Бухцець ’бурчаць’, бухта ’буркун, буркуха’, бухціла ’буркун, сварлівы мужчына’ (Яўс.). Рус. бухте́ть ’стукаць; бурчаць; гаварыць пустое, балбатаць’, бу́хта ’ілгун’, бухти́ло ’тс’, укр. бухті́ти ’гарэць; глуха гучаць’, польск. buchcić, балг. бу́хтя ’глуха шумець; кашляць’ і г. д. Прасл. *buxъtěti. Утварэнне ад *bux!, *buxati (гл. бу́хаць) з суфіксам *‑ъt‑, вельмі тыповым для гукапераймальных дзеясловаў. Гл. БЕР, II, 94; Рудніцкі, 278. Далейшым утварэннем ад *buxъt‑ з’яўляецца славянскі тып *buxъt‑or‑iti (дзе суфікс *‑or‑ выконвае ўзмацняльную функцыю). Параўн. бел. бухто́рыць ’праз меру ліць вадкасць; звыш меры піць, ліць’ (Нас.), ’наліваць шмат, без патрэбы, звыш меры’ (Юрч.), бохто́рыць ’наліваць’ (тураў., Выг. дыс.), польск. buchtorzyć ’дурыць, баламуціць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ва́дкі (БРС). Няясна. Рус. вадкий ’вадкі, вадзяністы’, прысл. вадко зафіксавана на Пскоўшчыне і Смаленшчыне. Укр. вадки́й мае значэнне ’шкодны’ і, відаць, звязана з ва́дзіць ’шкодзіць’. Сувязі з рус. ва́дья ’азярцо, балота, лужына, крыніца’ няма, бо апошняе з’яўляецца запазычаннем з комі: vadja < vad ’балота, дрыгва’ (Фасмер, 1, 266). Няясна, ці ёсць сувязь з макед. вада ’арык’, балг. ва́да ’тс’, серб.-харв. вада ’канаўка, ручаіна’; гл. БЕР, 1, 111. Магчыма, ва́дкі < вадкі́ < вада́; параўн. рус. смал. водкий ’вадкі, вадзяністы’. Магчыма, да ва́да ’загана’ з далейшым пераасэнсаваннем пад уплывам вада́. Параўн. значэнні ва́дкі, на якія ўказвае Гарэцкі: ’порысты, няшчыльны’ (гл. ва́дкасць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
бяско́лерны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае колеру, не афарбаваны. Бясколерная вадкасць. □ Чысты алмаз бясколерны, з моцным бляскам, ён вельмі добра праводзіць электрычны ток. «Маладосць». // Выцвілы, невыразны. І цётка Палагея, не то любуючыся скопам, не то сваёй работай, усміхнулася Антону сваімі некалі сінімі, як васількі, а цяпер бясколернымі вачамі і ўсім сваім маршчыністым, але ззяючым прыемным тварам. Сіўцоў. // перан. Пазбаўлены яркіх рыс, нічым не адметны; невыразны. Мову бясколерную, розныя канцылярскія звароты і штампы прынеслі ў мастацкую літаратуру людзі абыякавыя і сумныя. Шкраба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раство́р, ‑у, м.
Аднародная вадкасць, атрыманая растварэннем якога‑н. рэчыва ў вадзе або ў іншай вадкасці. Содавы раствор. □ [Тася Кабрынец] да свірка прыйшла, дзе пратручваюць сяброўкі ільнасемя. Пырскаюць на яго спецыяльным растворам, перамешваюць. Бялевіч. // Аднародная сумесь вяжучага матэрыялу, пяску і вады, якая ўжываецца ў буцаўніцтве. На рыштаваннях новых дамоў у руках муляроў мільгалі кельні са свежым растворам. Якімовіч. // Спец. Раўнамерная сумесь двух або некалькіх рэчываў. Газападобны раствор. Вадкі раствор. Цвёрды раствор.
•••
Фізіялагічны раствор — водны раствор солей, блізкі па сваіх уласцівасцях да плазмы крыві.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Імкліва кінуцца, накіравацца куды‑н. ці за кім‑н. Рынуцца ў бой. □ Парфенчык на хвіліну спыніўся, а потым рынуўся да месца стрэлу. Шчарбатаў. // Хлынуць (пра якую‑н. вадкасць). Калі мы праб’ём .. тунелі, вада рынецца ў першую велізарную трубу. Даніленка. З Башкірыі сюды да нас Па трубах нафта рынецца... Барадулін. // перан. Цалкам аддацца якой‑н. дзейнасці. Рынуцца ў бой за ўраджай. □ Пайшоў .. [Ларывончык] у горад працаваць на скабяны завод, а адтуль з галавой рынуўся ў вір рэвалюцыйнай барацьбы. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарні́ла, ‑а, н.
Водны раствор якога‑н. каляровага рэчыва, што ўжываецца для пісання. Андрэйка ўсунуў ручку ў чарніла, забыўся яе атрэсці і перш-наперш абліў паперу чарнілам. Бядуля. / Разм. Пра віно. [Ткачук:] — А белай няма? Цярпець не магу гэтага чарніла. Быкаў. Грошай пачалі зарабляць да халеры, а які толк: грошы тыя, як дым з коміна, напуста вылятаюць! Адно ў людзей у галаве — абы чарніла набоўтацца! Лецка.
•••
Сімпатычнае чарніла — бясколерная або слаба афарбаваная вадкасць, якая выкарыстоўваецца ў тайнай перапісцы.
Хімічнае чарніла — чарніла фіялетавага колеру.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пералі́ць, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; пр. пераліў, ‑ліла, ‑ліло; зак., што.
1. Выліць якую‑н. вадкасць з чаго‑н. у што‑н. Пераліць малако з гладыша ў шклянкі. Пераліць кроў параненаму.
2. Наліць больш, чым трэба. Пераліць цераз край.
3. Перарабіць пры дапамозе ліцця ў што‑н. іншае. На плугі гарматы перальём. Зарыцкі. // перан. Ператварыць у што‑н. іншае, адлюстраваць, падаць у другой форме. Я гарачыя словы у песенны сплаў пералью. Звонак.
4. Адліць нанава. Пераліць статую.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Маква́ ’дождж’ (ельск., Мат. Гом.), укр. моква́ ’слота, мокрае надвор’е’, ’нізкае, заліваемае вадой месца’, рус. дан. моква́ ’сырасць’, польск. mokwa ’дождж’, славац. mokva ’вадкасць’, moskva ’мокрае збожжа’, mokvať ’мокнуць’, ’сачыцца (аб ране)’, ’пацець (аб войнах)’, mokvavý ’сыры’; чэш. mokvavý ’які мокне’, mokvati ’цячы (аб гнойнай ране)’, ’раставаць (аб лёдзе, снезе)’, славен. močvírje ’балота, дрыгва, балацявіна’, močvírnat ’балоцісты, багністы’, серб.-харв. мо̏чвар ’сырасць, макрата ад дажджу’, ’дажджлівае надвор’е’, мо̀чвара ’лужа, стаячая вада, балота’, макед., балг. мочур ’балота, дрыгва’, ’багністая мясцовасць’. Прасл. moky, mokъve (Фасмер, 2, 639). Менш верагодна Махэк₂ (372). Ён у канчатку слова бачыць ‑var, якое рэдукавалася ў ‑va паводле слоў на ‑а (напр., mokrota).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Падзь 1 ’упадзіна’ (Прышч., дыс., стаўбц.). Рус. падь, па́дина, перм., сіб. ’глыбокі і стромкі лог, яр, бездань, цясніна’ або ’міжгор’е, разлог’, паўдн. ’яр, лагчына’, укр. падь, па́дина ’нявілая круглая даліна’, серб.-харв. ц.-слав. па̄д ’даліна’ (Шутц, Geographische, 38), балг. пад, падина ’даліна, лагчына; вузкі і доўгі яр; стромы абрыў і г. д.’ (Грыгаран, Словарь, 150). Дэрыват ад padati з суф. ‑ь (параўн. Махэк, 425).
Падзь 2 ’салодкая клейкая вадкасць на лісцях раслін’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, З нар. сл., Мат. Гом.), пад, падзь ’тс’ (ТС). Рус. падь, укр. падь, польск. padź, чэш. мараўск. paď ’тс’. Аддзеяслоўны дэрыват ад падаць (гл. Махэк, 425; Брукнер, 390).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
адці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзячыся пад ціскам, выпусціць вадкасць, вільгаць. [Паўлінка:] Можа б, мамка, прыціснулі сыр, бо да заўтрашняга не адціснецца. Купала.
2. Пад націскам адысці, адступіць; выйсці з цеснаты, натоўпу. Адціснуцца на задні план. □ Які там мог быць строй! Натоўп нядаўніх салдатаў толькі яшчэ гусцей збіўся ў чатырохкутніку двара, адціснуўся трохі ад ворагаў. Брыль.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакінуць пры націсканні свой адбітак, след; адбіцца. І лісцейка як адціснулася тысячы год назад, так і захавала свой малюнак у акамянелым дрэве. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)