скры́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Самы высокі па тэмбру і дыяпазону чатырохструнны смычковы музычны інструмент. Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. З дынаміка паплылі меладычныя гукі скрыпкі. Ваданосаў.

•••

Іграць першую скрыпку гл. іграць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

альт, ‑а, М альце; мн. альты, ‑оў, м.

1. Нізкі дзіцячы або жаночы голас. Вучань звонкім альтам адказваў, а.. [настаўніца] папраўляла яго меладычным галаском. Ермаловіч. Гэтыя начныя хоры складаліся галоўным чынам з дзявочых альтоў і дыскантоў. Васілевіч. // Той, хто спявае такім голасам. Малады зычны альт выводзіў пявучыя мелодыі арыі. Гартны.

2. Другая па вышыні партыя шматгалосага музычнага твора.

3. Музычны смычковы або медны духавы інструмент нізкага рэгістру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гудо́к, ‑дка, м.

1. Механічнае прыстасаванне для падачы сігналаў шляхам гудзення. Андрэй торгае гудок, моўчкі паварочвае рэгулятар. Іржавы манеўравы паравоз пачынае дрыжэць усім сваім старым нутром. Лынькоў.

2. Працяжны аднастайны гук, сігнал, пададзены з дапамогай такога прыстасавання. Пераклікаліся ранішнія гудкі, крычалі на розныя галасы. Бядуля. Люблю, як займаецца золак, Абуджаны гулам гудкоў, Як дзеці спяшаюцца ў школы, Як хлопцы ідуць да станкоў. А. Александровіч.

3. Старарускі трохструнны смычковы музычны інструмент.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скры́пка1смычковы музычны інструмент’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ). Рус. скри́пка, укр. скри́пка, польск. skrzypce ‘скрыпка, ліра’. Звязана з скрыпе́ць (гл.; Фасмер 3, 658; Борысь, 555). Інакш аб словаўтварэнні Шанскі (КЭСРЯ, 413): ад скрипа — варыянт ж. р. да скрип ‘выклічнік, што азначае скрыпенне’ з суф. ‑к(а). Варбат (Этимология–1981, 20) выводзіць ад *skripati ‘хутка рухацца’, што звязана з хуткімі рухамі смычка, параўн. ням. Geige ‘скрыпка’ і дыял. geigen ‘рухаць узад і ўперад, туды-сюды’.

Скры́пка2 ‘венцер, рыбалоўная прылада ў выглядзе конуса або рэшата для зімняй лоўлі’ (чач., Жыв. НС; кір., Нар. сл.; Браім, Рыбалоўства), бучы або крыпкі ‘пляцёныя або зробленыя з лучыны конусы, якія апускаюцца ў палонкі’ (Меер Крыч.). Відаць, ад скрыпка1 паводле знешняй формы; параўн., аднак, скрыпіца ‘кошык’ (гл.), што выяўляе сувязь з крыпаць ‘блытаць’ (гл.), г. зн. ‘плясці’, параўн. скрыпа́ны ‘неўпарадкаваны’ (ігн., Сл. ПЗБ), скрыпа́цца ‘зблытацца’ (там жа), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)