сняжы́сты, ‑ая, ‑ае.

Абл. Снежны (у 1 знач.). [Мароз:] — Іду я, сняжысты, ўсясільны, Па сцежках-пуцінах пустых. Купала. Зазвініць Вясёлы ў голлі вецер, З вішань Атрасе сняжысты рой. І. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вурката́ць, ‑коча; незак.

Разм. Утвараць аднастайныя пералівістыя гукі; глуха грукатаць. Імжыў цёплы дожджык, шапацелі даспелыя аўсы, а недзе на захадзе вуркатаў гром. Грахоўскі. Вуркаталі машыны, гаманілі людзі, і снежны пыл пурыўся над дарогай. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лаві́наснежны абвал’, ’імклівая, нястрымная маса каго- або чаго-небудзь’ (ТСБМ, ТС), ляві́на ’тс’ (Яруш.) праз польск. lawina ці рус. лавина з ням. Lawine < рэтарам. lavina < с.-вяк.-лац. labīna/lavīna < lābor ’звальвацца, падаць’ (Клюге₁₇, 427–428; Фасмер, 2, 444; Махэк₂, 322; Слаўскі, 4, 81).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лаві́на, ‑ы, ж.

1. Вялікая маса падаючага з гор снегу, лёду; снежны абвал. Пушчаны з гары снежны ком набывае ўсё большую і большую імклівасць і, абрастаючы снегам, павялічваючыся, ён ператвараецца ўрэшце ў грозную лавіну, якая змятае ўсё на сваім шляху. Лынькоў.

2. перан. Імклівая, нястрымная маса каго‑, чаго‑н. Лавіна коннікаў. □ Лавіна разгневаных людзей кінулася ўдагонку, усё змятаючы на сваім шляху. Гурскі. Праз адчыненыя насцеж парадныя дзверы з непахіснай рашучасцю імчыцца з ганка лавіна дзяцей. Гарбук.

3. у знач. прысл. лаві́най. Суцэльным патокам. Танкі ішлі лавінай. □ Лавінай хлынулі я барака ўсе як адзін. Ішлі доўгім сабраным натоўпам, плылі адзінай хваляй. Пестрак.

[Ням. Lawine.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сне́жань ‘дванаццаты месяц каляндарнага года’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.). Толькі беларускае; часткова (у каранёвай частцы) яму адпавядае рус. дыял. сне́жа ‘люты’. Утворана па традыцыйнай народнай мадэлі назваў месяцаў замест студзень раней ‘дванаццаты месяц’, цяпер ‘першы’. Магчыма, ад снежны ‘багаты снегам’ ці снежыць ‘ісці (пра снег)’ з суф. ‑ань, гл. снег. Спецыяльна гл. Шаўр, Этимология–1971, 98, 100.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шась, выкл.

Разм.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння шуму падзення чаго‑н. сыпкага, сухога. Шась, шась, шась... Шорхае жоўты пясок, сыплецца і сыплецца зверху, як дождж. Пташнікаў.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шаснуць. Мальвіна грукнула дзвярыма Ды бураю ў камору шась! Колас. І раптам — шась! — аднекуль з вышыні сыплецца снежны пыл. Краўчанка. Фурман шась нажом па пастронках, сеў на прысцяжнога каня і пагнаўся за хлопцам. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завіхрэ́нне 1, ‑я, н.

1. Слуп пылу, снегу і пад., узняты ветрам. Толькі снежны пыл узнімаўся завіхрэннямі над зямлёй, толькі мяцеліца ладзіла вар’яцкае сваё ігрышча. Мікуліч.

2. Спец. Утварэнне віхраў у газе або вадкасці пры абцяканні якіх‑н. цел або пры сустрэчы супрацьлеглых патокаў.

завіхрэ́нне 2, ‑я, н.

Тое, што і віхор ​2. Зініны рукі, прастакаваты твар, пакрыты залаціста-рыжымі валасінкамі з завіхрэннямі ля вушэй, шырокі нос вельмі ўжо не падабаліся мне. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. успоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.

Паўзком узабрацца на што‑н., куды‑н. Змоўшчыкі на карачках успаўзлі на снежны вал і рынуліся да запаветнай лаўкі. Нядзведскі. Вунь на лісцік дзяцеліны ўспаўзла «божая кароўка», расправілі чырвоныя надкрыллі і знікла. Даніленка. // Разм. Павольна ўзысці, уз’ехаць на што‑н., куды‑н. Вось фурманка ўспаўзла на пагорак і адтуль стала відаць, што насустрач, па дарозе, марудна ідуць два чалавекі. Сачанка. Грукат няспынна нарастаў, узмацняўся, і, нарэшце, на лінію акопаў успаўзлі адзін за адным тры.. танкі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыва́н 1, ‑а, м.

Тканы, звычайна варсісты ўзорчаты выраб для ўпрыгожвання сцен, высцілання падлогі і пад. На сцяне вісеў вельмі дарагі дыван з цудоўна вытканым альпійскім краявідам. Даніленка. Падлогу ўсцілаў мяккі дыван. Арабей. // перан.; чаго або які. Пра тое, што падрывае зямлю суцэльным слоем. Усю зямлю навокал засцілаў густы дыван невысокай мяккай травы. Шахавец. Выйшаў на прасторы — снежны лёг дыван, Засцілае сонца шэранню туман. Хведаровіч.

дыва́н 2, ‑а, м.

1. Савет вышэйшых саноўнікаў пры султане ў ранейшай Турцыі.

2. Урадавыя ўстановы па адміністрацыйных і судовых справах у некаторых сучасных краінах мусульманскага Усходу.

3. Назва зборніка лірычных вершаў ва ўсходніх літаратурах.

[Перс.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

снегавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да снегу; з снегу, з снегам. Снегавыя сумёты. Снегавая лінія. Снегавыя хмары. □ Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Колас. Шмат дзён было такіх — хмурных, снегавых і мокрых. Чорны. // Зроблены з снегу, у снезе; снежны. Зрабіць снегавую гару. Снегавая хатка. Снегавая баба.

2. Пакрыты снегам. Высокія горы са снегавымі вяршынямі. □ Бязлюднае снегавое поле супакойвала. Гарэцкі.

3. Прызначаны для збірання і пад. снегу. Снегавы шчыт. Снегавая машына.

4. Падобны колерам на снег. З чупрынай белаю, як лунь, І з барадою снегавою, Зямлёй прапах[л]ы і сасною, Ён [мужык] пільна ўсё глядзіць на рунь. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)