шы́йка, ‑і, ДМ шы́йцы; Р мн. шы́ек; ж.

1. Памянш.-ласк. да шыя. Ева толькі што распачала сваю гутарку з цялушачкаю і гладзіла яе бліскучую шыйку. Колас.

2. Вузкая, завужаная частка чаго‑н. Шыйка пазванка. □ Каса ў шыйцы хруснула і засталася ў купіне. Крапіва. Пракоп Дубасаў сказаў, што Сямён Дзікун хоча сумясціць у адну тры аперацыі па шліфоўцы шыек каленчатага вала. Шыцік. У руцэ пана Цабы пагойдваўся жоўты збанок, падвязаны за шыйку вяровачкай. Брыль.

3. Хваставая частка цела прэснаводнага рака. Стаў рак на шыйцы, клешні ўгору падняў. Якімовіч. Трактарыст хуценька аблупіў клюшню, потым адным махам управіўся з шыйкай і нарэшце ўзяўся за ножкі. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гу́тарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

1. Дзелавая або сардэчная размова. Пачалася гутарка людзей, што не бачыліся можа толькі адзін дзень, але ў якіх сабралася за гэты дзень шмат навін. Шахавец.

2. Лекцыя, даклад, паведамленне, разлічаныя на абмен думкамі прысутных. Часопіс пачынае друкаваць цыкл гутарак аб камунізме. «Звязда». Урокі работы над тэкстам часцей за ўсё праводзяцца ў форме гутаркі. Барсток.

3. Літаратурны твор, пабудаваны ў форме дыялогу. Гутаркі і з явіліся найбольш, падыходзячым жанрам літаратурных твораў, зручным для прапагандысцкай работы. Пшыркоў.

4. Гаворка, чутка. Таксама тут і здань здалася — Аб ёй і гутарка вялася, — Што быццам нехта на вадзе, Яшчэ нябачаны нідзе, Сядзеў і з люлькі зацягаўся Ды раптам згінуў, бы распаўся... Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распіраць — расперці.

2. Р мн. рак. Брус, які выкарыстоўваецца ў розных канструкцыях і збудаваннях для фіксацыі іх у пэўным становішчы. // Тое, чым распіраюць што‑н. і прадухіляюць збліжэнне паміж чым‑н. Праўда, майстры і тут ведалі, што рабіць. У ход ішлі распоркі, клін, кувалда, і дошкі станавіліся на сваё месца. Сапрыка.

3. Разрэз, распорак. На мне быў кароткі кажушок з аблямаванай распоркаю ззаду. Скрыган. Пярэдняя полка з засцежкай (распоркай), якую прыкрываў фартушок, амаль заўсёды рознілася ад іншых арнаментам. «Помнікі». // Разрэзанае, разарванае па шву месца. Шапка была б.. ніштаватая, каб яшчэ да яе казырок і каб не распоркі скрозь па швах. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

1. Памянш. да скура (у 1 знач.). Можна было б, вядома, знайсці, а то і самому вырабіць яшчэ адну скурку па бубен, ды нешта не з’яўлялася ўжо цяга да такіх турботаў. Кулакоўскі. // Тонкая маладая скура. Кроў прасочваецца праз тонкую аксамітную скурку. Крапіва. У фізрука на галаве тонкаю маладою скуркаю дыхала глыбокая рана. Адамчык. // Разм. Тонкае празрыстае покрыва па некаторых гастранамічных вырабах (каўбасе, сыры і пад.), плеўка. На стале былі акуркі, ад кілбас шнуркі і скуркі, ля стала стаяла урна — жыў мядзведзь больш-менш культурна. Шушкевіч.

2. Невялікая вырабленая шкура жывёлы (звычайна для пашыву шапак, каўняроў і пад.). [Багуцкі:] — Якія ж скуркі, галоўным чынам, цікавяць вашу фірму? [Прадстаўнік фірмы:] — О-о... розныя... Вавёркі, выдры... Лынькоў.

3. Верхняе покрыва, абалонка пладоў. Скурка яблыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папе́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

1. Памянш. да папера (у 1 знач.); кавалак паперы. Багата чаго застаецца на пуцях ад пасажырскіх цягнікоў — тут і паперкі ад цукерак, папяросныя каробкі. Лынькоў. Слова «там».. [Лёня] падкрэсліў дзвюма рыскамі, склаў паперку квадрацікам і перадаў Лідзе. Ваданосаў.

2. Разм. Памянш. да папера (у 2 знач.). У праўленне прыйшла паперка, што ў калгас прыедзе меліяратар. Кулакоўскі.

3. Памянш. да папера (у 3 знач.). Трэці [мужчына], доўгі, худы і пануры з зямлістым колерам твару, сядзеў над нейкаю паперкаю, углыбіўшыся ў чытанне, і рабіў сяды-тады ў ёй палеткі. Колас.

4. Разм. Асігнацыя. Дагэтуль Зося насіла ўвесь свой капітал у хустачцы, туга заціснуўшы вузлом і медзякі і паперкі. Брыль. Асташонак узяў у руку пяць сторублёвых паперак, нібы ўзважыў іх. Ваданосаў.

•••

Лакмусавая паперка — тое, што і лакмусавая папера (гл. папера).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́рка 1, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

1. Памянш. да гара (у 1, 2 знач.); невялікая гара. Катацца з горкі. Горка папер.

2. Прыстасаванне для сарціроўкі вагонаў на станцыях, якое дазваляе выкарыстоўваць сілу цяжару вагонаў для перамяшчэння іх па схіле чыгуначнага пуці. Сартавальная горка. Механізаваная горка.

го́рка 2,

1. Прысл. да горкі.

2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне гаркоты, горкага смаку. Ад зёлак у роце горка.

3. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё горычы, прыгнечаны настрой, у якім знаходзіцца хто‑н. Некалькі разоў прачытала Аленка гэты ліст. У некаторых момантах чытання ёй то было прыемна, то горка і крыўдна. Колас.

4. у знач. выкл. го́рка! Разм. Вокліч, якім за вясельным сталом просяць маладых пацалавацца. У прасторнай, ярка асветленай зале палаца гучаць вясельныя песні і чуецца традыцыйнае «горка!». Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

1. Лічба «5». // Разм. Назва розных прадметаў, якія нумаруюцца гэтай лічбай (трамваяў, аўтобусаў і пад.).

2. Адзнака паспяховасці ў пяцібальнай сістэме, якая абазначае «выдатна». Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік. А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.

3. Разм. Колькасць 5; пяцёра. Падзяліўшы групу напалам, .. [Шыбаеў] пакінуў пяцёрку байцоў у лесе паблізу дарогі. Краўчанка. // Група, якая складаецца з пяці чалавек або з пяці прадметаў. [Мікола:] — Мазурэнка сказаў расшырыць арганізацыю. Браць правераных. Уключаць у пяцёркі. Так, каб адзін другога не ведалі, а толькі таго, хто дае заданне. Навуменка.

4. Разм. Грашовы знак або сума ў пяць рублёў. Калі дзялілі каравай, на талерку клаў кожны, колькі мог. Палажыў і Якаў цэлую пяцёрку. Чарнышэвіч. [Соня] разгладжвала пакалечаных рублёўкі, траячкі, пяцёркі. Корбан.

5. Ігральная карта, якая мае пяць ачкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шасцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

1. Лічба 6. Напісаць шасцёрку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 6), якія нумаруюцца лічбай 6. Тут спыняецца аўтобус-шасцёрка.

2. Ігральная карта, дошчачка даміно з шасцю ачкамі. — Не проста дурань, а дурань з пагонамі, — засмяяўся Глеб. — Во, кладу табе [Ксеня] на плечы дзве шасцёркі. Васілёнак.

3. Запрэжка ў шэсць коней. Багаты пан на шасцёрцы катаецца, а бедны мерае сваёй парай зямлю і аб кіёк абапіраецца. Бядуля.

4. Колькасць каго‑, чаго‑н. у шэсць адзінак; шэсць аднародных прадметаў. Шасцёрка самалётаў. □ Гэта шасцёрка [вайскоўцаў], звязаная ўзаемадапамогай, заўсёды трымалася разам. Машара.

5. Шасцівёславая лодка, шлюпка. Плыць на шасцёрцы.

6. Частка, дэталь у малатарні; шасцярня. Запрэжаная ў дышаль парка коней кружыла кола, зазубні якога чапляліся за адмысловую драўляную шасцёрку, у сярэдзіну якой быў уроблен даўжэзны круглы прэнт, пры дапамозе якога круціўся сам барабан малатарні. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

1. Невялікая шкляная пасудзіна на ножцы для піцця спіртных напіткаў. Услед за тостам усе чаркі пацягнуліся да Міхедавай, якую ён падняў і з якое праз беражкі вылівалася пітво, бо рука калацілася. Сабаленка. Гэй, поўныя чаркі Дружней налівайце, Ад сэрца, музыкі, Спявайце, іграйце! Танк. Але, выпіўшы другую чарку, [Міхал] нахмурыўся і зноў пачаў пра сваё. Карпаў.

2. Разм. Спіртное; выпіўка. Платы не браў, таму кожны пацыент або яго родныя частавалі Марціна, і без гарэлкі, вядома, не абыходзілася. Гэта Марцін прымаў як заслужанае і з цягам часу прывык да чаркі. Чарнышэвіч. Бяздзетны шляхціц Зыгмусь, гарбаты і нізкі, расчырванелы ад чаркі, грукае кулаком па стале. Наўроцкі.

•••

Глядзець у чарку гл. глядзець.

Заглядаць у чарку гл. заглядаць.

За чаркай — у час выпіўкі, за сталом з гарэлкай і закускамі.

Куляць чарку гл. куляць.

Пад чаркай — п’янаваты.

Прыкладвацца да чаркі гл. прыкладвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чацвёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн.рак; ж.

1. Лічба 4. Напісаць чацвёрку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 4), якія нумаруюцца лічбай 4.

2. Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем «добра». Тарас Яцэвіч скончыў у тым годзе сярэднюю школу. Праўда, не зусім удала: з тройкамі і чацвёркамі. Якімовіч. Клава думала цяпер і пра тыя тры балы, якіх яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта «тройка» па пісьму і «чацвёрка» па хіміі. Кавалёў.

3. Ігральная карта, дошчачка даміно з чатырма ачкамі. Чацвёрка пік.

4. Запрэжка ў чатыры кані. Вёз [гаспадар] на .. [кабыле] дровы з лесу, ажно тыц! — едзе пан на чацвёрцы. Бядуля.

5. Колькасць каго‑, чаго‑н. у чатыры адзінкі; чатыры аднародныя прадметы. Чацвёрка самалётаў. □ Потым аблічча яго праяснялася, Аляксандр развясельваўся, падыходзіў да Уладзіка, ці да Сымона, або да Андрэя — гэта была самая знітаваная чацвёрка ў камеры. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)