прус. galwan (acc. sg.). Далейшыя сувязі няпэўныя. Падрабязны агляд версій гл. Фасмер, 1, 429; Слаўскі, 1, 292–293. У якасці геаграфічнай назвы ў бел. мове вядома галава́ ’паўвостраў на павароце рэчкі; калена ракі’ (Яшкін). Прасл. golva дае шмат вытворных праславянскага характару: галава́, галаве́нь, галаві́зна, галаўня́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галяле́ць ’блішчаць (пра ваду на лугах і палях)’ (Янк. III). Няяснае слова. Магчыма, ёсць нейкая сувязь са слав. *galo ’прагаліна і да т. п.’, але такая этымалогія застаецца вельмі гіпатэтычнай (няма дадатковых даных), хоць з семантычнага боку яе можна прыняць (*galo ’прагаліна’ — ’прагаліна, голае месца’ > ’голае месца з вадой, што блішчыць’, нарэшце, самастойны дзеяслоў галяле́ць). Трэба звярнуць увагу на тое, што *galo ў некаторых мовах (дыялектах) значыць проста ’возера’ (напр., укр. га́ло; гл. яшчэ Талстой, Геогр., 104–109).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галёнка ’галёнка’ (БРС, Шат., Касп., Нас.). Рус. го́лень, укр. голі́нка, польск. goleń, чэш. holeň, балг. го́лен, серб.-харв. го̏лијен і г. д. Слова засведчана ўжо ў ст.-слав. мове (голѣнь). Думаюць, што гэта ўтварэнне ад прыметніка *golъ ’голы’ суфіксам *‑ěnь (першапачатковае значэнне ’голая косць’). Брукнер, 149; Міклашыч, 70 і наст. Іншая версія (роднаснасць з грэч. γυῖον ’рука, нага’, γύαλον ’дупло, упадзіна’) пераконвае менш. Гл. Фасмер, 1, 428; Шанскі, 1, Г, 117. Вельмі падрабязна Слаўскі, 1, 311–312.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ганара́р (БРС). Рус. гонора́р, укр. гонора́р. Як мяркуюць Фасмер (1, 437) і Шанскі (1, Г, 128–129), запазычанне з ням. Honorar, а гэта з лац. honorārium ’узнагарода’ (аб гісторыі слова падрабязней гл. у Шанскага, там жа). Можна ставіць пытанне, ці бел. і ўкр. словы не запазычаны праз рус. мову (для канкрэтнай гісторыі бел. і ўкр. слоў не хапае даных). Наўрад ці паміж бел. ганара́р і ст.-бел. гонорариумъ (XVII ст., гл. Булыка, Запазыч., 84) ёсць прамая сувязь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глі́на ’гліна’ (БРС). Слова прасл. характару. Параўн. рус. гли́на, укр. гли́на, польск. glina, чэш. hlína, славац. hlina, в.-луж. hlina, н.-луж. glina, балг. гли́на, серб.-харв. гли́на. Прасл. *glina ’тс’. Падрабязны агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 123–124. Лічыцца роднасным з і.-е. мовамі. Параўн. грэч. γλίνη ’клей, клейкае рэчыва’ і некаторымі іншымі і.-е. формамі. Гл. Бернекер, 1, 304; Слаўскі, 1, 284; Траўтман, 92; Фасмер, 1, 412; Трубачоў, Эт. сл., 6, 125–126.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гуля́ць ’гуляць’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк.), ’танцаваць’ (Сцяшк.), ’гуляць, забаўляцца; танцаваць; бяздзейнічаць’ (Шат.), ’сваволіць (аб дзецях)’ (Жд. 2). Слаўскі (1, 433–434) лічыць польск. hulać запазычаннем з укр. мовы. Адносна этымалогіі слова ён мяркуе, што, магчыма, у аснове ляжыць выклічнік hu‑la!, hul! Іншыя версіі, паводле Слаўскага, не пераконваюць. Падрабязны агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 171–172. Паводле Трубачова, прасл. *gulʼati звязана з дзеясловам *guliti, які сярод іншых мае значэнне ’весяліцца, жартаваць і да т. п.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Недачупа́лле ’недарэка, някемлівы чалавек’ (пух.; чэрв., Жыв. сл.), недачупилы ’недаразвіты, мізэрны’ (там жа), ’не зусім разумны’ (Сл. ПЗБ). Відаць, з неда- і цупаць ’экспр. ісці’ (чэрв., Сл. ПЗБ), параўн. дакладны структурны адпаведнік названаму прыметніку — нядошлы ’слабак, хваравека’ (ТС); для некаторых значэнняў не выключана сувязь з тупіць ’кеміць, цяміць’. Праблематычнай застаецца сувязь з літ. čiupaila ’неразумны’, якую прапануюць аўтары «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», у сувязі з няяснасцю паходжання самога літоўскага слова (вытворнае ад čiupti ’хапаць’?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)