хрып, ‑у, м.
1. Сіплы гук, які чуецца пры цяжкім дыханні, здаўленай гаворцы. Ляснік закрычаў з усяе сілы тым грозным басам, які ўрэшце пераходзіў у піск і хрып. Бядуля. [Шурка] ўвесь час просіць піць, але голас таксама нібы высыхае і вырываецца з гарачага горла слабым хрыпам. Мехаў. // Хрыплае гучанне чаго‑н. Толькі старыя ходзікі на сцяне, абыякавыя да ўсяго на свеце, з якімсьці прыкрым хрыпам адлічвалі секунду за секундай. Шашкоў.
2. звычайна мн. (хры́пы, ‑аў). Шумы ў лёгкіх пры некаторых захворваннях. Абвостраным слыхам.. [доктар] улоўлівае прастудныя хрыпы ў грудзях. Гарбук.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ціка́віць, ‑каўлю, ‑кавіш, ‑кавіць; незак., каго-што.
1. Выклікаць цікавасць, імкненне даведацца пра каго‑, што‑н.; звяртаць на сябе ўвагу каго‑н. Цяпер Галы цікавілі .. [Андрэя] з другога боку. Ён вывучаў іх як спецыяліст і прыкідваў, як прыступіцца да іх, каб асушыць. Дуброўскі. Рыгора цікавіла ўсё, што ён бачыў перад сабою. Гартны.
2. Разм. Выклікаць захапленне, прыхільнасць да сябе. [Марыльку] цікавіць толькі Сярожа. Брыль. [Лабановіч] нават колькі разоў пройдзецца ўдзень каля яе [Ядвісіных] вокан, але і галавы не паверне ў яе бок і знаку не дасць, што яна цікавіць яго, што яму без яе цяжка і сумна. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цмок 1, ‑а, м.
У казках і народных паданнях — пачвара ў вобразе змея, дракона. Толькі пела [маці] мне песні Аб цёмных бяздонных азёрах, У якіх ажываюць начамі Апаўшыя зоры, Аб дрымучых лясах, Дзе асілкі змагаюцца з цмокам. Кірэенка. // перан. Носьбіт варожых народу сіл; крывасмок. Зімой, у вялікі мароз, папрывязвалі бяздушныя цмокі гэтых палонных да аглобляў сваіх фурманак, і людзі.. павінны былі бегчы.. з коньмі. Ермаловіч.
цмок 2, выкл.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння адрывістага гуку, які атрымліваецца раптоўным раскрыццём сціснутых губ.
2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. цмокаць — цмокнуць. У шчаку дзяўчыну цмок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарпа́к, ‑а, м.
1. Коўш, пасудзіна для чэрпання якой‑н. вадкасці. Каля палявой кухні валяліся кацялкі і лыжкі, вялікі медны чарпак. Няхай. Алег узяў чарпак і стаў выліваць з лодкі ваду. Гамолка. // Колькасць, аб’ём вадкасці, які ўмяшчаецца ў такой пасудзіне. Мы трэція суткі ў дарозе, і толькі ўчора ўвечары нам далі па чарпаку цёплай баланды — мукі, размешанай у вадзе. С. Александровіч.
2. Частка машыны, механізма (экскаватара і інш.) у выглядзе каўша, які служыць для выбірання грунту, пароды і пад. Экскаватар уразаўся ў зямлю вялізным чарпаком з жалезнымі зубцамі. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чупры́на, ‑ы, ж.
Пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом (у мужчын); чуб. Мая чупрына расла ўніз і звісала над вачыма так, як звісае са страхі старая салома, калі яе вецер павырывае. Карпюк. У хлопца чупрына спаўзла на бачок, Над скрыпкай засноўдалі рукі. Калачынскі. // Валасы наогул. І кучаравы [хлопец] быў, чупрына — як лаза густая! Мележ. Толькі ў чорнай чупрыне гусцей і бялей Пракідаюцца пасмы сівыя. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Векавыя дубы, клёны паднімаліся сваімі магутнымі чупрынамі ў самае неба. Новікаў. Недалёка стукаў чорны дзяцел (жаўна) з чырвонай чупрынай. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шака́л, ‑а, м.
1. Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства сабачых, якая харчуецца пераважна мярцвячынай. Сцежкай снягоў тых і дзікіх узлессяў Тур ці шакал Толькі могуць праскочыць. Хведаровіч. Недзе недалёка ў гарах завылі шакалы, вылі тонка і працяжна, нібы плакала малое дзіця... Каваль.
2. перан. Разм. Пра прагнага, драпежнага чалавека. Я чую стогн Афрыкі Каланіяльнай. І гром навальніцы Над Нігерам дальнім; Крык неграў лінчованых За акіянам, Быццё ў эфіры Шакалаў паганых. Танк. Няхай ведаюць гітлераўскія шакалы, што ніякія катаванні і тэрор не зломяць узнятай народнай хвалі супроць нямецкага фашызму. Казлоў.
[Перс.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шарэ́ць, ‑эе; незак.
1. Станавіцца шэрым. Твар у .. [Севы] шарэў, калі ў такія хвіліны даводзілася гаварыць з бацькам. Карпаў. Неба шарэла. Было вельмі холадна. Мележ.
2. Выдзяляцца сваім шэрым колерам, віднецца. Пераезд у нізіне ўжо ледзь шарэў у вячэрнім паўзмроку. Быкаў. Зрабілася яшчэ больш цёмна, толькі шарэлі ў цемры шыбы вокнаў. Асіпенка.
3. безас. Світаць або змяркацца. Бярэцца на досвітак. Прыкметна шарэе, але хмары густа зацягваюць і без таго хмурнае неба, — мусіць, будзе мяцеліца. Сачанка. Унізе, ля зямлі, шарэла: надыходзіў вечар — хутка, па-зімоваму, адразу ж пасля паўдня. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шляхе́тнасць, ‑і, ж.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі — прыналежнасць да дваранскага саслоўя. [Маслянка:] — Пан працуе толькі ў белых пальчатках. Брудныя справы пану не па густу. Шляхетнасць не дазваляе, арыстакратычнасць паходжання... Машара.
2. Уст. Уласцівасць і якасць шляхетнага (у 2 знач.). Да шляхты Саўка не меў дачынення, ён нават не быў католікам, і Шляхцюк было не прозвішча, а мянушка за яго схільнасць да шляхетнасці, да вонкавай фанабэрыі дома і на людзях. Хадкевіч. // Выхаванасць, уменне трымаць сябе ў людзях. Садзяцца госці, ды не зразу, За стол не лезуць для паказу, Бо так шляхетнасць вымагае. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эле́гія, ‑і, ж.
1. Лірычны верш, прасякнуты пачуццём смутку, журбы, роздуму. Каб Раманчык быў паэт, ён цяпер злажыў бы самую жаласную элегію самому сабе, але ён — толькі проста адукаваны чалавек, здольны глыбока адчуваць. Колас. // У антычнай паэзіі — верш любога зместу, напісаны двухрадкоўямі пэўнай формы.
2. Вакальны ці інструментальны твор сумнага, задуменнага характару. Але вось тая музыка скончылася, пачалі перадаваць нешта новае ў зусім іншым настроі. Стары пачуў, як дыктар сказаў: элегія Маснэ. Кірэенка.
3. перан. Сум, журба, меланхолія. Элегія з прычыны гібелі аднаго [барацьбіта] перарастае ў .. думу аб лёсе ўсіх. Бярозкін.
[Грэч. elegéia.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
яна́, яе, ёй, яе, ёй (ёю), аб ёй; мн. яны; займ. асаб. 3 ас. адз. ж.
1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка жаночага роду адзіночнага ліку, які абазначае, звычайна ў папярэднім кантэксце, прадмет гаворкі. Партыя намі кіруе, Мы — выхаванцы яе. Куляшоў. // (у спалучэнні са словам «сама»). Іменна тая, а не хто іншы; тая самая.
2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежная займенніка; яе. Як маліны, яе [Бандароўны] губкі, А твар, як лілея; Як дзве зоркі, яе вочы, Гляне — свет яснее. Купала.
3. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яна — родная старонка!
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)