праду́кт, ‑у, М ‑кце, м.

1. Тое, што атрымліваецца ў выніку працы чалавека. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. // Вынік якой‑н. дзейнасці, вынік чаго‑н. Матэрыялам літаратурнага вобраза з’яўляецца слова, г. зн. прадукт чалавечай гісторыі. У. Калеснік.

2. Рэч, атрыманая з чаго‑н. або патрэбная для атрымання чаго‑н. Прадукты хімічнай перапрацоўкі дрэва.

3. звычайна мн. (праду́кты, ‑аў). Харчовыя прыпасы. На партах у мяшках былі прадукты: мяса, кансервы, сухары. Шамякін.

•••

Сукупны грамадскі прадукт — усе матэрыяльныя даброты, створаныя грамадствам за пэўны перыяд (звычайна за год).

[Ад лац. productus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́жа, ‑ы, ж.

Дэкаратыўная расліна сямейства ружакветных з шырокапялёсткавымі, звычайна пахучымі кветкамі рознай афарбоўкі і са сцяблом, пакрытым калючкамі, а таксама кветка гэтай расліны. У агародчыку перад кожным домам раслі вяргіня, ружа, бэз, мята. Мурашка. Па сваёй каханай сумаваў я дужа, Наламаў букет ёй Самых яркіх ружаў. Свірка.

•••

Ружа вятроў — дыяграма паўтаральнасці вятроў розных напрамкаў у пэўнай мясцовасці, складзеная на аснове шматгадовых сярэдніх паказчыкаў метэаралагічных станцый за месяц, сезон або год.

Чайная ружа — а) ружа, кветкі якой маюць бледна-жоўты колер; б) сорт ружы розных колераў і адценняў з моцным пахам чаю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скурыць.

скураны́, ‑а́я, ‑о́е.

1. Які мае адносіны да вырабу скур і да рэчаў са скуры. Скураны завод. Скураная сыравіна. □ З краю гарадка, на беразе рэчкі, некалькі ўжо год існаваў скураны заводзік. Чорны.

2. Зроблены, пашыты са скуры (у 2 знач.). Скураны абутак. Скураная тужурка. □ З двара ў палату віхрам уляцеў высокі, шыракаплечы баец у скураным шлеме. Якімовіч. Заскрыпелі веснічкі і ўпусцілі кульгавага Пракопа з тоўстай скураной торбай цераз плячо. Васілевіч. // Абцягнуты, абабіты скурай. Мы паселі ў мяккія скураныя крэслы, што стаялі пры масіўным стале. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяго́нняшні і сённяшні, ‑яя, ‑яе.

1. Які мае адносіны да гэтага дня. Колькі год чакала [Вольга] сённяшняга запаветнага вечара! Кулакоўскі. // Які мае адносіны да цяперашняга часу; цяперашні, сучасны. Кнігі Коласа нам і калыскай і школай былі, І па новай зямлі нас у сённяшні дзень прывялі. Панчанка.

2. у знач. наз. сяго́нняшняе і сённяшняе, ‑яга, н. Тое, што было сягоння; што маецца цяпер. А мне сягонняшняе вітаць прыемна, Схіліўшы стан на сочную траву. Трус. Паэт разгортвае перад намі мінулае і сённяшняе роднай краіны. «Маладосць».

•••

Жыць сягонняшнім (сённяшнім) днём гл. жыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Змагчы зрабіць што‑н. своечасова, у тэрмін. За свае дваццаць шэсць год.. [Кастусь Каліноўскі] ўспеў зрабіць многае. С. Александровіч. І посуд Алеся прыбрала, І ўспела схадзіць на раку. Калачынскі. // Прыйсці ў які‑н. стан за які‑н. час. Малако ўспее за дзень скіснуць. // Прыбыць куды‑н. у час, не спазніцца. [Брадзнік:] — Няма калі чакаць, бабуля.. Дадому трэба дабірацца.. — Даедзеце шчэ, успееце. Кандрусевіч.

•••

Не ўспець (што‑н. зрабіць) як... — тое, што і не паспець (што‑н. зрабіць) як... (гл. паспець ​2). [Жанчына:] — Вы яшчэ і падняцца не ўспееце, як .. [гаспадар] можа вярнуцца. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уяві́цца, уявіцца; зак., каму.

Узнікнуць, з’явіцца ва ўяўленні. Дзеці засмяяліся. Ім уявілася, як конь будзе есці траву ў цуглях. Васілевіч. Яму [студэнту Івану] уявілася, як праз год ці два яго прыбор, удасканалены ім самім або кім-небудзь іншым, будзе ўжо ў заводскім цэху. Шахавец. Гарачуну на нейкі міг уявілася, што паравоз адарваўся ад рэек і павіс у паветры... Васілёнак. // і безас. Здацца, паказацца. Не спаў [Якаў], здаецца, а ўявілася, нібы стаіць ён з мяшком пад пахай каля панскага свірна, чакае, можа пані ўбачыць з пакояў ды пашле пакаёўку загадаць усыпаць яму, беднаму чалавеку, пуд-другі мукі. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Перасту́п 1 ’парог у хаце’ (віц., Нік. Очерки; Касп.). Ад пераступі́ць, да пера- і ступа́ць (гл.). Лексема супрацьпастаўлена слову парог (< *porgъ), гл.; апошняе ўжывалася для наймення падрубаў: у дзвярной сцяне падруба рабілася з тоўстага (да 50 см таўшчынёй) камля дрэва (параўн. лац. līmen ’парог’ — літ. liemuõ ’ствол дрэва’), каб засцерагчы хату ад пранікнення ў яе свойскіх птушак, земнаводных і інш. гнюсу, снегу, вільгаці, а з хаты — малых дзяцей (Махэк₂, 478). У гэтым выпадку пераступ — мяжа, што аддзяляе сваё ад чужога, добрае ад злога, параўн. польск. przestąpić próg ’выйсці на двор’ > ’выехаць з айчыны’, рус. преступник ’злачынца’. Сюды ж пераступіць ’схадзіць’ (добр., Мат. Гом.).

Перасту́п 2, перасту́пнік ’пярэступ, Bryonia alba L.’ (віц., гродз., Кіс.), перастук ’расліна, падобная да хмелю, абвівае платы; у яе корань, як у бульбіны ці бручкі; яго даюць карове ’як спорацца” (каб давала больш малака)’ (ТС), укр. переступень, рус. переступень, uoRbZK. przestąp, чэш. мар. pristup ’тс’. Расліна з’яўляецца чарадзейнай, небяспечнай для розуму і душы. У яе корані знаходзіцца нячыстая сіла — так меркавалі, зыходзячы з формы яе кораня. На сёмы год з кораня выходзіць, выступае д’яблянё, пераходзіць на каго-небудзь (Махэк, Jména, 227). Да пера- і ступаць (гл.), параўн. перастойны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пералёт 1 (піралёт) ’белая канюшына’ (міёр., Жыв. НС), ’расліна Anthyllis vulneraria L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1; барыс., КЭС; Шат.); пералёт, пералот ’чарнакорань прысадзісты, Scorzonera humilis L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1); пералётнік жоўты ’пералёт, Anthyllis L.’, пералётнік чырвоны, гродз. пржалетнік (канюшына, Trifolium alpestre L.’, пражалот (< ⁺пржалёт < польск. przelot) ’канюшына горная, Trifolium montanum L.’ (брэсц., гродз., Кіс.), пералётны, паст. пералёт ’пералёт’ (навагр., паст., Сл. ПЗБ). Укр. переліт, перелет ’тс’, рус. дыял. (Літва) переле́т ’лекавая расліна (?)’: перелетом детей курют, когда спужаются (СРНТ, 26), польск. przelot ’тс’. Назва расліны звязана з хваробай пералёк (гл. папярэдняе слова). Так у рус. гаворках перелёт — ’расліна’ і ’перапалох’ (СРНГ, 26, 141–142). На беларускай тэрыторыі пералёт таксама выкарыстоўваецца як лекавы сродак ад спалоху і ад сурокаў, як і на чэшскай, дзе ён называецца úročnik (яшчэ ст.-чэшск.), валаш. úročka, uročnica. У даўніну яму надавалася вялікае магічнае значэнне: яго рвалі ў купальскую ноч (Махэк, Jména, 121–122). Параўн. рус. перелёт‑трава — яе шукаюць на шчасце і ўдачу ў ноч перад Іванам–Купалай; трава гэтай — казкавая, кветка яе вясёлкавая, вогненная, пералятае матыльком і паказвае дарогу да скарбаў у зямлі, апошняе і дапамагло лексеме аформіцца як вытворнай ад пералётваць, пералятаць (Фасмер, 3, 238).

Пералёт 2 ’прамежак паміж гадавымі кольцамі на рогах каровы’ (смарг., Сл. ПЗБ). Да пера- са значэннем ’ахоп дзеяннем пэўнай прасторы’ і ле́та ’год’, ле́таваць ’жыць на працягу лета’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пахава́ць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Схаваць усіх, многіх або ўсё, многае. Пахавайце вуды, стрэлы, лукі, Прыступіце, дзеці, да навукі. Колас. Хлопцы адразу пахавалі якаркі па кішэнях. Шчарбатаў.

пахава́ць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Закапаць нябожчыка ў зямлю. Толькі позна ноччу жанчыны сілком адабралі ў .. [Ірыны] дзіця, абмылі яго, прыбралі, палажылі на стол. Раніцай, спяшаючыся, пахавалі на могілках. Лынькоў. // Страціць каго‑н. у выніку смерці. [Ганна] пахавала надоечы сваю маці, згубіла службу і едзе ў свет... Гартны. // Палічыць каго‑н. памёршым, загінуўшым. Жарты — вярнуўся сын, якога яны шаснаццаць год назад пахавалі і аплакалі... Васілевіч. // Засыпаўшы, абваліўшыся, пазбавіць магчымасці выйсці адкуль‑н. [Самалёты] скінулі бомбы на жылыя кварталы і пад абломкамі пахавалі шмат людзей. Гурскі.

2. перан. Забыць што‑н., адмовіцца ад якой‑н. думкі, ідэі і пад. [Саханюк:] — Слухайце, калега; зойдзем на мінутку да мяне! [Лабановіч:] — Чаго? Не пайду. Я яшчэ піць хачу. Хачу пахаваць цельшынскага педагога, бо ён — фальшывы. Колас. Толькі я вянкоў на хвалях штосьці не прыкмеціў. Мусіць, хвалі пахавалі звычаі старыя. Вялюгін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рост, ‑у, М ‑сце, м.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. расці. // Павелічэнне колькасці. Рост насельніцтва. Рост пагалоўя жывёлы. // Узмацненне, павышэнне. Зіма Сталінграда была зімой магутнага росту партызанскіх сіл, іх пераможнага наступу. Шамякін. Для Максіма Танка з’езд [пісьменнікаў СССР] быў вялікай падзеяй, ідэі, узнятыя там, знайшлі ў ім гарачага прыхільніка і дапамаглі яго творчаму росту. У. Калеснік.

2. Вышыня чалавека або жывёлы. Гэта быў невялікага росту, прысадзісты, шыракаплечы чалавек год пад трыццаць. Мяжэвіч. Сярэдняга росту .. мужчына ў афіцэрскім кіцелі і простых кірзавых ботах, размахваючы жоўтай палявой сумкай, нёс на сваім смуглявым твары вясёлую ўсмешку. Паслядовіч.

•••

Ва ўвесь рост, на ўвесь рост — а) стоячы, прама; б) поўнасцю, на ўсю фігуру (пра фігуру чалавека на фатаграфіі, партрэце і пад.); в) перан. патрабуючы неадкладнага вырашэння; г) перан. поўнасцю, як мае быць, як належыць. Словам, гаспадар абудзіўся ў Мікіце ва ўвесь рост. Колас.

У касы сажань ростам гл. сажань.

У поўны рост, на поўны рост — тое, што і ва ўвесь рост.

У рост чалавека — прыблізна такой вышыні як чалавек.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)