шабло́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які зроблены па шаблону, адпавядае шаблону (у 1 знач.). Шаблонныя вырабы. Шаблонная фармоўка.
2. перан. Які прытрымліваецца шаблону (у 2 знач.); збіты, банальны. Шаблонныя фразы. □ [Маркс і Энгельс] надавалі найвялікшае значэнне рэвалюцыйнай творчасці мае, выступалі супраць шаблоннага падыходу да праблем сацыялістычнай рэвалюцыі. «Звязда». Я зразумеў, што гэта дзяўчынка больш дарослая, чым яе аднагодкі, і ёй нельга сказаць тыя шаблонныя пустыя словы, якія звычайна кажуць дзецям пры такім знаёмстве. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эксперымента́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да эксперыменту (у 1 знач); з’яўляецца эксперыментам. Эксперыментальны метад даследавання. □ Першыя палёты да Венеры ў многім мелі пошукавы і эксперыментальны характар. «Звязда». // Прызначаны для правядзення эксперыментаў. Эксперыментальны цэх. □ Зжаты і абмалочаны апошні загон эксперыментальнага ўчастка. Дуброўскі. // Вопытны, пробны. Марына Міхайлаўна першая і жорстка раскрытыкавала іх [вынаходнікаў] эксперыментальны агрэгат і параіла пачаць работу нанава. Паслядовіч.
2. Які заснаваны, грунтуецца на эксперыменце. Эксперыментальная фанетыка. Эксперыментальная медыцына.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мясцо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з пэўнай мясцовасцю, уласцівы гэтай мясцовасці. Мясцовыя ўмовы. Мясцовая гаворка. // Які вырабляецца, робіцца ў пэўнай мясцовасці, не прывазны. Мясцовыя вырабы. Мясцовы сорт бульбы. □ Вельмі добра зрабіла праўленне, што ўвяло дадатковую аплату за нарыхтоўку і вывазку мясцовых угнаенняў. «Звязда». // Які жыве ў пэўнай мясцовасці, не прыезджы; які дзейнічае, працуе ў дадзенай мясцовасці. Мясцовы настаўнік. Мясцовы паштальён. □ Супрацоўніцтва з мясцовыя насельніцтвам наладжана на глебе суседскага абмену. Брыль. // Які знаходзіцца, размешчаны ў дадзенай мясцовасці, на дадзенай тэрыторыі. Мясцовы калгас.
2. Які дзейнічае, мае значэнне толькі ў межах пэўнай тэрыторыі; не агульнадзяржаўны. Мясцовая ўлада. Мясцовыя Саветы. Мясцовая газета. □ Арганізацыйная структура кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам павінна базіравацца на спалучэнні цэнтралізаванага дзяржаўнага кіраўніцтва з павышэннем ролі мясцовых арганізацый у кіраванні гаспадаркай. «Звязда».
3. Які пашырае сваё дзеянне толькі на частку чаго‑н. цэлага; не агульны. Мясцовае запаленне лёгкіх.
•••
Мясцовая прамысловасць гл. прамысловасць.
Мясцовы камітэт гл. камітэт (у 1 знач.).
Мясцовы час гл. час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зубр, ‑а, м.
1. Дзікі лясны бык сямейства пустарогіх. У Белавежскай пушчы жывуць зубры, дзе-нідзе трапляюцца мядзведзь. «Звязда».
2. перан. Разм. Пра буйнога спецыяліста, уплывовую асобу ў якой‑н. галіне дзейнасці. Максіма здзівіла, што сярод .. [пракурораў] няма зубра абвінавачання пракурора Пжылуцкага, аўтара абвінаваўчага акта. Машара. // Пра таго, хто ўпарта трымаецца сваіх адсталых поглядаў. Лаяў арыштаваных толькі .. дваранскі з’езд, але ад гэтых зуброў, ад гэтага гнязда цемрашальства ніхто нічога іншага і не чакаў. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
двайны́, ‑ая, ‑ое.
1. У два разы большы; падвоены. Двайны расход. Двайная плата. □ У гэты дзень было двайное свята — дзень выбараў супаў з 45‑годдзем устанаўлення Савецкай улады ў горадзе. «Звязда».
2. Які складаецца з двух аднародных ці падобных прадметаў, частак. Двайное дно. □ Жыжка прадзеў левую руку праз двайны раменны повад вуздэчкі, каб не выпусціць жарабка. Ермаловіч.
3. Які праяўляецца ў двух відах, формах. Яны вялі старанна прадуманае двайное жыццё. Гамолка.
•••
Двайная бухгалтэрыя гл. бухгалтэрыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.
1. Займацца агітацыяй (у 1 знач.). Трэба мець на ўвазе, што ў гэтай выбарчай кампаніі кожнаму агітатару прыйдзецца агітаваць адначасова за некалькіх кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. «Звязда». Самае большае, што маглі зрабіць камсамольцы, гэта агітаваць за таварыства. Крапіва.
2. каго. Разм. Пераконваць у чым‑н., схіляць да чаго‑н.; угаворваць. Астатнія [вучні] аднесліся да гуртка з іроніяй, кпілі, бяскрыўдна жартавалі: кожны агітаваў суседа, а сам не запісваўся. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэгістра́тар, ‑а, м.
1. Службовая асоба ва ўстанове, якая праводзіць рэгістрацыю каго‑, чаго‑н. «Кінь, дачушка, — кажа [маці], — галаву скруціш. Лепш ідзі да нас у бальніцу за рэгістратара». Грахоўскі. // Той, хто рэгіструе каго‑н., адзначае яўку каго‑н. Адзначыцца ў рэгістратара.
2. перан. Той, хто адзначае, канстатуе бягучыя з’явы, падзеі. Наш друк, радыё і тэлебачанне не павінны быць толькі рэгістратарамі новых станоўчых з’яў жыцця. «Звязда».
•••
Калежскі рэгістратар — першы, ніжэйшы цывільны чын у дарэвалюцыйнай Расіі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
своеасаблі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адметныя ўласцівасці, якасці, прыметы; не падобны на іншых, незвычайны, арыгінальны. Своеасаблівы почырк. Своеасаблівы характар. □ Заняпалыя вочы надавалі.. [агенту] своеасаблівы адменны выгляд. Лынькоў. Замест снегу, якога чакалі з своеасаблівай сялянскай тугою, заходні вецер прыгнаў дождж. Шамякін.
2. Які сваімі рысамі, асаблівасцямі напамінае што‑н. Галіны [кустоў] спляліся ўгары, утварылі своеасаблівы тунель. Гамолка. Своеасаблівымі цэнтрамі выхаваўчай работы сталі школьныя ленінскія музеі, залы і пакоі, якіх у рэспубліцы больш за 3,5 тысячы. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дэві́з, ‑а, м.
1. Праграмная кіруючая ідэя, выражаная адным ці некалькімі словамі; лозунг. Зрабіць як найбольш і як найлепш — стала дэвізам нашых людзей, дзе б яны ні працавалі. Пестрак. Усё шырэй і мацней гучыць палымяны дэвіз — жыць і змагацца па Ільічу. «Звязда».
2. Слова або выраз, якія замест свайго імя ставіць на творы аўтар, удзельнік закрытага конкурсу. Першую прэмію атрымаў праект пад дэвізам «Наперад».
3. Уст. Кароткі сімвалічны надпіс на гербе, шчыце, ордэне і пад.
[Фр. devise.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбэ́шчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разбэсціць.
2. у знач. прым. З дрэннымі, амаральнымі звычкамі. Брэсцкая зямля ашаламіла разбэшчаных захопнікаў: ваявалі жывыя і мёртвыя, руіны стралялі ва ўпор. «Звязда». — Камендант, якога ўсе ведалі як разбэшчанага, ласага да дзяўчат фрыца, напэўна, заляцаецца да яе, Валі... Сіняўскі. // Уласцівы такому чалавеку, такім людзям. Рухалася.. [Арсеньева] павольна, разбэшчанай паходкай. Новікаў.
3. у знач. прым. Непаслухмяны, разбалаваны. У Эльзы і Эдгарда Грабэ было пяцёра разбэшчаных дзяцей. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)