жаль, ‑ю, м.

1. Пачуццё жаласці, спагады, выкліканае чыёй‑н. пакутай, няшчасцем. Стэфка глядзіць на хворага з жалем у вачах. Бядуля. Пачуццё жалю да пакрыўджанага лёсам хлопца перарастае ў пачуццё кахання. Шкраба.

2. Пачуццё горычы, смутку, тугі з прычыны страты каго‑, чаго‑н. Мацярынскі жаль. □ Марыля была ціхая, пакорная работніца і жаль свой дзявочы хавала глыбока. Брыль.

3. Пачуццё засмучэння, шкадавання. Не варта абуджаць у сэрцы тое, што перагарэла, адышло і пакінула толькі пачуццё жалю аб незваротным. Дуброўскі. — Грыб вунь растаптала, — з жалем сказаў Андрэй і паказаў на збіты нагой чорны баравік. Скрыпка.

•••

На (вялікі) жаль (у знач. пабочн.) — ужываецца, каб выказаць шкадаванне з прычыны чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́ды, ‑ая, ‑ае; рад, ‑а.

1. Які перажывае пачуццё радасці, задавальнення. Радая, поўная шчасця, Наталля гаварыла: — Я нават не ўяўляю, як гэта магла б жыць без цябе. Скрыган. Лабановіч шпарка пайшоў .. [Садовічу] насустрач, незвычайна рады нечаканаму спатканню. Колас. І агародаў няма ў гэтых жыльцоў. Пасее сабе пад вокнамі градку [а]гуркоў і рад. Навуменка.

2. у знач. вык. (звычайна кароткая ф.), каму-чаму, з дадан. сказам і без дап. Пра пачуццё радасці, задавальнення, якое перажывае хто‑н. Стол устаўлены багата, Госцю я сардэчна рад. Бялевіч. Дамоў і палацаў кварталы Ўзняліся да самых нябёс. Я рады, што гэткаю стала, Зямля, куды сонца я нёс. Прыходзька. Ён быў страшэнна рад, гэты дзівак Пацяроб, і не мог схаваць свае нядобрае злоснае радасці. Зарэцкі. [Шафёр] рад быў, што памог чалавеку ў бядзе. Да таго ж ён бачыў, што з дзяўчынай нічога небяспечнага няма. Грамовіч.

3. у знач. вык., з інф. Пра жаданне, гатоўнасць зрабіць што‑н. Косця рад быў выканаць дзедава даручэнне. Якімовіч. Спевы, грукат перуновы Слухаць буду рад, Толькі не грымі ты, лесе, Грукатам гармат. Русак.

•••

Рад бачыць вас гл. бачыць.

І не рад(ы); (і) сам не рад(ы) — пра чый‑н. жаль, шкадаванне з прычыны таго, што адбылося па яго ініцыятыве, пры яго ўдзеле.

Рад (ці) не рад — паняволі, хочаш не хочаш.

Рад старацца! — а) у дарэвалюцыйнай арміі — салдацкі адказ на пахвалу начальства; б) пра гатоўнасць каго‑н. рабіць што‑н.

Чым багаты, тым і рады гл. багаты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чорт, -а, М -рце, мн. чэ́рці іліч. 2, 3, 4) чарты́ і чо́рты, чарце́й, м.

1. Па рэлігійных уяўленнях: злы дух як увасабленне адмоўнага пачатку ў чалавеку; мае выгляд істоты, пакрытай чорнай шэрсцю, з рагамі, капытамі і хвастом; д’ябал.

2. Ужыв. як лаянкавае слова (разм.).

Куды лезеш, ч?

Адзін чорт (разм.) — усё адно, адно ліха.

Баяцца як чорт крыжа (ладану) (разм.) — вельмі моцна баяцца каго-, чаго-н.

Да чорта (разм.) — пра вялікую колькасць, вельмі многа.

Куды яго чорт панёс, куды яго чэрці ўхапілі (разм., неадабр.) — куды ён дзеўся.

К чорту на рогі (разм.) — вельмі далёка, у глухія мясціны (ехаць, адпраўляцца і пад.).

К чорту ў зубы (разм., неадабр.) — у небяспечнае месца, на рызыкоўную справу (ісці).

На чорта (разм., груб.) — навошта, дзеля чаго.

Ні к чорту (не варты) (разм., незадав.) — ні на што не прыгодны.

(Сам) чорт галаву (нагу) зломіць (разм.) — аб вялікім беспарадку дзе-н.

Сам чорт не брат каму (разм.) — пра таго, хто нічога не баіцца, ні ад каго не залежыць, каму ўсё лёгка, даступна.

Чорта лысага (разм.) — нічога падобнага; наўрад.

Чортам падшыты (разм.) — непаседлівы, вяртлявы.

Чорт ведае што! (разм.) — нешта неймавернае, што цяжка ўявіць; усё, што хочаш.

Чорт з ім (з табой, з ёй, з вамі, з імі) (разм.) — хай, няхай будзе так.

Чорт лазаты (разм., неадабр.) — пра таго, хто з’яўляецца ўвасабленнем зла, несправядлівасці.

Чорт не бярэ (не возьме) (разм.) — нічога не здараецца (не здарыцца), не шкодзіць (не пашкодзіць).

Чорт падаткнуў (разм.) — аб чым-н., чаго не трэба было рабіць.

Чорт пацягнуў каго за язык (разм.) — як шкадаванне з прычыны сказанага не дарэчы, не па сутнасці.

Чорт прынёс (паднёс, прыгнаў) каго (разм., неадабр.) — пра таго, хто прыйшоў, з’явіўся не ў пару, недарэчы.

Чорту лысаму (разм.) — невядома каму (аддаць, пакінуць і пад.).

Чорт яго бяры (разм.) — добра, няхай будзе так; згода.

Чэрці носяць дзе, каго (разм., неадабр.) — аб тым, хто ходзіць невядома дзе.

Што за чорт! (разм.) — як выражэнне здзіўлення, незадаволенасці.

Якога чорта! (разм., груб.) — выражэнне негатыўных адносін да каго-н., зласлівасці, незадавальнення.

Як чорт пад крыжам (разм.) — вельмі моцна (дрыжаць, калаціцца).

|| памянш. чо́рцік, -а, мн. -і, -аў, м.

|| прым. чарто́ўскі, -ая, -ае (да 1 знач.) і чо́ртаў, -тава (да 1 знач.).

Чартоўскае насланнё.

Чортава стварэнне (лаянка).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сляза́, ы́; мн. слёзы (з ліч. 2, 3, 4 слязы́), слёз; ж.

1. толькі мн. (слёзы, слёз). Бясколерная, празрыстая саленаватая вадкасць, якая выдзяляецца асобымі залозамі вачэй пры раздражненне болі або моцных перажываннях. Цякуць слёзы. □ І Міколка плакаў. Зашыўшыся ў каноплі, ён праляжаў усю ноч, пакуль не выплакаў усіх слёз. Лынькоў. На вачах у Васіля паказаліся слёзы, твар перасмыкнуўся ад болю. Краўчанка. Сівы глядзеў .. [Міколу] ў вочы вялікімі поўнымі слёз вачыма. Брыль. Міхайла Варута ціха ў вус усміхаецца, а Сцёпкава маці ўцірае слёзы радасці і жалю. Колас. / адз. у знач. зб. Слязу ўспамінаў сатры, Салдатаў лясных матуля! Барадулін. Гаручая сляза пячэ мне вочы. Зарыцкі.

2. Адна кропля такой вадкасці. Дзве слязы паказаліся з-пад павек, пацяклі па скронях і скацілася на падушку. Арабей. Па левай шчацэ коціцца сляза. Жычка.

3. толькі мн. (слёзы, слёз). Плач. Давесці да слёз. □ Замест адказу Аўгінька, ледзь стрымліваючы слёзы, жорстка і суха загаварыла. Зарэцкі. Маці ў слёзы: — А мой сынок, а мой сакалок. Якімовіч. [Антусёк:] — Зараз ясна будзе ўсё, Толькі слёз не трэба. Гілевіч. Я тапчуся на ўскраі пагорка, мяне душаць слёзы, і я пытаюся ў кургана: — Татачка, дзе ты тут? Лось. / адз. у знач. зб. Лёгкі на слязу.

4. перан. Кропля соку, вільгаці, якая выдзяляецца на паверхні чаго‑н., у чым‑н. Сыр са слязой.

5. Разм. Пра гарэлку. [Перагуд:] Падай мне гэту слязу. (Дубавец падае чацвяртушку з гарэлкай). Крапіва. [Рыгор:] «З дарогі за сталом бы пасядзелі, па чарачцы на сон божы ўзялі... Эх, і першачок жа там дома ў мяне! Сляза...» Ракітны.

•••

Абліцца слязамі гл. абліцца.

Адальюцца каму чые слёзы — хто‑н. паплаціцца за зробленае камусьці зло, крыўду і пад.

Адны слёзы — а) бяда, гора; б) вельмі мала.

Асушыць слёзы гл. асушыць.

Выціснуць слязу гл. выціснуць.

Глынуць слёз гл. глынуць.

Глытаць слёзы гл. глытаць.

Да слёз (цяжка, крыўдна, балюча і пад.) — вельмі, надзвычайна. Было сорамна, брыдка і балюча да слёз, што ў такі адказны момант не здолеў стрымаць сябе. Асіпенка.

Заліцца (горкімі) слязамі гл. заліцца ​1.

Кракадзілавы слёзы — пра няшчырае, прытворнае шкадаванне, спачуванне.

Ліць кракадзілавы слёзы гл. ліць.

Ліць слёзы гл. ліць.

Наліцца слязамі гл. наліцца.

Пусціць слязу гл. пусціць.

Скрозь (праз) слёзы — са слязамі на вачах, плачучы.

Слёзы падступілі да горла — гатоў расплакацца.

Увесці ў слёзы гл. увесці.

Умыцца слязамі гл. умыцца.

Уцерці слёзы каму гл. уцерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чорт, ‑а, М ‑рце, м.

1. Паводле забабонных уяўленняў — злы дух, які мае выгляд істоты, пакрытай чорнай поўсцю, з рагамі, капытамі і хвастом; д’ябал. Хто супроць нас? Прэч з дарогі! Бачыш нашу грамаду? Мы [камсамольцы] саб’ём і чорту рогі, Богу вырвем бараду. Крапіва. Хацеў чорт балота запаліць, але гарэць не хоча. Прыказка.

2. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — Стойце, чэрці! — зноў крыкнулі салдаты. Маўр. [Афіцэр] гнеўна крыкнуў старому: — Ты, стары чорт... Табе хлеб даю, што ты робіш? Лынькоў. [Камандзір:] — А ты [Рома], чорт, не зяваў бы на сонцы, а сеў ды чытаў. Брыль. // Разм. Ужываецца як пабочнае слова і ў значэнні выклічніка для выражэння прыкрасці, незадаволенасці, раззлаванасці. [Апанас:] — От чорт! Акурат такі самы, як Параска. Чарнышэвіч. [Боткін:] — Прыязджаю — пляменнікі скігочуць... От чорт! Ламі цяпер галаву, як вярнуць.. [цётку] з дарогі. М. Ткачоў.

3. перан. Разм. Пра каго‑н. вельмі спрытнага, смелага, дужага і пад. Прыборны засмяяўся. — Вось чэрці, гэтыя жаўноўцы. Хвіліны супакою фрыцам не даюць. Шамякін. Васіль Гайдук, цябе мы, чорт, усе, Гарачы палкавы наш агітатар, Прамоў і песень баявых аматар, Любілі ў прыфрантавой паласе. Панчанка.

•••

Аддаць (прадаць) чорту душу гл. аддаць.

Адзін чорт — тое, што і адна трасца (гл. трасца).

Да чорта — пра вялікую колькасць, мноства каго‑, чаго‑н.

Куды яго чэрці ўхапілі — куды ён дзеўся, знік.

К чорту — а) на кавалкі, ушчэнт. А потым, брат, калі рвануўся, — Усё к чорту — вуда і кручок, Пайшоў гуляць мой шчупачок! Колас; б) прэч, вон; выражае злосць на каго‑, што‑н., жаданне пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н. К чорту касцёлы, капліцы, Цэрквы, званіцы, званы! Досыць працоўным маліцца Рэчам папоўскай маны. Крапіва.

К чорту на рогі — вельмі далёка, у глухія мясціны (ехаць, адпраўляцца і пад.).

К чорту ў зубы — у небяспечнае месца, на рызыкоўную справу (ісці, лезці, трапіць і пад.).

На чорта (груб.) — навошта, дзеля чаго?

Ні богу свечка ні чорту качарга гл. свечка.

Ні к чорту (не варты) — ні на што не прыгодны.

Ніякага чорта — нічога.

(Сам) чорт галаву (нагу) зломіць — аб вялікім беспарадку дзе‑н.; пра непраходнае месца, дарогу.

Сам чорт не брат каму — пра таго, хто нічога не баіцца, ні ад кога не залежыць, якому ўсё лёгка, даступна.

Скруціць чорту рогі гл. скруціць.

Чарцям млосна (будзе, стане) гл. млосна.

Чорта лысага — абазначае поўнае адмаўленне чаго‑н. — Кінь званіць! — у абурэнні крыкнуў .. [Петрусю] а. Ціт і ціха дадаў: — Ні чорта лысага не вызваніш там. Колас.

Чортам падшыты гл. падшыты.

Чортам свістаць гл. свістаць.

Чорт ведае (хто, што, які, куды, дзе і пад.) — невядома (хто, што, які, куды, дзе і пад.).

Чорт ведае што! — а) нешта неймавернае, такое, што цяжка ўявіць; б) усё, што хочаш.

Чорт (кадук, ліха, пярун, халера) з ім (з табой, з ёй, з вамі, з імі) — хай, няхай будзе так.

Чорт лазаты — пра таго, хто з’яўляецца ўвасабленнем зла, несправядлівасці. Ён [Богут] там здохне, чорт лазаты, І захлынуцца ўсе паны. Колас.

Чорт не бярэ (не возьме) — нічога не здараецца (не здарыцца), не шкодзіць (не пашкодзіць).

Чорт падаткнуў — аб якім‑н. дзеянні, якое робіцца без патрэбы, невядома для чаго.

Чорт пацягнуў каго за язык — навошта было гаварыць што‑н. (як шкадаванне з прычыны сказанага недарэчы, не па сутнасці).

Чорт прынёс (паднёс, прыгнаў) каго — пра таго, хто прыйшоў, з’явіўся не ў пару, недарэчы, не тады, калі трэба.

Чорт сеў (уссеў) на каго — пачаць нервавацца, раптоўна праявіць раздражненне, злосць.

Чорт сядзіць у кім — пра злоснага, свавольнага чалавека з дрэнным характарам.

Чорту лысаму — некаму, невядома каму (аддаць, пакінуць і пад.).

Чорт што — а) нешта недарэчнае, незразумелае, што выклікае злосць, раздражненне. — Чорт што, — раптам вырвалася ў .. [Мароза], і ён хапіўся за кішэні. — Ты [Шэмет] разумееш? Вот ключ не магу знайсці. Лобан; б) вельмі многа. [Базылькевіч:] — То вы ж, пане Бірыла, чорт што збожжа прадалі! Чорны.

Чорт яго бяры — добра, няхай будзе так; згода.

Чорт яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).

Чэрці носяць каго — аб тым, хто ходзіць невядома дзе, невядома нашто.

Што за чорт! — як выражэнне здзіўлення, незадаволенасці.

Якога чорта — выражэнне негатыўных адносін да каго‑н., зласлівасці, незадавальнення.

Як чорт ад ладану — усімі сіламі, любымі сродкамі, імкнучыся пазбавіцца (бегчы, адмахвацца і пад.) ад каго‑, чаго‑н.

Як чорт крыжа (ладану) — вельмі, надта моцна (баяцца каго‑, чаго‑н.).

Як чорт пад крыжам — вельмі моцна (дрыжаць, калаціцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)