Сі́лега, сі́ляга ‘лаза’ (лун., ЛА, 4; пін., Сл. ПЗБ), сі́лега ‘лаза з сіняватым налётам на чырвонай кары’ (ТС), ‘зараснік кошыкавай лазы, Salix viminalis L.’ (жытк., стол., тур., Яшк.), сіле́га ‘тс’ (лун., ЛА, 4), сіляга́ ‘лаза’ (Мат. Гом.), сыля́га ‘дробнае і гнуткае галлё, лазняк’ (пін., Нар. лекс.), сіле́га ‘расшчэпленае хваёвае карэнне, з якога плятуць кашы’ (лун., Шатал.), сі́лежына ‘адзін куст сілегі’ (ТС), шы́лега ‘сілега’ (стол., Яшк.). Відаць, сюды ж і ст.-бел. силяжы ‘кізіл’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. шелюга́, шелюжи́на ‘тс’, рус. дыял. (без лакалізацыі) шелюга́ ‘тс’, шелю́жина ‘палка, дубец з шелюги’. Фасмер (4, 427) параўноўвае яшчэ з рус. астрах. шелужи́на ‘доўгі дубец’, рус.-ц.-слав. шелыга ‘дубец’, серб.-ц.-слав. солыга ‘палка’. Пэўнай этымалогіі няма. Машынскі (Uwagi, 18) лічыў несумненнай сувязь з ст.-ісл. selja, ст.-в.-ням. salaha ‘вярба’. Былі спробы звязваць з ням. Sahlweide ‘вярба’, лац. salix ‘тс’, ірл. sail, Р. скл. sailech ‘тс’. Беларускія формы з пачатковым сі‑ можна было б звязаць, улічваючы функцыю гэтага дрэва, з коранем cіл‑, які ў сіло́, сіляць ‘нанізваць’ і далей з *sei‑ ‘плясці’, г. зн. прыняць першасную форму ⁺сіляга, дзе ‑яга‑ суфікс (з *‑ęga), а напісанне з ‑ега лічыць гіперкарэктным, але звязаць гэта з украінскімі і рускімі формамі цяжка. Гл. шылега.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тава́рыш ’друг, прыяцель, паплечнік, калега’, ’равеснік, аднагодак’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), това́рыш ’сябар’ (ТС), товарышо́к ’пры неафіцыйным звароце’ (Нар. Гом.), сюды ж карэляты ж. р. тава́рышка ’сяброўка, саўдзельніца’, ’спадарожніца’, ’равесніца, з якой таварышавала’ (Янк. 2), ’сяброўка, аднагодка’ (Касп., Растарг., Сл. ПЗБ, Жд. 2), товары́шка ’тс’ (ТС), таварышава́ць ’сябраваць, дружыць’ (ТСБМ, Сержп. Прымхі), таварышкава́ць ’тс’ (Сцяц.), товарышова́ць, товары́шыць ’тс’ (Нас., ТС), ст.-бел. товаришь ’прыяцель; супольнік’ (Альтбаўэр), товаришъ, това́рышъ, таваришъ, таварышъ, товарышка ’супольніца’, товаришити ’дружыць, быць у адной суполцы’ (Карскі 2–3, 277, 394). Укр. това́риш ’прыяцель, супольнік’, рус. това́рищ ’тс’, польск. towarzysz ’тс’, каш. towařëš, н.-луж. towariš ’тс’, в.-луж. towarš ’тс’, ст.-чэш. tovaryš, towařiš, чэш. tovaryš ’падмайстар’, ’супольнік’, славац. towariš, славен. towȃriš ’тс’. Адзінага меркавання адносна паходжання слова няма. Чарных (2, 247) выводзіць са стараж.-рус. товаръ (гл. тавар1) з, магчыма, старэйшым на ўсходнеславянскай глебе значэннем ’стан; вайсковы лагер’. Суфікс ‑išč‑ь замест *‑iš‑ь/*‑yš‑ь, які адзначаецца ў іншых славянскіх мовах і сярэднерускіх гаворках, можа, такім чынам, тлумачыцца ўплывам стараж.-рус. това́рище ’стан’ (паводле Сразнеўскага, найбольш ранняя фіксацыя пад 992 г.), паводле Карскага (2–3, 394), апошнія ў выніку спрашчэння. Часцей слав. *tovarišь або *tovoriščь лічыцца запазычаннем з цюркскіх моў, у якіх слова складаецца з дзвюх частак: тур., чагат. tavar ’маёмасць; скаціна; тавар’ і () ’сябар, таварыш’ (Фасмер, 4, 68; ЕСУМ, 5, 586; Борысь, 639).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарпа1 ’вялікая сцірта снапоў або саломы пад адкрытым небам’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Байк. і Некр.), ’куча снапоў, складзеная камлямі навонкі, а каласамі ў сярэдзіну’ (Варл.), ’застаронак у гумне’ (тураў., ЛА, 2), ’частка ў гумне, якая заложана адным відам збожжа’ (кругл., валож., ЛА, 5), ’прыстаронак, месца ў гумне паабапал току, дзе складваецца збожжа’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’сцірта, складзеная ў гумне паміж дзвюх супрацьлеглых сцен вузкай паласой; дах на слупах без сцен, дзе складалі сена’ (Касп.), торп ’сцірта снапоў у гумне’ (ТСБМ, Тур., Сцяшк.; ашм., Стан.), ’адгароджаная частка гумна, застаронак’ (Сл. ПЗБ), тарпі́на ’застаронак’ (гродз., Сл. ПЗБ), торпы́на ’сцірта (сена, саломы, збожжа)’ (стол., ЛА, 2), ст.-бел. торпъ ’тс’ і адзінка для вымярэння неабмалочанага збожжа’. Фіксуецца з 1539 г. і лічыцца запазычаннем з літ. tárpas (Буга, Rinkt. 2, 630; Булыка, Лекс. запазыч., 95; Лаўчутэ, Балтизмы, 34; Гутшміт, ZfSl, 19, 269), дзе развіццё значэння ад ’прамежак’ да ’застаронак’, гл. Анікін, Опыт, 288. Разглядаецца як балта-фрака-беларуская ізаглоса, параўн. фрак. tarpas, terpas ’зазор, прамежак’, гл. Санько, Бел. гіст. агляд, 14, 1–2, 329.

Тарпа2 ’торф’ (Сцяшк., Сл. Брэс., Янк. 2; дзятл., маст., брасл., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’тарфяное балота’ (брасл., Сл. ПЗБ), торпа́ ’торф, іл’ (жыт., Жыв. НС). Адаптаванае ў народнай мове торф (гл.; замена ф > п, канчатак ж. р. ‑а з-за фанетычна не ўласцівага канцавога спалучэння ‑рп, перанос націску на канцавы склад), гл. таксама торп2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тума́н ‘імгла, імжа; густое непразрыстае паветра’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Арх. Вяр., ТС, Сл. ПЗБ, Вруб.): туман — гэто пара, якая падымаецца з вады (Сержп. Прымхі), ‘тое, што перашкаджае добра бачыць, што засцілае зрок’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ); туман слі͡епіць (Сержп. Грам.), тума́нь ж. р. ‘імгла’ (стол., Нар. лекс., Сл. Брэс.), ту́ман: туманом худыты ‘хадзіць без мэты’ (брэсц., Ск. нар. мовы), тумано́к ‘невялікі туман’ (Кліх, Юрч. СНЛ), тума́нішча ‘густы туман’ (Мат. Гом.); тума́н ‘абман, чмута’ (Нас., Некр. і Байк.): tumán ŭ oczy puskáje (Федар. 4), ‘неадукаваны, цёмны чалавек’ (ТС), туман напусціць ‘адурманіць, падмануць’ (ТС). Укр. ту́ман, тума́н ‘імгла’ ‘дурань’, рус. тума́н ‘імгла’, ‘хмара’, польск. tuman ‘воблака пылу’, ‘тупы чалавек’, балг. туман ‘імгла’, ‘пыл’, радоп. дума́н ‘тс’. Запазычана з цюркскіх моў: чагат., казах., кірг., караім., узб. tuman, башк., крым.-тат. томан ‘імгла’, тур. duman ‘дым, туман’, ‘пыл’, якія выводзяцца з цюрк. tum(a) ‘завалакаць, засцілаць, ахутваць’. Крыніцай паўднёвацюркскіх форм з пачатковым д‑[d‑] з’яўляюцца, аднак, індаеўрапейскія мовы: авест. dunman ‘туман’, dvąnman‑ ‘хмарка’, перс. dūdmān ‘дым’, ‘куродым, сажа’ (Фасмер, 4, 119; ЕСУМ, 5, 674–675; Арол, 4, 116; Аткупшчыкоў, ЭИРЯ, 4, 141; Жураўлёў, Язык и миф, 830). Сюды ж тумане́ць ‘з’яўляцца (аб тумане)’ (Шат.), тума́ніць ‘падманваць, пускаць пыл у вочы; затуманьваць, чмуціць’ (Нас., Некр. і Байк.), ‘адурманьваць’ (Шат.), ‘засцілаць, закрываць сабой (пра пыл, дым)’, ‘завалакаць (вочы)’, ‘пазбаўляць здольнасці ясна разумець, успрымаць’, ‘блытаць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘курыць (самасад)’ (Юрч. СНЛ), ‘піць, баляваць дужа шчыра’ (Вушац. сл.), ‘ілгаць’ (гродз., ЖНС), туманіць вочы (галаву) ‘задурваць, падманваць’ (Юрч. Фраз.), тума́ніцца ‘губляць разважлівасць’ (Нас.), ‘угаворваць’ (свісл., Шатал.), ‘рабіцца няясным ад слёз у вачах’ (ТС), тума́ненне ‘падманванне’ (Юрч. Вытв.), ‘выпрошванне шляхам ліслівасці’, тума́нны ‘ілжывы, ліслівы’, тума́нка ‘ашуканка’, ‘дакучлівая просьбітка’, тума́ншчык ‘хлус’ (Нас.), тума́ннасць ‘густы туман’, ‘вялікая колькасць зорак у адным месцы далёка ад зямлі’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слон1 ‘буйная траваядная млекакормячая жывёліна з доўгім хобатам і двума біўнямі’ (ТСБМ, Ласт.), слонь (Байк. і Некр.). Укр. слон, слонь, рус. слон, стараж.-рус. слонъ, рус.-ц.-слав. слонь, польск., в.-луж. słoń, н.-луж. słon, чэш., славац. slon, славен. slȍn, серб.-харв. сло̏н, балг., макед. слон. Форма слонь у беларускай, таксама як і ва ўкраінскай (аб апошняй гл. Фасмер, 3, 674), з польскай. Слова спрэчнага паходжання. Старое тлумачэнне *slonъ ад *(pri)sloniti sę ‘прысланіцца, прыхіліцца’ заснавана на сярэднявечных уяўленнях, што слон не можа згінаць каленяў, а таму спіць, прысланіўшыся да дрэва, параўн. рус.-ц.-слав. егда хощетъ спати дубѣ ся въслонивъ спитъ (гл. Праабражэнскі, 2, 324; Брандт, РФВ, 24, 180 і наст.; Брукнер, 500; Младэнаў, 591), адхіляецца Фасмерам (там жа) і Кіпарскім (ВЯ, 1956, 5, 137) як народная этымалогія, таму што ў славян, як заўважае Фасмер, не было магчымасцей назіраць за звычкамі гэтай жывёліны. Па фанетычных і гісторыка-культурных прычынах найбольш прымальная версія аб запазычанні з цюркскіх моў, параўн. тур., карай., азерб., крым.-тат. aslan ‘леў’; літаратуру гл. Фасмер (там жа); аналагічна Сной₁ (581), Борысь (558). Да пераходу значэння параўн. верблюд, які ў канчатковым выніку ўзыходзіць да грэч. έλεφας ‘слон’ (гл. Кіпарскі, там жа), асец. dombaj ‘зубр’, якое ў сучасным ужыванні стала абазначаць ільва (Абаеў, ВЯ, 1958, 1, 121), а таксама семантычнае новаўтварэнне рус. пск. слон ‘лось’. Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 27) прапануе супастаўленне з тахар. kloŋ; Іванаў (Этимология–1975, 153 і наст.) лічыць гэтую форму прамежкавай паміж цэнтральнаеўразійскімі і сібірскімі формамі гэтага міграцыйнага тэрміна і параўноўвае славянскія словы з формамі тыпу кіт. *sẟaŋ, тыбец.-бірм. slaŋ ‘слон’, параўн. Глухак, 563. Гл. яшчэ Махэк₂ (556) — аб версіі Ошціра (Slavia, 6, 1 і наст.), што ўзнаўляе праформу *slop‑n‑ і роднасць з грэч. έλεφας, Р. скл. έλεφαντος. Да апошняй версіі параўн. Скок, 3, 286. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1304; ЕСУМ, 5, 307–308.

Слон2 ‘лаўка, услон’ (Нас., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк., Шатал., Ян., Скарбы), слонь ‘вялікае крэсла’ (Сцяшк. Сл.); памянш. сло́нец (Нас., Касп., Бяльк.), сло́нчык (Нас., Бяльк., Шатал., Скарбы), сло́нак (Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), слі́нчык, сло́нчык, слу́нчык (Сл. Брэс.). З аслон, услон (гл.) з адпадзеннем галоснага (пратэзы) або непасрэдна ад сланіць (гл.) як аддзеяслоўны назоўнік, параўн. слоніца ‘вялікая складаная рама на ўсю бакавую сценку хаты як аснова кроснаў’ (Серб.), рус. пск. слон ‘засланка ў печы’ і інш.

Слон3 ‘жэрдка, з якой робіцца ключні́к (тоўстая жардзіна з калочкам на канцы, якім яна вешалася на кладзь, выконваючы ролю кроквы ў страсе на сохах)’ (ельск., Нар. сл.). Да *sloniti (гл. восланкі, услон).

Слон4 ‘сланечнік’ (Касп., Жд. 2, Шатал.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), сло́нкі ‘семачкі сланечніку’ (чэрв., Жыв. сл.). Відаць, скарачэнне з сланечнік, сломачнік або з слонца2 ‘сланечнік’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)