сярэ́браны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да серабра (у 1 знач.), звязаны з апрацоўкай серабра. Сярэбраны промысел. Сярэбраных спраў майстар. // Які мае ў сабе серабро. Сярэбраная руда.
2. Зроблены з серабра, пакрыты серабром. Маці Анатоля неўзабаве прынесла з кухні і паставіла пасярод стала на сярэбраным падносе смажаную качку. Ваданосаў. Хлор выняў з кішэні камізэлькі тоўсты сярэбраны гадзіннік. Гартны. А калі б наліла яму гаспадыня начоўкі цёплай вады, калі б яшчэ паклала туды сярэбраную паўрублёўку, .. то павесялеў бы чалавек ад такога ўжывання і адразу памаладзеў бы. Кулакоўскі. // Вытканы з сярэбраных нітак, вышыты серабром. Мураўскі ўзняў галаву і ўбачыў, што перад ім сядзіць сам пан Здраеўскі. Толькі не ў цывільнай вопратцы, у якой ён запомніў яго, а ў генеральскім мундзіры з сярэбранымі пагонамі на плячах. Машара.
3. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Сярэбраным ланцужком рачулка злучала два аз[я]рцы. Бядуля. // З бліскучым белым адлівам. У глыбокай тоні жыў шчупак сярэбраны З вострымі зубамі, хітры, як купец. Танк. Там на вашых вачах збяруць І матор, і сярэбраны радыятар, Да яго па малому зубру Прыпаяюць старанна дзяўчаты. Панчанка.
4. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (голас, смех і пад.). Дзяўчына вясёлая, многа і часта пяе прыгожыя .. песні, а голас яе — звонкі, сярэбраны. Каваль. Недзе за хвастамі самалётаў няроўнымі штуршкамі ў вышыню ўзнімаўся жаваранак. На зямлю палілася яго сярэбраная песня. Алешка.
•••
Сярэбраны блішчак гл. блішчак.
Сярэбранае вяселле гл. вяселле.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
турну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Разм.
1. Прагнаць адкуль‑н. або куды‑н. Стары ўгледзеў, што хлопец па вушы мокры, і, не пытаючыся і не дапытваючыся, што з ім сталася, турнуў яго ў хату. Сабаленка. Калі гітлераўцаў турнулі адсюль, млынар недзе быў знік, а цяпер вось зноў выплыў. Мележ. [Крылоў:] — Прагналі цара — добра. Але гэта паўсправы. Наша рэвалюцыя яшчэ наперадзе. Ёй Касоўскі не ўзрадуецца, бо мы турнём і радзянак, і мілюковых, і паскевічаў, і ўсіх крывасмокаў, а разам з імі і халуёў іх — касоўскіх. Шамякін. // Звольніць з пасады. — Калі верыць розным чуткам, то цябе, Мікалай, даўно трэба было турнуць з твае работы і аддаць пад суд за розныя вымаганні і пагрозы, — спакойна адказаў дзед Піліп. Ваданосаў. [Ганна:] [Старшыня] спачатку разгубіўся, а пасля так турнуў мяне з брыгадзірства, што і сёння апамятацца не магу. Губарэвіч.
2. Піхнуць, штурхнуць каго‑н. Тады, нават не заўважыў я, хто, — вырвалі ў мяне туза з рук, зграблі мяне ў ахапак ды як турнулі з гарышча па драбіне далоў, ледзьве я галаву не скруціў. Дубоўка. Купрыян хацеў ушчарэпіцца бацюшку ў валасы, але быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі тройчы і перакуліўся. Чарот. / у перан. ужыв. Патрашчыць ён [агонь] там, патрашчыць, набіраючыся сілы ды ад злосці пыхкаючы дымам, а тады як турне гэты дым у неба і сам за ім. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штурмава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак., каго-што.
1. Рабіць, праводзіць штурм (у 1 знач.). Барашкін быў ва ўдарнай групе, і гэтая група першай штурмавала варожыя ўмацаванні. Савіцкі. У сям’і павага ў нас мужчынам: Дзед тапіў дзянікінцаў у Доне; Бацька ўзводзіў горад на Амуры, Брат старэйшы штурмаваў Берлін. Гілевіч. // перан. Праводзіць актыўныя, рашучыя дзеянні для авалодання чым‑н., асваення чаго‑н. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя дала ў рукі чалавека магутныя сілы: ён пранік у глыбіню атамнага ядра, пачаў штурмаваць касмічныя далі. «Звязда». Каб штурмаваць нямую вышыню, Бывае мала аднаго імкнення. Грачанікаў. // перан. Працаваць з празмерная паспешнасцю, каб нагнаць упушчанае. Не знае адпачынку, зморы Калгаснікаў ліхая раць, Калі з упартасцю, напорам Прарыў выходзім штурмаваць. Чарот. // перан. Актыўна паступаць, старанна, настойліва вывучаць з мэтай дабіцца жаданых вынікаў. Не шмат застаецца таварышаў-сведак, Што разам з табой [ветэран] стары свет штурмавалі. Чарнушэвіч. Вось ён, гулкі, шырокі ганак [школы], і дзве пары калон сасновых, хлопцы тут, пасля кніг-чытанак, штурмавалі навук асновы. Русецкі.
2. Разм. Асаджваць, акружаць каго‑, што‑н. бязладным, неарганізаваным натоўпам. Улетку мінулага года масквічы літаральна штурмавалі касу тэатра імя Вахтангава. «ЛіМ». Вялікі натоўп штурмаваў вагоны. Ус. // перан. Настойліва дабівацца чаго‑н. Радня Пахомава не траціць часу, Адміністрацыю саўгаса Штурмуюць грамадой на ўсе лады. Корбан.
3. Лятаючы на малой вышыні, бамбіць і расстрэльваць з самалёта сілы праціўніка. Прылятаюць яны [знішчальнікі] штурмаваць, Зніштажаць лютых ворагаў смела. Танк. [Пішчыкаў:] — Калі ляталі штурмаваць нямецкія аэрадромы? [Хукін:] — Летась вясною часта, ляталі на Бранск. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дапамагчы́, ‑магу, ‑можаш, ‑можа; пр. дапамог, ‑магла, ‑ло; заг. дапамажы; зак., каму-чаму.
1. Аказаць дапамогу, пасадзейнічаць у чым‑н. Дапамагчы ў рабоце. Дапамагчы распрануцца. □ [Булай] заўсёды заступіцца, дапаможа, калі хто са сваіх рабочых трапіць у бяду. Шыцік. І службу служы, і сябру дапамажы. З нар. // Падтрымаць матэрыяльнымі сродкамі. Дапамагчы грашамі. Дапамагчы будаўнічымі матэрыяламі. // Аказаць медыцынскую дапамогу. [Санітарка] спяшаецца, каб у час дапамагчы параненаму. Колас.
2. З’явіцца сродкам для каго‑н. у дасягненні якой‑н. мэты. Компас дапамог сарыентавацца на мясцовасці. Мінеральныя ўгнаенні дапамаглі калгаснікам павысіць ураджайнасць палёў. // Даць жаданы вынік, прынесці карысць. Лякарства дапамагло. Угаворы дапамаглі.
•••
Дапамагчы гору (бядзе) — выратаваць з бяды, з цяжкага становішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
багаты́р, ‑а, м.
1. Той, хто валодае вялікай маёмасцю, мае многа грошай; багач. [Настаўнік:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе. Колас. [Павал:] — Калі я цяпер узбіўся на добрую.. гаспадарку, дык ужо мяне багатыром лічаць. Чорны.
2. Казачны асілак, волат; вялікай сілы і адвагі чалавек, воін. Я не жартуючы хацеў бы пусціць па краіне мастацкае палатно, падобнае па зместу да «Багатыроў» Віктара Васняцова. Толькі сучаснае, аб нашых багатырах, якія стаяць на варце спакою і волі краіны. Брыль. // перан. Пра што‑н. велічнае, магутнае. Вось які ты, слаўны Кіеў, Старажытны багатыр! Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; незак., што.
1. Ставіць плот, паркан і пад.; абгароджваць што‑н. Гарадзіць плот. □ [Ладымер] да поўдня быў у хаце, а тады выйшаў гарадзіць капуснікі. Чорны. Я выган плотам гарадзіў. Купала.
2. перан. Разм. Гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Старая Рындзіха хадзіла па вёсцы і гарадзіла на ўсіх Шамраёў за тое, што адбілі ад бацькоў роднага сына. Машара. Стары гаворыць — гародзіць, ды па праўду выходзіць. Прыказка.
•••
Агарод (гарод, плот) гарадзіць — а) пачынаць якую‑н. клапатлівую і безнадзейную справу. Не бачыць Грамабою гэтай зямлі. А калі так — дзеля чаго і гарод гарадзіць. Крапіва; б) гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Тут Саўка хмурыць свае бровы: — Ты, сын, гарод не гарадзі... Гаўрусёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гаці́ць, гачу, гаціш, гаціць; незак., што.
1. Рабіць гаць, пракладваць дарогу цераз балота ці гразкае месца. Балота аказалася такое пражорлівае, што сем год гацілі яго і пяском, і каменнем. Бажко.
2. Перакрываць, запруджваць ваду ў рацэ плацінай. Вось тады, калі стыхія вады крышыла грэблю, я парашыў канчаткова: стану інжынерам, буду гаціць рэкі, будаваць электрастанцыі, каб было людзям святло, а палям вада. Хомчанка.
3. перан. Траціць на што‑н. бязмерна вялікія сродкі. Яшчэ і сёння між калгаснікаў ідуць спрэчкі аб тым, ці варта было гаціць такую процьму грошай на гэту механіку. Палтаран.
•••
Хоць гаць гаці каго-чаго — вельмі многа, вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Сяброў у Кузьміча — хоць гаць гаці! Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго-што і без дап. Праведаць, наведаць каго‑, што‑н. Яму [Януку Сялібу] хацелася адведаць дом, Зноў паглядзець на роднае гняздо. Танк. [Рыгорыха:] — Прыязджае маці, Глафіра Парфіраўна, адведаць магілу сына, паглядзець наша жыццё. Гурскі. [Панна Рузя:] — Ваша ранейшая настаўніца колькі ўжо часу хварэе, а вы?.. Хоць бы разочак схадзілі адведаць! Ганьба!.. Брыль.
2. чаго. З’еўшы або выпіўшы трохі чаго‑н., вызначыць смак; пакаштаваць. — Просіць садоўнік Наведацца ў сад, Бабка Тадора Адведаць чарніц. Броўка. Пакаштуй, калі хочаш, адведай — Вунь — кубанскія кавуны! Прыходзька.
3. чаго. Спазнаць, зведаць, паспытаць. Гуляюць хмаркі ў небе сінім, І ледзь хвалюецца рака... Так моцна хочацца дзяўчыне Адведаць шчасце рыбака. Іверс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аса́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Тое, што і аблога (у 2 знач.). Асада крэпасці. Асада горада. Зняць асаду.
2. Гіст. Сядзіба асадніка. Яшчэ калі паны пачалі хапаць каля вёсак зямлю і рабіць сабе асады, сын Альшэўскага — лекар і вядомы забойца — выдаў бацьку карнікам за сувязь з беларускімі партызанамі. Бажко.
аса́да 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Стан паводле дзеясл. асаджваць 1 — асадзіць 1. Яшчэ больш важная навука — Умець дагнаць касу да ладу І даць ёй выклепку, асаду. Колас.
2. Дзяржанне ў прыладах працы, інструменце (малатку, долаце, гэблі і пад.). Асада нажа.
3. Рамка. Партрэт у прыгожай асадзе.
4. Тое, што і шуфляда (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акруглі́цца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
Стаць круглым, больш круглым; набыць акруглую форму. Ад нечаканасці і здзіўлення ў Дзямідчыка акругліліся вочы. Краўчанка. // Папаўнець у целе. Аднойчы Граноўская заўважыла, што сын раптам пачаў папраўляцца, неяк акругліліся шчокі, папаўнелі. Гурскі. А на Пятровіча калі зірнуць — Раздаўся ўшыркі, акругліўся, Нібы гарбуз той, сокамі наліўся. Валасевіч. // перан. Канчаткова скласціся, аформіцца (пра думку, мову і пад.). Сапраўды, жанчына тая не надта разумная, не вельмі разборлівая, і яна будзе.. [Хвядосу] ва ўсім памагаць. І толькі гэтая думка акруглілася, як загула ззаду машына. Кавалёў. // Закончыцца, дасягнуць круглага ліку. [Рыгор Іванавіч:] — Восьмы дзесятак акругліўся летась чалавеку, а на адпачынак ні за якія грошы не хоча. Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)