Сос1шаша’ (Сл. Брэс.; драг., Сл. ПЗБ). З польск. szosa з асіміляцыяй ш — с > с — с і стратай канцавога галоснага. Сюды ж сош ‘тс’ (Скарбы; кам., Жыв. сл.) з метатэзай зычных, параўн. таксама со́ша ‘тс’ (Ян.).

Сос2 ‘нагар, смала з цыбука ў люльцы’ (ТСБМ, Варл.; брасл., астрав., лаг., швянч., воран., шальч., Сл. ПЗБ; Скарбы). Дэвербатыў ад ссаць ‘смактаць’, параўн. насос2 ‘тс’ (гл.).

Сос3 ‘соус, падліўка’ (Ласт.), ‘вадкая частка стравы’ (навагр., Жыв. сл.), ‘мачанка’ (Сцяшк.). З польск. sos ‘соус’, запазычанага з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Sosse ‘тс’, франц. sause ‘тс’. Гл. соус.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

асфа́льт, ‑у, М ‑льце, м.

1. Прыродная або штучная чорная смалістая маса, якая выкарыстоўваецца ў некаторых галінах прамысловасць і якой пакрываюць дарогі, тратуары. Тхнула смалістым вод[а]рам, ішлі дымы... Людзі мяшалі кіпучы асфальт. Чорны. [Хлопцы] падняліся на ўзвышша, адтуль была відаць пакрытая асфальтам дарога. Гурскі.

2. Дарога, тратуар, пакрытыя такой масай. Ледзь чутна шасцяць па асфальце таксі. Навуменка. Асфальт скончыўся. Далей пайшла брукаваная шаша. Корбан.

[Ад грэч. ásphaltos — горная смала.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхля́баны, ‑ая, ‑ае.

1. У якім аслаблі мацаванні (ад неахайнага доўгага карыстання); расхістаны. А потым высветлілася, што .. [піяніна] расхлябанае, як старыя калёсы, і іграць на ім могуць толькі такія артысты, як мы з Санькам. Сяркоў.

2. перан. Няцвёрды, віхлясты. Расхлябаная паходка. □ Зноў шаша і зноў аднастайны, расхлябаны крок. Навуменка. // Недысцыплінаваны, неарганізаваны. [Метак:] — А, урэшце, дакуль ты будзеш такі ... расхлябаны? Пара брацца за розум. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Адарваўшыся, аддзяліцца ад чаго‑н. Трос абарваўся.

2. Не ўтрымаўшыся, сарвацца, зваліцца адкуль‑н. [Даўгулевіч:] — Мне было горача і сніўся сон, нібы мы з Адэляю падымаліся на высокія горы, яна абарвалася і паляцела ў прорву. Гурскі.

3. перан. Нечакана спыніцца, перарвацца (пра якое‑н. дзеянне, працэс). Яшчэ некалькі хвілін, і гэтая вінаватая песня паравоза абарвалася, прыціхла. Колас. // Рэзка, без паступовага пераходу кончыцца. За вёскай шаша абарвалася.

•••

Сэрца абарвалася гл. сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напала́м, прысл.

Разм.

1. На дзве прыблізна роўныя палавіны; надвае. Зламацца напалам. Падзяліць напалам. □ Сама вялікая шаша рэжа гэтае месца напалам. Чорны. Кандрат паклаў разламаную напалам бульбіну і прыліп тварам да шыбы. Галавач.

2. У роўнай долі, на паях з кім‑н. Наймаць пакой напалам. // перан. Перажываць што‑н. разам. Ішлі на ўсход шляхамі белымі, Дзялілі напалам бяду. Панчанка.

3. Удвая. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка.

4. Напалавіну, у сумесі з чым‑н. Мы пяклі праснакі Напалам з лебядою І чакалі вясны, Каб адтала кара. Броўка. Па абодва бакі дарогі стаяла няскошаная, напалам з цімафееўкай канюшына. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіраце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца сіратой, траціць сваіх бацькоў; быць сіратой. І вось — Алеся сірацее. Таўбін.

2. перан. Жыць гаротна, цяжка, быць пазбаўленым сувязі з блізкімі. Самі вы [партызаны] гаротна сірацелі, Каб зямля не ведала сіроцтва. Лось. // Пусцець, трацячы каго‑, што‑н. Сірацее хата без гаспадара. // Быць у адзіноце, мець самотны выгляд. Восень брала сваё. За акном сірацеў маладзенькі клён. Гаўрылкін. Нарэшце Лявон дайшоў да хмызняку, за якім разбягаўся папар, шарэла бязлюдная шаша і сірацеў адзінокі грузавік. Хадановіч. Кволасць і знямога .. адчуваліся ва ўсім: у слабым зіхаценні ўжо халаднаватага марыва, у самотным іржышчы, што млява сірацела на сонцы. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́ктар, ‑а, м.

1. Частка круга, абмежаваная дугой і двума радыусамі. Плошча сектара.

2. Частка якой‑н. плошчы, абмежаваная радыяльнымі лініямі. Сектар стадыёна. □ Усё відаць: на мушцы аўтамата ўвесь сектар абстрэлу — шэрая брукаваная істужка шаша. Грамовіч.

3. Аддзел установы, арганізацыі, які мае пэўную спецыялізацыю. Сектар дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук. Бытавы сектар прафкама. □ Лаўрэнцеў узначаліў у камітэце камсамола сектар па абароне правоў моладзі. «Маладосць».

4. Частка народнай гаспадаркі, якая мае пэўныя эканамічныя і сацыяльныя адзнакі. Калгасны сектар у сельскай гаспадарцы.

5. Спец. Участак сістэмы кіравання самалёта, карабля і пад. Капітану здалося, што ён ужо на старце, выруліў на той новай машыне. У навушніках шлема-фона пачулася каманда камандзіра палка. Крануў сектар газу і пайшоў на ўзлёт. Алешка.

[Лац. sector.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́сыпаць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак.

1. што. Сыплючы, вытрасці што‑н. адкуль‑н. Высыпаць збожжа з мяшкоў. □ Пасвечваючы ліхтарыкам, дзядзька высыпаў грошы на сена і пачаў лічыць. Скрыпка. [Вулька] абярнула чыгунок і, абпальваючы далонькі,.. высыпала з яго вугаль і попел. Лынькоў.

2. што. Услаць што‑н. чым‑н. сыпкім; насыпаць. Высыпаць сцежку пяском. □ [Дзядзька:] — Такую, брат, дарогу паднялі, жарсцвяком высыпалі, шаша другая таго не дакажа. Ермаловіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.) без дап. Разм. Выйсці, выбегчы ў мностве. Спыніўся тралейбус, і ўсе пасажыры высыпалі на вуліцу. Грамовіч. За ракой на роўнядзь поплаву густа высыпалі з лесу лыжнікі. Асіпенка. // што і без дап. З’явіцца, выступіць на паверхні ў вялікай колькасці. На цёмным небасхіле Высыпала ноч мільёны зор. Звонак. За гады вайны на лугах высыпаў густы хмызняк. Дуброўскі.

высыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да вы́сыпаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

Пераварочвацца цераз галаву; перакульвацца. То адзін, то другі з хлапцоў бліскаючы пяткамі, куляўся цераз галаву. Самуйлёнак. // Разм. Падаць, пераварочваючыся. Воўка аніяк не мог утрымацца на лыжах і раз-поразу куляўся ў снег. Кавалёў. Навокал шугала ўгору зеленаватае полымя выбухаў, адзін за адным куляліся ў чорную прорву вагоны. Паслядовіч. // Бегчы, перавальваючыся то на пярэднія, то на заднія ногі (пра жывёл). Вымчаўся [бацька] на дарогу, аглянуўся — куляецца здалёк за ім якаясьці звярына: ні то воўк, ні то мядзведзь. Якімовіч. // Моцна хістацца, трапляючы то пярэднімі, то заднімі коламі ў яміны, калдобіны (пра сродкі перамяшчэння). Недзе на першай палове шляху шаша прападае, і аўтобус ужо бяжыць, куляецца па прасёлкавых дарогах. Ракітны. // Рабіць мёртвую пятлю; пераварочвацца верхняй часткай уніз і наадварот (пра самалёт). [Машыніст] заўважыў, што лётчык кідаецца з боку ў бок, куляецца, значыць, у яго бомбаў няма. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дарога, шлях / вялікая, для аўтамабіляў: шаша, шасэ, шасэйная дарога, аўтастрада, аўтамагістраль / палепшаная: тракт, гасцінец, бальшак / невялікая грунтовая: прасёлак / невялікая, збочвае з большай: паваротка, паваротак; артэрыя (перан.); пуць, пуціна, пуцявіна (паэт.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)