шы́йка, ‑і, ДМ шы́йцы; Р мн. шы́ек; ж.

1. Памянш.-ласк. да шыя. Ева толькі што распачала сваю гутарку з цялушачкаю і гладзіла яе бліскучую шыйку. Колас.

2. Вузкая, завужаная частка чаго‑н. Шыйка пазванка. □ Каса ў шыйцы хруснула і засталася ў купіне. Крапіва. Пракоп Дубасаў сказаў, што Сямён Дзікун хоча сумясціць у адну тры аперацыі па шліфоўцы шыек каленчатага вала. Шыцік. У руцэ пана Цабы пагойдваўся жоўты збанок, падвязаны за шыйку вяровачкай. Брыль.

3. Хваставая частка цела прэснаводнага рака. Стаў рак на шыйцы, клешні ўгору падняў. Якімовіч. Трактарыст хуценька аблупіў клюшню, потым адным махам управіўся з шыйкай і нарэшце ўзяўся за ножкі. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)