палюбава́цца, ‑бу́юся, ‑бу́ешся, ‑бу́ецца; зак.

1. кім-чым і на каго-што. Любавацца некаторы час. І робіць крук [Міхал], бо як стрымацца, Каб не зайсці палюбавацца І ярыною і жытамі? Колас. Пад вечар мы пайшлі з Піліпам Тарасавічам палюбавацца на разліў рэчкі. Ермаловіч.

2. заг. палюбу́йся (палюбу́йцеся). Разм. Ужываецца ў значэнні: зірніце, як дрэнна, абуральна. [Інжынер:] — Вось палюбуйцеся: машыны пад адкрытым небам стаяць. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паску́днік, ‑а, м.

Разм. груб. Той, хто робіць гадасці, паскудства. — Як бы гэта лёгка было жыць на зямлі, каб за кожнае паскудства паскуднік чакаў немінучай кары. Караткевіч. — А зараз, выходзіць, я вінаватая, што той паскуднік, бацька маёй дарагой дачушкі, гэтак зганьбіў усё і ўцёк, як шкодны кот. Радкевіч. // Ужываецца як лаянкавае слова. [Ладымер:] — Што ты робіш, паскуднік! Лом у садзе ты пазбіраў? Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працаві́к, ‑а, м.

Разм. Той, хто многа працуе, працалюбівы чалавек. Дзе-ж гэта відана, каб .. чалавек сталы, працавік, руплівы гаспадар, раптам кінуў свой дом, сваю сям’ю, увесь набытак і павалокся ў свет? Колас. — Я працавік, нікому кепскага не рабіў, я пот ліў. Чорны. Дах над галавою і цяпло ў хаце кожнаму патрэбны. А хто робіць гэта? Нага брат працавік: цясляр і муляр. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыма́льны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Такі, які можна прыняць, з якім можна пагадзіцца; прыдатны. Прымальная прапанова. Прымальны рэжым работы. □ [Кандаковіч:] — Нас, рэвалюцыйна настроеных людзей, сабралася тут не так многа, а такой бясспрэчнай, для ўсіх яснай і прымальнай асновы, на якую сталі б мы ўсе, як адзін чалавек, няма. Колас. Андрэйка складаў найбольш прымальны варыянт доказу, хто ён і адкуль, што робіць. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбітны́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Лоўкі, праворны, бойкі. — Разбітны .. [Алег] хлопец. Я не паспею пра што-небудзь падумаць, а ён яго ўжо робіць. Ермаловіч. Больш разбітых і здольных любіў .. [Лабановіч] той любасцю, якая можа быць толькі ў настаўніка да сваіх выхаванцаў. Колас. Чыгунок бянтэжыцца зноў. Як ні кажы, які б ён ні быў разбітны, а ўсё ж урачысты, хвалюючы момант у хлопца!.. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распараджа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распарадзіцца.

2. Кіраваць, ведаць кім‑, чым‑н. [Навучэнка:] — Калі б я распараджаўся .. [Рабушкам], а то ён сабе гаспадар, што захоча, тое і робіць. Новікаў. Праўда, сам Базыль ужо не мог упраўляцца з лодкаю, ёю распараджаўся старэйшы сын Паўлюк. Колас. // Весці сябе як гаспадар, камандзір; камандаваць. [Аксіння] ніколькі не здзівілася таму, што .. [Шашура] распараджаецца, і паслухмяна пайшла дахаты. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жарнасе́к ’чалавек, які робіць і насякае жорны’ (ТСБМ), адкуль і пераноснае ’моцны мужчына’ (Касп.). Рус. жерносе́к, чэш. уст. žernosek ’тс’, в.-луж. тапонім Žornosyki (Пфуль). Паводле мадэлі, старое слав. складанае слова (параўн. дрывасек, каменачос, свінапас) засведчана ў рус. крыніцах з XVII ст. (як мянушка, Тупікаў), у бел. — з XVII–XVIII стст. (Бірыла, Бел. антр., 1, 214; 2, 145), утворана ад *žernъ (гл. жаро́н) і *sekъ (гл. сячы). Параўн. ст.-рус. (XVII ст.) жерноковъ, жерноклевъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нагада́ць ’напомніць, прыпомніць, успомніць’ (ТСБМ). Хутчэй за ўсё запазычана на раннім этапе фарміравання літаратурнай мовы з укр. нагада́ти ’тс’, што ўжываецца і ў народнай мове, паколькі ўплыў суседніх больш развітых літаратурных моў на беларускую ў пэўныя перыяды яе развіцця быў зусім натуральным. Няма падстаў прыпісваць названаму слову «эмігранцкае» паходжанне, як гэта робіць Жураўскі (Беларуская мова і літаратура ў школе, 1988, 2, 14), супрацьпастаўляючы яго народна-дыялектнаму нагада́ць ’задумаць’ (Сл. ПЗБ). Гл. гадаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пло́тнік ’цясляр’ (Яруш., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.; дзятл., Сл. МГ), ’дойлід’ (Бяльк.), ’калеснік’ (горац., чач., ЛА, 2; полац., леп., рэч., ЛА, 3), плотніцтва ’цяслярства’ (дзятл., Сл. ПЗБ), плотніства ’праца плотніка’ (Юрч. СНЛ), пло́тнікаваць ’займацца, цяслярствам’ (ТС). Рус. пло́тник ’цясляр’, стараж.-рус. плотникъ ’тс’ (з 1016 г.). Бел.-рус. ізалекса. Да плот (гл.). Першапачаткова абазначала ’той, хто робіць (пляце, ставіць) агароджу’, пазней — ’цясляр, які будуе сцены горада’ > ’які будуе сцены дома, будынкаў’ (Фасмер, 3, 285).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гіча́н ’лісце і сцяблы рознай агародніны’ (БРС), таксама гіч, гі́чка, гічанё, гіча́ннік, гічы́ўнік, гіча́нне, гічэ́ўе (гл. Смулкова, Лекс. балтызмы, 41). Лічыцца запазычаннем з літ. gỹčas ’сцяблы табакі’ (Смулкова, там жа). Вельмі няпэўна. Ва ўкр. мове, акрамя форм тыпу гич, гича́, гича́ль (таксама гита́ль), гича́лля, ги́чка (гл. Грынч.), ёсць і ги́ка (лем.), гик (бойк.), што робіць версію аб літ. паходжанні гэтых слоў неверагоднай. Паводле Рудніцкага (614), паходжанне гэтых лексем няяснае. Параўн. і гіча́н ’качан салёнай капусты’ (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)