наро́д, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑а. Насельніцтва якой‑н. краіны, дзяржавы. Народ Савецкай краіны. □ І сэрцы, і воля, І думы народа Злучыліся ў плыні адной, Як хвалі патокаў, Як шумныя воды, Дзе сонца гуляе вясной. Колас. Іду з маім народам я, Вядзе мяне дарога проста. Краіна родная мая, — Вялікія тваім мы ростам. Бялевіч.

2. ‑а. Нацыя, нацыянальнасць, народнасць. Непарушны саюз народаў. Братняя дружба народаў. □ Нямецкі народ, да цябе маё слова — Вайне сваё «не» ты скажы. Бачыла.

3. ‑а; толькі адз. Асноўная, працоўная маса насельніцтва. Працоўны народ. □ Ідзе народ сярпа, касы, станка і молата. Таўлай. // У гістарычным матэрыялізме — сацыяльная супольнасць, якая ўключае ў сябе тыя слаі і класы, якія здольны ўдзельнічаць у вырашэнні задач прагрэсіўнага развіцця грамадства.

4. ‑у; толькі адз. Людзі. Сабралася шмат народу. □ Народ з пакункамі валіў з вакзала. Чорны. Народу ў клубе ўсё прыбывала. Шахавец. // Разм. Пра групу людзей, якія маюць нейкія агульныя, аднолькавыя рысы. Хлапчукі — народ спрытны. □ [Тата:] — Тут, у школе, народ вучоны, займаецца сур’ёзнай справай. Брыль. Бацькі — нецярплівы народ! Грамовіч.

•••

Савецкі народ — новая сацыяльная і інтэрнацыянальная супольнасць людзей, якая ўзнікла ў СССР за гады сацыялістычнай будаўніцтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нарог ’лямеш, сашнік’ (Нас., Чач., Шн., Гарэц., Яруш., Тарн., Сл. ПЗБ); паводле Насовіча, назва ужывалася ў Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай і Мінскай губ.; згодна з ДАБМ, у паўночна-заходняй зоне беларускіх гаворак; за межамі гэтага арэала вядомы на Беласточчыне naroχ ’тс’ (Смул.) і ўсх.-палес. naroh ’жалезны наканечнік рагаціны’ (Маш.); ст.-бел. нарогъ ’сашнік’ (Гарб.), польск. дыял. і ст.-польск. naróg ’жалезны зуб у сахі’. Празрыстая назва (на + рог) акрэслівае этналінгвістычную супольнасць, якая характарызуецца пэўным культурна-моўным адзінствам, у прыватнасці тыпам т. зв. літоўскай сахі (гл. Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў. Мн., 1974, 17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

асяро́ддзе, ‑я, н.

1. Сукупнасць прыродных або сацыяльных умоў, у якіх працякае жыццядзейнасць якога‑н. арганізма. Геаграфічнае асяроддзе. Сацыяльнае асяроддзе. □ З поля зроку савецкіх вучоных не павінны выпадаць праблемы навакольнага асяроддзя і народанасельніцтва, якія абвастрыліся за апошні час. Брэжнеў. // Сацыяльна-бытавыя абставіны, у якіх працякае жыццё чалавека. Мяшчанскае асяроддзе. // Супольнасць людзей, якія звязаны агульнасцю сацыяльна-бытавых умоў існавання, агульнасцю прафесіі, заняткаў і пад. Рабочае асяроддзе. Паэтычнае асяроддзе. □ Трапіўшы ў асяроддзе людзей, блізкіх яму,.. [Аляксей] ужо не мог прапусціць ні аднаго канцэрта. Вітка.

2. Спец. Рэчывы, целы, якія запаўняюць якую‑н. прастору і маюць пэўныя якасці. Воднае асяроддзе. Бескіслароднае асяроддзе. Пажыўнае асяроддзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пу́блікасупольнасць людзей, сабраных у пэўным месцы’ (ТСБМ), ст.-бел. публика ’публічнасць’ (1687). Запазычана праз польск. publika ’вялікі з’езд, публічны сход; грамадскасць’, першапачаткова ’агульны або дзяржаўны інтарэс’ (XVI–XVII стст.), што ўзыходзіць да лац. (res)publica, літаральна ’агульная справа’, гл. рэспубліка (ад лац. pūblicus ’народны, дзяржаўны, грамадскі’, скарочаны варыянт ад незафіксаванага *populicus < populus ’тлум, люд, народ’, гл. Банькоўскі, 2, 961, даслоўным перакладам якога было рэч паспалітая, адсюль паспо́льства ’грамадскасць, грамадства’. Розныя дэрываты, большасць з якіх запазычана з польскай і рускай моў, а таксама непасрэдна з лацінскай мовы (параўн. яшчэ ст.-бел. публикация, публиковати, публичный, Булыка, Лекс. запазыч., 33), распаўсюдзіліся пад уплывам франц. publik, publique (з XIII ст.) ’яўны, адкрыты, даступны ўсім’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наро́д ’народ, людзі, нацыя’ (Яруш., Бяльк., ТСБМ, Сл. ПЗБ), укр. народ, рус. народ, польск. naród, чэш., славац. naród, в.-, н.-луж. naród, славен. naród, серб.-харв. на́род, балг. наро́д, макед. народ. Прасл. *narodъ, аддзеяслоўны назоўнік (< *na‑roditi) першапачаткова з шырокім спектрам значэнняў, параўн. ст.-слав. народъ ’нараджэнне, паходжанне, парода’, а таксама ’народжаныя, нашчадкі, род’: народъ людии, народъ оученикъ, ст.-бел. народоу людско (XVI ст.), што магло адносіцца і да іншых жывых істот, параўн. чэш. národ rybí і пад.; пазней значэнне звузілася да ’людзі; пэўная супольнасць людзей’ (Махэк₂, 389; Шустар-Шэўц, 13, 991; Фасмер, 3, 45; Бязлай, 2, 214–215; Дегцяроў, Этимология–1974, 90; ESSJ SG, 1, 121). Значэнне ’нацыя’ ўзнікла на базе ’мноства, тлум’, ’насельніцтва краіны’ ва ўсходніх славян толькі ў XVIII–XIX стст. (гл. Ларын, Ист. рус. яз., 25). Гл. род.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)