Ба́сма ’фарба басма’. Рус. ба́сма. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў (basma). Так Сл. ін. слов, 96. Але націск сведчыць аб пасрэдніцтве іншых моў (дакладна невядома якіх).

Басма́ ’пячатка, знак і да т. п.’ Ст.-рус., рус. басма́, укр. басма́ (< рус.). Запазычанне з цюрк. моў (цюрк. basma ’набіўное палатно, тканіна’, ад basmak ’ціснуць, друкаваць’). Параўн. яшчэ ўкр. ба́сма ’чорная шаўковая хустка’, балг. басма́ ’набіўное палатно’, серб.-харв. ба̀сма ’тс’. Бернекер, 45; Фасмер, 1, 131; БЕР, 1, 35; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 19; Рудніцкі, 85.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вато́ўка ’ватнік, ватоўка’ (БРС); ’адзежына на ваце’ (Бяльк., Нас., Касп.); ’кароткая вопратка на ваце’ (Жд., Шат.); ’верхняя жаночая вопратка кароткага памеру з купленага матэрыялу’ (Інстр. I, 76). Рус. дыял. (смал.; у рус. гаворках Літвы; гл. СРНГ) вато́вка. Зыходзячы з геаграфіі, рус. слова ўзята з бел. У бел. мове або ўтварэнне ад вато́вы ’з ваты’ (гл. БРС), або прамое запазычанне з польск. watówka ’тс’. Гэту апошнюю версію падтрымлівае і тое, што націск прыметніка вато́вы дакладна адпавядае польскаму watowy. Гл. Кюнэ, Poln., 113.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арама́т. Рус., укр. арома́т. Ст.-бел. ароматъ, ароматы (у друк. кн. XVII ст., Гіст. мовы, 1, 298), ст.-рус. ароматъ з ст.-слав. (толькі мн. л.!), ароматы < грэч. ἄρωμα, мн. л. ἀρώματα, родны скл. мн. л. ἀρωμάτων. Стараславянская форма адлюстроўвае грэч. мн. л. Паколькі ўжо ў Лексісе Зізанія арома́ты, націск, магчыма, выводзіць з грэч. ускосных форм, а не з франц. Параўн. Шанскі, 1, А, 146. Аб грэчаскай крыніцы бел. арамат гл. Булахаў, Курс суч., 163; Юргелевіч, Курс, 127; Гіст. лекс., 122.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́мак ’мацаваны палац’. Рус., укр. за́мок, польск. zamek, н.-луж. zamk, чэш. zámek, славац. zámok ’замок’, славен. zamȃk ’аддалены куточак зямлі’, балг. за́мък ’замак’ < рус., за̀мка ’месца ў цяні’, ’закрытае месца’, макед. замок ’замак’. Ст.-рус. замокъ ’замак’ (XVI ст. у польскіх справах). Запазычана ў ст.-бел. (1494 г., Марч. дыс., 44) з польск. (на што ўказвае націск) < чэш., дзе калька ням. Schloss ’замак’, ’замок’ (Мельнікаў, Slavia, 36, 1967, 101–102). Фасмер, 2, 77; Шанскі, 2, З, 47; БЕР, 1, 599.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́раз ’цяпер’, дыял. за́ра, за́рэ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. за́ра́з, укр. за́раз, польск. zaraz ’тс’, н.-луж. zaraz ’сабля, кінжал, нож’, в.-луж. zaraz ’удар’, чэш. zaráz, славац. zaraz ’цяпер’, чэш., славац. záraz ’удар; уражанне’. Ст.-рус. заразъ ’адразу’ (Курбскі). Націск указвае на магчымасць запазычання з польск., паколькі ў асноўным слова пашырана ў зах.-слав. мовах, дзе ўтворана з прыназоўніка za і назоўніка raz (гл. раз). Зыходнае значэнне ’за адзін удар, узмах’ (Брукнер, 645). Параўн. яшчэ і польск. teraz ’зараз’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катало́г ’каталог’ (ТСБМ). Рус. катало́г, укр. катало́г. У ст.-бел. мове лексема ў формах каталогъ, каталіогъ адзначаецца ў помніках з XVII ст. (гл. Булыка, Запазыч., 142). Ст.-бел. каталогъ, магчыма, адлюстроўвае грэч. κατάλογος, але форма каталіогъ хутчэй перадае польск. katalog (< лац.). Сучасны націск у бел. катало́г адпавядае рус. катало́г ’тс’. Гэта ўплыў франц. catalogue ’тс’. Першакрыніцай з’яўляецца грэч. κατάλογος ’пералік, спісак’. Упершыню запазычанае слова адзначаецца ў Генадзіеўскай бібліі 1499 г. у гіперкарэктнай форме каѳалогосъ. Гл. Шанскі, 2, К, 91–92.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Інжыне́р. Запазычанне з польск. inżynier, націск пад рускім уплывам. У польск. з франц. ingénieur (SWO, 315), якое ўзыходзіць да лац. ingenium ’вынаходлівасць, трапная выдумка’. Ст.-бел. инъенеръ (1601 г.) са ст.-польск. ingenier (Булыка, Лекс. запазыч., 91). У рускай мове инженер (XVII ст.) таксама запазычана праз польскае пасрэдніцтва; гл. Шанскі, 2, I, 76–77; Біржакова, Очерки, 363; супраць Фасмер (2, 133) называе нямецкую крыніцу. Недакладна Гіст. лекс., (245) адносіць да неалагізмаў XIX ст.; Крукоўскі (Уплыў, 77) лічыць запазычаным з рускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*То́лак, то́лок ’трамбоўка’: толоком збівалі ток (ТС). Параўн. укр., рус. то́лок ’прылада для трамбавання; поршань’, дыял. ’таўкач’, польск. tłok ’поршань, штэмпель, пячатка’. Ідэнтычнае польск. tłok ’ціск, ціжба’, чэш. tlak ’ціск, націск’, ’вытаптаная зямля’, славац. tlak ’ціск’, в.-луж. tłok ’цвёрдая перамешаная са жвірам зямля’, славен. tlàk ’добра ўтрамбаваная зямля; ціск’, харв. tlȃk ’ціск’. Сюды ж балг. тлак ’нанос’ (Бярнар, Бълг. изсл., 252), што да прасл. *tolkъ ад *telkti ’таўчы’ (Фасмер, 4, 72; Бязлай, 4, 186; Шустар-Шэўц, 1509). Тэхнічныя тэрміны позняга паходжання (Борысь, 634).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тон1 ’гук пэўнай вышыні’, ’характар гучання’, ’стыль паводзін’, ’колер, афарбоўка’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). З заходнееўрапейскіх моў, дзе ням. Ton, франц. ton, англ. tone, якія паходзяць ад лац. tonus ’тон, гук’ < грэч. τόνος ’тон, лад; націск’ (Фасмер, 4, 76; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 484; ЕСУМ, 5, 596).

Тон2 ’вір, затон’ (ТС): як у тон утанула ’прапала’ (калінк., Арх. ГУ; ТС), сюды ж то́на ’адзін заход пры лоўлі рыбы сеткай’ (Мат. Гом.). Зваротны дэрыват ад тануць (гл.) з наступнай канкрэтызацыяй значэння, гл. тонь1, тоня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Выго́да ’камфорт’ (БРС, Байк. і Некр.); ’зручнасць, утульнасць, спакой’ (Гарэц.); ’дастатак, задавальненне’ (КЭС, лаг.); ’прыволле, добрыя ўмовы’ (Цых.), выго́ддзе ’прывольнасць, зручнасць’ (Гарэц., Шат., Байк. і Некр.), выго́дна ’прывольна’ (Гарэц., Байк. і Некр.). Параўн. формы з іншым націскам: рус. выгода, укр. ви́года ’зручнасць, утульнасць, спакой’; выгі́ддя ’зручнасць, прыволле’, польск. wygoda ’зручнасць, камфорт; задавальненне патрэб’. Ад вы́гадзіць ’дагадзіць, дапасаваць’; параўн. гадзі́ць ’мірыць, дастасоўваць’, параўн. рус. уго́дье ’паша, прыволле’, геаграфія і націск, магчыма, сведчаць пра запазычанне з польск. wygoda, параўн. з іншым націскам: вы́гада (гл.), а таксама выгода (Федар. 4).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)