ГУ́КАПІС у музыцы,
увасабленне сродкамі музыкі розных гукавых і пазагукавых з’яў навакольнага свету. Апіраецца на выяўл. магчымасці муз. мастацтва, якія выступаюць у 2 асн. тыпах: гукавая імітацыя і выяўленчасць асацыятыўнага характару. Сярод рэальных гучанняў прадметнага асяроддзя, якія часта імітуюцца ў музыцы: пляск хваль, шум мора, шапаценне лесу (у оперы «Марынка» Р.Пукста), гучанне муз. інструментаў, гаворка, стогны, плач чалавека і інш. Імітацыя можа быць ідэнтычная аб’екту пераймання па тэмбры, інтанацыях ці больш апасродкаванай. Гукавыяўленчасць асацыятыўнага тыпу засн. на слыхавым успрыманні муз. гукаў як узаемазвязаных з рознымі пазагукавымі з’явамі (дынамічнымі, каларыстычнымі, аптычнымі). Асацыятыўны гуказапіс часта выступае як элемент праграмнай музыкі, дзе загалоўкі і рэмаркі канкрэтызуюць вобразны змест. На практыцы імітацыйны і асацыятыўны гуказапісы часта аб’ядноўваюцца (харэаграфічная навела «Мушкецёры» Я.Глебава). З узнікненнем электроннай музыкі (муз. камп’ютэраў, сінтэзатараў і інш. эл.-муз. канструкцый) у гуказапісе шырока выкарыстоўваюцца новыя гукавыяўл. эфекты, незвычайныя, «незямныя», «касмічныя» гучнасці (у т. л. ў кіно, драм. т-ры, на эстрадзе і інш.).
Н.А.Юўчанка.
т. 5, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКРЭ́ТНАЯ МУ́ЗЫКА,
музыка, заснаваная на тэхн. апрацоўцы запісаных на стужку «натуральных», немузычных гукаў (гул цягніка, розныя шумы, шапаценне, крыкі, галасы птушак і інш.). Можа спалучацца з гукамі муз. інструментаў і пеўчых галасоў. Блізкая да электроннай музыкі, крайніх форм санарыстыкі (гл. Санорыка). У працэсе стварэння К.м. і яе запісу кампазітар з дапамогай сучасных тэхн. сродкаў (магнітафоны, сінтэзатары) здзяйсняе шматлікія аперацыі, якія забяспечваюць разнастайныя акустычныя эфекты. К.м. ўзнікла ў канцы 1940-х г. у Францыі. Яе стваральнік — П.Шэфер («Канцэрт шумоў», «Сюіта для 14 інструментаў», «Канцэрт двухсэнсавасцей»), паслядоўнікі — прадстаўнікі найб. радыкальнага крыла муз. авангарда П.Анры, П.Булез, А.Месіян, К.Штокгаўзен. Найб. пашырана пры муз. афармленні драм. спектакляў і кінафільмаў. Для дасягнення каларыстычнага эфекту часта выкарыстоўваецца ўключэнне «натуральных», «канкрэтных» гукаў у кантэкст тонавай музыкі (напр., запіс спеваў салаўя ў «Пініях Рыма» А.Рэспігі).
Літ.:
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.
Т.Г.Мдывані.
т. 7, с. 587
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)