Тэміе́жнік ‘прыгнятальнік’ (Сл. ПЗБ), тэміе́жыті ‘знішчаць, высякаць’ (там жа), ст.-бел. тямяжити ‘прыгнятаць’ (1598 г., ГСБМ). З польск. ciemiężca ‘тс’ з падляшскай фанетыкай і заменай арыгінальнага суфікса на рэгулярны для беларускай мовы суфікс ‑нік са значэннем ‘асоба мужчынскага полу па роду дзейнасці ці па схільнасці да чаго-небудзь’ або ўтвораны непасрэдна ад запазычанага дзеяслова. З польск. ciemiężyć ‘прыгнятаць, прыціскаць’, што да прасл. *temati ‘прыціскаць, душыць’ (Борысь, 80), гл. тамі́ць. ЕСУМ (5, 544) для адпаведнага запазычанага ўкр. темя́жити дапускае сувязь з тімʼя ‘цемя’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мане́ж ’памяшканне або месца для коннага прывода малатарні, ваўначоскі і да т. п., ’месца верхавой язды’, ’арэна цырка’, ’пераносная загародка для дзяцей, якія пачынаюць хадзіць’, ’поле, дзе абучаюцца вайскоўцы’ (ТСБМ, П. С., Хрэст. дыял., Сцяшк., Смул., Шат., Сцяц.; дзярж., ганц., ДАБМ, к. 238). Запазычана з польск. maneż, якое з франц. manège < італ. maneggio ’кіраванне коньмі’ < італ. mano < лац. manus ’рука’ (SWO, 450; Голуб-Ліер, 301). Рус. мане́ж ’тс’ таксама з франц. мовы самастойным шляхам (Фасмер, 2, 568). Сюды ж мане́жыць ’аб’яжджаць каня паводле правіл манежнай язды’, ’мучыць, таміць’ (ТСБМ, Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стакані́цца ‘клапаціцца, даглядаць’ (свісл., лід., беласт., гарад., воран., ваўк., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Сцяцко Сл., ЛА, 1), ‘стаміцца’ (лях., Сл. ПЗБ), стоконы́тысь ‘клапаціцца’ (драг., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), стоконі́ціса ‘турбавацца, клапаціцца’ (івац., Нар. сл.), стоконы́тысь ‘прыгожа ўбірацца, адзявацца’ (брэсц., ЛА, 1), стакана́ ‘клопат, турботы’ (свісл., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл., Сцяцко Сл.), стакано́та ‘мітусня’ (лід., Сл. ПЗБ), сто́кон ‘клопат, турботы, цяганіна’ (івац., Нар. сл.). Ізаляванае слова; славянскіх адпаведнікаў няма; рус. разм. устака́ниться ‘супакоіцца’ не падыходзіць па значэнні. Улічваючы лінгвагеаграфію, можна думаць аб запазычанні з літ. stekénti (‑ẽna, ‑ẽno) ‘мучыць, таміць, мардаваць’ з адваротнай семантыкай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ну́дзіць ’прымушаць’ (Гарэц.), ’прымушаць; сумаваць; муціць’ (Нас.), ’цягнуць на ваніты, ныць’ (ТС), ’муціць; ныць, балець’ (Сл. ПЗБ), ’муціць, называць на ванітаванне’ (Бяльк.), ’занядбаць цела; цягнуць на ваніты’ (Нік. Очерки), нудзіць ’цягнуць на ваніты’ (Касп., Шат.), ну́дыты ’цягнуць на ваніты; сумаваць, маркоціць’ (Клім.), ну́дзяць ’сумаваць, маркоціцца’ (Чэрн.), укр. ну́дити ’мучыць, таміць; прымушаць; наводзіць сум; цягнуць на ваніты’, рус. нуди́ть ’прымушаць; турбаваць; мучыць; сумаваць; цягнуць на ваніты’, польск. nudzić ’не весяліць; ныць; марудзіць; маркоціць; муціць’, чэш. nuditi ’наводзіць нуду, маркоту’, славац. nudiť ’тс’, славен. nuditi ’прымушаць, прапанаваць, даваць’, серб.-харв. ну̏дити ’прапанаваць; частаваць’, макед. нуди ’тс’, балг. нудя ’прымушаць’. Прасл. *nuditi, паводле Махэка₂ (402), мела першапачатковае значэнне ’рабіць націск, прымушаць, прыгнятаць’; параўн. таксама Фасмер, 3, 88 (*nuditi < *nuda); Бязлай, 2, 229; Слаўскі, SOr, 18, 265; Жураўлёў, Этимология–1967, 112.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́дзіць ‘стамляць, натруджваць рукі, прычыняць боль’ (ТСБМ, Гарэц.), трудзі́ць ‘мучыць, стамляць, турбаваць’ (Ласт.; докш., Бел. дыял. 2), ‘нудзіць, цягнуць на ваніты’ (Брасл. сл.), трудзі́цца ‘цяжка працаваць; пакутаваць’ (Сл. ПЗБ, ТС), ‘мучыцца’ (Гарэц., Бяльк., Барад.), ‘цярпець боль, пакутаваць’ (Варл.), ‘пакутаваць, цяжка хварэць’ (Пан.), ст.-бел. трудити ‘абцяжарваць, таміць’, ‘гнясці, прыносіць боль’, трудитися ‘знемагаць ад працы’, ‘мучыцца’, ‘турбавацца’ (ГСБМ), трудитися под солнцемъ ‘працаваць, пекліцца, гадаваць’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. труди́ти ‘стамляць, турбаваць, непакоіць’, рус. труди́ть ‘прыгнятаць, стамляць, мучыць работай; непакоіць; муляць’, польск. trudzić ‘турбаваць, непакоіць, абцяжарваць’, кашуб. truʒëc ‘турбаваць’, чэш. trudit ‘засмучаць, прыгнятаць, мучыць, прымушаць’, серб. тру́дити ‘абцяжарваць, турбаваць’, дыял. ‘раз’ятрываць (рану)’, харв. trúditi ‘ператамляць (частку цела)’, балг. тру́дя се ‘працаваць; імкнуцца’, макед. труди се ‘працаваць, прыкладаць намаганні, старацца’, ст.-слав. троудити ‘турбаваць, непакоіць; пераадольваць, прыкладаць намаганні, цярпець’, троудити сѧ ‘стамляцца, знемагаць’. Прасл. *truditi ‘змушаць да цяжкай працы, напружваць, турбаваць’, дэнамінатыўнае ўтварэнне ад прасл. *trudъ (Борысь, 644), гл. труд1. Сюды ж трудзя́шчы ‘працавіты’ (Жд. 1, ТС, Ян., Сцяшк. Сл.), трудʼа́шчы ‘тс’ (Вруб.) — “неаславянізм” з шырока распаўсюджаным у народнай мове суфіксам (гл. Цыхун, Выбр. пр., 286), трудзя́га ‘працаўнік’ (Мат. Гом., Юрч.) з суф. ‑яга “з экспрэсіяй спачування, захаплення, ці, наадварот, асуджэння” (Сцяцко, Афікс, наз., 130), трудлі́вы, трудзя́ка ‘тс’ (Ян.), трудзі́мы ‘тс’ (ТС), трудалюбі́мы ‘тс’ (Ян.) з рэдкай суфіксацыяй (гл. любім), магчыма, адаптаванае рус. трудолюбивый ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тамі́цца, тамлюся, томішся, томіцца; незак.

1. Заморвацца, прыставаць ад цяжкай, непасільнай працы. Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. Бацька з маткай на рабоце не томяцца, калі з дзетак сваіх цешацца. Прыказка. / Пра рукі, ногі і інш. Пэўны час Максім глядзіць у акно, але томяцца вочы, і ён пачынае пазіраць на пасажыраў. Мікуліч.

2. Мучыцца, пакутаваць, будучы пазбаўленым свабоды. Таміцца ў турме. □ Вякамі таміліся народы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі пад панскім гнётам. Купала. Пры мястэчку па-над Сожам У фашысцкім гарнізоне За калючай агароджай Люд таміўся ў палоне. Кірэенка. // Тужыць, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. І з таго часу ад Настулі І з дому вестак не было — І ўсё там здарыцца магло, і ён [Дзяжа] за іх таміцца мусіў. Колас. Ці ж ёй [Ганне] так і марнець адной, таміцца невядомасцю, гадаць па зорках, што там з Васілём? Мележ. // Знемагаць. Там, ля камбайна, прымасцілася з восем старых жанчын. Зыркае ранішняе сонца сляпіла ім вочы, і яны таміліся ў чаканні. Хадановіч. / Пра прыроду. Усё тамілася і млела ў гэтай ласкавай веснавой цеплыні. Лобан. Гарачы поўдзень таміўся ў цішы сцен фермы. Ракітны. Зямля тамілася, а ноч над ёй спявала. Панчанка.

3. Спец. Вытрымлівацца пры пэўных умовах для набыцця неабходных якасцей. На доле ў кучы тамілася сырая гліна. Скрыган.

4. Зал. да таміць (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Труд1 ‘праца’ (неалагізм, Юрч. Сін.), ‘цяжкая праца’ (в.-дзв., шальч., люб., паст., ашм., Сл. ПЗБ), ‘праца, работа’ (Вруб.), ‘вялікі ўчынак’ (Некр. і Байк.), ‘пакуты, цярпенне, цяжкасці’ (Варл.; маладз., Янк. Мат.), труда́ ‘цяжкае становішча, цяжкасць, мука’ (Бяльк.), труды́ ‘вялікія намаганні’ (Юрч. СНЛ), ‘мітрэнгі, цяжкасці, перажыванні’ (Барад.), ‘турботы, клопаты, намаганні’ (Скарбы), ‘пакута, цяжкасць’ (Сцяц.), ‘мука, нясцерпны боль’ (Гарэц.; шальч., мядз., Сл. ПЗБ), ‘цяжкая хвароба, вялікія мукі’ (Пан.), тру́дзіць ‘стамляць, натруджваць да болю працай, хадой і да т. пад.’ (ТСБМ, ТС), ‘таміць, турбаваць’ (Ласт.), трудзі́цца ‘працаваць’ (мёрск., Нар. лекс., ТС), ‘цяжка працаваць’ (в.-дзв., брасл., чэрв., Сл. ПЗБ), ‘мучыцца, пакутаваць’ (Гарэц., Бяльк., Пан.; брасл., глыб., Сл. ПЗБ), ‘вельмі мучыцца ад фізічнага болю’ (Юрч. Сін.), ‘недаядаць’ (в.-дзв.), ‘вяліць, рыхтаваць тытунь для курэння’; ‘брадзіць (пра раствор)’ (паст., віл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трудъ ‘работа, напружанне фізічных і разумовых сіл’, ‘вынік працы’, ‘пакута, цяжкасць’ (ГСБМ), ‘праца’, ‘стомленасць’, ‘бяда’, ‘праклён’ (Альтбаўэр), трудититаміць работай’, ‘турбаваць, гнясці’, трудитися ‘цяжка працаваць’, ‘клапаціцца, турбавацца’, ‘пакутаваць, мучыцца’ (ГСБМ). Укр. труд ‘праца, работа’, рус. труд ‘цяжкая працяглая хвароба’, стараж.-рус. трудъ ‘запал, стараннасць’, ‘праца’, ‘клопат’, ‘пакуты’; ‘хвароба’, ‘гора, скруха, смутак’, польск. trud ‘цяжкая праца, вялікія намаганні’, ‘утома, змора’, ст.-польск. trud ‘мука, пакута’, ‘страта сіл’, каш. trud ‘намаганне, напружанне’, чэш. trud ‘напружанне, цяжкасць’, ‘клопат’, ст.-чэш. ‘тс’, ‘катаржная праца’, ‘пакута, мука’, ‘мучэнне’; славац. trud ‘сум’, ‘цяжкая праца’ (у апошнім значэнні запазычана з рускай мовы, гл. Махэк₂, 654), славен. trûd ‘праца, стараннасць’, харв. trûd, серб. труд ‘праца, намаганне, старанне’, макед. труд ‘тс’, ‘праца (дзейнасць)’, ‘праца (твор)’, балг. ‘праца, намаганне, вынік працы’, ст.-слав. троудъ ‘пакуты, мука, намаганні’, ‘барацьба’. Прасл. *trudъ ‘намаганне, цяжкая праца’ — роднаснае літ. triū̃sas ‘праца, клопаты’, triū̃sti ‘рабіць карпатлівую працу’, ‘завіхацца каля дома, па гаспадарцы’, лат. traûds ‘крохкі’, с.-в.-ням. drôʒ ‘цяжар, груз, бярэмя’, ‘прыкрасць, непрыемнасць’, лац. trūdere ‘ўдараць, піхаць, прымушаючы гнаць, штурхаць’, ірл. trot (< *trudno‑) ‘спрэчка’, што да і.-е. *tr‑eu̯‑d‑ ‘церці, расціраць, мяць, ціснуць’ < *ter‑/*tr‑ ‘церці’. Мяркуецца, што пачатковым значэннем у прасл. trudъ было ‘цяжкая ноша, цяжар’ (Фасмер, 4, 107–108; Брукнер, 575; Махэк₂, 654; Скок, 3, 514; Чарных, 2, 266; Сной₂, 789; ЕСУМ, 5, 654–655). Сюды ж вытворныя трудавы́ ‘які вымагае працы’, ‘зароблены працай’ (Нас.), трудава́ць ‘турбаваць, непакоіць’ (Нас.), ‘цяжка раджаць, мучыцца пры родах’ (ігн., Сл. ПЗБ), трудові́к ‘працаўнік’ (столін., Нар. лекс., Сл. Брэс.), трудлі́вы ‘тс’ (Ян.), трудаві́ты ‘тс’ (іўеў., Сл. ПЗБ), трудава́нне ‘намаганне’, ‘цярпенне пры хваробе’ (Нас.).

Труд2, трут ‘сып, высыпка’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Рэг. сл. Віц.), труд ‘адзёр’ (Арх. Вяр.), ‘благая хвароба, праказа’ (Варл.), трут ‘прышч’ (Сцяшк. Сл.). ст.-бел. трудъ, трондъ ‘праказа’ (XV ст., апошняе — з польск.), трудоватый ‘хворы на праказу, пракажоны’ (ГСБМ). Параўн. рус. смал. труд: водный труд ‘вадзянка’, стараж.-рус. трудъ ‘немач, хвароба’, польск. trǫd ‘праказа; працяглая заразная хвароба’, ст.-польск. trędowacina ‘кароста, высыпка на целе’, в.-луж. trudownik ‘залозніца, Scrophularia L.’, чэш. trud ‘вугор, прышч’, славен. trôd/trôt ‘колікі, калаццё’, харв. чак. trûdi ‘гемарой’, серб. тру̂д ‘розныя хваробы’, макед. дыял. тръ́дои ‘гемарой’, ст.-слав. трѫдъ ‘крывавы панос’. Прасл. *trǫdъ ‘нейкая скураная хвароба’, роднаснае літ. trandìs ‘караед’, ‘моль’, ‘гнілізна, спарахнелае дрэва’, trandė́ti ‘быць паточаным моллю, чарвяком’, trendė́ti ‘псавацца’, лат. trenêt ‘псавацца, гніць’, ст.-інд. tr̥nátti ‘расколвае, прадзірае’, ст.-грэч. τερηδών ‘шашаль, дрэваед’, уэл. trwyddo ‘вярцець’ < і.-е. *tre(n)d‑ < *ter‑ ‘церці’ (Фасмер, 3, 110; Махэк₂, 654; Голуб-Копечны, 391; Брукнер, 575; Булыка, Запазыч., 326; Скок, 3, 514–515). Борысь (641) мяркуе, што першасным значэннем прасл. *trou̯dъ было ‘нешта спарахнелае, сатлелае, сточанае шашалем’, у сувязі з чым гл. трут. Гарачава (Этимология–1980, 110) следам за Брукнерам (577) і Скокам (3, 515) *trudъ і *trǫdъ лічыць фанетычнымі дублетамі, параўн. тыпалагічна блізкія лац. laborare ‘цярпець, пакутаваць’ і ‘працаваць’. Гл. таксама K. R. Grinda «Arbeit» und «Mühe». Untersuchungen zur Beteutungsgeschichte altenglischer Wörter, München 1975, што, відаць, сведчыць пра ўніверсальны характар семантычнага развіцця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)