гляда́ч, гледача, м.
1. Той, хто глядзіць што‑н., назірае, сочыць за чым‑н. Спрактыкаванае вока старонняга гледача заўважыла, як шпарка рос гэты калгасны пасёлак. Колас.
2. Той, хто глядзіць спектакль, фільм і інш. віды мастацтва на сцэне. Праз хвіліну, не болей, Рыгорава постаць знікла ў натоўпе шумлівых гледачоў, што густою сцяною адрэзалі сцэну ад залы. Гартны. / у знач. зб. Фільм «Канстанцін Заслонаў» заваяваў любоў гледача. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гуртава́цца, ‑туецца; незак.
1. Збірацца ў гурт (у 1 знач.). Да вакзалу падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй, гатовыя к пасадцы. Ермаловіч. // Групавацца, канцэнтравацца. Часці рыхтаваліся да атакі і гуртаваліся ў бярозавым гаі. Шамякін.
2. перан. Аб’ядноўвацца, збліжацца на аснове адзінства поглядаў, сумесных дзеянняў. Вакол Алёнкі гуртавалася больш моладзь новага кірунку, моладзь .., любіўшая кнігу. Колас.
3. Зал. да гуртаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даручы́ць, ‑ручу, ‑ручыш, ‑ручыць; зак., што каму.
1. і з інф. Ускласці на каго‑н. абавязак выканаць што‑н.; даверыць выкананне чаго‑н. Вукрэй быў вядомы ў батальёне, як адважная, смелая, камбінатарская галава, і яму ахвотна даручылі арганізаваць і правесці разведку польскага тылу. Колас.
2. Даверыць каго‑, што‑н. чыім‑н. клопатам, апецы. Даручылі .. [дзяцей] клопатам цёці Фені, яна знойдзе.. чалавека, які прытуліць малых. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дво́йчы, прысл.
1. Два разы. Ужо Костусь двойчы неўзаметкі Саскокваў з печы на разведкі. Колас. Двойчы ўжо ўздымалася над ракой, відаць, усё тая ж самая, хітрая чапля, не падпускаючы на стрэл. Брыль.
2. Удвайне. [Тарыел] ведаў толькі адно: іменна тут трэба сыходзіць у даліну, і гэта двойчы небяспечна: скала можа аказацца вельмі крутой, і тут жа, унізе, могуць аказацца салдаты. Самуйлёнак.
•••
Як двойчы два (чатыры) — бясспрэчна, ясна, зразумела.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзядзі́нец, ‑нца, м.
1. Агароджаны пляц, двор пры якой‑н. вялікай пабудове (гаспадарчай, жылой і пад.). Месцам для сходу быў выбраны дзядзінец былой старыцкай царквы. Хадкевіч. За горкай панская пасада, Як у вяночку, каля саду У глыбі прасторнага дзядзінца Стаяла збоку ад гасцінца. Колас.
2. Тое, што і дзяцінец 1. Галоўнай часткай [старажытнага горада] быў ўмацаваны цэнтр, так званы дзядзінец. Звычайна ён размяшчаўся на ўзвышаным месцы. Штыхаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
друкава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад друкаваць.
2. у знач. прым. Зроблены друкаваным спосабам; нерукапісны. Друкаваная кніга. // у знач. наз. друкава́нае, ‑ага, н. Тое, што надрукавана. Чытае [Аксён Каль] з друкаванага слаба, а з рукапіснага яшчэ горш. Колас.
3. у знач. прым. Які мае форму надрукаванага. Друкаваныя літары.
4. у знач. прым. Змешчаны ў друку. Друкаваныя варыянты верша.
•••
Друкаванае слова гл. слова.
Друкаваны аркуш гл. аркуш.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адамкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
1. Адчыніць што‑н. замкнёнае. Адамкнуць дзверы. // Зрабіць незамкнёным, адкрыць. [Гаўрусь Каляда] адамкнуў вялізны замок, выняў абадок са скабы, і скрыпучая палавіна гуменных варот адчынілася. Брыль.
2. Зняць прымкнутае. Адамкнуць штык (ад вінтоўкі).
3. перан. Зрабіць вядомым тое, што раней скрывалася, утойвалася; раскрыць. Дагадваецца войт, што Папас і ёсць той ключ, якім можна адамкнуць месца туляння дзеда Талаша. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адбы́цца, ‑будзецца; зак.
Ажыццявіцца, прайсці; быць праведзеным. Закладка галоўнага корпуса электрастанцыі адбылася праз дзён тры. Чорны. Поруч.. паведамляецца, што ў суботу ў дзесяць гадзін вечара ў клубе адбудзецца прэм’ера п’есы «Васа Жалязнова». Васілевіч. // Здарыцца. Прыжмурыў вока Міколка, на курок націснуў. І што адбылося тут, дык і сам дзед спачатку нічога не зразумеў, бо стрэльба бахнула, як батарэя гармат. Лынькоў. Многа падзей адбылося за апошнія часы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адпрэ́гчы, ‑прагу, ‑пражэш, ‑пражэ; ‑пражом, ‑пражаце, ‑прагуць; пр. адпрог, ‑прагла і ‑прагла; заг. адпражы; зак., каго.
Вызваліць ад запрэжкі, зняць вупраж; выпрагчы. Раман Шулядзяк толькі што адпрог з плуга каня і пусціў яго папасвіцца ў маладым дубняку. Колас. Калі заехалі на двор, Раёк паклікаў свайго жвавага сына-падлетка і сказаў, каб адпрог каня і навязаў на лужку, а сам разам з гасцямі пайшоў у хату. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адхісну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Рэзка падацца ўбок; адхіліцца. — Не трэба гэтага, Мартын! — устрывожана сказала Аўгіня. І ўсім целам адхіснулася ад яго, каб вызваліцца з яго рук. Колас. [Параска] адхіснулася ад акна і стаілася за сцяною. Лобан.
2. перан. Адступіцца, рашуча адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. Хай бы хоць што-кольвек было ў .. [Косціка] Станіслававага, .. [Галя] б не адвярнулася, не адхіснулася б ад яго. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)