Стод ‘бажок, ідал’ (Ласт.), сто́дзік, сто́дзівастатуя’ (там жа). Параўн. укр. арг. стодстатуя, фігура’, ‘бог’, стодонь ‘багач’, рус. арг. сто́да ‘царква, ікона; свята’, дыял. ‘ідал’. У якасці крыніцы прыводзіцца ст.-сканд. stoð ‘слуп, калона’ (Міклашыч, 323; Фасмер, 3, 764). Бязлай (Eseji, 139) далучае сюды і зах.-слав. stodor ‘крутая скала; слуп у азяродзе’. Магчыма, сюды ж няяснае каш. štaduna ‘мажная, высокая жанчына’, параўн. баба ‘каменны ідал’ (параўн. SEK, 4, 353). Беларускія словы, відаць, “рэканструяваныя” Ластоўскім на падставе аргатычных форм. Гл. таксама Горбач, Арго, 38.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скульпту́ра ж.

1. скульпту́ра, извая́ние ср., ста́туя;

2. только ед. скульпту́ра, вая́ние ср.;

займа́цца ~рай — занима́ться скульпту́рой (вая́нием);

3. собир. скульпту́ра;

за́ла ~ры — зал скульпту́ры

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ка́пішча ’культавае збудаванне ўсх. і прыбалт. славян з часоў паганства’ (ТСБМ), ’месца, дзе закопваюць здохлую жывёлу’ (Бяльк.). Укр., рус. капище ’паганскі храм’, арханг. ’месца звозу лесу, звалка’. Ст.-рус. запазычанне са ст.-слав. капище ’храм’ < капь ’з’ява, вобраз, прывід’ > ’статуя, выява’ < ст.-чуваш. *käp, сучаснае чуваш. päk, уйгурск. kep ’форма, карціна’, ст.-тур. gib ’карціна’ (Фасмер, 2, 185; Шанскі, 2 (К), 35).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

истука́н (статуя) балва́н, -на м., прост. стату́й, -ту́я м.; (идол) і́дал, -ла м., кумі́р, -ра м.;

стоя́ть (сиде́ть) истука́ном (как истука́н) стая́ць (сядзе́ць) як стату́й.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ба́ба¹, -ы, мн. -ы, баб, ж.

1. Матчына або бацькава маці.

2. Старая жанчына наогул.

3. Замужняя жанчына (разм.).

4. звычайна мн. Жанчыны наогул (разм.).

Бабы пайшлі жаць.

5. Жонка (разм.).

Мая б. прыбралася, як на вяселле.

6. Жанчына, якая прымае роды (разм., уст.).

За бабу была Праксэда з Бадзінава.

7. перан. Пра слабахарактарнага, нясмелага мужчыну (разм., іран.). «Смялей, не будзь бабай!», — крычалі яму.

Каменная баба — старажытная статуя з каменя.

Снегавая баба — злепленая са снегу чалавечая фігура.

Баба Яга — у казках славянскіх народаў: злая вядзьмарка, чараўніца.

Базарная баба — сварлівы, грубы, крыклівы чалавек.

Бой-баба (разм.) — мажная жанчына з шумлівым характарам.

Хват-баба (разм.) — увішная, працавітая жанчына.

|| зб. баб’ё, -я́, н. (да 2—4 знач.; пагард.).

|| прым. ба́бін, -а.

Бабіна лета — ясныя цёплыя дні ранняй восені.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

свя́тасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць святога. Набожныя людзі вераць у святасць царквы. □ Грубы адказ стражнікаў абражаў святасць мацярынства і таптаў элементарную гуманнасць. У. Калеснік.

2. Прадмет захаплення, чыстаты. «Якія.. [дзяўчаты] розныя! — паволі набліжаючыся, падумаў я. — Гэта — простая, ёмкая, моцная, так і карціць з ёю пажартаваць. А тая — нейкая сама святасць. З той хочацца марыць». Ваданосаў. Сваю нявольніцкую душу.. [Тварыцкі] любіць, яна ў яго стала гарманічнай, ён узвёў яе на пастамент святасці і рад. Чорны. // Рысы незвычайнасць уласцівыя святому (у 2, 3 знач.). [У касцёле] толькі каляровыя вітражы ў мараканскім духу ды статуя мадонны з дзіцём на руках, без аніякіх адзнак святасці ці царкоўнасці. В. Вольскі. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці сагнаць Даволі густа. Корбан. Праўда, у Цельшыне было многа такіх палешукоў, як, напрыклад, дзед Мікіта, да якіх святасць пс падыходзіла ніякім чынам. Колас. // Надзвычайная чыстата, дабрата і пад. Жонка была прыгожая, добрая, але не кахала яго [Загорскага]. Чыстая да святасці, святая да бязглуздасці. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Саха́ ’саха, земляробчая прылада’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк., Янк. 2; пруж., КЭС; Мат. Гом.; Янк., Бес.), ’акучнік’ (Сл. ПЗБ), ’слуп з развілінай наверсе, які служыць апорай чаму-небудзь’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Некр., Выг., Шушк., Мат. Гом., Янк., Янк. 2), ’частка калодзежнага жураўля, слуп’ (Сл. ПЗБ, Шат., Янк. 2, Мат. Гом., Сцяшк. Сл., Бір., Жд. 1, Тарн.), ’частка ствала дрэва, ад якой адыходзіць некалькі макушак’ (Інстр. 3), ’завостраны кол, прыстасаванне для тармажэння плыта’ (Сл. ПЗБ, Нар. сл.), старое ’мера зямельнага падаткаабкладання’ (ТСБМ), ’зямельная мера’ (Выг.), ’частка сахі ў выглядзе доўгай жардзіны, да якой збоку прыпрагаўся конь’ (Сл. рэг. лекс.), мн. сахі́ ’рогі лася’ (ТСБМ), сахо́та ’саха’ (Сцяшк. Сл.), со́хі мн. л. ’накрыж укопаныя падпоркі’ (Касп.), ’слупы ў гаспадарскім будынку’ (Сцяшк.), ’даўнейшы ткацкі станок, прасцейшы за кросны’ (бялын., Нар. сл.), со́шкі ’столбікі ткацкага станка’ (Шат.), ’вілаватыя палкі, якія ставяць па баках воза, калі кладуць сена’ (Бяльк.). Рус. соха́ ’земляробчая прылада; падпорка, слуп, частка калодзежнага жураўля’, ’мера зямлі’, укр. соха́ ’падпорка’, стараж.-рус. соха ’кол, дубіна, падпорка, саха’, ’мера плошчы’, польск. socha ’развілак’, в.-луж., н.-луж. socha ’кол з развілкамі’, чэш. sochaстатуя’, дыял. ’кол з развілкай, падпора; частка калодзежнага жураўля і да т. п.’, славац. socha ’калона’, серб.-харв. со̀ха ’палка, кій з развілкай’, серб.-ц.-слав. соха ’тс’, славен. sóha ’слуп з папярочкай’, балг., макед. соха́ ’кій з развілкай’. Прасл. *soxa ’кол, дрэва з развілкай’; з гэтага значэння выцякаюць усе астатнія. Слова лічыцца спрадвечна славянскім, запазычанне выключаецца. Бліжэйшыя адпаведнікі бачаць у літ. šakà ’галузка, сук, развіліна’, лат. saka ’разгалінаванае дрэва’, sakas ’хамут, ярмо’, ст.-інд. çā́khā ’галінка, сук’, перс. šāx ’галінка, сук, рог’, гоц. hôha ’плуг’ і г. д. (Траўтман, 297; Фасмер, 3, 729–730), усе да і.-е. *k̑ak‑ ’галузка’ (Покарны, 523; Шустэр–Шэўц, 1331); ‑x‑слав. чакалася б *soka, як бачым з параўнанняў) тлумачыцца як новы суфікс, як у чэш., польск. brach, bracha < brat(r) (Махэк₂, 565–566); спірантызацыя ‑к‑ (Брукнер, 505–506), або ў Борыся, 566 як суф. ‑sā: *kʼăk‑sā (як страха). Трубачоў, Ремесл. терм., 160–161, падкрэсліваючы, што прасл. *soxa датычыцца толькі адсечанай часткі дрэва, звычайна вызначанай формы, узводзіць прасл. слова да больш старажытнага *soka, дэрывата ад *sěkti (гл. сячы), а ‑x‑ тлумачыць, услед за Брукнерам, як спірантызацыю ‑к‑ па семантычных матывах. Аналагічна Страхаў, Palaeoslavica, 13/2, 6.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́ба1 ’старая жанчына; бабка, бабуля; павітуха; жанчына наогул’. Рус., укр. ба́ба, польск. baba, чэш. baba, bába, балг. бáба, серб.-харв. ба̏ба і г. д. Прасл. baba. Параўн. літ. bóba ’старая’, лат. bãba, с.-в.-ням. bābe, bōbe ’старая’, buobe ’хлопчык’, італ. babbo ’бацька’ і г. д. Мабыць, усе гэтыя словы па паходжанню з дзіцячай мовы. Гл. Праабражэнскі, 1, 10; Бернекер, 36; Траўтман, 23; Фасмер, 1, 99; Фрэнкель, 52; Махэк₂, 39–40; БЕР, 1, 22–23. Параўн. таксама Мейе, Études, II, 247. Некалькі інакш Бадуэн дэ Куртэнэ, Szkice, I, 435 і наст. Да фаналогіі падобных тэрмінаў дзіцячай мовы гл. Якабсон, Writings, I, 538–544. Неверагодна Траймер, які лічыць baba словам каўказскага паходжання (аб гэтым гл. Фасмер, ZfslPh, 26, 60). Відаць, прасл. baba ’бабуля’ замяніла больш старое (з і.-е. сувязямі) прасл. ova ’тс’ (параўн. в.-луж. wowka). Гл. Шустэр–Шэўц, Сл. фил. Отгов., I, 67; ZfSl, 6, 574. Амаль усе лічаць, што ад baba, babъka метафарай утвораныя назвы розных прадметаў (гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165; падрабязней гл. ніжэй пры паасобных словах). Але гэта не бясспрэчна (так Попавіч, ЈФ, 19, 159–171, рэканструюе самастойную аснову bab‑|bob‑|bǫb‑).

Ба́ба2 ’прылада, цурбан для забівання свай у зямлю’ (Нас., Касп., Бяльк., Гарэц., Інстр. I). Відавочна, старая метафара баба1 (гл.): назвы для цяжкіх і тоўстых прадметаў часта ўтвараюцца ад гэтага слова. Падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Параўн. і рус. ба́ба, укр. ба́ба, польск. baba ’калода, цурбан для забівання свай’. Гл. яшчэ Брукнер, 9; Шанскі, 1, Б, 4.

Ба́ба3 ’саха, развіліна калодзежнага жураўля’ (Тарн., ДАБМ, 808, Сцяшк. МГ, Сцяшк., Сцяц.). Відавочна, старая метафара да баба1 (гл.). Аб матывацыі называння гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Рус. ба́ба ’тс’.

Ба́ба4 ’назва ежы’ (Бесар.), ’бабка, яда, прыгатаваная з дранай бульбы’ (Бяльк.). Рус. ба́ба ’від куліча’, укр. ба́ба ’від печыва’, польск. baba, чэш. bába. Слова не вельмі яснага паходжання. Відаць, ва ўсх.-слав. мовах гэта паланізм (гл. Шанскі, 1, Б, 4). У зах.-слав. мовах яго паходжанне таксама няяснае. Некаторыя лічаць, што гэта метафара да баба1 (Брукнер, 9), параўн. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Па версіі Махэка₂, 40, слав. слова запазычана з ням. Babe, Bäbe (з гэтым пагаджаецца Шанскі, 1, Б, 4), але Крэчмер, Wortgeögr., 353, Пауль, Wörterb., 65 і іншыя (гл. Махэк₂, 40) выводзяць ням. слова з слав. моў. З іншага боку, Попавіч (ЈФ, 19, 159–171, гл. асабліва стар. 168) хоча бачыць тут аснову bab‑ (гл. баб-), не звязаную з baba ’жанчына’.

Ба́ба5 ’нарыхтаваная гліна, шчыльна збітая ў горку прамавугольнай формы’ (Вярэн.). Параўн. і ўкр. ба́ба ’вялікі шарападобны камяк ганчарнай гліны’. Мусіць, метафара да ба́ба1 (гл.). Аб матывацыі гл. Шулан, SSlav., 153–165.

Ба́ба6 ’гатунак грушы; бэра’ (Сцяц.). Параўн. укр. ба́ба, польск. baby ’гатунак грушы’. Як і многія падобныя назвы, ад баба1 (гл.) па знешняму падабенству грушы да тоўстай жанчыны. Але параўн. і магчымасць паходжання ад прасл. асновы bab‑ (гл. пад ба́ба1).

Ба́ба7 ’расліна адуванчык Taraxacum officinale’ (палес., КЭС). Параўн. таксама яе іншыя назвы ва ўкр. мове: бабакуль, кульбаба, бабка, бабки (Макавецкі, Sł. botan., 366), серб.-харв. баба марта (Сіманавіч, 461). Аб матывацыі назвы можна толькі здагадвацца. Хутчэй за ўсё меліся на ўвазе лячэбныя ўласцівасці расліны (у сувязі з «бабамі-знахаркамі»; падрабязней гл. ба́бка ’трыпутнік’). Не выключаецца, што назва адлюстроўвае шарападобны выгляд расліны пасля цвіцення. Ва ўсякім выпадку сувязь з ба́ба ’жанчына, баба’ бясспрэчная. Параўн. і ням. назвы для Taraxacum off.: Alte Weiberteu, Großmutter Nachtfunzla (Марцэль, Pflanzennam., 5 (2), 178, 5 (4), 611). Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6; 65.

Ба́ба8 ’дрыгва, багністае месца на балоце’ (палес., КЭС). Цёмнае слова. Можна толькі выказаць некалькі думак. Магчыма, ад ба́ба ’старая жанчына’. Параўн. укр. дыял. ба́бка (або ста́рка) ’плеўка на малацэ’. Гэта значыць, баба першапачаткова азначала такое месца на балоце, якое было прыкрыта «плеўкай» (травой і г. д.), але было вельмі небяспечнае. Другая магчымасць: можа ёсць сувязь з укр. дыял. ба́бло ’балота, дрыгва’ (форма ба́бло магла ўспрымацца як павелічальная, і з яе ўзнікла баба), гл. Краўчук, БЛ, 1974 (6), 66. Іначай Талстой, Геогр., 186, які зыходзіць са значэння ’бугарок’ і параўноўвае баба ’дрыгва’ з укр. ба́ба ’гурба снегу’.

Ба́ба9 ’птушка-баба, няясыць’ (Нас., Бяльк.). Параўн. рус., укр. ба́ба ’пелікан’ (у іншых славян таксама сустракаецца ў назвах птушак, напр., польск. baba ’сойка’). Ад ба́ба1 ’жанчына, бабуля’ (па знешняму выгляду птушкі, якая вельмі падобная на старую бабку, гл. Флінт, Птицы, табл. 12).

Ба́ба10 (каменная баба; археалагічны помнік). Рус. ба́ба, укр. ба́ба, польск. baba і г. д. ’тс’. Мабыць, да ба́ба1 (па знешняму падабенству). Брукнер, 9; Фасмер, 1, 99–100. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 4–5. Іншыя думаюць (гл. Фрыдрых, Зб. Буазаку, I, 383), што гэта запазычанне з цюркскіх моў (цюрк. babaстатуя’ < baba ’бацька’).

Баба́ ’нятоўстая і невялікая калода, на якую кладуць бервяно на санях; прылада для забівання паляў’ (Шат.), ’саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, 808). Наўрад ці ёсць сувязь з укр. дыял. (бесараб.) баба́ ’слуп’ (< рум. babá ’бітэнг; слуп, паля’ < тур.). Хутчэй за ўсё націск на апошнім складзе развіўся пад уплывам марфалагічных фактараў (магчыма, на аснове формы мн. ліку тыпу бабы́) і, магчыма, для семантычнай дыферэнцыяцыі. Параўн. у тым жа раёне ба́ба, ба́бы ’тс’ (ДАБМ, 808).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)