со́рам, ‑у, м.
1. Пачуццё моцнай збянтэжанасці, хвалявання ад усведамлення непрыгожасці свайго ўчынку. Сеня пачырванеў ад няёмкасці і сораму і стаў у чаргу за старэнькай бабуляй. Пальчэўскі. Сумненні апошніх дзён нахлынулі на Максіма Сцяпанавіча, і да сораму прымяшалася крыўда на сябе. Карпаў. // Пачуццё збянтэжанасці, няёмкасці.
2. Разм. Ганьба. Як у бубен, пра сорам мой біла сяло. Куляшоў. — Ведаеце, — гаварыла Антаніна Мікалаеўна, — я не хацела рабіць сораму перад усімі. Скрыпка.
3. у знач. вык., часцей з інф. Сорамна. Сяк-так дзядзька плечы й грудзі Папалам памые з горам, Але далей кажа, — будзе, — Раздзявацца, бачыш, сорам. Крапіва. Сорам не ведаць сваёй мясцовасці. Якімовіч.
4. Сарамяжлівасць. Аленка зачырванелася ад сораму і вочы ўніз апусціла. Колас.
5. Разм. Знешнія палавыя органы. Сорам [Міхась] схаваў поламі перад чужым чалавекам. Баранавых.
•••
Згарэць ад сораму гл. згарэць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спаку́са, ‑ы, ж.
1. Тое, што вельмі вабіць чалавека, выклікае неадольнае жаданне, спакушае; цяга да чаго‑н., жаданне ўладаць чым‑н. спакуслівым. Гэта была адзіная слабасць обер-лейтэнанта: добра выпіць і смачна закусіць. Іншых спакус для яго не існавала. Шамякін. Цягне цябе ў краму зайсці, а ты не здаўся на спакусу, прайшоў міма. Пянкрат. І хоць Курыльчык змаркоціўся па дому, але завітаць да сябра спакуса была таксама немалая. Пальчэўскі. // Тое, што мае прыемны выгляд, захапляе прыгажосцю, выклікае апетыт і пад. За чыстым шклом — спакуса павароў І мара гаспадын[ь] клапатлівых — Начышчаныя лысіны сыроў, Наслоенае масла, яйкі, слівы. Панчанка. // Тое, што ўзбуджае інтымнае пачуццё. А ў гурал[ь]кі Позірк палкі, Ўсмешка са спакусаю. Маладая, З плеч спадаюць Два патокі русыя... Барадулін.
2. Схіленне да інтымнай блізкасці; прывабліванне. І самая першая весялуха, зводніца на спакусу была Зіна Гайдук. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старажы́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які даўно прайшоў, мінуў (пра час). [Павел Лукіч:] — Але ж пэўных граніц між плямёнамі ў тыя старажытныя часы быць не магло. В. Вольскі. Старажоўка нясе назву, відаць, аж са старажытнага часу. Новікаў. // Які існаваў, быў, жыў у мінулыя часы. Старажытныя грэкі. Старажытная Русь. □ Невялічкая палянка паміж гушчару, асвечаная месяцам, выглядала нейкім цудоўным гняздом старажытных людзей. Чарот.
2. Які створаны, узнік у далёкім мінулым і захаваўся да гэтага часу. Старажытная легенда. Старажытныя паданні. □ Апошні прыпынак — ля старажытных сцен Крамля, дзе жыла і працавала Н. К. Крупская. «Звязда». На старажытным дзядзінцы тая самая векавая ратуша. Грамовіч.
3. Вельмі стары. Не, не спіць, не дрэмле Старажытны бор: Ён вартуе землі, Даўні свой прастор. Колас. Голлямі хістаючы калматымі, Хвоі старажытныя рыпяць. Панчанка. // Старадаўні. Можна было ўявіць чалавека ў старажытнай доктарскай мантыі. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто́йкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які не паддаецца разбурэнню, псаванню; які захоўвае свае ўласцівасці. Стойкі газ. Стойкая парода. □ Тут .. [лясы] роўныя, старыя і стойкія — тут не так шмат балот, як на Паліку, пад Полацкам. Пташнікаў. // Устойлівы. Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі, напаілі паветра стойкім смаляным водарам. Шыцік.
2. перан. Які цвёрда прытрымліваецца пэўных поглядаў, думак і пад.; паслядоўны. Пранясі праз гады чыстату юнацтва, запал, нязгасную прагу да ведаў. Часамі будзе нялёгка. Але будзь мужным, стойкім, смелым, не паддавайся нават хвіліннай слабасці. Мыслівец. Не таму слава, хто на язык лёгкі, а таму, хто ў справе стойкі. Прыказка. // Мужны, непахісны, здольны перанесці любыя выпрабаванні. Задача камсамольскіх арганізацый цяпер заключаецца ў тым, каб выхоўваць юнакоў і дзяўчат усебакова развітымі, высокаадукаванымі, стойкімі барацьбітамі за нашу вялікую справу. Машэраў. Беларус — салдат кемлівы і стойкі. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стра́ва, ‑ы, ж.
1. Пэўным чынам прыгатаваныя для яды прадукты харчавання. Малочная страва. □ Танька кіслай стравы не ела, ні буракоў, ні капусты, і маці адразу паставіла перад ёй кашу на неглыбокай талерцы і кубак з цёплым малаком. Ермаловіч. Са стала паляцела, перакуліўшыся, міска з варывам, лінула гарачай стравай бацьку на грудзі. Галавач. Манька падрыхтуе чыгункі, загадае Міхалку зварыць ці даварыць страву, выгнаць карову, а сама — за касу і ў поле: касі каса, пакуль раса! Лось. // Яда. За год вайсковага жыцця .. [Віктар] не зведаў стравы болей смачнай, чым звычайны, аржаны, спецыяльна высушаны хлеб. Навуменка.
2. Адзін з відаў яды, які падаецца на абед, снеданне або вячэру. — Смачна! — прыняўшыся есці першую страву, сказаў .. [Змітрок]. Ваданосаў. Але ж куцця была толькі асноваю сямейнай вячэры. Да яе прыбаўлялася яшчэ адзінаццаць страў або хоць бы хто колькі мог назбіраць. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцішэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цішэйшым, перастаць чуцца (пра гукі, шумы). Галасы птушак у полі сцішэлі, зоры міргалі ўжо не так выразна. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Але ўсюды неяк вельмі сцішэла, як наўмысля. Кулакоўскі. // Стаць нячутным. Галасы немцаў сцішэлі. Фашысцкая лінія абароны засталася ззаду. Новікаў.
2. Супакоіцца, перастаць хвалявацца і пад. На вуліцы .. [Нахлябіч] ужо сцішэў, вельмі ж пасля спаткання з сынам. Чорны. // Спыніць свае дзеянні і пад.; уціхамірыцца. — За апошні час мы трохі сцішэлі, — Алесь таксама сеў. — Усё ж не фельдфебель над галавою. Лягчэй стала жыць. Караткевіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Дождж, які пачаўся раніцай, трохі сцішэў; у твар палілася халодная, колкая імжа. Капыловіч. // Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Лясы сцішэлі. Мора сцішэла. // Крыху прыціхнуць (пра боль).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сяка́ч 1, секача, м.
1. Прылада, інструмент для раздрабнення, сячэння чаго‑н. Крыху счакаўшы, загрукаў сякач у карыце — гатавалася снеданне свінням. Колас. Лёдзя ачышчала мяса ад костак і потым драбіла яго секачом. Карпаў. Падбівае .. [цётка] нейкім секачом толькі што прытаптаны снег на тратуары. Мыслівец.
2. Спец. Механізм для разразання торфу на кускі.
сяка́ч 2, секача, м.
1. Дарослы самец дзіка, марскога коціка. Тым часам старэйшыя парасяты робяцца падсвінкамі і, нарэшце, секачамі, але ўсё роўна пры бацьках застаюцца. В. Вольскі. Даніла забіў ударам дзіды матку, і тут стары сякач кінуўся на каня і зваліў яго разам з коннікам. Караткевіч. // Пра зуб дзіка. Дзе трушком, а дзе наўскач, Выскаліўшы зуб-сякач, Бег стары кабан надворны. Вітка.
2. Насякомае з пакрытым кароткімі валаскамі целам, якое жыве ў зямлі і з’яўляецца шкоднікам сельскагаспадарчых культур.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трыбушы́ць, ‑бушу, ‑бушыш, ‑бушыць; незак., каго-што.
Разм.
1. Патрашыць, вымаць вантробы з забітай жывёліны. На пагорку два цецерукі з-пад самых ног вылецелі, каршуна ўзагнаў, які на пні сойку трыбушыў, потым пастаяў ля здаравеннага вужа і панаглядаў, як ён жабу заглытваў, і падаўся далей. Ляўданскі.
2. Разварочваць, разрываць што‑н., даставаць, вымаць усё тое, што знаходзіцца ў чым‑н. Сядзеў бы [Юрка] ля цапоў з Тодарчыкам ці Вольнай і рэзаў бы перавяслы — трыбушыў снапы. Пташнікаў. Торба была нечым напакавана. Але хлапчукі не сталі трыбушыць, прынеслі, як ёсць, да стайні. Чыгрынаў.
3. перан. Трэсці каго‑н., рабіць вобыск. — Газету канфіскавалі? — запытаў Войцік у вартаўніка. — Перад самым світаннем з’явілася цэлая хеўра і пачала трыбушыць рэдакцыю. Машара. [Пятро Пятровіч:] — Пасля саўгас у нас арганізаваўся, паступіў я ў камсамол, у час калектывізацыі трыбушыў гэтага самага свайго «апекуна». Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хі́жы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Драпежны (пра жывёл, птушак). Дзве пуначкі звілі гняздо сабе, у скалах выбралі высока месца. Яно адтуль і вецер не саб’е, і хіжы звер туды не дабярэцца. Дубоўка. // Які належыць, уласцівы такім жывёлам. Здымаючы густы нагар Са свечак курадымлівых, Падумаць нат не мог друкар, .. Што будзе столькі добрых кніг Пра глухамань напісана, Дзе звер знакі слядоў сваіх Абнюхваў хіжай пысаю. Барадулін.
2. перан. Які імкнецца да панавання, нажывы; жорсткі (пра чалавека). Хіжы вораг паліць хаты, разбурае гарады. Машара. [Косця:] — А такіх, як яна [Галя], толькі і шукае розная варожая нечысць. І яе знайшоў і прыбраў да рук хіжы і каварны шпіён Станіслаў Гарадзюк. Сабаленка. // Які выражае прагнасць, сквапнасць, жорсткасць. Твар [Касарэвіча] хіжы, драпежны, але на вуснах — усмешка... Навуменка. Да чаго ж я ненавіджу Пахавальны гул арганаў, Служак боскіх погляд хіжы, Шапаточак іх паганы! Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цані́ць, цаню, цэніш, цаніць; незак., каго-што.
1. Вызначаць грашовы кошт тавару, назначаць цану. Колькі вы цэніце гэты дыван?
2. Даваць ацэнку; ацэньваць. — Цаніць ты маеш права І недруга і друга Па іх сапраўдных справах, Па іх жывых заслугах. Глебка. — Камуніста мы цэнім па рабоце. Алешка. // Лічыць значным, важным, каштоўным; прызнаваць высокія якасці каго‑, чаго‑н. Практыка даўно навучыла .. [Апейку] цаніць канкрэтнасць, дзелавую дакладнасць у кожнай гаворцы. Мележ. Байцы трошкі крыўдавалі за яго залішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну. Быкаў. // Даражыць чым‑н., шанаваць што‑н. Цаніць час. □ Марынка, як многія прыгожыя дзяўчаты, не пазбаўленыя хлапечай увагі, не надта цаніла чужое пачуццё. Шыцік. Праўду кажуць людзі, што волю цэніш тады, калі страціш яе. Машара. Тамара Аляксандраўна Кажура .. усё бачыла, усё ведала, высока цаніла кожную капейку, запрацаваную мазалём. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)