заты́чка і за́тычка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Тое, чым затыкаюць што‑н. Гумно было адамкнёна, а ў прабоі тырчала звычайная драўляная затычка, прывязаная да прабоя канаплянаю вяровачкай. Дамашэвіч. Раз-пораз Карней Адамавіч адкрываў затычку ў сцяне і праз шчылінку пазіраў на дарогу. Жычка. // перан. Пра таго, кім часта замяняюць, падмяняюць каго‑н. Калі выбралі мяне старшынёю, дык і слухайцеся, а не хочаце — скідайце, — гаварыў Тамаш. — А толькі я затычкай не буду. Гурскі.

•••

Ад усіх дзірак (бочак) затычка — пра чалавека, які любіць умешвацца не ў свае справы.

Затычка ад пустой бочкі — пра непатрэбнага, лішняга чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збо́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Сысці або з’ехаць убок, даючы каму‑н. дарогу. Алена борзда збочыла ў ячмень, каб даць конніку дарогу. Мележ. Міхась збочыў, уступаючы дарогу жанчынам. Васілёнак.

2. Звярнуць убок з дарогі, мяняючы кірунак руху; павярнуць куды‑н. Збочыць у завулак. □ Міхась збочыў з язджалай дарогі і, расхінаючы рукамі галлё маладога зарасніку, пабрыў па лесе. Сачанка. // перан. Адмовіцца ад ранейшых прынцыпаў, поглядаў, змяніць свае паводзіны. А калі ты збочыш з той дарогі, Што да мэты нас вядзе святой, — Не чакай ніякай дапамогі І падтрымкі не прасі маёй! Непачаловіч.

3. што. Разм. Павярнуць убок, скрывіць (галаву, шыю і пад.). Збочыць плячо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зіма́, ‑ы; мн. зімы, зім; ж.

1. Самая халодная пара года паміж восенню і вясной. Снежная зіма. Наступленне зімы. □ Мінула восень, а за ёю Прыйшла з марозамі зіма. Купала. Зіма перайшла марозамі, снегам, адлегамі. Мурашка.

2. Навучальны, рабочы і пад. год (пры адлічэнні часу, калі асноўная дзейнасць прыпадае на халодную пару). Цяпер Аўгіння цвёрда пастанавіла вучыць Алесю на другую зіму. Колас. Вось гэты самы «брат Міша» згадзіўся вучыцца.. шыць і шые ўжо другую зіму. Брыль.

•••

Зіму зімаваць гл. зімаваць.

Зіму і лета — пастаянна, у любую пару года.

Пусціць у зіму каго — пакінуць у племя (пра свойскую жывёлу).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засмалі́ць 1, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак., што.

Заліць (апрацаваць) смалой. Засмаліць човен. Засмаліць канат. □ Дзед Ігнат аплёў пасудзіну бяростай, прыгнаў да яе драўлянае вечка, засмаліў па краях жывіцай. Васілевіч.

засмалі́ць 2, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.

Разм. Закурыць, пускаючы многа дыму з папяросы. [Мікіта] пачаў набіваць люльку. — Ізноў засмаліў, аж не прадыхнуць. Скрыпка.

засмалі́ць 3, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.

Разм. Ударыць з усёй сілы; заехаць. Засмаліць у вуха.

засмалі́ць 4, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.

Разм. Хутка пабегчы, паімчацца. — Павярнуўся тады я .. і як засмаліў, як налёг! Азірнуўся назад тады толькі, калі з лесу пачала выплываць наша хата. Тут я спыніўся, пайшоў ціха. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасто́й, ‑ю, м.

1. Раскватараванне, стаянка воінскіх часцей у прыватных дамах. Буцянёў-Храбтовіч звярнуўся з просьбай да губернатара прыслаць на пастой у маёнтках эскадрон драгунаў. Колас. Яшчэ памят[а]ю — у нашай старой хаце на пастоі стаялі два чырвонаармейцы і камандзір Валюжэніц. Сабаленка.

2. Начлег, часовае пражыванне ў нанятым памяшканні. Астатнія гаспадыні, да якіх ставілі на пастой студэнтаў, не спрачаліся, як Хадося. Навуменка.

3. Прыпынак для сну, адпачынку, начны адпачынак. Сплылі тыя воды, што помняць, як тут, ля рэчкі, спыніўся на пастой нямецкі абоз. Адамчык. Увечары, калі стомлены статак брыў па вуліцы на пастой, прыціхшае было наваколле агалошвалася віскам і бязладнымі стрэламі-прысвістамі. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахрысці́ць, ‑хрышчу, ‑хрысціш, ‑хрысціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць рукой знак крыжа над кім‑, чым‑н. Андрэй нахіліўся над бацькам. Стары перахрысціў яго тры разы, абняў за шыю і пацалаваў. Чарнышэвіч.

2. Выканаць абрад хрышчэння, ахрысціць. Ну, бацюшка перахрысціў малога, пачалі дамаўляцца наконт платы. Кірэйчык. Пайшоў дзед да папа, каб сына перахрысціў. Якімовіч.

3. Ахрысціць пры пераходзе ў іншую хрысціянскую веру.

4. Разм. Даць новае імя, назву, мянушку. Макар Міхайлавіч чалавек высокага росту, шыракаплечы. Калі ён быў маладзейшы, у гаражы неяк яго перахрысцілі на Паўтара Макара. Мяжэвіч.

5. Разм. Вельмі моцна ўдарыць каго‑н. Перахрысціць бізуном.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́вад 1, ‑а, М ‑дзе; мн. павады, ‑оў; м.

Прывязаная да аброці вяроўка або рэмень, на якіх водзяць каня, радзей — цяля, карову. [Кандрат] сярдзіта крыкнуў: «Тпру!» — і, схапіўшы коней за павады, вывеў іх з баразны. Лобан. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Мележ. За санкамі валачэцца прывязаная повадам карова. Бядуля.

по́вад 2, ‑у; мн. повады, ‑аў; м.

Тое, што можа паслужыць асновай, зачэпкай для чаго‑н. Але Вінцусь Шавель не прыняў .. [суседавых] слоў за ўцеху, а выкарыстаў як повад да лаянкі. Гартны. Увесь дзень на полі, робяць, шчыруюць, ну і пажартуюць хвілінай, калі знойдзецца повад. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́зна,

1. прысл. Пад канец якога‑н. часу, калі прайшла большая частка яго. Госці разышліся позна ўночы, але Мікола не адразу лёг спаць. Краўчанка.

2. безас. у знач. вык. Пра позні час. Было ўжо і сапраўды позна, і Салаўёў не стаў затрымліваў сябра. Шахавец.

3. прысл. Пасля звычайнага, устаноўленага часу. Участак быў засеяны позна, у чэрвені, і цяпер авёс толькі пачаў выходзіць у трубку. Асіпенка. Міхалка ўстаў позна, ніхто яго не турбаваў. Чорны.

4. безас. у знач. вык. Аб прапушчаным зручным моманце. Толя з Міхасём убачылі .. [салдат] зусім блізка — метраў за трыста, на дарозе. Уцякаць было позна. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

празява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і без дап.

Разм. Не заўважыць, прапусціць, прагледзець. Алесь выцягваў шыю, каб за чужымі галовамі не празяваць, калі паявіцца Ніна. Шыцік. Пакуль дазваніўся, урэшце, ды растлумачыў, у чым справа, празяваў апошні аўтобус у Сяльцо. Быкаў. // Не выкарыстаць, упусціць зручны момант. Уборачная непакоіла Мароза. Ну, што ж, законна, летні дзень год корміць. Празяваеш яго — зімою месяцам не навярстаеш. Лобан. // Аслабіўшы ўвагу да каго‑, чаго‑н., прагледзець, недагледзець за кім‑, чым‑н. — Празяваў я хлопца, — быццам скардзіўся бацька старой. — Вырас ён тут без мяне. Цяжка цяпер у рукі ўзяць. Ох, цяжка. Вялікі ўжо. Сяркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пралі́ць, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; зак., што.

Разліць. — Каб у бацюшкі ў засеках поўна было, — прыгаворваў Габрусь, калі бацюшка нагінаўся сербануць з чаркі, каб не праліць «жывой вадзіцы»... Чарот. — Не забудзь жа, хлопча, тры карабкі з паловай, — затыкаючы анучкай каністру, заклапочана гаварыла бабка Ганна. — Ды глядзі ж не пралі па дарозе. Аляхновіч. // перан. Выпраменьваць, пашыраць навокал (святло, гукі і пад.).

•••

Праліць кроў чыю — параніць, забіць каго‑н.

Праліць пот — папрацаваць.

Праліць (сваю) кроў за каго-што — ахвяраваць жыццё або быць параненым, змагаючыся за каго‑, што‑н.

Праліць святло на што — растлумачыць што‑н., зрабіць ясным, зразумелым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)