Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНЫ́ (Ovis),
род парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 2 віды: архар і баран снежны (Ovis canadensis). Абодва ўтвараюць вял. колькасць геагр. расаў. Пашыраны ў Азіі і зах. раёнах Паўн. Амерыкі, у Еўропе — у запаведніках і паляўнічых гаспадарках. Жывуць у гарах.
Даўж. цела да 2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса 25—230 кг. Рогі ў самцоў вялікія, масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. У самак рогі меншыя, часам адсутнічаюць. Кормяцца травяністай расліннасцю. Штогод нараджаюць 1—2 ягнят. Жывуць да 20 і болей гадоў. Продкі авечкі свойскай, выкарыстоўваюцца для гібрыдызацыі з яе пародамі. Маюць паляўнічае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ПЫ (Gyps),
род птушак сям. ястрабіных атр. сокалападобных, або драпежных. 4 віды. Найб. пашыраны: С. белагаловы (G. fulvus), трапляецца ў Паўн. Афрыцы, Паўд. Еўропе, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі; кумай, або грыф снежны, ці гімалайскі (G. himalayensis), жыве ў высакагорных раёнах Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Афрыканскі ягнятнік (G. coprotheres) — у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела да 150 см, маса да 12 кг. Апярэнне ад цёмна-бурага да пясчана-жоўтага. Галава і шыя без пер’яў, укрытая белаватым або шэрым пухам. Дзюба доўгая, моцная. Патурбаваныя птушкі выдаюць доўгае сіпенне (адсюль назва). Кормяцца падлай. У кладцы 1 (зрэдку 2) яйцо.
Сіпы: 1 — белагаловы; 2 — кумай, або грыф снежны. ці гімалайскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВІН (Юрый Мікалаевіч) (1.4.1937, г. Курган, Расія — 28.6.1983),
бел. кінаакцёр і рэжысёр. Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1959). З 1960 на кінастудыі «Беларусьфільм». У 1965 дэбютаваў як рэжысёр (кароткаметражны маст. фільм «Снежны конь»). Здымаў дакумент. («Людзям на заглядзенне», 1965, «Брэсцкая крэпасць», 1967) і тэлевізійныя [«Побач з вамі», 1967, «Вашынгтонскі карэспандэнт» (3 серыі) і «Міравы хлопец», абодва 1972, «Вялікае супрацьстаянне», 1974, «Антаніна Брагіна», 1978, «Звон адыходзячага лета», 1979] фільмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІВА́ЛЬНЫ КЛІ́МАТ (ад лац. nivalis снежны, халодны),
нівальна-гляцыяльны клімат, клімат высокіх шырот або высакагор’яў у геамарфалагічнай класіфікацыі (гл.Нівальны пояс). Ва ўмовах Н.к. снегу выпадае больш, чым можа растаць і выпарыцца, што садзейнічае ўтварэнню снежнікаў і ледавікоў. Н.к. уласцівы ледавіковым покрывам Антарктыды, Грэнландыі, некат. інш. палярным і горным раёнам зямнога шара. Тэрмін Н.к. прапанаваны ням. географам А.Пенкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНЫХ ПУСТЫ́НЯЎ ЗО́НА,
самая паўночная прыродная зона сушы ў межах арктычнага пояса. Ахоплівае б.ч. Грэнландыі і а-воў Паўн. Ледавітага ак. Клімат арктычны. Пераважаюць ландшафты ледзяных і халодных камяністых пустыняў з вельмі разрэджанай лішайнікавай і нізкарослай травяністай расліннасцю (каменяломнік, снежны казялец, палярны мак і інш.). Жывёльны свет: белы мядзведзь, пясцы, лемінгі, мускусны бык. На прыбярэжных скалах птушыныя кірмашы (кайры, чысцікі, гагары і інш.).