Лыго́ўка ’луг для мыцця бялізны’ (Шат.). Відаць, да луг3 (з пераходам у > ы), аднак, беручы пад увагу балг., банацк. ли́га ’адцэджаная вада з хатняга мыла’, можна дапусціць сувязь бел. лексемы таксама і з польск. варш. ligać się ’слізгацца’, серб.-харв. ligùrati ’ездзіць на санках’, макед. лизга се ’коўзацца’, лизгач ’канькабежац’, лига і балг. лига ’сліна’, ’слізь’, якія да прасл. liga < і.-е. *(s)lei‑g‑ ’слізкі, ліпкі’ (БЕР, 3, 392–393; Слаўскі, 4, 250; Бязлай, 2, 139–140).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляжджа́й1, лежджа́й, магчыма, ’асот, палявы, Sonchus arvensis L. або плюшч звычайны, Hedera helix L.’ (Федар. Дад.), ’асака’ (бераст., Сцяшк. Сл.), ’балотная трава, асака’ (Сцяшк.; маст., свісл., Арашонкава, БЛ, 3), ’рачная трава, Typha angustifolia’ (навагр., БСС–72), ляжджа́йчык ’сена з асакі, Carex L.’ (гродз., Мат. АС). Літуанізм. Параўн. літ. lazdá ’лугавая трава’, lizdáitė ’балотная расліна’ (Лаўчутэ, Сл. балт., 119–120). Гл. таксама лягджай.

Ляжджа́й2 ’мера ачэсанага льну, роўная 10 жменям’ (шчуч., Бел. хр. дыял.). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калду́н1 ’вядзьмар, чараўнік’ (пух., КЭС; Мат. Гом., Сержп., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Сіг.; ганц., Сл. паўн.-зах.), калдунка ’вядзьмарка’ (барыс., Шатал.), калдуньнік ’вядзьмар’ (малар., Сіг.), калдуха ’чараўніца’ (рэч., Мат. Гом.; браг., Шатал.), сюды ж калдаваць (Сержп.), калдуваты, калдунство (Сіг.). Калдун ’гульня’ (гом., Мат. Гом.; гродз., Нар. словатв.), вет., маг. і рэч. калдун ’вядзьмар’. Зах.-палес. лексемы паводле фанетычнага крытэрыю лічыць спрадвечнымі нельга; Сержпутоўскі фіксуе гэта слова ў казках, аднак часцей ужываюцца лексемы ведзьмак і знахор, хоць, паводле іншых яго прац, на Случчыне і блізкай да яе тэрыторыі слова ўжываецца. Статус апошняга, як і наогул статус бел. слова, падазроны, аднак выключыць магчымасць захавання архаізма на поўдзень ад Мінска і на ўсх.-палес. тэрыторыі нельга. Паводле даных ЛАБМ (пытанне 3016), лексемы калдун, калдаваць і да т. п. адзначаюцца ў розных рэгіёнах Беларусі. Статус гэтых фіксацый (а іх нямала) не вельмі ясны, паколькі ў тых жа пунктах запісваюцца звычайна і больш пашыраныя знахар або чараўнік. Больш-менш кампактныя арэалы ўтвараюць гэтыя лексемы на поўначы і ўсходзе беларускай тэрыторыі. Шанскі (2, K, 196) прыводзіць як роднасныя серб.-харв. колдовати, славен. koldováti ’жабраваць’, што неверагодна, паколькі гэтыя словы разам з колдуш ’жабрак’ адносяцца да венг. koldus ’тс’. Параўн. тэрыторыю — славен., харв. (кайк., паўн.-чак.) і значэнне, якое супадае з венг. Меркаванне, быццам значэнне ’жабраваць’ утвараецца з ’жаліцца, плакаць’ < ’гаварыць’, нельга прыняць, паколькі венг. слова не запазычана з слав. моў, параўн. MESz, 2, 524. Адносна славен. і серб.-харв. слоў гл. яшчэ Скок, 2, 124; Безлай, 2, 55 (разглядаюцца як запазычаныя з венг. мовы). Такім чынам, слова як спрадвечнае надзейна можна кваліфікаваць толькі для рус. мовы, а бел. слова як магчымую бел.-рус. інавацыю. Пра запазычанне рус. лексемы з венг. мовы пісалі Міклашыч, 123; Бернекер, I, 544, што, як слушна адзначае Фасмер (2, 288), неверагодна — рус. слова шырока распаўсюджана і значэнне яго іншае. Даволі папулярнай з’яўляецца даўняя версія Ільінскага, РФВ, 62, 250 і наст., што роднаснымі да рус. з’яўляюцца літ. kalbà ’мова’, лат. kalada ’шум, спрэчка’, лац. calō, calāre ’выклікаць, склікаць’, грэч. χαλέω ’клікаць, заклікаць’, χέλαδος ’шум’; фармальныя цяжкасці (‑д‑ у рус. адпаведніку) відавочныя, апрача таго, вельмі няяснай з’яўляецца адсутнасць паралелей у іншых слав. мовах. Калі дапусціць, што слова ніякай сувязі з адзначанымі іншаславянскімі лексемамі не мае, бачыць у ім архаізм праславянскага перыяду малаверагодна. Версія аб інавацыі (рус.?, бел.-рус.?) здаецца таксама не вельмі імавернай. Семемы слова ў рус. гаворках (’вядзьмар’, ’махляр’, ’чалавек, які нешта бурчыць сабе пад нос’) як быццам адносяцца да ’вядзьмар’, а значэнне ’знахар’ не з’яўляецца першасным. Так, рус. кастрам. колдун ’у дзіцячай гульні палка, якая доўга застаецца пад вадой, калі яе кідаць канцом у ваду’, разан. колдовина, колдовица ’нарасць на дрэве’, ’горб’: «На спине видала какая колдовица, с голову ведь сидит у горбатого» (СРНГ, 14, 116). Такім чынам, першапачатковая семантыка слова калдун магла быць ’той, хто гадае з дапамогай нейкіх сакральных прадметаў’, ’чалавек з нейкімі фізічнымі недахопамі’ > ’чалавек, які знаецца з нячыстай сілай’, ’вядзьмар’). Магчыма, іменна так неабходна разумець бел. колдыга ’парода лесуна’ (Кірк.), якое можна суаднесці з калдыга ’кульгавы чалавек’. Сярод шэрагу іншых варыянтаў найбольш цікавым уяўляецца наступны. Апрача форм тыпу калдун у бел. мове ёсць і лексемы з ‑г‑, параўн. тураў. голдун і голдунка. Не выключана, што гэта звычайны позні звонкі дублет у гаворках, аднак можна думаць, што тут даўні варыянт лексемы. Ва ўсякім разе ў рус. мове зафіксаваны дэрыват ад галдеть галдун ’той, хто любіць крычаць’, ’хто любіць ужываць непрыстойныя выразы’. Паводле семантычнага крытэрыю такое меркаванне таксама здаецца не вельмі надзейным. Вярэніч (БЛ, 2, 1972, 72–73) гаворыць аб сувязі бел. каўтун ’Plica polonica, хвароба’ і калдаваць, калдун. Сапраўды, даволі пашыранай на бел. тэрыторыі з’яўляецца форма калдун ’хвароба каўтун’. Форма калдун ’каўтун’ у рус. гаворках, за выключэннем некаторай часткі смаленскай (уласна беларускіх), не сустракаецца. Больш імавернай з’яўляецца думка Вярэніча (там жа і БЛ, 10, 1976, 57), што калдун ’каўтун’ < калдун ’чараўнік’. Але і тут лінгвагеаграфія перашкаджае, паколькі колдун ’чараўнік’ няма падстаў лічыць праславянскім, у той час як карп. і каш. назвы адпаведнай хваробы, відавочна, з’яўляюцца старымі. Паводле вусн. паведамл. Мартынава, ‑ун‑ суфіксацыя магла разумецца як аналагічная да суфіксацыі ў ведун ’знахар’, што пры адпаведным збліжэнні семантыкі прывяло да ўтварэння новай лексемы. Наступная ірадыяцыя і шырокая яго экспансія ў гаворках для слова такога роду — цалкам натуральная (напрыклад, з фальклорам, у працэсе знахарскай практыкі і да т. п.). Што датычыць пэўных фармальных цяжкасцей (суадносіны назоўніка колдун і дзеяслова колдовать), можна спаслацца на яўна другасны паўдн.-слав. дзеяслоў koldovati пры запазычаным з венг. назоўніку (гл. вышэй). Тэарэтычна таксама нельга выключыць, што гэта ўтварэнне на базе дзеяслова колтати або колтити, для якога можна рэканструяваць значэнне ’боўтаць, чараваць ваду для сурокаў’, параўн. рус. вяц. колтень ’атрута або нагаворная вада для сурокаў’. Да формы слова параўн. пск., цвяр. колтовка ’жанчына, якая любіць пагаварыць’ (суадносіцца з колотовка, ад колотить), да фанетыкі рус. колдобина, колтобань, калдубань і інш. Такую структуру можна суаднесці з пск. колтать ’кульгаць’, што вяртае нас да версіі, разгледжанай вышэй (гл. семантычную паралель да калдыга ’лясун’). У рус. колтать ёсць значэнне ’балбатаць і да т. п.’, у прынцыпе такая семантыка дапускае развіццё магчымых сакральных значэнняў, аднак яўных доказаў няма. Пра магчымае запазычанне колдун неабходна згадаць версію, прапанаваную Карловічам, AfslPh, 5, 168, аб сувязі рус. слова з грэч. χαλδαῖος ’халдзей, маг, чараўнік’. Аднак недакладнасці такога тлумачэння відавочныя. Магчымая праформа калдей, калі дапусціць яшчэ і субстытуцыю суфікса, блізкая па форме да рус. слова. Апрача таго, нельга выключыць і пранікнення грэч. слова натуральным шляхам — з гаворкамі вандроўных гандляроў. Адзначым, што ў рус. мове пісьмовыя фіксацыі разглядаемай лексікі параўнальна познія: колдование (XVII і XVIII стст.), колдовати (XVII ст.), колдовство (XVII ст.), колдун (XVII ст.), колдуниха і колдуница ’тс’, колдунья (XVII ст.). Гістарычныя матэрыялы рус. мовы сведчаць аб нейкай функцыянальнай спецыфіцы калдуна («Колдование и иное ведовъство», «того человека ворожба ни колдование не иметь», «Ворожа и колдуя много…», «…с тем корением не может тебя никакой колдун или еретик никакою порчею испортити», «Ездит тот муж золот на своем золотом коне… а страстит под собою землю и воду и люди худые… ведуна и вещицу, колдуна и колдуниху», «Огради меня ризою своею от колдуна и колдуниц, от ведуна и от вещ(иц)…» (Срезн.), аднак больш дакладвай інфармацыі, якая б дапамагла вытлумачыць унутраную форму лексемы, у нас няма. У шэрагу іншых фактаў гэты доказ становіцца аргументам супраць спробы аўтараў рус. этымалагічнага слоўніка (Шанскі, 2, К, 196–197) рэканструяваць праформу *koldъ ’чараўнік, чалавек, які замаўляе’, ’гаварун, чалавек, які гаворыць’, якая далей разглядаецца ў межах прапановы Ільінскага.

Калду́н2 ’Plica polonica, спецыфічная хвароба, якую раней лячылі праз запушчэнне каўтуна’ (Сцяшк.), калдуны ’пра заблытаныя, скудлачаныя валасы’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2), калдункі ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (карэліц., Шатал.), сюды ж калдунаваты, калдуніцца, калдуніць ’блытаць, кудлачыць (пра валасы, шэрсць і пад.)’ (БРС, ТСБМ). Рус. колдун ’злямчаныя валасы; каўтун’ (смал., з новых запісаў 1973 г.), колдунить ’блытаць, заблытваць (пра валасы, пражу), чэш. мар. koldún, choldún ’каўтун’, ’ламота і да т. п.’ Чэш. форма з koltún, якое, як і чэш. koltoun, з польск. kołtun (Махэк₂, 271). Махэк не тлумачыць форму з ‑д‑, аднак відавочна, што гэта азванчэнне ўзнікла ўжо на мараўскай глебе. Рус. прыклад з’яўляецца дублетам бел. слова. Такім чынам, арэал распаўсюджання лексемы абмежаваны беларускай тэрыторыяй. Гэта можна разумець і як звонкі дублет да каўтун (< колтун), а можна і інтэрпрэтаваць услед за Вярэнічам, БЛ, 2, 1972, 72–73; БЛ, 10, 1976, 57, як прамое ўказанне на сувязь з колдовать, колдун.

Калду́н3 ’варэнік з мясам або з грыбамі’ (Сцяшк., Яруш.), ’бульбянік’ (Мат. Гом.), калдуны ’клёцкі, начыненыя мясным або іншым фаршам’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Грыг.; мінск., Шпіл.). Апрача бел. мовы слова ведаюць у рус. гаворках, статус іх, аднак, няясны. Паводле Даля (III выд.), рус. колдуны ’варэнікі з начынкай з рубленага мяса’ заходняе (беларускае). СРНГ падае раз. колдуны ’смажаныя піражкі’, свярдл., с.-урал. ’варэнікі’. Колтуны ’род варэнікаў, якія вараць, а пасля падсмажваюць’ таксама заходняе (Даль), як і ковтуны ’тс’. У польск. гаворках kołdun — ’разнавіднасць піражка, фаршыраванага сырым мясам’, літ. koldūnai ’тс’, запазычанне з бел. мовы або польск. перыферыйнага дыялекта. Польск. слова або пашырана ў перыферыйным дыялекце («крэсавая» інавацыя), або запазычана з бел. мовы. Бел. слова ў такім выпадку інавацыя на базе ўкр. кавдун ’бруха’, польск. kałdun ’бруха, вантробы’, в.-луж. kałdona, khaldona, kalduny, kałdony, н.-луж. kałduna, kołduny, дыял. kałdyna, kałdyny ’вантробы’, чэш. kaldoun, kaltoun, ст.-чэш. kaltun ’трыбух’, магчыма, першапачаткова ’адвараныя трыбухі’ → ’варэнікі, піражкі з трыбухой’ → ’варэнікі з мясам’. Зах.-слав. лексіка запазычана з ням. мовы, параўн. с.-в.-ням., с.-ням. kaldūne (з XIV ст.), ням. Kaldaunen ’ядомыя вантробы, трыбухі’, якое з с.-лац. caldūna, нар. лац. крыніца *caldumen ’цёплыя яшчэ вантробы забітых жывёл’, якое да лац. calidus ’цёплы’. Параўн. з шматлікай літаратуры Слаўскі, 2, 35; Махэк₂, 236. Бел. калдун ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.), калдун, калдуны ’галушкі з мясам’ у гаворках і на захадзе, і на ўсходзе, што ў большай меры нагадвае бел. інавацыю. Гом. калдун ’бульбянік’ — далейшае развіццё семантыкі беларускага слова.

Калду́н4 ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.). Іншыя фіксацыі адсутнічаюць, аднак не выключана, што слова ведаюць больш шырока. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю запазычана з польск. перыферыйнага дыялекту, дзе kałdun ’страўнік, вантробы, бруха і да т. п.’ Пра этымалогію гл. падрабязней калдун3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашала́ ’верх воза, сам воз’ (Касп.), кашала́ ’кош’, кашалы́ ’высокія драбіны ў возе, воз з такімі драбінамі’ (Сл. паўн.-зах., 2). Гэтыя бел. словы можна рэканструяваць як *košela, што з’яўляецца вытворным ад *košm ’карзіна’ пры дапамозе суф. ‑ela. Суфіксальная частка тут вельмі варыятыўная, так што ўсе вядомыя выпадкі можна прадставіць як *košelъ/*košela/*košelь. Праблематыка суфіксальнай варыянтнасці ўскладняецца яшчэ тым, што сустракаюцца таксама выпадкі іншага вакалізму ў суфіксах (параўн., напр., польск. koszałka). Падрабязна гл. у Трубачова, Эт. сл., 11, 187–189.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каштары́с ’фінансавы дакумент для вызначэння і плана валля выдаткаў і прыбыткаў’ (ТСБМ, БРС). Параўн. укр. коштори́с ’тс’. Слова адносна новага паходжання. Яно адзначаецца таксама ў польск. мове (kosztorys), але там зафіксавана даволі позна (слоўнік Ліндэ яго яшчэ не ведае). Паводле крыніц, якія прыводзіць Слаўскі, 2, 545, упершыню слова адзначаецца ў ням.-польск. слоўніку 1854 г. як пераклад ням. Kostenanschlag. Слаўскі, там жа, указвае, што польск. слова было запазычана бел. мовай (каштары́с) і таксама ўкр. (кошто́рис). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Квіт ’пісьмовае пасведчанне аб чым-небудзь, квітанцыя, білет’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Гарэц., Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Жд. 3, КЭС, лаг., Касп.), ’хопіць, канец’ (ТСБМ, Касп., Нас., Бяльк.), ’вокліч незадавальнення чыім-небудзь нецярпеннем’ (Нар. лекс., Янк. БП). Апошняе ў выразе квіт тваёй міласці. Ст.-бел. квитъ ’квіт’ (з 1529 г.). Са ст.-польск. kwit ’тс’ (Булыка, Запазыч., 146). Польск. kwit у сваю чаргу з с.-лац. quitus ’вольны ад абавязкаў’ (магчыма, праз с.-в.-ням. quit ’вольны, аплачаны’) (Слаўскі, 3, 496).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кра́таць1 ’рухаць, варушыць’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. паўн.-зах., Гарэц., КЭС, лаг., Яруш., Яўс.). Беларуская лексема лічыцца запазычаннем з літ. kratýti ’трэсці’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 68). Больш надзейнай здаецца іншая версія аб пранікненні з балтыйскіх дыялектаў. Мы маем на ўвазе паралелі да літ. krutė́ti ’рухацца’ (гл. Фрэнкель, 303), якое магло праз *krъtěti даць кратаць. Параўн. асабліва літ. krùtinti, krutnóti ’рухаць, чапаць, кранаць’ і бел. кратаць, кранаць.

Кра́таць2 ’чапаць, дакранацца’ (ТСБМ, Шпіл., Сл. паўн.-зах.). Гл. кратаць1 і кранаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вінье́тка ’аздабленне ў выглядзе невялікага малюнка на загаловачным лісце кнігі ў пачатку або ў канцы раздзела’ (БРС, КТС). Укр. віньєтка, рус. виньетка (з 1863 г.). Бел. лексема запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 76) < франц. vignette ’віньетка, застаўка’ < vigne ’вінаград, аздоба з галінак і лісцяў вінаграду’ (Даза, 751; Шанскі, 1, В, 102; Махэк₂, 690; БЕР, 1, 149). Фасмер (1, 318) мяркуе, што рус. виньет запазычана з франц. vignette, а рус. виньетка — з ням. Vignette. Апошняе Шанскі (1, В, 102) лічыць памылковым.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гада́ць ’гаварыць, расказваць’ (Нас.), га́даць ’пляткарыць’ (КЭС). Рус. дыял. (смал.) гада́ть ’гаварыць’, укр. дыял. (лем.) гада́ти ’гаварыць, размаўляць’ (гл. Рудніцкі, 522, 781). Запазычанне з польск. gadać ’тс’ (а гэта да прасл. *gadati, гл. Слаўскі, 247–248). Толькі ў польск. мове, калі не лічыць славен. дыял. gadati ’балбатаць, плявузгае’, слав. *gadati атрымала значэнне ’размаўляць, гаварыць’ (з XV ст.). Можна ставіць пытанне: ці бел. гада́ны ’гавораны, казаны’ (Нас.), якое Насовіч (там жа) выводзіць ад гада́ць, не адлюстроўвае непасрэдна польск. gadany (ад gadać)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галі́ць ’брыць’, галі́цца ’брыцца’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ). Укр. голи́ти, голи́тися. У рус. мове голи́ть ’брыць’, голи́ться ’брыцца’ вядома толькі з паўднёвых гаворак у Даля (гл. СРНГ, 6, 294). Можна ставіць пытанне: ці не запазычаны бел. і ўкр. словы з польск. golić, golić się ’тс’? Вырашальным тут павінна з’явіцца адносная храналогія адпаведных слоў. Тэарэтычна мяркуючы, значэнне ’брыць’ магло развіцца ва ўсх.-слав. мовах самастойна. Але адсутнасць яго ў рус. (акрамя паўднёвых дыялектаў) наводзіць на думку, што гэта ўсё ж такі запазычанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)