гарачыня́, ‑і, ж.

1. Высокая тэмпература паветра, нагрэтага сонцам, печчу і інш. З поля.. шугалі хвалі гарачага паветра. Сцяпан ажно захлынуўся ад гарачыні. Шамякін. Ад печы дыхала гарачынёй. Алешка. // Гарачы летні час; спёка. Над палеткамі вісіць жнівеньская гарачыня. Васілевіч.

2. Цеплыня, якая выклікаецца ў целе прылівам крыві ў час моцнага душэўнага ўзрушэння. Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь у сярэдзіне каля сэрца. Колас.

3. перан. Парыў, запал. Гарачыня пачуццяў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)