алі́ва, ‑ы, ж.
1. Вечназялёнае паўднёвае дрэва сямейства маслінавых; масліна. Дык няхай гучыць над светам слова, Слова гневу ходзіць па зямлі, Каб пад сонцам цвіў мой край сасновы І алівы вашыя цвілі!.. Рудкоўскі.
2. Ядомы плод гэтага дрэва.
3. Алей, атрыманы з яго пладоў.
4. Змазачнае масла. [Пракоп:] Трактар каштуе вялікіх грошай: і сам ён дарагі, і бензін аплаціць трэба, аліву. Колас. У ваччу яшчэ стаялі высокія сцены, чорныя з жаўтаватым водлівам, машынная аліва на жалезных прэнтах і калёсах. Чорны.
[Лац. oliva.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адкало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., каго-што.
1. Колючы, аддзяліць; адламаць, адшчапаць. Хвалі крыгу адкалолі, Вір пад крыгай забурліў. Лодку ўзяць Сымон не здолеў, Так на крызе і паплыў. А. Александровіч. [Максім] секануў другі раз на вяршок вышэй і адкалоў тоўстую трэску. Шамякін.
2. перан. Разлучыць з кім‑н., аддзяліць ад каго‑, чаго‑н.
3. Разм. Зрабіць, сказаць што‑н. нечаканае, недарэчнае. Адкалоць штуку. □ Пры сустрэчы з Шаманскім Якуб Малашчыцкі адкалоў той жа завучаны рэверанс са словамі: «Ваша чэсць». Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зава́л, ‑у і ‑а, м.
1. ‑у. Мноства чаго‑н. скіданага, зваленага ў беспарадку. На кожным кроку — вялізныя вываратні, завалы. Краўчанка. Каменныя нагрувашчванні сустракаліся ўсё часцей, пераходзілі ў суцэльныя завалы. Шыцік. // Штучная перашкода, мноства наваленых адно на другое дрэў, бярвён і пад. Зрабіць завал на дарозе. □ Праезду не было. Людзі выйшлі прыбіраць завал з пілкамі і сякерамі. Лужанін.
2. ‑а. Тое, што і завала (у 1 знач.). Хата Паўлюкова была завалена з сярэдзіны сакрэтным завалам. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павява́ць, ‑ае; незак.
1. Дзьмуць злёгку або час ад часу. З поля павяваў лёгкі ветрык. Броўка. Ноч ціхая, ледзь-ледзь павявае вецер. С. Александровіч. / у безас. ужыв. Цёплым пахучым ветрыкам павявала з палёў. Чарнышэвіч. // звычайна безас. Абдаваць павевам чаго‑н. (цеплыні, пары і пад.). Недзе ў кустах звінеў на каменьчыках ручай. Адтуль павявала халадком. Асіпенка.
2. безас.; перан. Адчувацца (пра набліжэнне чаго‑н.); мець адзнакі чаго‑н. Гэта была мясцовасць, дзе павявала першымі адзнакамі Палесся. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падвы́сіць, ‑высіў, ‑высіш, ‑высіць; зак., каго-што.
Разм.
1. Падняць вышэй. Падвысіць флаг. Падвысіць шлагбаум. // Зрабіць больш высокім у параўнанні з якім‑н. узроўнем. Там, у канцы Грыняў, дзе лесапілка, падвысілі плаціну. Пташнікаў.
2. Перавесці на больш высокую пасаду. Падвысіць у званні. □ [Янкавец] звярнуўся да прыстава: — Скажыце, вас напэўна падвысяць па службе? Колас.
3. Павялічыць, надбавіць (пра цэны, нормы і пад.). [Сегень:] — Няхай жа кожны з нас паставіць перад сабою задачу падвысіць на новы месяц норму свайго вырабу. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мазня́, ‑і, ж.
Разм.
1. Няўмела намаляваная карціна, неахайна напісаны тэкст. Не малюнак, а мазня. Мазня ў сшытку. □ У нацыянальнай галерэі [Швецыі], дзе выстаўлены шэдэўры Цорна і Рубенса, вісіць таксама мазня новых модных мастакоў. Мележ. // Што‑н. нядбайна, не на высокім узроўні напісанае; дрэнная, няўмелая работа. «Пэцкаль ты! Няма ў цябе ніводнай жылкі творчай. А вершыкі твае — мазня!» Корбан.
2. Няўмелая, з промахамі гульня, стральба і пад. — Што ж гэта за мазня! — з абурэннем хтосьці папракнуў цэнтральнага нападаючага. Стаховіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́сцілка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Лёгкая саматканая коўдра або прасціна, якую рассцілаюць на пасцель або якой накрываюцца ці засцілаюць ложак. Гаспадыня зняла з ложка посцілку і завесіла ёю акно. Кулакоўскі. Пасцель была прыбрана, засцелена зверху вясковай посцілкай. Новікаў. // Кавалак тканіны, якой накрываецца або завешваецца што‑н. З-за посцілкі, што завешвала ложак, пачуўся жаночы голас. Пальчэўскі. / у перан. ужыв.; чаго або якая. Лес пасвятлеў, пабялеў і пазбыўся свае хмурай панурасці пад белаю чысцюткаю посцілкаю. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
но́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Памянш. да ноша.
2. Ахапак, вязка (сена, саломы, дроў і пад.). Майскім вечарам Ірына несла на сабе з бліжняга алешніку ношку дроў. Даніленка. Пад’ёмны кран плаўна і лёгка апісаў дугу, быццам у яго клыках быў не дзевяцітонны груз, а ношка саломы. Гроднеў.
3. Здабыча пчалы за адзін вылет. Ліпавы цвет каштоўны не толькі тым, што ён дае мёд высокай якасці. З яго пчолы бяруць вельмі добрыя ношкі. Гавеман.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прызямлі́цца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
Апусціцца на зямлю (пра лятальныя апараты, людзей на іх). Меркавалася, што можна будзе прызямліцца на тым партызанскіх аэрадроме, з якога некалі Марыя вылятала. Кулакоўскі. І калі ўсе самалёты прызямліліся на аэрадроме, камандзір падышоў да Ермаловіча. Якімовіч. — Збілі мяне пад Беластокам, — стаў расказваць Кучэрын. — Прызямліўся я на нейкім агародзе. Адчапіў парашут і — ходу. Карпюк. // Разм. жарт. іран. Упасці. Дзядзька Хвядос, нечакана на нешта наткнуўшыся, зляцеў з веласіпеда і прызямліўся ў адхон. Скрыпка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпёк 1, ‑у, м.
Прыбаўка ў вазе хлеба пасля выпечкі ў параўнанні з вагой затрачанай мукі.
•••
Збоку прыпёку гл. збоку.
прыпёк 2, ‑у, м.
Моцная спёка, гарачыня ад сонца. І бярозавы пянёк Паміж дрэў высокіх У зацішку ў прыпёк Плакаў светлым сокам. Бялевіч. // (звычайна ў спалучэнні з прыназ. «на»). Месца, дзе асабліва моцна прыпякае сонца. Прыжмурыўшы вочы, сабака ляжаў на прыпёку пад сцяною хлеўчука і ляніва памахваў хвастом. Рылько. Густымі чорнымі плоймамі кружыліся і гулі на прыпёку мухі. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)