Астрамок ’невялікі воз (сена)’ (Гарэц., Касп.), астро́мак ’невялікі воз сена, ахапак сена’ (Нас., Гарэц.). Рус. дыял. остро́мок, острё́мок, остра́мок ’тс’, остра́мок доўгі шост у стагу сена’, укр. острямок, настрямок ’невялікі воз сена’, ст.-рус. острамок ’ахапак сена’ (1537). Параўн. настра́мак, стромак ’невялікі воз сена’ (Нас.). Фасмер (3, 166) звязвае з чэш. strom ’ствол, дрэва’, лічыць, што астромак ’сена вакол «строма», г. зн. шаста’. Таксама Безлай, Eseji, 118. Праабражэнскі, 2, 396: да стромкі ’такі, што імкнецца ўверх’, — г. зн. да стремиться. Сувязь з стромка адзначаў ужо Насовіч. Параўн. яшчэ дыял. настраміць ’накалоць’, укр. (у)стромити ’ўваткнуць, усунуць’. Выклікае цяжкасці тлумачэнне розных галосных пад націскам. Няясна. Гл. стромка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́тны ’круты, стромкі, адхоністы’ (Варл., Сцяшк., Ласт., Мат. Гом.), ’хуткі, праворны’ (Нас., Бяльк.), ’упарты, непаслушны’ (Ласт.), сюды ж пры́тна ’хутка, жвава’ (Нас.), ’моцна, шчыльна; тэрмінова; старанна, уседліва; вельмі неабходна’ (Нас., Юрч., Сцяшк., Жд. 3, ЛА, 5), прытно́м ’непасрэдна, адзін за адным, запар’ (ТСБМ, Касп., Стан.; беласт., Бел.-польск. ізал.), ’вельмі часта’ (Янк. 1; ст.-дар., Жыв. НС), пры́тнястрома, круча’, пры́цінь, пры́ціня ’тс’: у сам пры́цінь сонца (пра сонца ў зеніце) (Ласт.), прыці́н ’зеніт’ (Стан.). Відаць, утварэнне з ‑n‑ суфіксацыяй: *prytъnъ(jь) або *pritьnъ(jь), што да *prъtiti, гл. пры́ткі, пры́тыць. Магчымы ўплыў іншых асноў, параўн. рус. дыял. при́тмом ’раптоўна, хутка’, якое Люканен (Восточнослав., I, 119) узводзіць да прасл. *pritь‑mo ад *pri‑tęti (< *tęti ’рэзаць’, гл. цяць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стром ‘спілаванае завіслае дрэва’, ‘схіл страхі’, ‘куча галля’ (ТС), ‘прыстасаванне для лазення на дрэва’ (ЛА, 1), ‘строп страхі’ (узд., ЛА, 5), стро́ма ‘дах’ (Шушк., Сл. Брэс.), ‘круты схіл, абрыў’ (ТСБМ, Гарэц.), страмо́віна ‘выварочанае з коранем дрэва’ (Нар. Гом.). Укр. дыял. стром ‘фруктовае дрэва’, ‘круча’, стрім ‘схіл; тое, што тырчыць угору’, рус. стро́мы ‘кроквы; поручні’, польск. дыял. strom ‘дрэва; фруктовае дрэва’ (ведаць, з чэш., славац.Борысь, 580), чэш., славац. strom ‘дрэва’, старое н.-луж. strom ‘дрэва’, старое серб. стром, харв. strum ‘ствол дрэва’, славен. strȍm ‘тс’, ‘страха над загарадкай для авец’. Прасл. *stromъ ‘тое, што ўзносіцца ўгару, стаіць вертыкальна’, адпрыметнікавы назоўнік ад прым. *stromъ ‘стромкі, круты’ (Борысь, 580) ці паралельны да прыметніка аддзеяслоўны назоўнік ад *strьměti ‘тырчаць, выдавацца’ (Борысь, Etymologie, 181); гл. яшчэ Фасмер, 3, 781 з аглядам літ-ры. Бязлай (3, 332) праславянскае слова лічыць першасным nomen agentis ад дзеяслова *strēmti > прасл. *stręti, *stręnǫ, параўн. застра́ць ‘застрагнуць у праходзе, захраснуць’ (Нас.). Сюды ж строме́ц ‘козлы, якія прыціскаюць салому на вільчыку’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стро́мкі ‘круты, абрывісты’, ‘роўны, высокі, стройны’ (ТСБМ, Ласт.), ‘роўны і высокі’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘абрывісты’ (Касп.), ‘тонкі, высокі, стройны’ (Бяльк., Нар. Гом.), ‘круты (аб страсе)’ (Варл., Сл. ПЗБ), стро́мы ‘вельмі круты; круты, стромкі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), стро́мкі ‘круты; высокі і тонкі’ (ТС), стро́мка ‘тонка і высока, стройна’ (Гарэц.), стро́мкость ‘круцізна’, стромчы́на ‘тс’ (ТС). Укр. стрімкий ‘круты, абрывісты’, стромый ‘тс’, рус. стромкий ‘высокі, круты’, ст.-рус. (XV ст.) стромый ‘тс’, польск. stromy ‘круты’ (з усх.-слав. моў — Борысь, 580). Прасл. дыял. *stromъ, паводле Борыся (там жа), аддзеяслоўны дэрыват ад прасл. *strъměti ‘тырчаць, выпінацца’; прыметнік страмны́ ‘круты, абрывісты’ (воран., Сл. ПЗБ), разам з рус. стрёмый, стрёмный ‘хуткі’, чэш. strmý ‘круты’, славац. strmý ‘тс’, ‘інтэнсіўны, моцны, хуткі’, славен. stŕm ‘круты, абрывісты’, балг. стръ́мен ‘тс’, макед. стрм ‘тс’, ст.-слав. стрьмъ ‘тс’, адлюстроўваюць прасл. *strьmъ, *strьmenъ, прыметнікі, што захоўваюць зыходны вакалізм дзеяслова *strьměti (Борысь, Etymologie, 180; Глухак, 589; Варбат, Этимология–1994–1996, 39). Параўн. стро́ма ‘абрыў’, гл. страміна́. Звязана чаргаваннем галосных з стрымгалоў (гл.); гл. яшчэ Фасмер, 3, 781.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Струп1 ‘корка на ране’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп., Федар. 4, Сл. ПЗБ), ‘прышч’ (Сл. ПЗБ), стру́піна ‘засохлы струп’ (Нас.), зборн. стру́пʼя, стру́пʼе ‘адходы пры прадзенні кудзелі’ (Нас., Сл. ПЗБ; мёрск., Шатал.); сюды ж стру́пля ‘праказа’ (Ласт.). Параўн. укр., рус. струп, стараж.-рус. струпъ ‘рана; труп’, польск. strup ‘струп’, strupy ‘воспа; перхаць’, в.-луж. trup, н.-луж. tšup, чэш., славац. strup, серб.-харв. стру̑п ‘парша’, славен. strup ‘яд’, балг. струп ‘струп’, макед. струп ‘кароста’, ст.-слав. строупъ ‘рана, болька’. Прасл. *strupъ ‘струп’ параўноўваецца з ст.-в.-ням. strûben ‘падымацца, стаяць строма, уздымаць, гарчэць’, с.-в.-ням. strúben, с.-н.-ням. strȗf ‘шурпаты, грубы’, ст.-сакс. strûf ‘узлахмачаны’, грэч. στρῡφνός ‘цвёрды, мулкі, моцны’ (гл. Фасмер, 3, 784; там жа і літ-ра), якія ўзыходзяць да і.-е. кораня *streu̯p‑/*streu̯b‑ < *ster‑ ‘мулкі, цвёрды’ (Борысь, 583). На іншую думку, звязана чаргаваннем галосных з ц.-слав. стръпътъ ‘шурпатасць, мулкасць’ і збліжана да грэч. ρύπον ‘бруд, нечыстата’ (Сольмсен, KZ, 37, 600; Покарны, 1004; Бязлай, 335–336). Махэк₂ (584) славянскае слова параўноўвае з літ. raũpas ‘воспа’, raũpsas ‘праказа’, лат. raupa ‘гусіная скура’ і польск. rupić się ‘скрабці’ і мяркуе аб рухомым ‑s‑ і ўстаўным ‑t‑ у славянскіх формах. Гэтую этымалогію лічыць найбольш прымальнай Мяркулава (Этимология–1970, 189 і наст.). Менш верагодныя роднасць з ст.-ісл. hriúfr ‘грубы, няроўны; пракажоны’, hrufa ‘парша’, ст.-в.-ням. hruf ‘тс’, як мяркуе Уленбек (гл. Фасмер, там жа). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 454.

Струп2 (strüp) ‘верхняя частка даху’ (Тарн.), струпо́к ‘верх, вяршыня’ (Сл. Брэс., Клім.). Да строп (гл.) з палескім пераходам о > у ў закрытых складах. Сюды ж, відаць, і струп у фразеалагізме: пад адзін струп ‘адно пад адным (дзеці з малою розніцаю ў гадах)’ (Янк. БФ., 292).

Струп3 ‘ніжняя частка снапа’ (жыле., Выг.). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Валіцца, ляцець зверху ўніз пад уздзеяннем сілы цяжару. За платамі ў садах падалі спелыя яблыкі. Чорны. // Ісці (пра снег, град, дождж). Снег пайшоў спарней. Ён падаў ужо буйнымі сняжынкамі, кружыўся, паволі апускаючыся на дол. Арабей. // Ствараць уражанне падаючага (аб зорках). Толькі ноч пастав, — І ўзрываюцца, падаюць зоры. Танк.

2. Валіцца на зямлю, трацячы апору, раўнавагу. Дзед выпускае маю руку і старчма падае на брук... Васілевіч. Цімошка адчуў, што падае, і ўхапіўся за плот. Хомчанка. // Апускацца на што‑н., кідацца. Падаць на пасцель. Падаць на калені. □ [Мішка] цяжка падае на сані і крычыць «гані!» Брыль. // Ляцець уніз (пра птушак). Белыя птушкі ўзлятаюць над морам і строма падаюць уніз. Самуйлёнак. Відно толькі, як то ўзлятаюць, то зноў падаюць у траву птушкі, як выгінаецца, хвалюецца на полі жыта... Сачанка. // Валіцца пад напорам, пад цяжарам чаго‑н. Знадворку нехта моцна грукае ў дзверы. Праз хвіліну дзверы падаюць. Якімовіч. // Валіцца ад старасці, недагляду. Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачаных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць. В. Вольскі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ліцца, сцякаць зверху. Па крутых спадах імчыць ледніковы паток.., з грымотным гулам падае з абрываў у прадонні. Самуйлёнак. У ціхую ноч даходзіў сюды млынавы грукат і чутно было, як падае вада на колы. Чорны.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Апускацца, звешвацца адным канцом. Пасма светлых валасоў падала на лоб, і.. [Заранік] часта адкідваў яе рукой назад. Хадкевіч. // Апускацца, звісаць (аб адзенні). Складкі спадніцы падаюць прыгожа.

5. Класціся на каго‑, што‑н., пакрываць сабою каго‑, што‑н. (пра святло, цень). Падае цень ад дрэва. □ Праз невялікае акно, што выходзіла ў сад, падала святло на падлогу. Пальчэўскі. Сонца стаяла ў зеніце, і яго прамяні падалі проста на .. непакрытыя галовы. Шамякін. // перан. Распаўсюджвацца, пашырацца на каго‑, што‑н. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Колас. Не раз цень падазронасці падаў на Ігнатаву хату-прысценак. Кавалёў. // Апускацца на каго‑, што‑н. (пра ўдары). Удары падалі Дзям’яну проста на спіну, а ён ішоў... Пестрак.

6. Прыходзіцца на якое‑н. месца (аб націску ў слове). У адных дзеяслоўных назоўніках націск падае на другі склад ад канца слова, а ў другіх — на трэці. Юргелевіч. Суфікс ‑ок (‑ёк) ужываецца толькі тады, калі на яго падае націск. Граматыка.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Памяншацца ў сіле, аб’ёме, велічыні і пад.; рабіцца слабейшым, радзейшым. Тэмпература падае. Пульс падае. □ — Вада [у Прыпяці] падае. Падае на два сантыметры ў дзень. Ракітны. Танакаў пераводзіць машыну на зніжэнне. Хутка падае вышыня. «Маладосць». // Паказваць на паніжэнне ціску, тэмпературы і пад. Ртуць у тэрмометры падала ніжэй і ніжэй. Мікуліч.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паніжацца, змяншацца. Урадлівасць глебы падае. Цэны падаюць. □ Зіма ў той год выдалася халодная, цяжкая. Не хапала кармоў. Падалі надоі. Дадзіёмаў. // Паніжацца ў вартасці (пра цэнныя паперы, валюту і пад.). Трывогу, трывогу б’е бізнесмен, Усюды на біржах падаюць акцыі. Вітка.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіцца слабейшым, горшым. Дысцыпліна падае. // перан. Рабіцца кепскім, псавацца (аб настроі). Настрой падае.

10. Гінуць, паміраць (аб людзях). Хоць і падаў хто — адразу сцягі-крылы За плячыма падымаліся ў жывых. Куляшоў.

11. на каго-што. Разм. Прыпадаць, прыходзіцца. Выключная большасць разводаў падае на шлюбы маладых людзей. «Маладосць».

12. перан. Разм. Бегаць, насіцца. Сабака цэлы дзень падаў па лесе.

13. перан. Разм. Вельмі старацца. Чаго ж так надта выдыгацца? За што так падаць, так старацца? Колас.

14. перан. Разм. Вельмі хацець чаго‑н., ганяцца за чым‑н. Падаць за ўборамі. □ Усе навакольныя аж падалі за гэтай зямлёй. Чорны.

15. перан.; за кім. Разм. Вельмі любіць каго‑н. Маці падае за сынам. // Заляцацца да каго‑н., кахаць каго‑н. — Напэўна гэта і ёсць тая краля, за якою так падаюць усе хатовіцкія кавалеры, — падумаў Лабановіч. Колас.

•••

Падаць духам — траціць упэўненасць, бадзёрасць; адчайвацца.

Падаць з ног — тое, што і валіцца з ног (гл. валіцца).

Падаць з рук — тое, што і валіцца з рук (гл. валіцца).

пада́ць, ‑да́м, ‑дасі́, ‑да́сць; ‑дадзі́м, ‑дасце́, ‑даду́ць; пр. пада́ў, ‑ла́, ‑ло́; зак., каго-што.

1. Даць, падносячы, аказваючы паслугу. Падаць кнігу. Падаць рэчы. □ Сямён падаў .. [Булаю] некалькі разцоў. Шыцік. // Аддаць, паднёсшы. Мікалай узяў ад мужчын грошы і падаў касіру. Пальчэўскі.

2. і з інф. Прынесці, паставіць на стол (пра ежу, пітво). Падаць абед. Падаць каву. □ Люба падала на стол снедаць. Чорны. // Паднесці як пачастунак. Трэці [салдат] — самы малады — Кажа: — Старшын[а], Сніў я: чарку падала Мне дачка твая... Танк.

3. каму. Даць як міласціну. Падаць жабраку. □ Маці зрабіла ўсё, што магла: яна падала.. [палонным] акрайчык хлеба. Брыль.

4. Даставіць на патрэбнае месца для пасадкі або пагрузкі. Падаць вагоны. □ Шафёр развярнуўся і заднім ходам падаў машыну да самых дзвярэй. Пальчэўскі.

5. і без дап. Звярнуцца куды‑н. з просьбай; прадставіць у пісьмовай форме. Падаць у суд. Падаць дакументы. □ Салаўёў падаў заяву ў завочны тэхнікум. Шахавец.

6. Разм. Штурхнуць, пасунуць што‑н. Падаць шафу ўлева. □ [Яўхім] ляніва падаў плячом дзверы ў сенцы. Мележ.

7. заг. пада́й, пада́йце або ў інф. пада́ць. Даць, аддаць, прывесці, прынесці і г. д. Падаць сюды гэтыя рэчы! □ — Дзе.. [ураднік]! — крыкнуў Янка, азіраючы вуліцу: — падайце мне яго сюды! Колас.

8. З многімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем таго ці іншага дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Падпусціўшы.. [палякаў] на блізкую адлегласць, дзед Талаш падаў каманду. Колас. Разведчыкі пад голас птушкі падалі сігнал, але ніхто ім не адказаў. Няхай.

9. і без дап. У спартыўных гульнях з мячом, шайбай і пад. — увесці ў гульню.

10. і без дап. Сказаць, паддаваць што‑н. Падаць рэпліку. Падаць слова. Падаць думку. □ — Паспееш, — падаў Лазар і адвярнуўся да кампаніі. Гартны.

11. Паказаць, вывесці (у мастацтве, літаратуры). Просты вясковы пейзаж .. [Міхась Сяўрук] умее падаць неяк велічна, нечакана, у будзённым, звычайным выяўляе паэзію жыцця, яго хараство. Шматаў. // Расказаць, сказаць аб чым‑н. Падаць факты. □ Яркі малюнак гаспадарання польскай ваеншчыны падаў Мартын Рыль і яго дружына. Колас.

•••

Не падаць (не паказаць) віду (выгляду) — нічым не выявіць, не паказаць сваіх думак, пачуццяў, намераў і пад.

Падаць (даць) вестку — паведаміць пра сябе.

Падаць голас — а) абазвацца, выгукнуць што‑н., паказваючы на сваю прысутнасць; б) выказацца пра каго‑, што‑н.; в) прагаласаваць на выбарах за каго‑н.

Падаць прыклад — паслужыць, стаць прыкладам для іншых.

Падаць (працягнуць) руку дапамогі каму — памагчы каму‑н.

Рукой падаць — вельмі блізка, побач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)