слаць 1, шлю, шлеш, шле; шлём, шляце; пр. слаў, слала; незак., каго-што.

1. Пасылаць куды‑н. з якой‑н. мэтай, з якім‑н. даручэннем; адпраўляць. Імя тваё славячы, Ленін, гараць ярка зоры Крамля. Сюды, да твайго маўзалея, сыноў шле ўся наша зямля. Машара. Да буданоў ён [Міхал] пад’язджае. Пад’ехаў, коніка спыняе, Знімае стол, услон, салому. Алеся шле з канём дадому. Колас.

2. Адпраўляць, пасылаць што‑н. для перадачы, дастаўкі паводле прызначэння. Слаць лісты. Слаць пасылкі. □ [Ігар:] — Разумееш, ні маці, ні сястра ўжо другі тыдзень не шлюць грошай. Карпюк. Я помню, на дапамогу Сялянам Трактараград Патокам слаў трактар за трактарам. Куляшоў. // Пры звароце да каго‑н. выказваць свае адносіны і пачуцці ў словах, на пісьме і пад. [Паўтарак:] Шафёры нашай аўтабазы шлюць вам нізкі паклон і вялікае дзякуй за выдатную машыну. Крапіва. Мы шлём табе, Масква, прывет З заходняе граніцы. Колас. Мы шлём табе, горад, жаданыя весці: Ты родзішся зноўку, абуджаны Мінск. Броўка.

3. Накіроўваць што‑н. куды‑н., да каго‑н. Кулямёт то змаўкаў, то слаў зноў доўгія перарывістыя чэргі. Навуменка. З нябёсаў хмары шэрыя Ёй [сасонцы] слалі цёплы дождж. Прыходзька.

слаць 2, сцялю, сцелеш, сцеле; незак., што.

1. Класці, накрываючы паверхню чаго‑н. Слаць коўдру па ложак. Слаць абрус на стол. □ Пясок гарачы, і мама сцеле для Юркі шырокі, калматы ручнік. Брыль. // Рыхтаваць (пасцель), раскладваючы пасцельныя рэчы. Чатыры санітары, якія былі пры раненых, сталі слаць і сабе пасцелі на саломе. Чорны.

2. Раскладваць на лузе, полі тонкім слоем для вылежкі (лён, каноплі); рассцілаць на траве для адбельвання (палатно). Слаць лён. □ На сіўцы аж да самага лесу ляжаў раскіданы гэтымі днямі лён — яшчэ не пачыналі слаць. Пташнікаў.

3. Рабіць, укладваючы шчыльна дошкі, пліткі і пад. Слаць падлогу. □ Уначы .. [сапёры] білі палі і слалі мост пад вадою. Грамовіч.

4. Пракладваць барозны, пракосы і пад. Пяціплужны трактар упэўнена, павольна слаў глыбокія барозны ўпоперак. Пестрак.

5. перан. Рассцілаць што‑н. па паверхні або нізка над паверхняй чаго‑н. Ранак сцеле туман. □ Зноў і зноў па беражок тонкай выдмаю пясок вольны вецер сцеле. Вялюгін. / у паэт. ужыв. Мы вольны, мы песні спяваем, Мы кветкамі сцелем дарогу. Чарот.

•••

Слаць лістам (пухам) — лісліва дагаджаць каму‑н. з карыслівай мэтай. Уваходзіць госць неспадзяваны, Мікодым Богут, той павук, Што лістам сцеле перад панам, Перад панамі гнецца ў крук. Колас. Вось другі. Усюды сцеле пухам, Прасвяціць бы, — што там на душы? Можа, ён пляткар альбо хапуга, Мо чый-небудзь талент прыдушыў? Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ска́ба ‘рабро’ (ТСБМ, Ласт., Варл., Сцяшк.; навагр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), ‘рабро кошыка’ (Сл. ПЗБ), ска́бы ‘рэбры, рэберная частка тушы’ (Нас., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Шн. 2), ска́бка ‘раберца’ (Шат.), ска́бкі ‘рэберныя кавалкі’ (Шн. 3), ска́біна ‘рабро’ (Нас., Бір. дыс., Янк. Мат.), ска́бʼя ‘тс’ (З нар. сл.), скабуры́на ‘рабро ў свіней, авечак’ (гродз., Жыв. сл.). Выключна беларускае. Мяркулава (Этимология–1983, 65) рэканструюе прасл. *skaba, *skaburina і ўзводзіць да кораня *skab‑ ‘драць, часаць, калоць’, параўн. літ. skõbti, skabiù ‘скрэсці, зрываць’. Сюды ж яна адносіць бел. шкаба (гл.), польск. chaby ‘косці, якія тырчаць з-пад скуры’ і рус. скабри́стый ‘моцна зхуднелы’. Польскае слова Слаўскі (SP, 1, 58), аднак, выводзіць ад прасл. *chabъ ‘благі, слабы’, а Брукнер (483), разглядаючы польск. chaby ‘свіное мяса пры рэбрах’ ставіць пытанне аб магчымасці запазычання. Аб запазычанні думаў і Насовіч (Нас., 580) і параўноўваў беларускае слова з літ. skabs ‘рабро’, але ў слоўніках гэта слова не адзначана. Карскі (Белорусы, 137) выводзіў з літоўскай мовы ска́ба ‘стрэмка, клін’, аднак слова са значэннем ‘рабро’ лічыў запазычаннем з польск. schab. Лаўчутэ (Балтизмы, 56) узводзіць слова да літ. skobà ‘рабро’, параўн. яшчэ літ. skabís ‘востры’, skabèti ‘сячы, рэзаць’, лат. skabrs ‘востры’. Анікін (Опыт, 278) прапануе адрозніваць ска́ба ‘рабро’, якое лічыць балтызмам, і ска́ба ‘стрэмка, трэска’ (гл. скабка), што несумненна роднаснае скабліць, скобля (гл.). Астрэйка (АКД, 5) хоча бачыць у ска́ба, ска́бка, ска́біна ‘рабро’ семантычны балтызм, які разглядаецца як занальная намінацыя.

Скаба́1 ‘выгнуты металічны прут для злучэння чаго-небудзь, клямар’, ‘скобля’ (ТСБМ, ТС), ‘прыстасаванне, з дапамогай якога прымацоўваюцца кроквы да сцяны’ (Шушк.), ска́ба ‘ручка ў дзвярах’ (Растарг.). Укр. ско́ба ‘крук у дзвярах, прабой’, рус. скоба́ ‘тс’, серб.-ц.-слав. скоба ‘засцежка’, чэш., славац. skoba ‘планка, засаўка’, серб.-харв. ско̏ба, славен. skọ́ba ‘тс’, балг. ско́ба ‘скобка’, макед. скобичка ‘падкоўка (на падэшве)’. Прасл. *skoba ‘загнуты крукам прут, скобка’ да і.-е. *(s)kāmb‑ ‘крывіць, гнуць’. Роднасныя літ. kabė́ti ‘вісець’, kabė̃ ‘крук’, kablỹs ‘тс’, kìbti ‘чапляцца, вешацца’, лат. kablis ‘кручок, засцежка’ (Траўтман, 112). Далей параўноўваюць з лац. scamnumуслон’, ст.-інд. skabhnaā́ti ‘умацоўвае, падпірае’, грэч. σκαμδός; ‘крывы, сагнуты, выгнуты’; гл. Вальдэ-Гофман, 2, 487; Майргофер, 3, 507; Міклашыч, 300–301; Фасмер, 3, 643; Махэк₂, 546. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1290–1292; Сной₁, 573 (параўноўвае яшчэ з літ. sùkaba ‘крук, скобка’).

Скаба́2 ‘скапа, тушка Pandion haliaetus L.’ (Касп.; мазыр., ЛП). Укр. скаба́ ‘тс’. Параўн. укр. скобе́ць ‘птушка Accipiter gentilis’, рус. ско́бчик ‘ястрабок; перапёлачнік’, славен. skobec ‘арол, Falco haliaetos’. Лічыцца роднасным рус. ко́бец, ко́бчик ‘шулятнік’, якія, магчыма, гукапераймальнага характару; агляд версій гл. Фасмер, 2, 267–268. Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 120) адносіць сюды ж і рус. скопа (гл.); але ‑п‑ лічыцца няясным. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 260 (вынік дээтымалагізацыі скопа́, гл. скапа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)