Пе́начка ’птушка атрада вераб’іных, Phylloscopus’ (ТСБМ). Укр. пі́ночка, рус. пе́ночка ’тс’, дыял. ’малінаўка’, польск. pienka ’сітаўка, (жоўтая) пліска’, ст.-польск. ’шчыгол’, ’зяблік’, н.-луж. pěnica, чэш. pěnice, славац. penica, славен. pẹ́nica, peníca ’валасянка’. Няма адзінай думкі наконт паходжання. Сной (Бязлай, 3, 25) зыходзіць з прасл. *pě(g)nica/*pęga ’невялікая пеўчая птушка’, пацвярджаючы супастаўленне Міклашыча (245) з літ. spigti ’свістаць, шчабятаць’, speñgti ’звінець, гудзець, шумець’. Махэк₂ (443) мяркуе, што pěnice паходзіць з *pěhnice < pěhza ’валасянка’, паходжанне якога няяснае. Брукнер (409) звязвае польск. pienka з пянька́ (каноплі), Мараўскі (Sprawozdania Poznańskiego TPN, 1, 1928, 37) і Сакалоўскі (Ptaki ziem pol., 2, W-wa. 1952, 162) выводзяць слова з гукапераймання pink‑pink, якое стала падставай нават для ням. Fink (ст.-в.-ням. fincho ’зяблік’), англ. finch, італ. pincione, грэч. σπίγγος ’тс’, гл. Струтыньскі, 95, які мяркуе, што pěnъka узнікла на слав. глебе. Беларуская назва, хутчэй за ўсё, запазычана з рускай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бор1 ’хваёвы лес’. Рус. бор, укр. бір, польск. bór, чэш. bor, балг. бор ’сасна’, серб.-харв. бо̑р ’тс’. Прасл. borъ ’хваёвы лес; сасна’. Лічыцца роднасным з герм. словамі: ст.-ісл. bǫrr, ст.-англ. bearu ’лес’, ст.-ісл. barr ’шыпулька елкі’, далей ст.-інд. bhr̥ṣṭíṣ ’вастрыё’. І.‑е. *bher‑: *bhor‑ ’быць вострым’. Першапачатковае значэнне *borъ‑ ’хваёвае дрэва, дрэва з іголкамі’. Траўтман, 26; Брукнер, AfslPh, 39, 4, 42, 139; Бернекер, 76; Праабражэнскі, 1, 39; Фасмер, 1, 193; Слаўскі, 1, 40. Наўрад ці слав. borъ — запазычанне з герм. *baru (гл. вышэй); аб магчымасці адваротнага запазычання гл. Мартынаў, Лекс. взаим., 108–112. Брукнер (там жа), а таксама Махэк₂ (60–61) (услед за А. Матлам) хочуць бачыць сувязь з слав. *bara ’багна’. Падрабязна пра borъ у слав. мовах Талстой, Геогр., 22–41.

Бор2 ’свердзел’. Рус. бор. Запазычанне з ням. Bohr ’тс’ (а гэта да bohren свідраваць’). З той жа ням. крыніцы паходзіць і бур ’свердзел’ (гл.). Розніца ў вакалізме можа тлумачыцца дыялектным нямецкім вымаўленнем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́йворон ’жаваранак палявы, Alauda arvensis L.’ (палес., КЭС). Рус. га́йворон ’крумкач; грак’, укр. га́йворон. Зыходнае для ўсх.-слав. моў *gajьvornъ. Вельмі блізка да гэтай формы стаіць *ga‑vornъ, якое адлюстроўваецца ў польск. gawron, чэш. havran, серб.-харв. га̏вра̄н і г. д. У прасл. *ga(jь)vornъ бачаць звычайна складанае слова, у другой частцы якога *vornъ (параўн. *vornъ ’крумкач’, vorna ’варона’). Першая частка слова *ga‑, *gajь‑ не мае агульнапрынятага тлумачэння. Тут бачаць гукапераймальнае ga‑; іншыя зыходзяць са складанага слова *gavo‑vornъ (дзе першая частка адлюстроўваецца, напр., ва ўкр. га́ва ’варона’). Ёсць і спробы зыходзіць з прасл. *kavornъ (параўн. прасл. назвы птушак: *kava, *kavъka і балт.: літ. kóvarnis, лат. kuõvarnis), якое паходзіць з больш даўняга *kāvo‑vornos. Аб гэтым слове пісалі вельмі многа, але і сёння яшчэ няма канчатковай агульнапрынятай этымалогіі. Са шматлікай літ-ры параўн. Слаўскі, 1, 263–264; Бернекер, 298; Фасмер, 1, 383; Брукнер, 137; Maxэк₁, 100; Махэк₂, 163. Дарэчы, Махэк лічыць, што другая частка слова *vornъ гукапераймальнага паходжання (ён параўноўвае яе з венг. varjú ’варона’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ман ’нікчэмны чалавек; злы’ (Нас.), ’злюка’ (Касп.). Паводле Насовіча, ад уласнага імя Амман (мы знаходзім імя Аман у біблейскай кнізе «Эсфирь», дзе ён выступае як ліхадзей). З іншага боку мы знаходзім у ст.-укр. мове гамонъ (XVIII ст.) ’разява, дурань і г. д.’, якое Цімчанка (1, А–Г) выводзіць з польск. gamoń (аб польск. слове гл. Брукнер, 134; інакш Цімчанка, там жа). Магчыма, што і бел. лексема таго ж паходжання, што і ўкр. слова. Але параўн. яшчэ польск. haman ’вялікі, цяжкі; няўклюда’ (якое Брукнер, 168, выводзіць з біблейскага імя Haman), польск. дыял. haman ’вялікі, рослы, моцны’ (гл. Карловіч, 2, 164).

Гама́н, гыма́н ’торбачка, машна для грошай’ (Бяльк.). Рус. гама́н, укр. гама́н ’тс’. Паходжанне слова вельмі спрэчнае. Вінэр (ЖСт., 1, 1895, 61) меркаваў, што гэта назва паходзіць ад уласнага імя (біблейскае) Гаман. Фасмер (1, 391) сумняваецца, але іншай этымалогіі не дае. Таксама сумняваецца Рудніцкі, 553 (але яго вывядзенне гэтага слова ад тур.-араб. hammāl вельмі няпэўнае). Вытворныя ад гама́н: бел. гамане́ц (Жд. 2, Бяльк.), гымане́ц (Бяльк.), укр. гамане́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабалда́й ’вялікаўзроставы’ (Касп.). Відаць, што значэнне, выведзенае з прыкладу («Як табе ня сорамна — ты ж ужо кабалдай!»), з’яўляецца толькі варыянтам магчымай дэфініцыі. З этымалагічна дапушчальных супастаўленняў ні рус. хабалда ’бойкая, крыклівая кабета’, бахалда ’балаболка, разявака, гультай і г. д.’, ні літ. kabálda ’кульгаючая, нязграбная асоба’ не падтрымліваюць тлумачэння Каспяровіча. Яны, аднак, і не пярэчаць яму — агульнавядомымі з’яўляюцца ваганні семантыкі ў экспрэсіўных словах. Такім чынам, паводле семантычнага крытэрыю, нельга выбраць у якасці крыніцы запазычання ні рускую, ні літоўскую мову. Дапамагае крытэрый фанетычны. На той жа тэрыторыі зафіксаваны хабал(ь), хабёл ’бабнік, гуляшчы мужчына’ (Касп.). Гэтыя словы, відавочна, суадносяцца з прыведзенай вышэй рускай лексікай, але цяжка дапусціць, што ў слове кабалдайк паходзіць з х, тым больш што тыповымі з’яўляюцца адваротныя сувязі, г. зн. х < к. У сувязі з гэтым аддаецца перавага літ. kabálda. Такім чынам, можна сцвярджаць, што віц. кабалдай запазычана з літ. крыніцы, блізка да якой стаіць kabálda, адзначанае ў слоўніках. Аб літ. слове гл. Фрэнкель, 200.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́па ’вязка, пачак якіх-небудзь прадметаў’ (ТСБМ). Ст.-бел. кипа ’тс’ (з 1593 г.) (Булыка, Запазыч., 154), ’сноп бобу’ (Сл. паўн.-зах.), ’лазовая аплётка для бутэлькі’ (Мат. Гом.). Магчыма, формы, якія выступаюць у першым і другім значэннях, амонімы рознага паходжання. Тады бел. кіпа ’вязка, пачак’, укр. кипа ’тс’ праз рус. кипа ’тс’ з с.-н.-ням. kip ’тс’ (гл. Фасмер, 2, 235). А кіпа ’сноп бобу’ з літ. kypà ’куча, частка капы’ (Сл. паўн.-зах., 463). Але літ. kypà само разглядаецца як запазычанне з рус. кипа (Фрэнкель, 255). Цікава разгледзець трэцяе значэнне, якое яўна паходзіць ад с.-н.-ням. kīpe ’плеценая карзіна’ (Клюге, 367). Нямецкая форма ў сваю чаргу з’яўляецца непасрэднай крыніцай літ. kýpas ’тс’. Сумненне выклікае рускае паходжанне літ. kypà ’частка капы’, паколькі рус. кипа не мае сельскагаспадарчага значэн ня. З іншага боку бел. кіпа ’сноп бобу’ цесна звязана з літоўскім. Гэта дае падставу разглядаць слова ў другім значэнні асобна як амонім іншага паходжання. Не выключана, што бел. кіпа < *kypa суадносіцца з купа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля1 ’каля’ (ТСБМ, Мікуц., Мал., Мядзв., Касп., Шат., Бяльк., Я., Сл. ПЗБ), укр. чарніг. ля ’тс’ — скарочаная форма другаснага прыназоўніка каля, які паходзіць з прасл. kolo, па форме — роднага склону назоўніка kolo (ESSJ SG, 1, 88–91; Шуба, Прыназоўнік, 41–43).

Ля2 ’глянь, бач’, якое стала ў некаторых гаворках пабочным словам (Сцяшк., Сл. ПЗБ). Як пабочнае слова вядома і ва ўкр. гаворках. Скарочанае глянь, ад якога адпала пачатковае г‑ (Карскі, 1, 371; ён жа, Труды, 380), пасля канчатак.

Ля3, палес. ля мэ́нэ ’дзеля мяне, паводле мне’ (драг., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’для’ (Касп., Ян., Мікуц.; ельск., Мат. Гом.). Да для (гл.). Узнікла ў выніку адпадзення д‑ перад ‑л‑ (Карскі, 1, 352). Аб узнікненні для шляхам перакрыжавання прасл. dlʼa (< dělʼa) і dьlʼa ’даўжыня’ гл. ESSJ SG, 1, 55–59; Трубачоў, Эт. сл., 4, 234–235; SP, 3, 154–156). Аб ужыванні варыянтаў-сінонімаў длядзеля гл. Шуба (Прыназоўнік, 41).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ціца ’перламутр’ (ТСБМ), пярловыя маці́цы ’пацеркі з жэмчуга’, крывавыя маціцы ’пацеркі з граната’ (Малч.); ма́ці́ца, ма́тіца (шчуч., беласт., бяроз.) ’галоўны корань у дрэве’, воран. маці́чны кароне ’тс’ (Сл. ПЗБ); ма́ціца, мацяры́к ’тс’ (Сцяшк. Сл.); ма́ціца, ма́тіца ’падоўжная бэлька ў будынку, трам’ (Нар. сл., Касп., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Мат. Маг.), ’бярвенні, якія кладуцца ўпоперак зруба ў верхнім вянку’ (шкл., лун., рас., Шатал.), ст.-бел. матица ’вінаградная лаза’, ’перламутр’ (XVI ст.). Яшчэ ст.-рус. матица ’асноўная, апорная частка чаго-небудзь’, жемчужная матица ’ракавіна жэмчуга’ (XVII ст.), польск. macica, в.-луж. maćica, чэш. matice, славац. matica, славен. mática, серб.-харв. ма̏тица, макед., балг. матица. Прасл. matica — вытворнае ад mati > ма́ці1 (гл.). (Бязлай, 2, 171; БЕР, 3, 685–686; Булахоўскі, Выбр. пр., 3, 352). Гл. таксама маці́ца.

Маці́ца ’матка, uterus’ (Нас.; гродз., шальч., воран., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 50), паходзіць з польск. macica ’тс’. Відавочна, толькі ў паўн.-зах. зоне. Параўн. яшчэ ст.-рус. матица ’тс’ (XVII ст.) < прасл. matica ’пачатак, крыніца чаго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́тня1 ’вядро, у якім трымаюць ваду ў хаце’ (кобр., Жыв. сл.), параўн. укр. пу́тня ’бочка’, путина ’пасудзіна для малака, цэбар для прыгатавання авечага сыру’, польск. putnia ’вялікае драўлянае вядро, цэбрык’, чэш. putna ’тс’, славац. putna ’тс’, харв. putna ’тс’, серб. пу́ту©ьа ’скрынка з дошак для пераносу гною, вінаграду, попелу’. Запазычанне, у якасці крыніцы падаюць ням. putina ’тс’ (Брукнер, 449) або ням. бавар. putten (літаратурнае Bütte) (Махэк₂, 501); паводле Банькоўскага (2, 968), “pasterskie słowo karpackie”, што разам з венг. puttony паходзіць з рум. putina ’цэбар’, той жа корань у рум. putinei ’маслабойка’; апошнія суадносяцца з с.-лац. būtina ’цэбар’ (< лац. buitis ’пасудзіна’, Фурлан–Бязлай, 3, 139); Скок (3, 87) у якасці крыніцы дапускае як ст.-в.-ням. putinna, budina, так і грэч. πυτίνη, βυτίνη, або іх кантамінацыю, аднак абедзве формы ўзыходзяць да грэч.-лац. būtina.

Пу́тня2 ’скрутак накроеных лык’ (ТС), ’лыка ці лазовая кара для падплятання лапцей’ (ТС). Гл. пуцня ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рабі́на, рабіна́, рабі́ніца ’рабіна’ (ТСБМ; воран., глыб., шальч., вільн., швянч., Сл. ПЗБ; ТС, Нар. Гом., ЛА, 1, карта № 215; Бяльк.), рус. ряби́на, укр. гороби́на, ороби́на, оря́бина, горад, горба, ворбина, веребина, ря́бка, польск. jarzębina, чэш. jeřabina, jeřáb, в.-луж. wjerjebina, н.-луж. jerjebina, славін. řabʼina, серб.-харв. jarèbika. Прасл. *arębina, *erębina, *ěrębina або (з іншай ступенню вакалізму) *rębina паходзіць з прасл. *arębъ ’курапатка, рабина’, *erębь ’рабчык’, *ěrębь ’буры’, звязаных з і.-е. *ē̆rē̆‑b(h)‑ *ō̆rō̆‑b(h)‑ са значэннем істот або дрэў цёмнага, чырвонага, бурага колеру (у славянскіх мовах пра стракаты колер). Роднаснае да літ. jerubė̃, jerbė̃ ’рабчык’, лат. ir̃be ’курапатка’, ir̃bene ’рабіна’, ст.-ісл. jarpr ’карычневы’, jarpi ’рабчык’, ст.-в.-ням. erpf ’цёмнага колеру’ (Бернекер 1, 274; Мацэнаўэр, LF 8, 29; Фасмер, 3, 535; Трубачоў, ЭССЯ, 1, 7375; SP, 6, 58, 134; ЕСУМ 1, 570; Покарны 1, 334; Папоўска–Таборска, Бел.-польск. ізал., 104). Брукнер збліжае з літ. ráibas, raibas ’стракаты’ (Брукнер, 200).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)