Трыбушы́ць ‘патрашыць, вымаць вантробы з забітай жывёліны’ (ТСБМ, Байк. і Некр.; мёрск., Жыв. НС), ‘разварочваць, разрываць, даставаць усё, што знаходзіцца ў чым-небудзь’ (ТСБМ, Растарг.), ‘тармашыць, рабіць вобыск’ (там жа, ТС), ‘трэсці; разварочваць’: трыбушыць у сундуку (Юрч. СНЛ), турбу́шыць ‘тармасіць, тузаць’ (ТС), трыбушы́цца ‘знішчацца, развальвацца, рвацца’ (Юрч. Вытв.), трэбушы́ты ‘трэсці, калаціць’ (пін., Нар. лекс.), сюды ж трыбушэ́ннік ‘той, хто трасе, разбурае’ (Юрч. СНЛ). Укр. трибушити ‘рассыпаць, раструшваць’, ‘выдаляць вантробы з рыбы ці забітай жывёлы’, трибуши́тися ‘рассыпацца, раструшваць’, тельбуши́ти ‘раструшваць’, польск. trybuszyć ‘матлашыць; патрашыць забітага звера’, славен. trebúšiti ‘напружвацца, выпучваць жывот, пуза’, балг. търбу́ша, дыял. тербу́ша ‘вымаць вантробы’, макед. трбуши ‘патрашыць, распорваць жывот’. Да трыбу́х (гл.), утворана, як патрашы́ць ад потрахі́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стос1 ‘ворах, груд, штабель’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.), ‘груда, куча’ (Сл. ПЗБ), ‘груда, капец’ (ТС), ‘касцёр, куча лому’ (Сержп. Прымхі), ‘сажань дроў’ (Арх. Федар.); сюды ж, магчыма, сто́са ‘стайма’ (Сл. ПЗБ), стэ́сам ‘з імпэтам, вельмі шпарка’ (Варл.), сто́сам ‘гуртам’ (Сл. ПЗБ), у сто́сы ‘ў поўнае падпарадкаванне’ (Ян.). Праз польск. stos ‘удар’, ‘куча’ з с.-в.-ням. stoʒ, суч. Stoß ‘тс’. Гл. Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 100 з аглядам літры. Ст.-бел. стосъ, стусъ ‘стос, штабель, удар’ (XVI ст.) з той жа крыніцы, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 189. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 420. Для польскага слова мяркуецца чэшскае пасрэдніцтва, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 373–374. Гл. яшчэ стус.

Стос2 ‘слізь’ (рас., Шатал.). Значэнне вызначана недакладна, параўн.: чысьціла трыбух і стосу многа было. Відаць, гэта тое, што “счышчаецца”. Слова цьмянае. Да цяса́ць (гл.)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́за ’жывот, трыбух; чэрава’ (рас., чэрв., кір., ПА; Шат.; ашм., Стан.; Шымк. Собр.), púza ’тоўсты жывот’ (Варл.), пу́зо ’тс’ (ТС), пу́за ’жывот; губа, нарост; закругленне ляза на сякеры’ (добр., Мат. Гом.), сюды ж пузе́нь ’вялікі жывот’ (Ян.), пузинё, пузиня́ ’таўсцячок; птушаня, якое толькі што вылупілася’ (Нас.), пуза́тый ’які мае вялікі жывот’ (Нас.), пуза́тая ’цяжарная’ (Нас.; Жд. 1; Шымк. Собр., Мат. Гом.), пуза́ты ’з тоўстым жыватом’ (Шат., ТС), пуза́ч ’брухаты чалавек’ (Нас., Мат. Маг., Янк. 1, Мат. Гом., ТС), пузе́й ’тс’ (ТС, бяроз., Шатал.), пуза́цець ’станавіцца чараватым’ (Нас., Шат.), укр., рус. пу́зо ’жывот, чэрава’, польск. дыял. puzoусх.-слав.). Параўноўваюць з літ. pùžas ’круглы, пукаты; малы, але тоўсты’, таксама ’ёрш’ і ’вялікі чалавек з тоўстым чэравам’ (Буга, РФВ, 67, 243), ням. Bauch ’чэрава’ (Махэк, Recherches, 15) ці рус. пу́чить (Шанскі-Баброва, 261). Несумненная сувязь з пуздро́, пузы́р (гл.), так Фасмер, 3, 403; Бязлай, 3, 140 і інш. Да семантыкі параўн. Абаеў (Этимология–1984, 18), які дапускае “ідэафанічную” сугучнасць з асец. a‑buz‑yn ’уздувацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́лей (БРС, Грыг., Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ, Анох.), ву́ляй (чэрв., рагач., З нар. сл.), уле́й (віл., воран., З нар. сл.), вуль, уль (Касп., глыб., віл., слаўг., бялын., З нар. сл., палес., Анох., Нар. лекс.), укр. ву́лій, ву́лень, ву́лік, дыял. вуль (Лысенка, СПГ), ву́лий ’бочка для залення бялізны’, рус. у́лей, польск. ul, чэш. úl, славац. úľ, н.-луж. huľ ’вулей, выдзеўбаная калода’, палаб. väul, славен. úlj ’дуплістае дрэва, борць, вулей’, серб.-харв. уља̀ник ’вулей’, мн. л. у́љеви ’чарва’, макед. улиште ’вулей’, балг. у́лей, дыял. радоп. вулʼ ’дрэва з дуплом, драўляная труба для вады ў млыне, вулей’. Прасл. ulьjь, uljь ’дупло, пустая калода, вулей’; дакладны семантычны і словаўтваральны адпаведнік слав. uljьліт. aulỹs, лат. aũlis; паколькі такая форма ўспрымалася як зборны назоўнік, то для ўзмацнення адзінкавасці атрымала дадатковы фармант ulь‑jь; параўн. салаве́й (*solvь‑jь) (Мартынаў, Деривация, 56 і наст.); характэрна, што нарашчэнне атрымала таксама адпаведная літоўская форма avilỹs (Атрэмбскі, Gramatyka, 122). Іншыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. aulis ’галёнка’, aulinis ’халява’, грэч. αὐλός ’труба, дудка’, лац. alvus ’поласць жывата, трыбух’, alveus ’поласць, карыта, вулей’, што дазваляе рэканструяваць і.-е. *au‑lo‑s ’труба, падоўжная поласць’ (Фасмер, 4, 159; Брукнер, 593; Младэнаў, 651; Махэк₂, 668; Слаўскі, SP, 1, 80, 83 адносна суфікса ‑jь: «выступае ў функцыі фарманта, які пашырае розныя архаічныя словаўтваральныя катэгорыі, накладваючыся на першасныя ўтварэнні»). Беспадстаўна Булыка (Запазыч., 329) выводзіць ст.-бел. уль з польск. ul.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́льбухтрыбух’ (Сцяц.), ‘страўнік, начынены мясам’ (Мат. Гом.), ‘чэрава; страўнік у свінні’ (брэсц., ЛА, 1), ‘жывот, бруха; тоўсты чалавек’ (ТС); ‘вялікі жывот; чалавек з тоўстым жыватом’ (Мілк. Сл.). Сюды ж тэльба́та (гл.), тэльбухава́ты ‘трыбухаты’ (Сцяшк. Сл.), тэльбухова́тый ‘тс’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.; мазыр., З нар. сл.), телʼбуши́ти ‘трыбушыць’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. старое польск. дыял. telbuch ‘жывот’. Няясна. Звычайна разглядаецца як варыянт польск. terbuch ‘тс’ з чаргаваннем р/л (Сцяцко, БММ, 2, 209), якое было характэрна для польскай мовы, гл. Брукнер, 567; ЕСУМ, 5, 541, 627; Глухак, 637 і інш. У Брукнера telbuch ‘бруха’, terbuch, trybuch ‘тс’, trybuszyć ‘трыбушыць’ узводзіцца да праславянскага кораня і параўноўваецца з torba (гл. торба). Фасмер адмаўляе роднасць каранёў terb‑ і torb‑ (Фасмер, 4, 96), аднак не выключае сувязі з прасл. *kolbъ, што мае значэнне ‘круглы, выпуклы’, параўн. бел. ке́лбухі ‘кішкі, вантробы’ (гл.) пры коўб2 ‘свіны страўнік’, якое ў выніку замены к > т магло даць разглядаемую форму. Малаверагодна вывядзенне на аснове укр. дыял. телебу́х ‘вантробы жывёлы’, тельбо ‘вялікі жывот; чалавек з вялікім жыватом’ прасл. *tъlbo, *tъlbuch арэальна абмежаванай інавацыі, гл. Шульгач, Слов. етим., 454; адносна яе распаўсюджання гл. Сяткоўскі, Słow. nazwy, 218 (на мяжы Польшчы, Украіны і Беларусі). Няясныя адносіны да прыметніка чэш. tělpatý ‘тоўсты’, якое Махэк₂ (639) параўноўвае з рус. телепень, тельпень, тельпеш, гл. целяпень, цяльпеш. Хутчэй за ўсё, гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання, параўн. ід. telebenden ‘целяпацца, боўтацца’. Гл. таксама цельбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́нтух ’вялікі мяшок’ (Гарэц., Др.-Падб., Шн. 2, Інстр. 3), лантуг ’тс’ (Бяльк.), ланту́х ’аплецены з вяровак дарожны мех для сена каню’ (мядз., Нар. сл., Сл. паўн.-зах.), ла́нту́х ’жывот, бруха, пуза’, ’вантробы, унутранасці’, ’частка вантробаў’ (Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Юрч.; слонім., Нар. словатв.), драг. ’вялікі жывот’, глыб., паст., гродз., лельч. ’тоўсты, непаваротлівы, трыбухаты чалавек’, ’гультай’, ’неахайны’ (Сл. паўн.-зах., Нар. сл., З нар. сл., Нар. лекс., КЭС, лаг.), лантушок, лантухі, лынтухі, ланту́шша ’ўнутранасці’ (Нас., Яруш., Юрч., Бяльк.), лях. ’коўдра, посцілка’ (Янк. Мат., Сл. паўн.-зах.). Укр. лантух ’посцілка для ссыпання ў яе збожжа’, ’вялікі мех’, рус. дан., паўд.-рус. ’мешкавіна’, ’мех’, бран., смал. ’страўнік жывёл’. Паралелі заходнеславянскіх моў сведчаць пра тое, што кожнае запазычанне адбывалася самастойна: польск. łantuch ’ануча’ < wańtuch ’грубае палатно’ < ням. Wagentuch (Брукнер, 601; Слаўскі, 4, 464), чэш.славац.) lajntuch ’прасціна’ < ням. Leintuch (< Lein ’лён’ і Tuch ’сукно’ (Голуб-Ліер, 279). Рус. лантух, паводле Фасмера (2, 458), паходзіць з ням. Plantuch, Blahentuch (< Plane ’брызент’ ці Blahe ’парусіна’) або, магчыма, з ням. Leintuch ’палатно’. У бел. мове лантух (< ням. Leintuch) першапачаткова азначала ’коўдра, посцілка’. У посцілцы маглі насіць сена, засцілаць салому, на якой спалі, сядзелі на возе, пасля значэнне развіваецца ў напрамку: ’мяшок, у які напіхвалі сена, салому (сяннік)’ > ’мех, вялікі мех’, параўн. ст.-бел. вантухъ (Булыка, Лекс. запазыч., 153) > ’пяхцёр’, параўн. віл., рагач. рапту́х, рэптух (Сл. паўн.-зах.). Пазней шляхам пераносу значэння з’явіліся ’жывот, трыбух; унутранасці’ > ’гультай’. Чартко (Бел. лінгв. зб., 149) бел. лантух ’чалавек, жывёла з тоўстым жыватом’ выводзіць са ст.-бел. вантухъ ’тоўстая посцілка’, якое з с.-в.-ням. Wagen ’воз’, tuoch ’сукно’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калду́н1 ’вядзьмар, чараўнік’ (пух., КЭС; Мат. Гом., Сержп., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Сіг.; ганц., Сл. паўн.-зах.), калдунка ’вядзьмарка’ (барыс., Шатал.), калдуньнік ’вядзьмар’ (малар., Сіг.), калдуха ’чараўніца’ (рэч., Мат. Гом.; браг., Шатал.), сюды ж калдаваць (Сержп.), калдуваты, калдунство (Сіг.). Калдун ’гульня’ (гом., Мат. Гом.; гродз., Нар. словатв.), вет., маг. і рэч. калдун ’вядзьмар’. Зах.-палес. лексемы паводле фанетычнага крытэрыю лічыць спрадвечнымі нельга; Сержпутоўскі фіксуе гэта слова ў казках, аднак часцей ужываюцца лексемы ведзьмак і знахор, хоць, паводле іншых яго прац, на Случчыне і блізкай да яе тэрыторыі слова ўжываецца. Статус апошняга, як і наогул статус бел. слова, падазроны, аднак выключыць магчымасць захавання архаізма на поўдзень ад Мінска і на ўсх.-палес. тэрыторыі нельга. Паводле даных ЛАБМ (пытанне 3016), лексемы калдун, калдаваць і да т. п. адзначаюцца ў розных рэгіёнах Беларусі. Статус гэтых фіксацый (а іх нямала) не вельмі ясны, паколькі ў тых жа пунктах запісваюцца звычайна і больш пашыраныя знахар або чараўнік. Больш-менш кампактныя арэалы ўтвараюць гэтыя лексемы на поўначы і ўсходзе беларускай тэрыторыі. Шанскі (2, K, 196) прыводзіць як роднасныя серб.-харв. колдовати, славен. koldováti ’жабраваць’, што неверагодна, паколькі гэтыя словы разам з колдуш ’жабрак’ адносяцца да венг. koldus ’тс’. Параўн. тэрыторыю — славен., харв. (кайк., паўн.-чак.) і значэнне, якое супадае з венг. Меркаванне, быццам значэнне ’жабраваць’ утвараецца з ’жаліцца, плакаць’ < ’гаварыць’, нельга прыняць, паколькі венг. слова не запазычана з слав. моў, параўн. MESz, 2, 524. Адносна славен. і серб.-харв. слоў гл. яшчэ Скок, 2, 124; Безлай, 2, 55 (разглядаюцца як запазычаныя з венг. мовы). Такім чынам, слова як спрадвечнае надзейна можна кваліфікаваць толькі для рус. мовы, а бел. слова як магчымую бел.-рус. інавацыю. Пра запазычанне рус. лексемы з венг. мовы пісалі Міклашыч, 123; Бернекер, I, 544, што, як слушна адзначае Фасмер (2, 288), неверагодна — рус. слова шырока распаўсюджана і значэнне яго іншае. Даволі папулярнай з’яўляецца даўняя версія Ільінскага, РФВ, 62, 250 і наст., што роднаснымі да рус. з’яўляюцца літ. kalbà ’мова’, лат. kalada ’шум, спрэчка’, лац. calō, calāre ’выклікаць, склікаць’, грэч. χαλέω ’клікаць, заклікаць’, χέλαδος ’шум’; фармальныя цяжкасці (‑д‑ у рус. адпаведніку) відавочныя, апрача таго, вельмі няяснай з’яўляецца адсутнасць паралелей у іншых слав. мовах. Калі дапусціць, што слова ніякай сувязі з адзначанымі іншаславянскімі лексемамі не мае, бачыць у ім архаізм праславянскага перыяду малаверагодна. Версія аб інавацыі (рус.?, бел.-рус.?) здаецца таксама не вельмі імавернай. Семемы слова ў рус. гаворках (’вядзьмар’, ’махляр’, ’чалавек, які нешта бурчыць сабе пад нос’) як быццам адносяцца да ’вядзьмар’, а значэнне ’знахар’ не з’яўляецца першасным. Так, рус. кастрам. колдун ’у дзіцячай гульні палка, якая доўга застаецца пад вадой, калі яе кідаць канцом у ваду’, разан. колдовина, колдовица ’нарасць на дрэве’, ’горб’: «На спине видала какая колдовица, с голову ведь сидит у горбатого» (СРНГ, 14, 116). Такім чынам, першапачатковая семантыка слова калдун магла быць ’той, хто гадае з дапамогай нейкіх сакральных прадметаў’, ’чалавек з нейкімі фізічнымі недахопамі’ > ’чалавек, які знаецца з нячыстай сілай’, ’вядзьмар’). Магчыма, іменна так неабходна разумець бел. колдыга ’парода лесуна’ (Кірк.), якое можна суаднесці з калдыга ’кульгавы чалавек’. Сярод шэрагу іншых варыянтаў найбольш цікавым уяўляецца наступны. Апрача форм тыпу калдун у бел. мове ёсць і лексемы з ‑г‑, параўн. тураў. голдун і голдунка. Не выключана, што гэта звычайны позні звонкі дублет у гаворках, аднак можна думаць, што тут даўні варыянт лексемы. Ва ўсякім разе ў рус. мове зафіксаваны дэрыват ад галдеть галдун ’той, хто любіць крычаць’, ’хто любіць ужываць непрыстойныя выразы’. Паводле семантычнага крытэрыю такое меркаванне таксама здаецца не вельмі надзейным. Вярэніч (БЛ, 2, 1972, 72–73) гаворыць аб сувязі бел. каўтун ’Plica polonica, хвароба’ і калдаваць, калдун. Сапраўды, даволі пашыранай на бел. тэрыторыі з’яўляецца форма калдун ’хвароба каўтун’. Форма калдун ’каўтун’ у рус. гаворках, за выключэннем некаторай часткі смаленскай (уласна беларускіх), не сустракаецца. Больш імавернай з’яўляецца думка Вярэніча (там жа і БЛ, 10, 1976, 57), што калдун ’каўтун’ < калдун ’чараўнік’. Але і тут лінгвагеаграфія перашкаджае, паколькі колдун ’чараўнік’ няма падстаў лічыць праславянскім, у той час як карп. і каш. назвы адпаведнай хваробы, відавочна, з’яўляюцца старымі. Паводле вусн. паведамл. Мартынава, ‑ун‑ суфіксацыя магла разумецца як аналагічная да суфіксацыі ў ведун ’знахар’, што пры адпаведным збліжэнні семантыкі прывяло да ўтварэння новай лексемы. Наступная ірадыяцыя і шырокая яго экспансія ў гаворках для слова такога роду — цалкам натуральная (напрыклад, з фальклорам, у працэсе знахарскай практыкі і да т. п.). Што датычыць пэўных фармальных цяжкасцей (суадносіны назоўніка колдун і дзеяслова колдовать), можна спаслацца на яўна другасны паўдн.-слав. дзеяслоў koldovati пры запазычаным з венг. назоўніку (гл. вышэй). Тэарэтычна таксама нельга выключыць, што гэта ўтварэнне на базе дзеяслова колтати або колтити, для якога можна рэканструяваць значэнне ’боўтаць, чараваць ваду для сурокаў’, параўн. рус. вяц. колтень ’атрута або нагаворная вада для сурокаў’. Да формы слова параўн. пск., цвяр. колтовка ’жанчына, якая любіць пагаварыць’ (суадносіцца з колотовка, ад колотить), да фанетыкі рус. колдобина, колтобань, калдубань і інш. Такую структуру можна суаднесці з пск. колтать ’кульгаць’, што вяртае нас да версіі, разгледжанай вышэй (гл. семантычную паралель да калдыга ’лясун’). У рус. колтать ёсць значэнне ’балбатаць і да т. п.’, у прынцыпе такая семантыка дапускае развіццё магчымых сакральных значэнняў, аднак яўных доказаў няма. Пра магчымае запазычанне колдун неабходна згадаць версію, прапанаваную Карловічам, AfslPh, 5, 168, аб сувязі рус. слова з грэч. χαλδαῖος ’халдзей, маг, чараўнік’. Аднак недакладнасці такога тлумачэння відавочныя. Магчымая праформа калдей, калі дапусціць яшчэ і субстытуцыю суфікса, блізкая па форме да рус. слова. Апрача таго, нельга выключыць і пранікнення грэч. слова натуральным шляхам — з гаворкамі вандроўных гандляроў. Адзначым, што ў рус. мове пісьмовыя фіксацыі разглядаемай лексікі параўнальна познія: колдование (XVII і XVIII стст.), колдовати (XVII ст.), колдовство (XVII ст.), колдун (XVII ст.), колдуниха і колдуница ’тс’, колдунья (XVII ст.). Гістарычныя матэрыялы рус. мовы сведчаць аб нейкай функцыянальнай спецыфіцы калдуна («Колдование и иное ведовъство», «того человека ворожба ни колдование не иметь», «Ворожа и колдуя много…», «…с тем корением не может тебя никакой колдун или еретик никакою порчею испортити», «Ездит тот муж золот на своем золотом коне… а страстит под собою землю и воду и люди худые… ведуна и вещицу, колдуна и колдуниху», «Огради меня ризою своею от колдуна и колдуниц, от ведуна и от вещ(иц)…» (Срезн.), аднак больш дакладвай інфармацыі, якая б дапамагла вытлумачыць унутраную форму лексемы, у нас няма. У шэрагу іншых фактаў гэты доказ становіцца аргументам супраць спробы аўтараў рус. этымалагічнага слоўніка (Шанскі, 2, К, 196–197) рэканструяваць праформу *koldъ ’чараўнік, чалавек, які замаўляе’, ’гаварун, чалавек, які гаворыць’, якая далей разглядаецца ў межах прапановы Ільінскага.

Калду́н2 ’Plica polonica, спецыфічная хвароба, якую раней лячылі праз запушчэнне каўтуна’ (Сцяшк.), калдуны ’пра заблытаныя, скудлачаныя валасы’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2), калдункі ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (карэліц., Шатал.), сюды ж калдунаваты, калдуніцца, калдуніць ’блытаць, кудлачыць (пра валасы, шэрсць і пад.)’ (БРС, ТСБМ). Рус. колдун ’злямчаныя валасы; каўтун’ (смал., з новых запісаў 1973 г.), колдунить ’блытаць, заблытваць (пра валасы, пражу), чэш. мар. koldún, choldún ’каўтун’, ’ламота і да т. п.’ Чэш. форма з koltún, якое, як і чэш. koltoun, з польск. kołtun (Махэк₂, 271). Махэк не тлумачыць форму з ‑д‑, аднак відавочна, што гэта азванчэнне ўзнікла ўжо на мараўскай глебе. Рус. прыклад з’яўляецца дублетам бел. слова. Такім чынам, арэал распаўсюджання лексемы абмежаваны беларускай тэрыторыяй. Гэта можна разумець і як звонкі дублет да каўтун (< колтун), а можна і інтэрпрэтаваць услед за Вярэнічам, БЛ, 2, 1972, 72–73; БЛ, 10, 1976, 57, як прамое ўказанне на сувязь з колдовать, колдун.

Калду́н3 ’варэнік з мясам або з грыбамі’ (Сцяшк., Яруш.), ’бульбянік’ (Мат. Гом.), калдуны ’клёцкі, начыненыя мясным або іншым фаршам’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Грыг.; мінск., Шпіл.). Апрача бел. мовы слова ведаюць у рус. гаворках, статус іх, аднак, няясны. Паводле Даля (III выд.), рус. колдуны ’варэнікі з начынкай з рубленага мяса’ заходняе (беларускае). СРНГ падае раз. колдуны ’смажаныя піражкі’, свярдл., с.-урал. ’варэнікі’. Колтуны ’род варэнікаў, якія вараць, а пасля падсмажваюць’ таксама заходняе (Даль), як і ковтуны ’тс’. У польск. гаворках kołdun — ’разнавіднасць піражка, фаршыраванага сырым мясам’, літ. koldūnai ’тс’, запазычанне з бел. мовы або польск. перыферыйнага дыялекта. Польск. слова або пашырана ў перыферыйным дыялекце («крэсавая» інавацыя), або запазычана з бел. мовы. Бел. слова ў такім выпадку інавацыя на базе ўкр. кавдун ’бруха’, польск. kałdun ’бруха, вантробы’, в.-луж. kałdona, khaldona, kalduny, kałdony, н.-луж. kałduna, kołduny, дыял. kałdyna, kałdyny ’вантробы’, чэш. kaldoun, kaltoun, ст.-чэш. kaltunтрыбух’, магчыма, першапачаткова ’адвараныя трыбухі’ → ’варэнікі, піражкі з трыбухой’ → ’варэнікі з мясам’. Зах.-слав. лексіка запазычана з ням. мовы, параўн. с.-в.-ням., с.-ням. kaldūne (з XIV ст.), ням. Kaldaunen ’ядомыя вантробы, трыбухі’, якое з с.-лац. caldūna, нар. лац. крыніца *caldumen ’цёплыя яшчэ вантробы забітых жывёл’, якое да лац. calidus ’цёплы’. Параўн. з шматлікай літаратуры Слаўскі, 2, 35; Махэк₂, 236. Бел. калдун ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.), калдун, калдуны ’галушкі з мясам’ у гаворках і на захадзе, і на ўсходзе, што ў большай меры нагадвае бел. інавацыю. Гом. калдун ’бульбянік’ — далейшае развіццё семантыкі беларускага слова.

Калду́н4 ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.). Іншыя фіксацыі адсутнічаюць, аднак не выключана, што слова ведаюць больш шырока. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю запазычана з польск. перыферыйнага дыялекту, дзе kałdun ’страўнік, вантробы, бруха і да т. п.’ Пра этымалогію гл. падрабязней калдун3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)