пераме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Змераць, памераць нанава, яшчэ раз. Перамераць куплены адрэз. □ Павел перамераў крокамі абодва пакоі — у дзяўчат ён быў крыху большы. Шахавец. Большасць галасоў паказала, што ўсю прыбалотную зямлю трэба перамераць і перарэзаць. Чорны.

2. Змераць, памераць усё, многае. Перамераць усё збожжа. Перамераць усе прысядзібныя ўчасткі.

3. перан. Разм. Шмат прайсці, пахадзіць па якой‑н. тэрыторыі. З таго часу шмат прайшло гадоў. Многа дарог перамералі мае ногі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзе́мны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца, залягае пад зямлёй, у нетрах зямлі. Падземныя воды. Падземныя часткі раслін. □ Лабановіч з невялічкім чамаданчыкам у руцэ адзін з першых сышоў з вагона і пайшоў следам за народам, з захапленнем пазіраючы на падземныя тунелі, што вялі на вакзал і ў горад. Колас. Доўга «вышкаўцы» свідравалі нетры, не адразу ім удалося дабрацца да падземных багаццяў. Кулакоўскі. // Які вядзецца, ажыццяўляецца пад зямлёй. Падземныя работы. // Які адбываецца пад зямлёй. Падземны штуршок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падслепава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які дрэнна бачыць, вельмі блізарукі. Хасан падносіў папяросу да падслепаватых вачэй, спачатку чамусьці нюхаў яе і толькі пасля ўжо прыкурваў. Даніленка. Іваніха выпрамілася, уважліва агледзела чалавека — яго няголены падслепаваты твар, худыя брудныя рукі. Лось.

2. перан. Які мала прапускае або дае святла. Невялікія падслепаватыя вокны скупа прапускалі святло, хоць на дварэ ва ўсю свяціла веснавое сонца. Колас. Побач тулілася зямлянка з адным падслепаватым акном. Асіпенка. У хаце блішчаў падслепаваты агеньчык. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакрапі́ць, ‑краплю, ‑кропіш, ‑кропіць; зак., каго-што.

1. Злёгку апырскаць, змачыць. [Міхалка] умомант адзеў на галаву сетку, абмакнуў венік у ваду і пакрапіў рой. Якімовіч. Пакуль Лабановіч дабег да станцыі, яго парадкам пакрапіў дождж. Колас. // Акрапіць свянцонай вадой пры выкананні некаторых царкоўных абрадаў.

2. і без дап. Крапіць некаторы час. — Трэба, трэба дождж, — казалі старыя, — бульба можа яшчэ падрасла б. Зусім зачахла. — Але ж і лета. І ты скажы, каб хоць раз пакрапіў дождж. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нача́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да начальніка, належыць начальніку. Стаялі афіцэры, выцягнутыя ў струнку, чакалі начальніцкага загаду. Лынькоў. У той жа самы момант салдат.. раптам махнуў рукою і пабег у начальніцкі вагон. Чорны.

2. Поўны важнасці, строгасці; уладны. Сядзіць .. [Скок] з начальніцкім выглядам за перапэцканым у чарніла крываногім сталом і старанна хукае на пячатку, быццам яна замерзла. Сяркоў. Пан Крулеўскі гаварыў цяпер па-польску, і ў голасе чуўся халодны, .. начальніцкі тон. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́ма, прысл.

1. Дзіка, роспачна (крычаць, галасіць, раўці і пад.). — Давай грошы! Аддай мае грошы! — нема крычаў Яўхім. Колас. [Дзядзька Вінцук:] — Хворыя паўскоквалі з ложкаў і нема крычалі. Машара. Пакараў даў газ, прытрымаў тармазы, і рухавік нема завыў, а потым з неймавернай сілай ірванулася пад самалёт роўным шэрым палатном узлётная паласа. Алешка.

2. Моўчкі, без слоў. Людзі стаялі і нема дзівіліся на цяжкую салдацкую працу. Лынькоў. [Цётка Марыля] не галасіла, як старая маці, а енчыла нема, без слоў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непако́й, ‑ю, м.

1. Стан душэўнай трывогі, хвалявання, выкліканы чым‑н. Дні трывог, страху і непакою пачаліся для дзеда Талаша і яго сям’і. Колас. Непакой за лёс разведчыкаў ахапіў усю роту. Васілёнак. З надыходам восені ўсё з большым непакоем заглядваў Шыманскі на малочную ферму. Дуброўскі.

2. Турботы, клопаты. Мой непакой за спраўнасць ахоўвання межаў радзімы развеяўся [на заставе] вельмі хутка. Брыль. Смокча душу балючы непакой: як.. [сын] там ходзіць ці бегае, з кім, дзе, чаго? Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набале́ць, ‑ліць; зак.

1. Стаць вельмі балючым ад працяглага болю. Палец набалеў ад нарыву. // перан. Стаць вельмі адчувальным ад доўгіх пакут, змучыцца (аб сэрцы, душы). Мімаволі горкі ўсхліп Ускалыхнуў яе ўсё цела, Бо сэрца дужа набалела. Колас.

2. перан. Сабрацца, накапіцца (пра што‑н. пакутлівае, цяжкае, нясцерпнае). [Аграном:] — Калі ў чалавека што набалела, то ён скажа: знойдуцца і словы і голас. Кулакоўскі. З лёгкай Косцевай рукі студэнты пачалі горача гаварыць аб тым, што ім набалела. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наве́яць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., што і чаго.

1. Веючы, ачысціць нейкую колькасць збожжа. Навеяць мех жыта.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нанесці, прынесці ветрам. Навеяла завіруха гурбы снегу.

3. перан. Выклікаць у каго‑н. пэўны настрой, думкі і пад., прывесці ў пэўны душэўны стан. Адзінота навеяла сум. □ Успамін пра маці адразу навеяў смутак на Грышаў твар. Пальчэўскі. І навеюць думак многа Мне пра мілую дзяўчынку Далі тыя і дарогі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надзьму́ць, ‑дзьму, ‑дзьмеш, ‑дзьме; ‑дзьмём, ‑дзьмяце; зак.

1. што. Напоўніць паветрам або газам, зрабіць пругкім. Надзьмуць мяч. Надзьмуць веласіпедную камеру. □ [Незнаёмы:] — Кожны [дымавы] патрон можа надзьмуць гумавую лодку нават пад вадою за секунду. Ваданосаў. // Нацягнуць што‑н. ветрам. Надзьмуць парус.

2. чаго. Нанесці ветрам. Вецер надзьмуў пылу. / у безас. ужыв. [Васіль] апусціў стрэльбу руляй уніз, каб не надзьмула снегу. Колас.

3. безас. Разм. Ад ветру, скразняку і пад. прастудзіцца, захварэць. Надзьмула ў вуха.

•••

Надзьмуць губы — пакрыўдзіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)