ка́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Вадаплаўная птушка сямейства качыных з шырокай пляскатай дзюбай і кароткімі шырока расстаўленымі лапкамі. Дзікая качка. Свойская качка. □ Гусі і качкі гнездзяцца над самай вадою. Чорны. З рэзкім посвістам крылаў праляцела чародка качак. Асіпенка.

•••

Ні качка, ні швачка — пра жанчыну, не здатную ні да якой справы.

Няхай яго (яе, іх, цябе, вас) качкі (стопчуць) (жарт.) — выражае незласлівае абурэнне, здзіўленне, захапленне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́жны, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца мужнасцю. Арлы маладыя, Я вас пазнаю, бясстрашных і мужных У грозным баю. Колас. Няхай грыміць па белым свеце слава Пра шчасце мірнае, пра Новы год, Пра родную савецкую дзяржаву, Пра мужны і нязломны наш народ. Астрэйка. // Які выражае мужнасць, сілу. Мужны твар. □ Простыя, задушэўныя і шчырыя радкі, поўныя смутку і жальбы, змяніліся мужнымі і гнеўнымі словамі, у якіх бурліла нянавісць да прыгнятальнікаў. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плаксі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які часта плача. [Галя:] — Ідзіце, ідзіце ўжо дадому, а то сын прачнецца і хопіцца, што няма бацькі, плакаць будзе. Можа, ён у вас вельмі плаксівы? Сабаленка.

2. Такі, які бывае пры плачы; падобны да плачу. Плаксівы голас. □ І Раман, адразу зрабіўшы плаксівы выраз твару, паплёўся ў кватэру. Ваданосаў.

3. Які любіць скардзіцца, наракаць. Дарэмна Апанас наракаў на сваю долю. Дачка яго была не з плаксівых. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і чаго.

Дачакацца, прабыць, пражыць да прыходу, наступлення чаго‑н. На старасці год сына прычакаў, — усхваляваным, новым голасам сказаў Баніфацый. Навуменка. Седзячы на лаўцы, прычакаў.. [Сымон] дня і больш у старую хату не заходзіў. Чорны. — А родненькія вы мае! А дзетачка ж мая, а ўнучак жа мой, як я вас доўга чакала! І нарэшце такі прычакала, — абдымала і цалавала спачатку Галю, а потым Вадзімку. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэпраду́кцыя, ‑і, ж.

1. Перадрукоўванне малюнка, карціны, чарцяжа і пад. паліграфічнымі або фатаграфічнымі сродкамі.

2. Перадрукаваны малюнак, карціна ці фотаздымак. На сцяне вісела рэпрадукцыя з рэпінскай карціны. Грахоўскі. Пані .. падышла да адной карціны і расчаравана ўскрыкнула: «Дык гэта ж вісіць у мяне на кватэры ў Вільні!» — Тут арыгінал, а ў вас — рэпрадукцыя! — тлумачу ёй. Карпюк.

3. Узнаўленне чаго‑н., што захавалася ў памяці.

4. Узнаўленне, размнажэнне племянной жывёлы ці сартавога насення.

[Ад лац. re — зноў і productio — ствараю, раблю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сва́цця, ‑і, ж.

1. Жанчына, якая сватала нявесту жаніху ці жаніха нявесце. — Ну, матушка, калі буду жаніцца, дык вас за сваццю вазьму, — сказаў Лабановіч. Колас.

2. Маці мужа ў адносінах да жончыных ці маці жонкі ў адносінах да мужавых бацькоў. Абапал маладых садзяцца шафёры і шаферкі. Потым сваты і свацці, а далей ужо блізкая і далёкая радня. Асіпенка.

•••

Пераезная свацця — чалавек, які часта мяняе месца свайго прабывання дзе‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страж, ‑а, м.

1. Высок. Ахоўнік, абаронца. Армія — страж нашых граніц. / у вобразным ужыв. [Лес] спрадвеку стаіць, нібы нязменны і зоркі страж, вакол вёскі, дзе я нарадзіўся і вырас. Сачанка.

2. перан. Той, хто заўсёды на варце, за працай. — Будзем знаёмы: Волкаў Антон Пятровіч. Дык вы, малады чалавек, не паспелі на кватэру стаць, а ўжо адразу і за працу. Хаця, я вас разумею, вы, так сказаць, страж пяра... Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уво́лю, прысл.

1. Колькі хочацца, удосталь. Нагнуўся Андрэй і напіўся ўволю крынічнай вады. Якімовіч. У цырку Вараны быў у жанглёра... Уволю еў аўса, не знаў на працы зморы. Корбан. Насмяяўшыся ўволю, студэнты .. павалілі ў актавую залу. Карпюк.

2. Многа, у поўным дастатку. Людзі шчыты пастаўлялі на полі, каб затрымаць вас [снягі], Мець вільгаці ўволю. Лужанін. // у знач. вык. Многа, даволі. У хаце дастатак завёўся: хлеба і грошай уволю. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вучы́ць, вучу́, ву́чыш, ву́чыць; ву́чаны; незак.

1. каго чаму і з інф. Перадаваць каму-н. якія-н. веды, навыкі, звычкі.

В. англійскай мове.

В. сына плаваць.

В. гаспадарыць.

2. перан., каго чаму і з інф. Настаўляць чаму-н., пабуджаць да чаго-н.

В. паважаць старэйшых.

В. дзяцей толькі добраму.

3. з дадан. Абгрунтоўваць, развіваць якую-н. тэорыю, думку, погляд.

Тэорыя вучыць, што свядомасць чалавека ёсць прадукт яго грамадскага жыцця.

4. што. Займаючыся, засвойваць, запамінаць.

В. урок.

В. верш.

В. ролю.

5. каго. Караць, біць (разм.).

Мала вас вучылі дубцом!

|| зак. вы́вучыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны і навучы́ць, -вучу́, -ву́чыш, -ву́чыць; -ву́чаны; наз. вы́вучка, -і, ДМ -чцы, ж. (паводле 1 знач.) і навуча́нне, -я, н. (паводле 1 знач.).

Аддаць на вывучку.

Усеагульнае абавязковае навучанне.

|| наз. вучэ́нне, -я, н. (да 1, 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дзя́куй,

1. часціца; каму і без дап.; за што, на чым і са злучн. «што». Ужываецца як выражэнне падзякі; дзякую. Дзякуй вам. Дзякуй на добрым слове. □ [Карнейчык:] Дзякуй табе, гаспадынька, няхай цябе бог надорыць усім, чым ты сама хочаш. Крапіва. [Ігнась:] — Дзякуй за прытулак, Дзякуй за хлеб-соль. Сёння, мой дзядуля, Мне пайсці дазволь! Бядуля. Дзякуй глебе, што кожнае зернетка сокам, нібы маці грудзямі, ўскарміла, ўспаіла. А. Вольскі.

2. у знач. наз. дзя́куй, нескл., н. Падзяка, удзячнасць. І ўсёй неабсяжнай радзімы ваякам Мы шлем прывітанне — народнае дзякуй! Броўка. Заслонаў перадаў Дакутовічу партызанскае дзякуй за зброю. Шчарбатаў.

•••

Дзякуй (дзякаваць) богу — а) (у знач. вык.) добра. — Што ў горадзе? — Спакойна. — Дзякуй богу! Гурскі; б) (у знач. вык.) добры, нядрэнны. [Язва:] Праўда, глянуўшы на вас, адразу можна сказаць, што справы ў вас — дзякуй богу. Крапіва; в) (у знач. пабочн.) на шчасце, слава богу. — Ну, дзякуй богу, разышліся, — з палёгкай уздыхнула Вера. Машара.

Дзякуй за ласку (іран.) — ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н.

За дзякуй (іран.) — бясплатна, дарма (зрабіць, выканаць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)