шкра́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. што, чым і без дап. Пакідаючы драпіны ці зачэпліваючы, вадзіць чым‑н. вострым ці цвёрдым па якой‑н. паверхні. Як толькі ён [Рэкс] заўважыў, што мяне няма ў бліндажы, падышоў да дзвярэй і давай шкрабаць кіпцюрамі, прасіцца, каб яго выпусцілі на двор. Пальчэўскі. Нават вярбы не было відаць, хоць галіна шкрабала шыбу зусім блізка. Шамякін. А потым зноў елі моўчкі, толькі чулася, як шкрабалі лыжкі ў талерках. Гаўрылкін. // Разм. Чухаць, скрэбці асобныя часткі цела. Грэчка шкрабае за вухам, хоча нешта сказаць, але тут умешваюцца другія кабеты, і ён маўчыць. Няхай.

2. Зачэпліваючы за што‑н., скрабучы па чым‑н., утвараць шум, шапаценне, шоргат. Па тратуары шкрабалі чыесьці падэшвы... «Работніца і сялянка». Маці ўжо шкрабае доўгім ключом-адмычкай, прасунутай праз дзірку ў вушаку. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэпт, ‑у, М ‑пце, м.

1. Ледзь чутная гутарка, пры якой гукі вымаўляюцца без удзелу галасавых звязак. Ледзь чутны шэпт прашумеў па грамадзе. Мурашка. Не пакідай. Пакінуўшы — успомні. Хоць перад смерцю шэптам пазаві. Вярба. Бабы-скудзельніцы, сабраўшыся ў нашай хаце, гаварылі пра ўсе свае беды і радасці адкрыта, толькі зрэдку пераходзячы на шэпт. Брыль. За перагародкаю шапталіся Кашалькі, нешта вырашалі, і гэты тайны шэпт адганяў усе думкі. Парахневіч. Прычыненыя дзверы вялі ў другі пакой — адтуль чуўся шэпт, нехта завіхаўся ля печы. Хадкевіч. // перан. Ціхі, невыразны шум, шапаценне, цурчанне і пад. Цёплае, ласкавае паветра, ледзь чутны шэпт хваляў, што ляніва і пяшчотна набягаюць на пясок. В. Вольскі. У пералівах галасоў Чуваць быў шэпт калосся. Трэль салаўя і шум лясоў — Усё ў адно злілося. Смагаровіч.

2. Погаласка, вестка, чутка, якія перадаюцца па сакрэту. Невядома, з якою мэтай — для большага страху ці для большай стойкасці, — у першыя дні кампаніі па акопах быў пушчаны шэпт: швабы расстрэльваюць камандзіраў і кулямётчыкаў, ім — палону няма... Брыль. І хадзілі ад вёсак да вёсак, ад двароў да двароў шэпты-перашэпты, што Блазан той хутка і да нас прыйдзе. Барашка.

3. толькі мн. (шэпты, ‑аў). Разм. Набор слоў, якія паводле забабонных уяўленняў маюць чарадзейную сілу; заклінанне. Дактароў усіх рэцэпты І бабулек розных шэпты не памоцны хворай тут, Не памог і пан Тугут. Крапіва. Паглядзела бабка пану ў вочы і кажа: — Думаеш: заплаціць мне за шэпты ці не? Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць шоргат, шорах, тручы, праводзячы чым‑н. па якой‑н. паверхні. Глуха шоргалі шыны легкавых машын. Асіпенка. За кухоннай занавескай недзе ў печы цяжка шоргае днішча чыгуна, і па хаце разносіцца пах варонай бульбы. Палтаран. // Разм. З шумам, шоргатам праводзіць чым‑н., рухацца па якой‑н. паверхні. Дворнік адвярнуўся і пачаў заўзята шоргаць мятлою па тратуары. Якімовіч. Каля ганка Кашалёк доўга шоргаў падэшвамі сандалетаў па металічнай рашотцы, паглядаючы на запыленыя Каціны чаравікі. Парахневіч.

2. Хадзіць, не падымаючы ног. Уперадзе мяне шоргаў ботамі па пыльнай дарозе Косця Лапушок. Даніленка. Шнапс шоргае лапцямі па зямлі, ногі заплятаюцца. Навуменка. // Зачэпліваць чым‑н. за што‑н. [Старшыня] грозна праходзіць сюды-туды паўз самых паліцаяў, ледзь не шоргае плячом па іх насах, зазірае кожнаму ў вочы. Кулакоўскі.

3. Мацаць, абмацваць рукой што‑н., шукаючы што‑н. У цёмных сенцах, перад хатнімі дзвярыма, Камека моцна стукаў аб падлогу ботамі, каб не занесці ў хату снегу, а рукой шоргаў па дзвярах, шукаў клямкі. Галавач.

4. Скрэбці, церці, удараць і пад., утвараючы шоргат, шапаценне. Увечары закруціла мяцеліца. Падняла ў паветры снежны пыл, шоргала крупчаком па платах, па сценах будынкаў, толькі б паказаць неўгамонную чортаву сваю сілу. Ермаловіч. Ільдзінкі біліся ў шыбы, шоргалі, нібы просячыся ў хату. Ваданосаў. // Перамяшчаючы, перасоўваючы што‑н. з месца на месца, утвараць шум.

5. Моцна з шумам ліць (пра дождж). Ноч была рабінавая: раз-пораз грымелі перуны, махалі маланкі, па густым чарналессі шоргаў дождж. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)