схе́ма, ‑ы, ж.
1. Спрошчаны чарцёж, які перадае сістэму, пабудову, сувязь частак чаго‑н. На гэтым экране кожны вучань можа пісаць, чарціць схемы, застаючыся за сваёй партай. Шыцік. Для нагляднасці я намаляваў нават схему руху гэтых уяўных паяздоў. Навуменка. Па схеме ўсё правільна, а ўстаноўка не працуе. Мыслівец. // Агульны план пабудовы, арганізацыі, размяшчэння чаго‑н. Каця паабяцала разам са сваімі сябрамі, што працавалі на аэрадроме, скласці схему, дзе падрабязна былі б адзначаны стаянкі самалётаў, запасы боепрыпасаў, памяшканні, дзе жылі лётчыкі. Няхай.
2. Апісанне, зробленае ў агульных рысах, папярэдні накід. Схема п’есы. Схема даклада. □ Штампы і схемы ляжаць і на многіх творах аб калгасным жыцці. «Беларусь».
3. Абстрактны паказ чаго‑н.; агульная формула, палажэнне (у думках, разважаннях). Багата якія важныя пытанні наогул не атрымлівалі адказу, не даследаваліся, таму што не ўкладваліся ў апрыёрныя схемы. «Полымя».
[Грэч. schema — вобраз.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
элемента́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Пачатковы, які датычыцца толькі асноў чаго‑н. Элементарная матэматыка. □ — Каб вы [Андрэй] пазнаёміліся, ну, хоць бы з самымі элементарнымі асновамі палітграматы, вы зусім іначай глядзелі б на папоў і на іх шкодную для працоўных прафесію, — заўважыў Кузьма. Колас. Элементарную тэорыю музыкі ўсе абітурыенты павінны ведаць не ніжэй праграмы дзіцячай музычнай школы. «Маладосць».
2. Нескладаны, прасцейшы. Я не разумеў, ды, мусіць, і рэдактар таксама не разумеў, бо мы перакінуліся позіркамі, навошта гэта сакратар гаркома кінуўся ў такія тэарэтычныя разважанні, быццам перад ім сядзелі якія невукі, якіх ён павінен быў, лічыў сваім абавязкам навучыць, растлумачыць ім самыя элементарныя палітычныя пытанні. Сабаленка. // Павярхоўны, спрошчаны; абмежаваны. Элементарны погляд на рэчы. Элементарная схема. // Зразумелы кожнаму без тлумачэнне. Адна бяда аўтара ў тым, што ягонаму герою часам не стае элементарнай тактоўнасці. Марціновіч. — Толькі за прыгажосць! Бач, які шчасліўчык, — неадабральна смяецца Марынчук. — Ніякай элементарнай логікі... Ракітны. / у знач. наз. элемента́рнае, ‑ага, н. Неабходна пачынаць работу над сабой з элементарнага. Асіпенка.
3. Асноўны, самы неабходны. Паэт [Я. Купала] паказвае жудасную бытавую прыніжанасць сялянства, пазбаўленага элементарных правоў, даведзенага да становішча жывёлы. Івашын.
4. У хіміі — звязаны з вызначэннем саставу элементаў у чым‑н. і іх суадносін паміж сабою. Элементарны аналіз. Элементарны састаў рэчыва.
5. У фізіцы — найменшы з тых, што існуюць, што ёсць. Элементарныя часціцы. Элементарны зарад.
[Ад лац. elementārius.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)