гурт, ‑у, М ‑рце, м.
1. Натоўп, група людзей. [Сцяпан] убачыў на дарозе вялікі гурт дзяўчат-жней, якія вярталіся з поля. Шамякін. Гурт дзяцей вясёлых На урок спяшаецца, Леніну ля школы Кажа: — Добрай раніцы! Карызна.
2. Статак буйной рагатай жывёлы, авечак, чарада птушак і пад. У стэпе шэрым, дзе прайшлі дажджы, Гурты авечак шэрых, як аблокі. Калачынскі. Дзяўчына белакурая Гусіны гурт пасе. Хведаровіч. // Група якіх‑н. аднародных прадметаў. Па небе наперагонкі беглі шэрыя хмары, збіраліся ў гурт, і калі хавалася сонца, было холадна, праймаў вецер да касцей. Гурскі. Гурт грыбоў Перапялёсых Сеў ля пнёў, Імхом аброслых. Калачынскі.
3. у знач. прысл. гу́ртам. Сумесна, групай; усе разам. Хлапчукі гуртам узяліся цягнуць лодку да берага. Дуброўскі.
[Польск. hurt.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загада́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каму.
1. з інф. Аддаць загад. Прыйшоўшы ў роту, лейтэнант загадаў збірацца да выступлення. Мележ. // Распарадзіцца, наказаць. Чалавек загадаў брыгадзе зараз жа адчапіць паравоз і пускаць яго на бліжэйшы мосцік. Паслядовіч. Настаўніца загадала вывучыць на памяць верш. Шахавец.
2. Разм. Апавясціць (аб сходзе). Загадаць на сход.
загада́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Прапанаваць загадку або пытанне для разгадка адказу. Загадаць загадку. Загадаць рэбус.
2. і без дап. Задумаўшы што‑н., імкнуцца знайсці адказ, угадаць вынік па картах, па якіх‑н. прыметах. [Бабка Параска] загадала: калі азірнецца [Лабановіч], дык з ім нічога благога не здарыцца ў дарозе, і ён шчасліва вернецца назад. Колас. // Разм. У думках спыніцца на чым‑н., выбраць што‑н. Загадаць лік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́раз, прысл.
1. У сучасны момант, у гэты час, цяпер. Усе цяпер на копцы бульбы, Дораг зараз кожны дзень. Панчанка. Дзе раней быў мох, там зараз канюшыны стог. З нар. // Толькі што, зусім нядаўна. Расказаная зараз гісторыя. // У самым скорым часе, хутка (пра дзеянні, падзеі, якія маюць вось-вось адбыцца). Ціха, дзеці, калі ласка, Раскажу вам зараз казку. Муравейка.
2. (звычайна з часціцай «жа»). Неадкладна, у гэты ж момант. [Цімафею Міронавічу] закарцела тады як-небудзь паказаць .. сваю сілу, зараз жа, неадкладна праверыць дзейнасць яе на якім-небудзь аб’екце. Зарэцкі.
зара́з, прысл.
Адразу, за адзін раз, адначасова. Рабіць дзве работы зараз. □ Богут ветлівым паклонам Гасцей вітае дарагіх І раскрывае сваё лона, Каб прытуліць зараз дваіх. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заці́шак, ‑шку, м.
1. Ціхае, затуленае ад ветру месца. Яблыні згіналі кучаравыя галіны пад платамі і стваралі заценены зацішак. Пестрак. Дзед з унукам стаіліся ў зацішку, каля прыбудоўкі. Даніленка. // перан. Ціхае, спакойнае, адасобленае месца. Са шпіталя [Аляксея] хацелі паслаць у тыл. — Каго, мяне? Як жа я буду сядзець недзе ў зацішку, калі мае таварышы ваююць? Мележ. Мы й самі жывём не ў зацішку — Вялікія змены і ў нас. Звонак.
2. Тое, што і зацішша (у 1 знач.). — Глядзі на мора. Шторм блізіцца. Такі зацішак звычайна перад штормам. Карамазаў. Перайшлі мы палі, Абышлі гарады, Разам зналі баі і хвіліны зацішку. Броўка. Звычайна ж зацішкі цягнуцца нядоўга, а тым болей зацішак у жывым людскім жыцці. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зло, ‑а, н.
1. Усё нядобрае, шкоднае, благое; проціл. дабро. [Закон] паказвае рабіць дабро і пазбягаць зла, імкнуцца да мірнага жыцця, не парушаючы спакою другіх. Алексютовіч. Уладзімір Ільіч папярэджваў аб небяспецы шавінізму, нястомна заклікаў да самай рашучай барацьбы з гэтым злом. «Полымя». // Бяда, няшчасце. Знайсці забойцу, гада-звера, Што прычыніў такое зло. Колас.
2. Разм. Пачуццё незадавальнення; злосць, гнеў. Зло ўзяло.
•••
На зло (злосць) каму — так, каб даняць, раззлаваць каго‑н., зрабіць непрыемнасць каму‑н. [Анісся] на зло [брату].. пайшла за Сяргея. Лынькоў.
Непраціўленне злу насіллем гл. непраціўленне.
Як на зло (злосць) — не ў час, не к месцу, не тады, калі трэба. Раптам зверху на яго Шухнула салома. Як на зло, сама сабой З’ехала ахапкам. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зма́заць, змажу, змажаш, змажа; зак., каго-што.
1. Пакрыць слоем чаго‑н. тлустага, вадкага; памазаць. Змазаць лыжы. Змазаць пісталет. □ Медсястра таропка змазала ёдам скуру навокал раны. М. Ткачоў.
2. Сцерці, размазаць (пра што‑н. намаляванае, напісанае і пад.). Змазаць фарбу рукой. // Зрабіць некантрастным, расплывістым (пераважна пры фатаграфаванні).
3. і без дап. Разм. груб. Моцна стукнуць (па твары, вуху і пад.). — Вось я ўжо калі-небудзь ды змажу,.. месца жывога на табе не пакіну. Лынькоў.
4. Разм. Запэцкаць, вымазаць што‑н. Змазаць сукенку.
5. Зрасходаваць на змазку, змазванне. Змазаць увесь дзёгаць.
6. перан. Разм. Пазбавіць эфекту; сапсаваць, звесці на нішто. [Міхась] думаў, што ўсе пачнуць хваліць хараство верша, захапляцца трапнасцю дэталей... Ажно гэты дзядзька Лявон змазаў усё. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зна́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Вялікі намерам, колькасцю, сілай і пад. Значная частка. У значнай ступені. □ Малыя варожыя заслоны, якія трапляліся на шляху, — знішчалі [байцы]. Ад сустрэчы са значнымі сіламі ворага ўхілялася, заходзілі глыбей у лясы. Шамякін. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, .. тым болей, што для гэтага трэба зрабіць значны крук. Колас.
2. Важны па значэнню; істотны. Значныя падзеі. Значная роля. □ Астаючыся верным сабе, Кашын не прапускаў ніводнага больш-менш значнага сходу. Карпаў. // Разм. Які займае высокае становішча ў грамадстве; уплывовы. Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.
3. Разм. Бачны, прыметны. Вусны дзедавы складаліся ў ледзь значную ўсмешку. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кабы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Памянш.-ласк. і зніж. да кабыла. Пярэстая кабылка худая, нядужая, а натурыстасць у яе была такая, што ва ўсім жывёльным свеце падобнай не знойдзеш. Кулакоўскі. Худая кабылка цягнула мокры невад і цэбар з рыбай. Колас.
2. Драўляная падстаўка пад струны ў музычных інструментах (скрыпцы, балалайцы і пад.).
3. Адна з дзвюх пласцінак з калёсікамі ў кроснах, да якіх падвешваюцца ніты.
4. Тое, што і кабыла (у 2 знач.). — Мне расцягвалі жылы і косці. І пасля гэтага я не прызнаваўся.. Але, калі ізноў паставілі мяне на кабылку, я не вытрываў, змогі не было вытрываць. Колас.
•••
Была кабылка, ды з’ездзілася — пра тое, што страціла свае вартасці, перастала быць карысным.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́дацца, ‑дасца; ‑дадуцца; зак.
1. Утварыць выступ, выступіць за мяжу чаго‑н. Прыбудова выдалася на панадворак. □ Тонкія губы былі сцяты, а падбародак з ямачкай, здавалася, яшчэ больш выдаўся наперад. Дуброўскі.
2. Вылучыцца са звычайнага раду чым‑н., выпасці; здарыцца. Дзень, як на дзіва, выдаўся цёплы і прыгожы. Чорны. // Удацца. Каша выдалася на дзіва смешная. Быкаў. Калі ж ураджай не выдасца, дык і [жніўная] песня нейкая самотная. Сабаленка. // Аказацца на самой справе; трапіцца. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Маўр.
3. Знайсціся; выпасці (пра вольны час). Ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час. Асіпенка.
4. Разм. Надрукаваць сваю кнігу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адстая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.
1. Прастаяць нейкі час. Адстаяць гадзіну ў чарзе. // Прастаяць да канца; адбыць. □ [Люба Лук’янская:] — Наша фабрыка была ў прарыве, трэба было выцягваць. Я тры змены адстаяла на рабоце. Чорны.
2. Разм. Стаміць доўгім стаяннем. Адстаяць ногі на варце.
3. перан. Абараніць каго‑, што‑н. ад нападу ворага; не даць захапіць. Не прадам свой народ я ніколі, Беларусь у баях адстаю. Астрэйка. // Абараніць, засцерагчы ад дамаганняў, замаху, недружалюбных або варожых дзеянняў. Адстаяць заваёвы Кастрычніка. □ [Гальяш і Міхась] цвёрда вырашылі, што калі стараста выдасць каменданту Рыгора, адстаяць яго што б там ні было. Гурскі. // Адхіліць пярэчанні, давесці доказамі што‑н. У барацьбе з рэвізіяністамі У. І. Ленін адстаяў і развіў тэарэтычныя асновы партыі — дыялектычны і гістарычны матэрыялізм. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)