скараці́ць, ‑рачу, ‑роціш, ‑роціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць кароткім або больш кароткім. Каб скараціць дарогу, хлопцы звярнулі на поле і пайшлі, шастаючы ботамі, па ржэўніку. Хомчанка. Я павярнула, каб скараціць шлях, у сквер. Савіцкі. Вершы Танка нельга дапоўніць дадатковымі строфамі або скараціць. Кучар. Настаўніца не толькі выправіла граматычныя памылкі, але і скараціла тэкст. Жычка. // Зрабіць менш працяглым у часе. Скараціць рабочы дзень. □ — Мне тэрмін скарацілі, — задаволена кажа Валодзя. Васілевіч. // Заняць, запоўніць час чым‑н.; зрабіць менш прыкметным час працякання чаго‑н. — Мо шахматы прынесці? — пытаецца Меер. — Давай, скароцім час. Карпюк. Відаць, .. [суседу Міхася] таксама было холадна і нудна, ён гаворкай хацеў скараціць чаканне раніцы. Машара. // Замест поўнай назвы абазначыць што‑н. пачатковай літарай, часткай слова і пад.

2. Зменшыць, абмежаваць колькасна або па велічыні, у аб’ёме. Скараціць штаты. □ Было тое вясною, Яўген Данілавіч дачуўся, што гэты шалёны старшыня самавольна скараціў плошчу пад авёс і ячмень і павялічыў плошчу пад лён. Паслядовіч. // Звузіць, зменшыць (вытворчасць, выраб чаго‑н. і пад.). Скараціць вытворчасць.

3. Разм. Звольніць (з работы, службы). Але тут пачаліся розныя непрыемнасці на фабрыцы. Скарацілі чамусьці з сотню рабочых. Лынькоў.

4. У матэматыцы — падзяліўшы на які‑н. лік, выразіць у меншых ліках. Скараціць дроб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Торг ’здзелка, гандаль’, ’кірмаш’, ’базар, рынак, месца гандлю’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Шат., ТС, АБ, 7, Скарбы; ашм., Стан.; воран., Сл. ПЗБ), таргі́ ’аўкцыён’ (ТСБМ), ’гандаль; пакупнікі’ (Ян.). Укр. торг ’здзелка’, ’дагавор аб куплі-продажы’, ’гандлёвая плошча’, рус. торг ’прывоз, рынак, месца куплі і продажу’, ’гандаль’, ’гартаванне’, стараж.-рус. търгъ, польск. targ ’продаж і купля тавараў’, ’гандлёвая плошча’, ’гандаль, абарот’, ’выручка’, старое н.-луж. terg ’месца гандлю’, в.-луж. torhošćo ’рынак’, чэш., славац. trh ’рынак’, ’базар, кірмаш’, славен. tȓg ’тс’, ’плошча’, ’сквер’; серб. тр̑г, харв. tȓg ’тавар, якім гандлююць’, ’гандлёвая плошча’, балг. търгови́я ’гандаль’, търг ’тс’, търгъ́т ’аўкцыён’, макед. тргови́ја ’гандаль’, ст.-слав. тръгъ ’гандлёвая плошча’. Прасл. *tъrgъ. Пэўным чынам знаходзіцца ў сувязі з алб. treg(ë) ’рынак’, ’базар’ (> Trst), ілір. tergitio ’гандляр, купец’, з венецкімі тапонімамі Tergeste > Trzst > Trst ’рынак’, Opitergium ’хлебны або таварны рынак’, лігур. terg‑ ’купец’, Tergolape, Tergilam і інш. Рыбеца (Archivio glottologico italiano, 35, 51) сцвярджае, што *terga, якое дало алб. tregë, з’яўляецца міжземнаморскім словам і яго можна звязаць генетычна з асір.-вавіл. tamgaru ’купец’ > арамей. taggara > араб. tadžir, з якога выйшлі tiġaret ’барыш, заробак’, tüccar ’купец’, прынесеныя туркамі на Балканы (Скок, 3, 499). Ён мяркуе, што балканска-лац. terg‑ у Дунайскай зоне ў V ст. н. э. увайшло ў праславянскую мову. Літ. tur̃gus, лат. tìrgus ’рынак’, а таксама ст.-сканд. torg, швед. torg, дац. torv, фін. turku запазычаны ва ўсходніх славян (Махэк₂, 651; Брукнер, 566; Мікала, Berühr., 170; Скарджус, Slav., 226; Петрыч–Гольмквіст, JS, 8, 1962–1963, 146). Спробы вывесці паходжанне слав. *tъrgъ з цюрк., манг. torga, torgu ’шоўк’ ці са ст.-цюрк. turɣu ’стаянка’ не пераконваюць (Фасмер, 4, 82). Ондруш (Этимология–1984, 179) сцвярджае, што прасл. *tr̥gъ генетычна звязана не толькі з харв. trážiti, *s‑terg‑: *s‑torg‑ ’сцерагчы’, але і з балг. тъ́рси ’шукае’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 603. Сюды ж таргава́ць ’прыцэньвацца; гандляваць’ (ТСБМ), торгава́цца (ТС), то́ржышча ’рынак, гандлёвая плошча з народам’ (Нас.), тарго́віца ’базар’ (АБ, 7 (3)), таргаўшчы́ца, тарго́ўка ’гандлярка’ (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ко́ла, ‑а, н.

1. Суцэльны або са спіцамі круг, які круціцца на восі і забяспечвае рух сродкаў перамяшчэння (калёс, аўтамашын і пад.). Колы веласіпеда. Колы паравоза. □ Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шаргацелі па пыльных каляінах. Мележ.

2. Дэталь механізма або машыны ў выглядзе круга для перадачы або рэгулявання руху. Рулявое кола. Вадзяное кола. □ Зялёная вада падае на рыпучае кола, і яно круціцца без аддухі, разбіваючы ваду ў пырскі. Асіпенка.

3. Пра ўсё, што мае форму круга або кальца. Кола каўбасы. □ Грымнуў аркестр, і ўсё змяшалася ў танцавальным коле. Скрыпка. Па цэментавых сходах бегала цьмяна-жоўтае кола святла. Адамчык.

4. Тое, што акружае, замыкаецца вакол чаго‑н. Хлопцы цесным колам акружылі дзядзьку Рыгора. Якімовіч.

5. перан. Пералік, аб’ём чаго‑н. Кола пытанняў. Кола тэм. Кола праблем. □ Можна, перачытваючы ваенную лірыку Петруся Броўкі, заўважыць, як паступова пашыралася кола выведзеных у ёй чалавечых вобразаў, як яна набывала рысы паэтычнага эпасу. Бярозкін.

6. перан.; чаго. Галіна, сфера якой‑н. дзейнасці. Кола дзейнасці. Кола гаспадарчых спраў. Кола інтарэсаў.

7. перан.; каго. Група людзей, аб’яднаных якімі‑н. сувязямі. Кола сяброў. Кола знаёмых. □ Калі аркестр трапляў куды-небудзь на сквер або ў парк, кола слухачоў павялічвалася. Лынькоў.

8. звычайна мн. (ко́лы, ‑аў); перан.; каго або якія. Грамадскія, прафесіянальныя групоўкі людзей. Навуковыя колы. Колы савецкай інтэлігенцыі. Рэакцыйныя колы.

9. Карагодны народны танец (асабліва пашыраны сярод паўднёвых славян). Украінскія горцы — гуцулы — і зараз танцуюць свой характэрны танец — кола. «Беларусь». // Фігура ў танцы.

•••

Зачараванае кола — а) пра такі збег абставін, з якога цяжка знайсці выйсце; б) лагічная памылка, якая заключаецца ў тым, што якое‑н. палажэнне даказваецца праз другое, якое само павінна быць даказана праз першае.

Крывое кола — пра ўпартага, капрызнага чалавека.

Ні ў кола ні ў мяла — пра няўмелага, няздатнага чалавека.

Павярнуць кола гісторыі назад гл. павярнуць.

Пятае кола ў возе — пра што‑н. зусім непатрэбнае, лішняе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)