саста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., што.

1. Паставіць поруч або ў адно месца. Саставіць вінтоўкі ў піраміду. □ Сажнуць сярпамі з жонкай жытні клін, Збяруць снапы, саставяць іх у бабкі. Корбан. Міхась туды [у куток пуні] саставіў старыя калоды. Б. Стральцоў. // Прыставіць, падставіць адно да другога. Умомант саставілі [хлопцы] адзін к аднаму сталы, як на вяселлі, і паселі наўкруга. Мурашка.

2. Атрымаць што‑н. цэлае, злучыўшы, змацаваўшы асобныя часткі. Саставіць поезд. □ [Гаварушка:] — Таксама навука — як разбіты гаршчок саставіць. Лобан. // Атрымаць (сумесь, раствор і пад.), перамяшаўшы якія‑н. рэчывы. Саставіць лякарства.

3. Зняць што‑н., пастаўленае наверх. Саставіць са стала на падлогу.

•••

Саставіць ураўненне — запісаць умову задачы ў выглядзе ўраўнення, якое змяшчае шукаемую велічыню.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сербану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да сёрбаць (у 1, 2 знач.).

2. чаго. Разм. З’есці колькі‑н. (чаго‑н. вадкага). Марыля сербанула разоў колькі квашанай капусты з грыбамі-апенькамі, адставіла міску, зноў аб нечым задумалася. «Беларусь».

3. перан.; чаго. Разм. Многа перанесці, зазнаць гора. [Ячны:] — Каб сербануў і ты [Шарэйка] за век таго, што я ці, скажам, бацька твой — таксама прафесарам стаў бы. Брыль. На.. [вайне] Карпенку давялося сербануць ліха, яго параніла. Быкаў.

4. Абл. Сцебануць. Хацеў яшчэ [дзед Купрыян] параіць Васілю ўзяць лейцы ды лепей лейцамі сербануць разы са два, калі.. [Аўгіня] вінавата. Колас. [Дзед:] — Мне лазовы дубчык сербануў па воку. Чорны.

•••

Сербануць лішняга — хапіць (выпіць) занадта многа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм.

1. Тое, што і сотня (у 1 знач); сто. Ды толькі вось дзе закавыка: Купіць зямлю — купіць не лыка, Тут грошы трэба — і не сетка... Эх, брат, рука, рука каротка! Колас.

2. Адна сотая частка якой‑н. адзінкі, меры (гектара і пад.). Калі Антаніна прыйшла на поле, Надзя і Волька, выжаўшы ўжо соткі па паўтары, сядзелі на снапах і снедалі. Васілевіч. // толькі мн. (со́ткі, ‑так). Прысядзібны ўчастак, агарод. За градамі з капустай, буракамі і насеннай цыбуляй — соткі з бульбай. Кулакоўскі.

3. Уст. Мера гарэлкі ў адну сотую частку вядра, а таксама бутэлька такой ёмістасці. Гаспадыня дае [бацьку] сетку і ідзе спаць. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спа́дчынны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да спадчыны (у 1, 3 знач.). Спадчыннае права. □ Сузан бярэ кавалачак паперы і скрупулёзна выпісвае лічбу за лічбай. Вось гэта давядзецца аддаць, як спадчынны падатак. Лынькоў. // Які з’яўляецца спадчынай (у 1 знач.); атрыманы ў спадчыну. Мой тата прадаў вашым сваю спадчынную дзесяціну. Чорны. Каб усё ж выратаваць.. [Зыгмунта] ад кадэцкага корпуса, давялося аддаць паліцэйскаму ўсё спадчыннае серабро. Якімовіч. Мы адраджалі гаспадарку на трох з паловай дзесяцінах спадчыннай зямлі. Таўлай.

2. Звязаны з спадчыннасцю (у 1 знач.). Памру я таксама хутка, стары! У нас гэтая хвароба спадчынная. Хведаровіч.

3. Які ідзе ў парадку пераемнасці ад аднаго да другога, заснаваны на гэтым пераходзе. Спадчынны князь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад схаваць.

2. у знач. прым. Такі, што не бачны, укрыты ад чыйго‑н. вока. На праспект твае [Мінск] іду — Плёск Нямігі схаванай чую. Бураўкін.

3. у знач. прым. Які не выказваецца яўна, утойваецца. Лёдзя са схаваным спалохам і непрыязнасцю ўпотай, знізу ўверх, паглядала на бацьку. Карпаў. — Ай, тут Лідка ў чалавека хоча пашпарт праверыць. Я думаю, што гэтым ты павінна заняцца, а не яна, — са схаваным смехам сказала Жэня. Дамашэвіч.

4. у знач. прым. Які ўласцівы каму‑, чаму‑н., але яшчэ не выявіўся. Даніла таксама з дакорам зірнуў на бацьку, не зразумеўшы таго схаванага сэнсу, які меў на ўвазе стары. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяло́, а́; мн. сёлы (з ліч. 2, 3, 4 сялы́), сёл; н.

1. Вялікая вёска, гаспадарчы і адміністрацыйны цэнтр для навакольных паселішчаў; у дарэвалюцыйнай Расіі — паселішча з царквой. Саўгас — вялікае сяло — патанаў у зеляніне. Асіпенка. Зазер’е — сяло вялікае. Адзін канец яго ўпіраецца ў возера, а другі хаваецца ў лесе. Ваданосаў.

2. Любы населены пункт негарадскога тыпу. Наўпрост ідзе дарога Праз гарады і сёлы. Аўрамчык. Звіняць, як срэбра, песні Па сёлах, гарадах. Колас. // зб. Жыхары такога паселішча. Прачнулася сяло таксама раней звычайнага. Васілевіч. Глядзела і не бачыла, Як збеглася сяло. Святое гора матчына Усім душу пякло. Панчанка.

•••

Ні к сялу ні к гораду — зусім недарэчы, неўпапад, не да месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыта́н 1, ‑а, м.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — бажаство з ліку волатаў, якое змагалася з багамі Алімпа, а таксама нашчадак волатаў.

2. перан. Чалавек вялікага таленту, надзвычайнае розуму. Які віхар воплескаў заўсёды раздаваўся, калі ў прэзідыуме паказвалася гэта магутная фігура тытана чалавечай мыслі [А. М, Горкага]. Купала. Ф. Энгельс, характарызуючы выдатных дзеячаў эпохі Адраджэння, назваў іх тытанамі па сіле думкі, страсці і характару, па шматбаковасці і вучонасці. Алексютовіч.

[Грэч. titanos.]

тыта́н 2, ‑у, м.

Хімічны элемент, цвёрды метал серабрыста-белага колеру, які шырока выкарыстоўваецца ў караблебудаванні, ракетнай і авіяцыйнай тэхніцы.

тыта́н 3, ‑а, м.

Вялікі кіпяцільнік асобай канструкцыі. — А ты бачыла, што ўжо тытан закіпеў? — звяртаецца да Вольгі Фрося. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарці́ць, чарчу, чэрціш, чэрціць; незак., што і без дап.

1. Рабіць чарцёж чаго‑н. Я іду да брыгадзіра .., які схіліўся над лістом фанеры і нешта чэрціць. Мыслівец. Церахаў дастаў чысты кавалак паперы і стаў нешта чарціць. Місько.

2. Праводзіць лінію, рысу (лініі, рысы). — Калі з хутара хто-небудзь пойдзе, я таксама пайду ўслед. Па дарозе буду чарціць палкай рымскія пяцёркі. Па гэтых значках і шукайце мяне. Курто. // Дакранаючыся да чаго‑н., пакідаць след у выглядзе лініі, рысы. Нябачныя мошкі ці вадзяныя жукі чарцілі на .. гладзі [возера] адмысловыя іерогліфы. Шамякін. // Пры перамяшчэнні ў паветры пакідаць след на фоне неба ў выглядзе лініі, рысы. У нязнаны космас, заімглёны Імчаць ракеты, чэрцяць след. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эге́ 1, часціца.

Разм. Ужываецца для выказвання згоды, а таксама для пацвярджэння чаго‑н.; адпавядае па значэнню слову «так». [Галінка:] — Зайдзіце, калі час будзе... Гэта ж вы дзядзькавыя браты нашага пана? [Андрэй:] — Эге, вось і ён там у чаўне ехаў. Караткевіч.

эге́ 2, і эге-ге́, выкл.

1. Ужываецца пры выяўленні чаго‑н. важнага, значнага ці нечаканага. — Эге, — неяк гучна ў цішыні азвалася Морка Парэмская. — Вы [маладзіцы] вот седзіце, размаўляеце за поўным сталом, а яго [сына] ужо колькі няма. Ракітны. — Эге, весела сёння ў «брахалаўцы»! — азваўся ад парога Мальчэўскі. Васілёнак.

2. Ужываецца для выказвання здзіўлення, недаверу і пад. Эге, куды хапілі. □ [Дзед:] — Эге, ці не Раманаў сынок часам? Толькі каторы? Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ашва́к ’вушак, шула ў сцяне’, ашванык (палес., Лучыц-Федарэц., Бел.-укр. ізал., 44), ошвак ’шула ў сцяне’ (Тарнацкі, Studia), ’бакавы слуп, да якога прымацоўваецца рама акна’ (Шушк.). Няясна; магчыма, з аўшак (оўшак) ’вушак’ (гл.), збліжанае з шыць, параўн. ст.-бел. ошва ’абшыўка, аблямоўка’ (Нас. гіст., 1494); гл. таксама палес. ошва (ošφa) ’брус, які ляжыць на бэльках столі пад кроквамі’ (Тарнацкі, Studia), што нагадвае літ. ašvà ’кабыла’, параўн. шматлікія другасныя значэнні слав. kobyla (тэхнічныя прыстасаванні, будаўнічыя дэталі і інш.): Слаўскі, 2, 305–306, а таксама Яшкін, Рэгіян. асабл., 84–85.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)