сло́ва, ‑а, н.

1. Моўная адзінка, якая сваім гукавым саставам выражае паняцце аб прадмеце, працэсе, з’яве рэчаіснасці. Службовае слова. Іншамоўныя словы. □ Адно толькі слова: «сыночак» Шапочуць бацькоўскія губы. Колас. Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя, вясёлыя выкрыкі. Лынькоў. Пасля пачалі складаць з літараў словы: «ма-ма», «та-та», «А-не-ля»... Брыль. «Мама», — якое гэта салодкае, ласкавае слова! Якімовіч.

2. толькі адз. Мова. Мастацкае слова паэта. Працаваць над словам. Культура слова. □ Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне. Купала. Родным словам мы грознай парою Гуртавалі рады змагароў. Гілевіч.

3. (адз. у тым жа знач., што і мн.). Фраза; выказванне; гаворка, размова. [Ягораў] меў звычай пагутарыць з байцамі перад боем, уведаць іх настрой, каго падбадзёрыць словам, каму падаць добрую параду. Краўчанка. Помніць да гэтага часу Хлопчык бацькавы словы. Аўрамчык. Доўга сядзелі [Ян і Андрэй] каля хворага, якому сёння было горш. Зрэдку перакідваліся словамі. Чарнышэвіч. Карызна зірнуў на .. [Зеленюка] такім поглядам, які ясна, без слоў, гаварыў: «Чаго табе яшчэ трэба?..» Зарэцкі. // Тое самае, з колькасным указаннем (прамым або такім, што падразумяваецца) у значэнні мала, многа, нічога і пад. (гаварыць, сказаць і пад.). [Жлукта:] Я хацеў сказаць вам некалькі слоў... Крапіва. [Каця] так расчулілася, што не магла вымавіць ні слова. Ваданосаў. Стары растлумачыў усё ў трох словах. Асіпенка. // Гаворка як процілегласць справе; пустаслоўе, балбатня. [Пацяроб:] — Менш слоў, а больш дзела. Зарэцкі. [Полазаў:] — Мы павінны ўступіць у барацьбу не на словах, а справаю. Арабей. Работу словам не заменіш. З нар.

4. толькі адз. Рашэнне, думка чыя‑н. [Пытляваны:] Мы яшчэ не чулі слова маладой. Крапіва. Дзядзька Мацей.. стаў завадатарам, да яго слова прыслухоўваліся. «Маладосць». Сёння прыйшоў да Вас з новымі вершамі, Чуць хачу Вашае слова. Непачаловіч.

5. толькі адз. Абяцанне зрабіць, выканаць што‑н. [Маёр:] — Абяцаю табе, што ранкам.. [жонка] будзе дома. Мы яе сілком прывядзём... Вось табе маё слова... Кучар. Мятла цвёрда абяцаў, а ён не пустазвон, а чалавек слова. Машара.

6. толькі адз. Права, дазвол гаварыць публічна, выступаць з прамоваю. Шэмет папрасіў слова для экстранага паведамлення. Лобан. Слова зноў атрымаў сакратар райкома. Хадкевіч. Гэту песню не спець не магу я. Гэтай песняй прашу сабе слова. Кірэенка. — Слова паэту! — выгукваюць госці. А. Александровіч. // з азначэннем. Прамова, выступленне на якую‑н. тэму. Пасля ўступнага слова дырэктар семінарыі ўзяў у рукі кнігу загадаў.. і пачаў чытаць. С. Александровіч. Сваё слова прысвяціў.. [паэт] росквіту савецкай зямлі. «Маладосць». Спачатку, як заўсёды, слова меў Баравік. Затым кіраўнік .. дэлегацыі ад усіх сваіх таварышаў выказаў падзяку пярэчанцам. Грамовіч.

7. толькі мн. (сло́вы, слоў). Літаратурны тэкст вакальнага твора. Новая песня на словы вядомага паэта. // Наогул тэкст якой‑н. прамовы, выступлення і пад. Запомніць словы прывітання. Вывучыць словы літаратурнай кампазіцыі. □ Піянерскай клятвы словы Мы не забываем. Колас.

8. толькі адз. Уст. Літаратурны твор у форме аратарскай прамовы, пропаведзі ці паслання. Слова аб палку Ігаравым.

•••

Друкаванае слова — тое, што надрукавана.

Загаловачнае слова — слова як элемент слоўніка, якое вылучаецца асобным шрыфтам і тлумачыцца ў слоўнікавым артыкуле.

Крылатыя словы — трапныя, характэрныя словы, якія сталі хадавымі, шырокаўжывальнымі.

Адным словам — карацей кажучы.

Ад слова да слова — усё цалкам, ад пачатку да канца (расказваць, чытаць і пад.).

Апошняе слова (навукі і тэхнікі) — самае высокае (навуковае, тэхнічнае) дасягненне, адкрыццё.

Без лішніх слоў — не размаўляючы доўга, не трацячы часу на размовы; рашуча, коратка.

Браць (узяць) слова гл. браць.

Браць (узяць) слова з каго гл. браць.

Браць (узяць) слова назад гл. браць.

Верыць (паверыць) на слова гл. верыць.

Гаспадар свайго слова гл. гаспадар.

Глытаць словы гл. глытаць.

Дар слова гл. дар.

Да слова (к слову) (прыйсціся) — дарэчы (прыйшлося) (пра што‑н. сказанае, расказанае і пад.).

Да слова сказаць гл. сказаць.

Даць слова гл. даць.

Двух слоў не звяжа гл. звязаць.

Жаваць словы гл. жаваць.

Жывое слова — а) вусная мова ў адрозненне ад пісьмовай; б) мова, цікавае слова, што хвалюе слухача. [Ладынін:] — Сорак хвілін — і ніводнай акрэсленай думкі, ніводнага жывога слова. Шамякін.

Закінуць (замовіць) слова гл. закінуць.

Залатыя словы — пра надта добрыя, разумныя, дзельныя словы, парады і пад.

За словам (па слова) у кішэнь (кішэню) не лазіць гл. лазіць.

З астатніх слоў, астатнімі словамі (абзываць, лаяцца) — абзываць, лаяцца апошнімі, вульгарнымі словамі.

З чужых слоў — на падставе расказу, гаворкі другіх людзей, а не ўласных ведаў.

Кідацца словамі гл. кідацца.

Кідаць (пускаць) словы на вецер гл. кідаць.

Лавіць на слове (словах) гл. лавіць.

Лёгкі на слова гл. лёгкі.

Мець слова гл. мець.

Моцнае слова — лаянка, грубыя словы.

Набор слоў гл. набор.

На два словы — для кароткай размовы, паведамлення (клікаць, выклікаць і пад.).

На словах — а) вусна; б) толькі ў размове.

Не абмовіцца (ні адным) словам гл. абмовіцца.

Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў гл. магчы.

Ні слова — зусім нічога (не разумець з прачытанага, сказанага і пад. або не гаварыць пра што‑н.).

Па апошняму слову чаго — у адпаведнасці з самымі новымі дасягненнямі.

Памінаць (успамінаць) добрым словам гл. памінаць.

Сваімі словамі — не літаральна, не даслоўна, а перадаючы толькі змест (расказваць, адказваць і пад.).

Сказаць сваё слова гл. сказаць.

Слова за слова (за словам); слова па слове — а) паступова, мала-памалу (пра развіццё гутаркі, размовы). [Сашка:], — Слова за словам, разгаварыліся, селі за стол. Машара; б) спрачаючыся, пасварыцца і пад. Слова за слова, схапіліся загрудкі. Пальчэўскі.

Слова ў слова — даслоўна, дакладна, без скажэння (пераказаць, паўтарыць, перакласці і пад.).

Слоў не хапае (не стае) гл. хапаць.

Слоў няма гл. няма.

Трымацца свайго слова гл. трымацца.

Трымаць слова гл. трымаць.

У адно слова — разам, адначасова (сказаць, падумаць і пад.).

У двух (трох) словах; у кароткіх словах — коратка, сцісла (сказаць, расказаць і пад.).

Успомніш маё слова гл. успомніць.

Цвёрдае слова — пра слова (абяцанне), якому можна даверыцца, якое не разыходзіцца са справай).

Чэснае слова — выраз запэўнення ў праўдзівасці чаго‑н. [Таццяна:] Але гэта апошні раз, Фёдар Фёдаравіч, чэснае слова. Васілёнак.

Шукаць слоў (слова) гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Во́клічсловы, якімі аклікаюць каго-небудзь’ (БРС, Гарэц.). Ад воклік пры дапамозе суф. ‑jь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́слухаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Уважліва паслухаць, успрыняць сказанае. Выслухаць скаргу. Выслухаць параду. □ Спаважна выслухала настаўніца шчырыя словы. Мурашка.

2. Слухаючы, вызначыць стан некаторых унутраных органаў. Выслухаць работу сэрца. □ Урач выслухаў хворую і нахмурыўся. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нервава́цца, нервуюся, нервуешся, нервуецца; незак.

Быць ва ўзбуджаным, нервовым стане; хвалявацца, злавацца. Бабейка нерваваўся — сківіцы ў яго ўздрыгвалі, з вуснаў вось-вось павінны былі сарвацца словы. Хадкевіч. Немцы нерваваліся, лезлі з ходу да рэчкі, насыпалі ўзлессе мінамі. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нетакто́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нетактоўнага. Нетактоўнасць пытання. // Нетактоўны ўчынак, а таксама нетактоўныя паводзіны, словы і пад. Шэф не мог не разумець, што сказаў страшэнную нетактоўнасць. Караткевіч. [Люська] дакарае сябе за нетактоўнасць, сваю легкадумнасць і ўжо хоча прасіць прабачэння. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́гаць, ‑гця; мн. ногці, ‑цяў; м.

Рагавое покрыва, рагавая пласцінка на канцах пальцаў чалавека; пазногаць.

•••

К ногцю, да ногця — знішчыць, забіць. К ногцю б такую погань! — пакрыў апошнія словы чыйсьці густы бас. Машара.

Ні на ногаць — ані, ніколькі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скупава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі скупы. Як і ўсякі руплівы і дбайны гаспадар, .. [Жданковіч] быў у душы скупаваты, хоць сарамліва і хаваў гэтую сваю якасць. Шамякін. Але Сцяпан скупаваты на словы і толькі пазірае ва ўпор на.. [Лёньку] адным вокам. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кама́ндаваць, -дую, -дуеш, -дуе; -дуй; незак.

1. Вымаўляць словы каманды, аддаваць каму-н. каманду.

2. кім-чым. Быць камандзірам.

К. палком.

К. парадам.

3. перан., кім-чым, над кім-чым і без дап. Загадваць, аддаваць распараджэнні (разм.).

Ніхто не любіць, каб ім камандавалі.

|| зак. скама́ндаваць, -дую, -дуеш, -дуе; -дуй (да 1 і 3 знач.) і закама́ндаваць, -дую, -дуеш, -дуе; -дуй; -даваны (да 1 знач.).

|| наз. кама́ндаванне, -я, н. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гаво́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.

1. Дзелавая ці сардэчная размова; словы, выказванне аднаго з суразмоўцаў.

Г. ў іх не ладзілася.

Пра што ідзе г.?

2. Чуткі, пагалоска.

Пайшла нядобрая г. па вёсцы.

3. Мясцовая разнавіднасць тэрытарыяльнага дыялекту.

Чэрвеньская г.

Гаворкі Маладзечаншчыны.

4. Мова як сродак зносін паміж людзьмі (звычайна пра вусную гутарковую мову).

Госці з Кіева добра разумелі беларускую гаворку.

Пустая гаворка — непатрэбная, бескарысная размова; балбатня.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перакана́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак., каго (што).

1. і з дадан. Прымусіць паверыць чаму-н., упэўніць у чым-н.

Яго словы пераканалі нас.

Ён пераканаў, што трэба рабіць менавіта так.

2. з інф. або злуч. «каб». Угаворамі схіліць да чаго-н., прымусіць зрабіць што-н.

П. каго-н. застацца.

Трэба п. яго, каб ехаў сёння.

|| незак. перако́нваць, -аю, -аеш, -ае; наз. перако́нванне, -я, н.

|| наз. перакана́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)