Прыжа́ляць ’крыху падгарэць на гарачай печы, ляжанцы (пра адзенне, тканіну)’ (дзярж., Нар. сл.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад жа́лець ’тлець’ (гл.; таксама жу́ляць, жу́раць), для якога, відаць, можна прапанаваць прасл. *žalěti, параўн. таксама каш. žaleć ’тлець’ (на апошняе, як і на ст.-польск. žal ’працэс гарэння’, звярнуў увагу яшчэ Ільінскі; гл. Бярнштэйн, Чередования, 12). Такім чынам, ёсць падставы рэканструяваць пару *žalěti/*žalь, адпаведную *žariti/*žarъ. Абедзве пары суадносяцца з і.-е. сінанімічнымі каранямі *gụher‑/gụhel; параўн. яшчэ і.-е. *g(e)u‑lo‑ ’жар; тлеючае вуголле’, добра адлюстраванае ў германскіх мовах (Покарны, 1, 399, 495; Супрун, Зб. Геаргіеву, 268–272). Параўн. таксама балг. дыял. прижулям ’(пра сонца) прыпячы, напячы’, якое, згодна з БЕР, 5, 710, ад жуля ’пячы, шчымець’, што, магчыма, звязана з зыходнай формай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пяршы́ць ’казытаць, скрэбці, раздражняць (у горле)’ (ТСБМ; астрав., Сл. ПЗБ), ’пячы, свярбець’ (паст., брасл., Сл. ПЗБ), ’пыліць’ (Ласт.), пяршэ́ць ’казытаць, непакоіць (у горле)’ (Шат.), рус. перши́ть ’тс’, польск. pierszeć ’сыпацца, парашыць (пра снег, іскры, пыл)’, pierszyć ’тс’, чэш. pršeti ’імжэць, сыпацца (пра дождж, снег і інш.)’, славац. pršať ’тс’, славен. pršẹ́ti ’тс’, серб.-харв. pr̀šiti ’тс’, балг. пършо́ли (< *пърши, гл. БЕР, 6, 114) ’тс’. Прасл. *pьršeti, *pьršiti ’сыпаць, рассыпаць’ (Махэк₂, 487; Сной₂, 589; Банькоўскі, 2, 559 — без усходнеславянскіх слоў). Да семантыкі параўн. папярэдняе слова (гл.), а таксама літ. peršė́ti ’шчымець, свярбець’, per̃ši gérklę ’пяршыць у горле’, якія разам з perštė́ti ’тс’ лічаць (гл. Сл. ПЗБ) крыніцай запазычання беларускіх слоў, што па лінгвагеаграфічных прычынах цяжка давесці; паралелі, хутчэй за ўсё, сведчаць пра гукапераймальны (імітацыйны) характар слоў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скупы́ ‘празмерна ашчадны (пра чалавека)’, ‘няпоўны (пра памер)’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Варл., Сл. ПЗБ), скупу́ ‘тс’ (ТС), скупэ́й ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ), скупы́й ‘тс’ (Бяльк.). Укр. скупи́й, рус. скупо́й, ст.-рус. скупъ, польск. skąpy, в.-луж. skupje ‘скупа, недастаткова’, н.-луж. skupé ‘тс’, чэш. skoupý, славац. skúpy, серб.-харв. ску̑п ‘дарагі; скупы’, славен. skọ̑p ‘скупы’, балг. скъп ‘дарагі, скупы’, макед. скап, ст.-слав. скѫпъ. Прасл. *skǫpъ не мае агульнапрынятай этымалогіі. Пашыраная гіпотэза — ад і.-е. *skom‑, якое ў аскома, шчымець (гл.) з фармантам ‑p; гл. Брукнер, 493; Голуб-Копечны, 334; Скок, 3, 273; Шустар-Шэўц, 1299. Ад і.-е. каранёў са значэннем ‘рэзаць’ утвараюць Младэнаў (588) (< *sek‑) і Сной₁ (574) (< *skap‑ < *skep‑). Іншыя супастаўленні, напрыклад, з літ. kum̃pas ‘крывы’, kum̃pti, kumpstú ‘выгінацца’, грэч. καμπή ‘выгін’ (Цупіца, Gutturale, 108), або Махэка₂ (548) з рус. гоно́бить, гоноши́ть ‘капіць, збіраць’ лічацца сумніўнымі; гл. Фасмер, 3, 662. Агляд этымалагічных версій гл. яшчэ БЕР, 6, 817–818.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)