нарэ́шце, прысл.
1. Пасля ўсяго, напаследак. Я моўчкі чакаў. Маўчаў і .. [незнаёмы]. Нарэшце цяжка прыўзняўся, адсунуўся на край сядзення. Шашкоў. Пад нагамі не зямля, а кісель. Ступіш — і баішся, каб не засмактала, хутчэй робіш наступны крок.. Нарэшце дрыгва скончылася. Жычка.
2. у знач. далучальнага злучн. (часта ў спалучэнні са злучнікам «і»). Ужываецца для далучэння асобнага слова або цэлага сказа. Надакучылі госці братам. Пачалі яны думаць, як ад іх збавіцца. Думалі, думалі, нарэшце дадумаліся. Якімовіч.
3. у знач. пабочн. Паказвае на завяршэнне працэсу, дзеяння, з’явы. Валодзька выпрасіў, нарэшце, у рэдактара дазвол паехаць на раён. Брыль. Цэлы дзень блукаў [Андрэй] па.. [лесе], нарэшце, пад вечар, выбраўся на палянку. Якімовіч.
4. у знач. пабочн. Паказвае, што мера цярпення, чакання і пад. скончылася, або падкрэслівае што‑н. — Ды сціхніце вы, нарэшце.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прапанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак. і незак.
1. каго-што і з інф. Заявіць (заяўляць) аб гатоўнасці, жаданні памагчы, зрабіць паслугу, даць у чыё‑н. распараджэнне што‑н. Прапанаваць свае паслугі. □ Паходня прапанаваў мне пасяліцца ў яго, і я з удзячнасцю згадзіўся. Хадкевіч. Яўхім прапанаваў .. [Антосю] свайго каня, каб навазіць дроў. Чарнышэвіч.
2. што і з дадан. сказам. Выказаць (выказваць), унесці (уносіць) прапанову, параіць (раіць). Новы старшыня на праўленні прапанаваў: пакуль яшчэ падмерзлае балота трымае, на поле навазіць торфу! Карпюк. — Пагуляем сёння разам, — Прапануе ўсім Васіль. Ставер. // каго-што. Выставіць (выстаўляць) чыю‑н. кандыдатуру, рэкамендаваць. Прапанаваў кандыдатуру Дзіміна сам дырэктар, і таму яе лёгка падтрымалі, хоць Дзімін і адмаўляўся. Карпаў.
3. што. Даручыць (даручаць) выканаць. Прапанаваць цяжкую задачу.
•••
Прапанаваць руку (і сэрца) каму — прасіць стаць сваёй жонкай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераляжа́ць, ‑ляжу, ‑ляжыш, ‑ляжыць; ‑ляжыш, ‑лежыце і перале́жаць, ‑лежу, ‑лежыш, ‑лежыць; зак.
1. Праляжаць вельмі доўга, даўжэй, чым трэба. Пераляжаць на сонцы. // Сапсавацца ад доўгага ляжання. Агуркі пераляжалі. □ Лён, які тут добра радзіў, таксама не кожны раз даводзіўся да ладу — то перастаіць у загоне, то пералежыць на сцелішчы. Машара.
2. што і без дап. Лежачы, перачакаць што‑н. Пераляжаць бамбёжку. □ [Кандрат:] — Мне лепш пераляжаць дзень у разоры, а там з вечара нешта трэба будзе прыдумаць. Лобан. [Шура] ужо намерыўся шуснуць у вулачку, на агароды, каб пераляжаць дзень дзе-небудзь у кіяшніку. Навуменка. Не знаю, Як доўгую ноч пералежаць: Так цягне прайсціся па золкай расе! Свірка.
3. каго. Разм. Праляжаць даўжэй за каго‑н. Пераляжаць усіх на пляжы.
4. што. Адлежаць да здранцвення. Пераляжаць руку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плява́ць, плюю, плюеш, плюе; плюём, плюяце; незак.
1. Выкідваць, выдаляць з рота сліну, макроту і пад. Дубовік ведаў, што Доўнар ненавідзіць яго, таму і ішоў ззаду, каб не пападацца яму на вочы, а той штохвілінна азіраўся, зняважліва пляваў на снег і мармытаў нешта ўпаўголаса. Чарнышэвіч. [Стары] курыў і пляваў сабе пад ногі. Чорны.
2. перан.; на каго-што. Разм. Адносіцца да каго‑, чаго‑н. з пагардай, зусім не лічыцца з кім, чым‑н. Наогул, як гэта можна пляваць на тое, што зрабіў рабочы чалавек! Шахавец. // інф. пляваць у знач. безас. Усё адно, усё роўна. — У-у, зараза! — прасіпеў Ягор услед Піню. — Што чалавек загінуў, яму пляваць. Каня шкадуе. Корбан.
•••
Пляваць у вочы — зневажаць каго‑н.
Пляваць у столь — нічога не рабіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папалі́ць 1, ‑палю́, ‑па́ліш, ‑па́ліць; пр. папалі́ў, ‑палі́ла; зак., каго-што.
1. Спаліць, знішчыць агнём, спёкай і пад. усё, многае. У Лядах на Нёмане стаяў партызанскі дазор, а ў зрубе.. — застава. У зрубе, а не ў хаце, таму што ад восені хат у Лядах не было: іх папалілі фашысцкія карнікі. Брыль. [Янка:] — Ты, вось, паглядзі на луг, на груды: папаліла іх сонца з вясны. А прайшлі дажджы, яны пачалі ажываць. Колас.
2. і без дап. Паліць некаторы час.
папалі́ць 2, ‑лью́, ‑лье́ш, ‑лье́; ‑льём, ‑льяце́ і ‑лію́, ‑ліе́ш, ‑ліе́; ‑ліём, ‑ліяце́; пр. папалі́ў, ‑ліла́, ‑ліло́; зак., што і чаго.
Разм. Ліць доўга, неаднаразова; выліць у вялікай колькасці. Папаліць вады на грады. □ [Карызна:] — Каб мне столькі радасці, колькі кожная слёз папаліла за свой век. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парва́цца, ‑рвецца; зак.
1. Разарвацца, раздзяліцца на часткі ад нацягвання. Ехала я і марыла: паставяць мяне каля машыны, што сама вяжа панчохі, буду хадзіць між станкоў, глядзець, каб нідзе нітачка не парвалася. Жычка.
2. Разадрацца на часткі, падрацца. Дастаў з камсамольскага білета яе даўняе пісьмо, што некалі ўратавала мяне, яно парвалася на складках, словы пабляклі, а то і выцвілі. Марціновіч. / Пра хмары. Бралася на добрую пагоду: хмара, што ўчора абцягнула сяло, парвалася. Капыловіч.
3. Стаць дзіравым, непрыгодным для носкі; знасіцца. Светлая дзяўчыніна сукенка прыняла дзікунскі выгляд. Блакітныя панчошкі парваліся. Маўр.
4. перан. Спыніцца, скончыцца. Дакладна ніхто нічога не ведаў. Сувязь з падпольшчыкамі парвалася. Асіпенка. Аднак сувязь паміж паэтамі не парвалася: часта новаасуджаны нёс у турму некалькі вершаў Танка і знаёміў з імі таварышаў па камеры. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Прадмет, які складаецца з чатырох сценак і днішча, зробленых з дошак, фанеры, металу і інш. (звычайна з вечкам), і служыць для захоўвання, укладвання і пераносу чаго‑н. Грузавік быў нагружаны бочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч. Знайшоўшы ў скрынцы стала кавалак хлеба, падаў усё гэта [ваду і хлеб] матцы. Якімовіч. [Павел:] — Я знайшоў у возеры жалезную скрынку. Там грошы... Ваданосаў. Старанна ў скрынкі Іх [дубкі] зноў пасадзілі, Вадой палілі І ад спёкі прыкрылі. Нядзведскі. // Такі ж прадмет, прызначаны для якой‑н. пэўнай мэты. Грашовая скрынка. Снарадная скрынка. □ Самае лепшае — не пасылаць пісьма праз воласць, а проста апусціць яго ў скрынку паштовага вагона. Колас. Каб стрымаць сябе,.. [Лясніцкі] сеў, але пальцы нервова забарабанілі аб скрынку радыёстанцыі. Шамякін. / Разм. Пра кузаў аўтамашыны, калёс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стая́к, ‑а, м.
1. Вертыкальны брус, слуп і пад. у якім‑н. збудаванні, прыстасаванне якія служаць для апоры або злучэння чаго‑н. Цяпер і клічкі .. [коням] далі, і шыльдачкі пры кожным стаяку прыбілі. Брыль. З той самай ночы, калі не вярнуўся Сяргей, Ліпа амаль кожны дзень выходзіла да парапета. Там была ўтульная лава з чыгуннымі стаякамі. Хомчанка. // Вертыкальная труба збудаванняў. Работнікі сантэхмантажу абавязаны ў новых дамах .. паклапаціцца, каб стаякі і радыятары ў дастатковай ступені награваліся. «Звязда». // Комін ад столі да страхі.
2. Абл. Галандская печ. Вялікую печ, што займала калісьці амаль чвэрць хаты, замяніў стаяк. Пальчэўскі. Ралан .. загадаў Станіку і Чэсю прынесці дроў з павеці і распаліць стаяк. Грамовіч.
3. у знач. прысл. стаяко́м. Разм. У вертыкальным становішчы. Паставіць бервяно стаяком.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сутыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Пхаючы насустрач, ушчыльную наблізіць адно да аднаго. Шпакевіч укленчыў побач, узяў рукамі абодвух за плечы, нібыта хацеў сутыкнуць. Чыгрынаў. // перан. Паставіць у непрымірымыя адносіны, выклікаць канфлікт, сутыкненне паміж кім‑, чым‑н. Сутыкнуць інтарэсы. □ Аўтар не здолеў так сутыкнуць герояў, паставіць іх у такія абставіны, каб выявілася іх непрымірымасць. Рагойша.
2. з кім. Прывесці да нечаканай сустрэчы, знаёмства з кім‑н. У хуткім часе Рая атрымала прызначэнне, і тут лёс сутыкнуў яе з Арсенем Бірынічам. Хадкевіч. // перан.; з чым. Прывесці да сутыкнення з чым‑н., даць магчымасць пазнаць што‑н., пазнаёміцца з чым‑н. Сутыкнуць з цяжкасцямі. □ Аўтар, замацоўваючы пазіцыі сацыялістычнага рэалізму, імкнецца сутыкнуць прывідныя і безгрунтоўныя мары інтэлігента з суровай праўдай жыцця. Кучар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
твань, ‑і, ж.
Дрыгва, багністае месца. Перад хлопцамі ляжала гнілая зыбучая твань. Гамолка. Як у той час [вясной 1941 года] .. [Нікодыма] радавала і хвалявала кожная асушаная пядзя зямлі, дык цяпер, наадварот, ён нецярпліва чакаў, каб гэтая зямля зноў ператварылася ў першабытную твань, па якой не прашыецца на Воўчую выспу нават мыш. «Беларусь». Твань вакол была такая, што калі ступіш на яе, дык, здаецца, увесь свет зыбаецца. Броўка. Залезлі [маці з Алёшкам] па самую шыю ў густую рыжую твань і сядзелі там, аж пакуль па іх не напароліся карнікі. Сачанка. // Гразь. Дзядзька Марцін вытрас сетку, а потым выпаласкаў з яе розны бруд і твань па чыстай бягучай вадзе. Колас. // Ціна. Падводная гаць з жэрдак і палак спружыніць пад нагамі .. Ногі слізгаюцца па жэрдках, якія абраслі пад вадой зялёнай тванню. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)