уско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Хутка ўстаць, падняцца з месца. Сёмка паволі ўзняўся з канапы. Следам за ім борздзенька ўскочыў Харытон Ігнатавіч. Васілёнак. Не помнячы сябе, Грэчка стаў адпаўзаць назад, потым ускочыў і пабег. Мележ.

2. Скочыць на каго‑, што‑н. Сувязны ўскочыў на каня і паскакаў. М. Ткачоў. Салдат спрытна ўскочыў на падножку і ў момант апынуўся ў прасторнай кабіне самазвала. Васілевіч. Ускочыць на падаконнік, адвярнуць шпінгалеты — секунда часу. Вось толькі не была б прыбіта цвікамі рама. Хомчанка. // у што. Скочыць у сярэдзіну чаго‑н. Ускочыць у лодку. □ Лабановіч выбег на платформу і ўскочыў у першы пасажырскі вагон. Колас.

3. перан. Узнікнуць (аб прышчах, нарывах і пад.). Ускочылі мазалі на руках. □ На лбе ўскочыў гуз, але Андрыян не адчуваў болю. Марціновіч.

4. у што. Імкліва ўвайсці, сілай уварвацца куды‑н. Раптам адчыніліся дзверы і за мной у хату ўскочылі ўзрадаваныя дзеці. Ляўданскі. Група прарыву ўскочыла ў лес і адным ударам выбіла адтуль фашыстаў. Новікаў.

5. у што. Трапіць, папасці выпадкова куды‑н. Спалоханыя коні рванулі наперад, але колы таратайкі.. ускочылі ў правал. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плячо́, -а́, мн. пле́чы, Р плячэ́й і плеч, Д пляча́м, Т пляча́мі і плячы́ма, М на пляча́х, н.

1. Частка тулава ад шыі да рукі.

Палажыць руку на чыё-н. плячо.

Вынесці на сваіх плячах што-н. (перан.: справіцца з якой-н. цяжкай задачай, працай, без падтрымкі). П. ў п. (побач, у цесным адзінстве). З плеч далоў што-н. (адпаў клопат, скончыліся турботы пра што-н.; разм.). Мець галаву на плячах (умець разбірацца ў чым-н., быць разумным). Як гара з плячэй звалілася (хто-н. адчуў палёгку, пазбавіўшыся ад якіх-н. клопатаў, перажыванняў; разм.). За плячамі ў каго-н. што-н. (таксама перан.: пра што-н., што было, мелася ў каго-н. у мінулым). Уварвацца куды-н. на плячах адступаючага праціўніка (непасрэдна за адступаючым праціўнікам). З чужога пляча (пра адзенне: якое не падыходзіць па размеры або якое раней насіў хто-н.).

2. У анатоміі: верхняя частка рукі да локцевага сустава.

3. мн. Тыльны бок тулава ад шыі да пояса, спіна.

Узваліць ношу на плечы (абцяжарыць каго-н. справамі, клопатамі). Павярнуцца плячамі да каго-, чаго-н. (таксама перан.: адвярнуцца ад каго-, чаго-н.).

4. Частка рычага ад пункта апоры да пункта прыкладання сілы (спец.).

|| памянш. плячу́к, плечука́, мн. плечукі́ і плечуко́ў, м. (да 1 знач.; разм.).

|| прым. плечавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.).

Плечавая косць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

увалі́цца 1, увалюся, увалішся, уваліцца; зак.

1. Упасці, праваліцца куды‑н. Каб не ўваліцца ўпоцемках у якую-небудзь яму, Пераход увесь час глядзеў сабе пад ногі. Кулакоўскі. Зімою, у самыя маразы .. гусак у калодзеж уваліўся. Лобан. // Укуліцца, з ходу сесці (у вазок, калёсы, кузаў машыны і пад.). Калі .. [Сотнікаў] неяк уладкаваўся поруч з таварышам, паліцай уваліўся ў сані ззаду. Быкаў. [Вугальнік] адразу, выйшаўшы ад дырэктара, уваліўся ў сані .. і пагнаў каня. Пташнікаў.

2. Стаць упалым. Уваліліся грудзі. У казы бакі ўваліліся. □ Вочы [палкоўніка] пачырванелі ад бяссонных начэй, шчокі ўваліліся. Шамякін. І Нюра вельмі пахудзела, пахудзела і пастарэла. Шчокі ўваліліся, каля губ маршчыны. Вочы сумныя. Арабей. Рыгор Данілавіч пахудзеў, вочы глыбока ўваліліся, на твары .. жоўтыя плямы. Хведаровіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Праваліцца, абваліцца; абрушыцца ўнутр чаго‑н. Увалілася страха гумна на ток. // Асесці. [Загароўская:] — Увесну сорак пятага года я з дзецьмі прыйшла, каб прыбраць магілу салдата. За зіму магіла ўвалілася. Я сказала, што трэба падсыпаць зямлі, а сама з групай дзяцей пайшла ў лес, каб зрабіць вянок. Гурскі.

4. Разм. Цяжка, з шумам, грукатам увайсці куды‑н.; уварвацца няпрошаным. Тое, што столькі мужчын увалілася адразу ў хату, мусіць, спалохала гаспадыню. Сабаленка. Многія пачалі развітаецца з маладажонамі, і тады ў залу ўваліўся Ігар Раеўскі. Даніленка. // перан. Нечакана ўзнікнуць; укінуцца. У вёску ўваліўся тыфус, перахварэлі ім усе і ў нашай сям’і. Хадкевіч. Быў выпадак, калі ўзвод напаткала вельмі цяжкая бяда — уваліўся сыпняк. Кулакоўскі.

увалі́цца 2, уваліцца; зак.

Стаць цвёрдым, ушчыльніцца ў працэсе валення (пра сукно, шэрсць). Сукно добра ўвалілася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)