Га́мзаль ’смуглы’ (Жд. 2). Дакладвае значэнне слова невядома (параўн. прыклад, які прыводзіцца ў слоўніку Жыдовіч: «Вой я ш як гамзаль чорная, мне і загараць ня трэба»). Лексема гамза́ль ’быстры, тупы штуршок’, якая прыводзіцца ў Насовіча, не падыходзіць па семантыцы. Калі няма сувязі з адным са значэнняў дзеясловаў га́мзаць, гамза́ць, то, магчыма, запазычанне. Параўн. (але гэта вельмі няпэўная дагадка) укр. гамсе́л ’іранічная назва, якую даюць жыхарам Таўрычаскай губерні’ (Грынч.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́музам ’агулам’ (БРС). Рус. дыял. га́музом, укр. га́музом. Паводле Фасмера (1, 391), адносіцца да дзеяслова гомза́ть ’кішэць’ < *gъmъz‑. Трубачоў (Эт. сл., 7, 195) пад *gъmъz‑ разглядае многа славянскіх лексем, у тым ліку рус. гомоз ’мноства’, го́мозом ’усе разам’, га́маз ’маса, мноства’, га́мазам ’разам, агулам’, укр. га́муз ’мякаць; бацвінне (ад буракоў, лісты капусты)’, га́музом ’агулам’, бел. га́музам ’тс’, гаму́з ’шум’. Што гэта слова адносіцца іменна да групы *gъmъz‑, можна не сумнявацца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарму́шка ’страва, прыгатаваная з вады, кусочкаў хлеба і солі’ (Сцяшк.), ’накрышаны ў малако (часам у пасоленую ваду) хлеб; цура’ (Сцяц.), гарму́шка ’цура’. Паводле Сцяц. Нар. (49), запазычанне з польск. farmuszka, faramuszka, warmuszka (< ням.) ’поліўка з вады, піва і хлеба; густая поліўка з мукі і інш.’ Аднак можна меркаваць, што слова ўзнікла азванчэннем (к‑ > г‑ пры наяўнасці ў слове санорных гукаў р, м) з карму́шка ’тс’ (гл. карму́шка2 ў Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гліцэры́н ’гліцэрын’ (ТСБМ). Рус. глицери́н. У бел. мове часцей ужываецца ў форме гліцэры́на. У такой жа форме слова раней было вядома і ў рус. мове (глицерина). Паводле Фасмера (1, 413), запазычанне з ням. Glyzerin ’тс’. Шанскі (1, Г, 94) мяркуе, што запазычанне магло быць як з ням., так і з франц. мовы. Але можна думаць, што бел. форма гліцэры́на хутчэй указвае на польск. мову як непасрэдную крыніцу запазычання. Параўн. польск. gliceryna.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гу́рба ’гурба’ (БРС, Касп., Шат., Сцяшк., Яшкін). Трубачоў (Эт. сл., 7, 179–180) бел. гу́рба ’гурба’ параўноўвае з укр. гурба ’гурт’, рус. гурба ’гурт’, гурьба ’тс’ і мяркуе, што гэта аддзеяслоўнае ўтварэнне (ад дзеяслова *guriti), аднак семантыка гэтага дзеяслова не вельмі ясная. Параўн. тлумачэнне гурьба ў Фасмера, 1, 476–477. Паходжанне слова застаецца няясным. Ст.-бел. гурба ’гурт’, паводле Булыкі (Запазыч., 86), запазычана з польск. hurba, hurma < с.-в.-ням.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дапля́гі ’шмат, многа’ (Сцяшк.). Мусіць, запазычанне з польск. do plagi ’тс’ (гл. пля́ґа) або можа быць самастойным утварэннем на беларускай глебе ад запазычанага з польск. мовы слова пля́га (пля́ґа). Лексемы такога тыпу вельмі лёгка запазычаюцца з адной мовы ў другую. Словы плякга, пляга, плакга, флякга ’няшчасце’ вядомы ўжо ў ст.-бел. мове (гл. Булыка, Запазыч.). У польск. мове гэта лацінізм (лац. plaga; аб гэтым гл. Брукнер, 416–417).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́ктар ’доктар’ (БРС). Слова гэта было ўжо ў ст.-бел. мове: докторъ ’доктар; настаўнік багаслоўя’ (тут яно лічыцца паланізмам: польск. doktor < лац. doctor; гл. Булыка, Запазыч.). Рус. до́ктор, укр. до́ктор. Польск. або ням. пасрэдніцтва пры запазычанні прымаецца і для рус. мовы (не выключаецца таксама і непасрэдна лац. крыніца; гл. Фасмер, 1, 523, Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 157–158). У лац. мове doctor — гэта ўтварэнне на ‑tor ад дзеяслова docere ’вучыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрын ’кій’ (Сцяшк.), ’кіёк, дручок’ (Сцяц.), ’палка’ (Сл. паўн.-зах.). У слоўніку Трубачова (Эт. сл., 5, 145) бел. слова адсутнічае. Параўн. рус. дыял. дрын, укр. дыял. дрін ’тс’. Паводле Трубачова, там жа (у Фасмера, Бернекера гэтых слоў няма), магчыма, да і.-е. *drūno‑ (ад і.-е. *dru‑ ’дрэва’); параўн. ст.-інд. druṇa‑ ’лук (зброя)’, перс. durūna ’дуга, вясёлка; лук’; першапачатковае значэнне ’драўляны’ (гл. яшчэ Трубачоў, ВЯ, 1975, № 1, 135). Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дэ́ўжар ’далечыня’ (Сцяшк.), ’надта доўгі’ (Сцяц.). Зыходным з’яўляецца *даўжа́р (< *dьlžarь) да до́ўгі. Пасля перанясення націску на першы склад нібы «аднавіўся» вакалізм э (якога там ніколі не было!). Параўн. у фанетычным плане барса́ць, але бэ́рсаць (замест бо́рсаць). Такога ж паходжання і дэўш (дакладней, дэўж) ’даўжыня’ (Сл. паўн.-зах.): < *dьlžь (параўн. дэўж ’даўжыня’, Жд. 2). Лексема *dьlžьпрасл. слова (параўнальны матэрыял, але без бел. гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 211–212).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жару́шнік ’расліна Rorippa Scop’ (Кіс., 112). Рус. жеру́шник ’тс’. Параўн. рус., укр. жеру́ха, укр. жерлуха, рус. жерлюха ’расліна Nasturtium R. Br. або Lepidium sativum’, польск. żerucha ’Nasturtium’, чэш. řeřicha, ст.-чэш. žeřucha ’Lepidium; Nasturtium’, славац. žerucha ’Lepidium’. Паводле Махэка, чэш. слова ад кораня жэр‑ці (гл.) у сэнсе ’паліць, мець востры смак’. Даль (1, 536), відаць, дапускаў метатэзу жерухарѣжуха. Гэтыя версіі могуць быць дастасаваны і да жару́шнік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)