цяплы́нь, ‑і, ж.
Тое, што і цеплыня. Ад печы ідзе святло і цяплынь. Галавач. Вецер палагаднеў, абяцаючы мяккую цяплынь бабінага лета. Пташнікаў. Чалавечая цяплынь з’явілася на тварах у жанчын. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прамяні́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які свеціцца праменямі, ад якога ідуць прамені. Зімняе сонейка рэдка калі бывае яркім, прамяністым. Краўчанка. // Поўны святла, ззяння, бляску. За акном разгараецца дзень прамяністы. Панчанка. Зыркаюць прамяністыя агні ў калгасным клубе. Пянкрат. // перан. Поўны радасці, шчасця і пад. Прамяністыя надзеі. Прамяністая будучыня. // перан. Напоўнены ўнутраным ззяннем (пра вочы). Цеплыня выходзіла і ад .. [Марынчынай] рукі, і ад гэтых слоў, і ад прамяністых вачэй. Хадкевіч.
2. Які разыходзіцца праменямі, нагадвае прамені. Жаўтаваты твар з прамяністымі маршчынамі вакол вачэй гаварыў, што нямала гора перанесла кабета. Васілевіч.
3. Спец. Які ўзнікае пры выпраменьванні. Прамяністая цеплыня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цеплата́, ‑ы, ДМ ‑лаце, ж.
1. Спец. Від энергіі, што ствараецца бязладным рухам мікрачасцінак цела (малекул, атамаў і пад.) і праяўляецца ў награванні яго. Адзінка вымярэння цеплаты.
2. Тое, што і цеплыня. Востры сум.. патроху раставаў ад бадзёрых Юзікавых слоў, ад цеплаты і дужасці яго грудзей. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Жэг ’імгненна, хутка’ (Сцяшк. МГ), гл. жыг. Рус. дыял. арл. жёг ’мучэнне’, алан., урал. ’прайдзісвет’, калуж., кур. ’круцель’, чэш. žeh ’гарачыня, спёка, цеплыня’, ’крэмацыя’, ’гарачыня’, славен. žéga ’гарачыня; наганяй’, серб.-харв. же̏г ’трут’, балг. дыял. жег, жега ’гарачыня’, ’жыгала’, макед. жег ’кляймо’, жега ’гарачыня’. Ст.-слав. жега, жегъ ’гарачыня’. Параўн. жыг, жыга і іх іншаслав. адпаведнікі. Прыслоўе з бязафікснага наз., утворанага, як і жыг, ад дзеяслова жэгаць, жыгаць (< жегата) шляхам усячэння афіксальнай часткі. Значэнне жэгаць ’бліскаць’ дало сему хуткасці, якая стала асноўнай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
спёка, ‑і, ДМ спёцы, ж.
Моцная гарачыня ў паветры, нагрэтым сонцам; спякота. Спёка стаіць тыдзень, месяц, а на небе ні хмурынкі. Бялевіч. Бяру і я з рукі тваёй, Памір, Смарагд жывы аб спёцы на ўспамін. Калачынскі. // Цеплыня, якая выдзяляецца чым‑н. гарачым, нагрэтым. Жалеза холад ды спёка печаў. Летка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размя́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў мяккім, размяк. Размяклая зямля наліпала на салдацкія боты, на гусеніцы танкаў і колы аўтамашын. Дудо. На тым беразе Дзвіны імчаліся грузавыя машыны па размяклым ад спякоты асфальце. Грахоўскі.
2. перан. Разм. Расслаблены, вялы. Цеплыня разбірала размяклага Сімона. Самуйлёнак.
3. перан. Разм. Які стаў дабрэйшым, больш ласкавым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўло́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога цяжка злавіць, застаць дзе‑н. Царскія памагатыя збіліся з ног, шукаючы патайную друкарню, няўлоўнага і загадкавага Яську — гаспадара з-пад Вільні. С. Александровіч.
2. Ледзь прыкметны; няясны. Няўлоўны рух. □ [Ермакоў] пачуў няясны, няўлоўны тонкі гул, які то ўзнікаў, то прападаў. Мележ. Цеплыня, але нейкі няўлоўны подых восені чуецца навокал. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гарачыня́, ‑і, ж.
1. Высокая тэмпература паветра, нагрэтага сонцам, печчу і інш. З поля.. шугалі хвалі гарачага паветра. Сцяпан ажно захлынуўся ад гарачыні. Шамякін. Ад печы дыхала гарачынёй. Алешка. // Гарачы летні час; спёка. Над палеткамі вісіць жнівеньская гарачыня. Васілевіч.
2. Цеплыня, якая выклікаецца ў целе прылівам крыві ў час моцнага душэўнага ўзрушэння. Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь у сярэдзіне каля сэрца. Колас.
3. перан. Парыў, запал. Гарачыня пачуццяў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распа́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад распаліць.
2. у знач. прым. Моцна нагрэты; вельмі гарачы. Распалены прас. □ Сонца як не плавілася. Здавалася, з яго, як з распаленага жалеза, не промні ліліся, а сыпаліся іскры-апаліны, быццам па ім білі молатам. Сабаленка. Ад яе [печкі] распаленых сцен па ўсёй старожцы разліваецца прыемная цеплыня. Ігнаценка.
3. у знач. прым. Моцна ўзбуджаны, расхваляваны; разгарачаны. [Таццяна] стаяла сярод баб распаленая, вясёлая, прыгожая і ўсміхалася Зеленюку. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сентымента́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сентыменталізму (у 1 знач.). Сентыментальны раман. □ У «Мёртвых душах» парадзіруецца таксама карамзінскі сентыментальны стыль. «Полымя».
2. Залішне чуллівы, пяшчотны, здольны лёгка расчуліцца. Сентыментальны чалавек. □ Няшчасце з Лёдзяй зрабіла Міхала трохі сентыментальным. Карпаў. // Уласцівы залішне чулліваму чалавеку. [Максім:] — Ну і дурань жа ты, Андрэй. Адкуль у цябе такая сентыментальная схільнасць да самабічавання. Машара. Мяккае сутонне і густая пахучая цеплыня парку неяк абязвольвалі Веру, скіроўвалі думкі на сентыментальны лад. Асіпенка. // Прасякнуты залішняй чуллівасцю; прытарна-саладжавы. Сентыментальная гісторыя. Сентыментальная сцэна.
[Фр. sentimental.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)