перабра́цца, ‑бяру́ся, ‑бярэ́шся, ‑бярэ́цца; ‑бяро́мся, ‑бераце́ся; зак.

1. Пераадольваючы якія‑н. цяжкасці, перайсці, пераправіцца цераз што‑н. Перабрацца на другі бераг. Перабрацца цераз высокі плот. □ Першую машыну мост вытрымаў, перабралася і другая, і трэцяя, і пятая. Мележ.

2. Перайсці, перамясціцца на іншае месца. Я перабраўся разам з посцілкай і падушкай у другі канец адрыны і доўга разважаў пра сваё жыццё. Бажко. // Перасяліцца. Гады цераз тры Міцкевічы перабраліся на сталае жыхарства ў Навагрудак. Лойка. Узрадаваныя вераб’і ў той жа дзень перабраліся з-пад страхі ў шпакоўню, перацягнуўшы туды ўсе свае небагатыя пажыткі: пер’е, салому ды шматкі анучак. Шуцько.

•••

Перабраўся воўк у аўчынку — прыкінуўся добрым; схаваў свае намеры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухаць, варушыць. Нямнога выйшла нас тады На бераг, Ледзь кратаў я Параненай рукой... Ставер. Заяц.. неяк смешна кратаў раздвоенай губой, насцярожана стрыгучы вушамі. Шахавец.

2. каго-што. Дакранацца да каго‑, чаго‑н.; чапаць. — Глядзі, твой бацька прыйшоў, — раптам кратае Жорыка за рукаў Ромка. Даніленка. Ліхаманкава гарэлі вочы, пальцы правай рукі.. нервова краталі шчаку. Лынькоў.

3. каго-што. Абл. Выклікаць якія‑н. пачуцці; кранаць. Некалькі хвілін у хаце было ціха, нібы яна была пустая. Што адчувала Ліда, Лабановіч не ведаў. Здавалася, што ўсё гэта яе мала кратала. Колас. Апусцелыя палі і лугі навявалі сум. Але ўсё гэта Халусту не кратала. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Незак. да азірнуць. Сашка ўсё круціў галавой і азіраў неба: хоць бы хутчэй той каршун прылятаў, а то нешта ў сон хіліць. Даніленка. На праспект выходзіць Пастушэня, ён ужо забыў, куды ідзе, азірае жоўтыя прысады, з любасцю ўглядаецца ў фасады, як у твары дарагіх людзей. Русецкі.

2. Рабіць агляд чаго‑н. у думках; успамінаць. Хоць я няволяй цяжка змучан І з родным берагам разлучан, Ды я душою ажываю, Як вокам мыслі азіраю Цябе, мой луг і бераг родны. Колас. Пісьменнік [Пятрусь Броўка] нібы з вышынь сваёй чалавечай сталасці, новым прасветленым поглядам азірае шлях, які прайшла яго краіна, і свой уласны жыццёвы шлях. Бярозкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спець 1, спяю, спяеш, спяе; спяём, спеяце; зак., што і без дап.

Зак. да пець (у 1, 3 і 4 знач.) і спяваць (у 1, 2 знач.).

спець 2, спее; незак.

1. Рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.). На дубах спелі жалуды. Чорны. Пшаніца спее, пад сонцам яна як вылітая з медзі. Пестрак. Направа ад дарогі рос Авёс, Налева — памідоры спелі. Корбан.

2. перан. Развівацца, фарміравацца, складвацца. Спеюць Настроі і думкі. Глебка. Я іду паўз бераг Нарачы, Спее песня ў душы. А. Вольскі. Ганя бачыла, што ў Косці, як яна казала, спеюць вялікія здольнасці (ён мог ужо чытаць, лічыць), пераканала ў гэтым Максіма. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвалява́нне, ‑я, н.

1. Рух хваль на паверхні вады, гайданне яе. Хваляванне на моры.

2. Нервовае ўзбуджэнне, выкліканае адчуваннем трывогі, радасці і пад. Лабановіч пачуваў лёгкае хваляванне: у гэты дзень твар у твар спаткаецца ён з тымі дзецьмі, якія даручаюцца яму і маральны адказ за якіх ён павінен узяць на сябе. Колас. Адчыніўшы дзверы, .. [Тэкля] з нейкай нецярплівасцю і хваляваннем паглядзела на вароты. Краўчанка. І з хваляваннем кожны з нас Ступіў на бераг запаветны, Дзе вырашаўся ў грозны час У бітвах лёс усёй краіны. Танк.

3. звычайна мн. (хвалява́нні, ‑яў). Масавы рух, пратэст супраць чаго‑н. Хваляванні рабочых у капіталістычных краінах. Сялянскія хваляванні ў царскай Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цю́цька, ‑і, м.

Разм.

1. Сабака. Саломінка то пакручвалася перад сабачым носам, то спрытна ўцякала ад выскаленай пысы, а цюцька бег ды бег, брахаў і брахаў да хрыпаты. Лужанін. // Ласкавы зварот да сабакі. Сабакі хутка ачухаліся. Перасталі яе чапаць. — Цюцькі... Цюцькі... — прагаварыла.. [Фрося] з дакорам. Бядуля.

2. Ужываецца звычайна ў параўнальных выразах са значэннем слова сабака. — З-замерзла я, Толік, як цюцька! — засмяялася Люда. — І ніяк не сагрэцца. Брыль. Мокрыя, як цюцькі, вылезлі мы на бераг. Якімовіч.

3. Ужываецца як лаянкавае слова. — Цяпер тут, брат, гіцаль люцейшы за Мухеля. Адстаўны падпалкоўнік.. Цюцька, якіх свет не бачыў, — дадаў Якаў Гошка. Грахоўскі. «Які ты пан? Ты цюцька руды!» — Так пачыналася пісьмо. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарні́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чарніла. На жоўтым століку выразна віднелася чарнільная пляма, вельмі падобная на след дзіцячай далонькі. Лынькоў. Некаторыя з .. [выразаў] тут жа тлумачыліся, развіваліся на палях газеты дробнымі чарнільнымі надпісамі. Шамякін. // Прызначаны для чарніла. Чарнільны парашок. Чарнільны прыбор. // Такі, як у чарніла (пра колер). Змяркалася. Цемень змагалася з віднатою — неба налівалася сінім чарнільным колерам. Капыловіч. // Чорны, цёмны. Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільнай навальнічнай цемры. Караткевіч. / у вобразным ужыв. Ды затапіла неба чырвань, Пабеглі цені па вадзе, І ноч ад нас чарнільнай шырмай Адгарадзіла светлы дзень. Сербантовіч.

•••

Чарнільны арэшак гл. арэшак.

Чарнільная душа гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плеска́ться

1. (о волнах, море) плёскацца; (через край) плю́хаць;

о́зеро пле́щется о бе́рег во́зера плёскаецца аб бе́раг;

2. (в воде) плю́хацца; (водой) пы́рскацца;

де́ти плеска́ются в воде́ дзе́ці плю́хаюцца ў вадзе́;

не плеска́йся водо́й! не пы́рскайся вадо́й!;

3. (колеблясь в воздухе — о парусах и т. п.) перен. паласка́цца;

в во́здухе пле́щутся фла́ги у паве́тры пало́шчуцца сцягі́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Баліна ’саланчак’ (ст.-бел., Нас. гіст.). Бясспрэчна, да бел. ба́лка ’роў; гразкая яма на дарозе; гразкая дарога’ (Яшкін), рус. ба́лка, укр. ба́лка, ба́вка ’стэпавы яр’, ба́лище ’тс’ і ’вузкая, доўгая даліна’. Польск. bałka ’маленькае возера; яр’ (мабыць, з укр.). Словы вельмі цёмнага паходжання. Думаюць аб: 1) роднаснасці з слав. bolto ’багна’, літ. balà ’тс’, ст.-в.-ням. pfuol ’лужына, багнішча’ і г. д. Бернекер, 40; Мюлейбах–Эндзелін, 1, 253; 2) роднаснасці з тапанімічнай назвай Балка́н (Сабалеўскі, РФВ, 71, 439); 3) запазычанні з цюрк. моў (тур. bulak ’крыніца’ і г. д.; Развадоўскі, RS, 2, 103; кірг. balkaš ’багністае месца’, Фасмер, RS, 3, 255 і наст.). Параўн. яшчэ Мацэнаўэр, Cizí sl., 103; Фасмер, 1, 115–116. Шпэхт (Ursprung, 318, 116, 120) выстаўляе і.-е корань *bhel‑, *bher‑ ’шэры’. Няпэўна. Цікавай з’яўляецца думка пра сувязь з такімі словамі, як обвал, провал і г. д. (так ужо Нас. гіст.). Адносна гэтай магчымасці параўн. і серб.-харв. о̏балабераг’ (< *обвала; упершыню Брандт, РФВ, 18, 7).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак., кім-чым, з каго-чаго і без дап.

1. Парадавацца, палюбавацца, атрымаць задавальненне. Пасля трэцяга ўрока ўся школа пайшла на высокі бераг пацешыцца з прыгажосці яснага дня. Чорны. Як бы пацешылася цяпер .. [Сымонава] першая жонка, Вераніка, з свайго Кастуська! Якімовіч. Даніла ўсё ж такі расказаў пра свой улоў. — Удача добрая. Завязі сваю здабычу дахаты, хай там пацешацца. Пестрак. Прыйшлі старыя маміны сяброўкі, каб разам з ёй пацешыцца маім зваротам, каб разам і паплакаць яшчэ раз аб тых, што не прыйдуць. Брыль.

2. Паздзекавацца з каго‑, чаго‑н., пазабаўляцца. — Ідзі, не бойся! — крыкнуў Сцёпа. Ён добра ведаў, што Рыгорка і кроку не зробіць. Інакш Палкан парве яго. Але хацелася пацешыцца, пазабаўляцца, паздзекавацца з маленькага Рыгоркі. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)