разбы́цца, ‑будуся, ‑будзешся, ‑будзецца; зак.
Разм. Распаўнець, растаўсцець, раздацца. Зайцаў ні разу не бачыў яго, але чуў ад іншых, што хлапец той не можа нават засмяяцца, бо гэтак атлусцелі і разбыліся ад раскошы яго шчокі. Кулакоўскі. А тут у нас прыязджаў Марыльчын інжынер — разбыўся, тоўсты, як кадаўб. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Пу́кнуць ’стукнуць, ударыць, трэснуць, лопнуць; павялічыцца, выцягнуцца, раздацца’ (Клім.). Суадносіцца часткай значэнняў з пу́каць ’стукаць, лопаць’ (гл. пукаць 1, пук 1), іншыя ж значэнні — з пу́кацца ’лопацца’ (гл.), што мае паралелі ў балг. груб. пу́кна ’памерці’: да пукнеш! ’каб ты здох! (= выцягнуўся, лопнуў)’ і, магчыма, у ідыёме зо́ра пу́кна ’світае’, серб.-харв. zòra pȕca ’тс’, што мае семантычныя паралелі ў іншых балканскіх мовах (Васілеў, ZfBalk, 1981, 17 (1), 950). Гл. таксама Банькоўскі, 2, 965.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Распасце́рціся ’раздацца, раздзьмуцца, раскрыцца, заняць сабой шырокі абшар, шырока сесці або легчы’, ’натапырыцца’ (ТСБМ; шчуч., Сл. ПЗБ; Бяльк.), распасцірацца ’гаварыць многа’ (Растарг.), фіксуецца ў XVI ст. ст.-бел. розъпостри (Карскі, 1, 95). Параўн. польск. rozpostrzeć, rospościerać ’сцяліць’, славен. razprostirati, razprostreti ’тс’, ’распасціраць’. Паводле Брукнера (522), каранёвая частка ў славянскіх мовах часцей за ўсё ў спалучэнні з прыстаўкай *pro‑, параўн. прастора, прасцерці (гл.), з чаргаваннем галосных асновы (< *stre‑, *ster‑, *stor‑, *stъr‑ і інш.), сюды ж распастыры́ць ’распасцерці’ (Сцяц.), распастры́ць ’разаслаць, разгладзіць’ (Сцяшк. Сл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
пракаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, перамясціцца куды‑н. Мяч пракаціўся два метры. □ Сляза радаснай узбуджанасці пракацілася па.. твары. Кавалёў. // перан. Раздацца, разнесціся (пра раскацістыя гукі). Над самаю страхою пракаціўся гром. Грахоўскі. Гул абурэння пракаціўся па зале і сціх. Лынькоў.
2. Праехацца, з’ездзіць (для забавы, пацехі) куды‑н. — Вось пракаціўся — лепш, як на аўтобусе, — смяецца Драбак і паказвае цэлы рад белых зубоў. Колас. Любілі калісь паны, запрогшы тройку, пракаціцца па шляху ў вясеннюю раніцу альбо вечарам. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагуча́ць, ‑чыць; зак.
1. Утварыць гук, гукі. Два стрэлы прагучалі амаль адначасова. Марціновіч. // Раздацца, пачуцца. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.
2. перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуццё, настрой). Марку здалося, што ў голасе Блінкова прагучалі ноткі дабрадушнасці. Васілеўская. Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з іроніяй у голасе, у якой бадай-што прагучала пагроза. Шамякін. // Выклікаць уражанне, успрыняцца. Хоць і злажыў, а верш не прагучаў. Лужанін.
3. перан. Стаць шырока вядомым. [Віктар:] — Відаць, прагучыць твая гісторыя. Непрыемна будзе заводу... Савіцкі.
4. Гучаць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пралі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; зак.
1. Пацячы, паліцца. Выпадае мокры снег ці пральецца дождж-абліваха, і стане зорка [на абеліску] чырвоная, такая, якой і павінна быць. Шашкоў. Густыя асеннія хмары, што вось-вось гатовы праліцца дробным нудным дажджом, нізка плылі над лесам. Няхай. Там, дзе пралілася кроў прыгажуні Аліі і смелага юнака Касыма, выраслі яркія пунсовыя макі. Даніленка. Горкіх матчыных слёз праліецца нямала, Бо сыноўняя кроў на пялёсткі упала. Бачыла.
2. перан. Распаўсюдзіцца, разнесціся (пра святло, пах і пад.). Павеяла з мора азёрным цяплом, І водар паўднёвы праліўся... Глебка. — Жыве! — пралілося гарачай радасцю па ўсім целе. Кулакоўскі. // перан. Паэт. Раздацца, пранесціся (пра гукі). Дзесьці песня пральецца, — Маці чуецца голас знаёмы. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разле́гчыся, ‑лягуся, ‑ляжашся, ‑ляжацца; пр. разлёгся, ‑ляглася, ‑лося і ‑леглася; заг. разляжся; зак.
Разм.
1. Легчы, свабодна раскінуўшыся, выцягнуўшыся. Сярод гушчарніку пушчы, каля палаючага вогнішча, разлеглася ўся каманда паўстанцаў. Нікановіч. Зіну знайшоў Валодзя, шапнуў бадзёрае: — Зараз пераб’ём фашысту сон, маленькі перапалох устроім, а то разлёгся тут у нас, як дома. Ваданосаў.
2. перан. Заняць вялікую прастору; раскінуцца. Ад Курыльскіх сопак і наўсцяж да Гродна неабдымнай сушай край разлёгся родны. А. Вольскі. Глядзі, вунь зацвітаюць ільны: возера мяккага блакітнага колеру разляглося на даляглядзе. Гамолка. Разляглася вёска Хатамі ў рад. Іверс.
3. Раздацца, далёка пракаціцца. Па лесе разлёгся вясёлы смех. Шчарбатаў. [Толік] .. паставіў касу, утыркнуўшы яе касавільнам у зямлю, узяў у руку мянташку. Жах! Жах! Жах! — звонка разлеглася рэха на поплаве. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пране́сціся, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. пранёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; заг. пранясіся; зак.
1. Вельмі хутка праехаць, праляцець; прамчацца. Жнівеньскім вечарам па вёсцы з грукатам, узнімаючы пыл, пранеслася тачанка. П. Ткачоў. Цэлая эскадрылля цяжкіх бамбавозаў нізка пранеслася над хатай. Кулакоўскі. // Пра ўяўны рух прадметаў, міма якіх рухаецца чалавек. // Хутка прайсці, прабегчы. Пранесціся па двары. // перан. Прамільгнуць (пра думкі, успаміны і пад.). Маланкай пранеслася здагадка: яго [Чыжыка] заваліла. Лупсякоў.
2. Хутка прайсці, мінуць (пра час).
3. Разнесціся, раздацца, прагучаць (пра гукі). Ціхі ўздых пранёсся над палянай і знік, праглынуты імхамі. Лынькоў. — Паўстанцы, стройся! — пранеслася баявая каманда па лясах і балотах... Чарот. // перан. Хутка распаўсюдзіцца, разнесціся (пра чуткі, весткі і пад.). Па батарэі пранеслася чутка, што нас [курсантаў] будуць пасылаць малодшымі камандзірамі ў іншыя батарэі, дывізіёны. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., што.
1. Зрабіць у чым‑н. адтуліну, разрэз чым‑н. рэжучым. У дарозе мы прарэзалі дзверы вагона, зламалі засаўку і на хаду саскочылі з поезда. Краўчанка. // Прасячы ці прапілаваць (дзверы, акно і пад.). Шырэй прарэзалі вокны [у хаце], атынкавалі лепшы канец. Лось.
2. Прайсці праз што‑н., упоперак чаго‑н.; пранізаць. Цёмнае неба над возерам прарэзала ад краю да краю доўгая і няроўная агністая лінія маланкі. В. Вольскі. // Пралегчы, працягнуцца праз што‑н. Дзве доўгія стужкі — чыгуначная і аўтамабільная магістралі — прарэзалі лясы, палі. Дадзіёмаў. // Перадачы, пралегчы (пра маршчыны, шрам). — Пра канвеер я думала, — як здалося Мікіту Мікітавічу, бесклапотна сказала Дзіміна, але лоб яе ўпершыню прарэзала маршчынка. Карпаў.
3. Пранесціся, раздацца (пра рэзкія, моцныя гукі). Крык, такі ўжо блізкі, яшчэ раз прарэзаў ветраную цёмную ноч і заціх. Пестрак.
4. Рэзаць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уда́рыць, -ру, -рыш, -рыць; -раны; зак.
1. каго (што) па чым, у што і без дап. Нанесці ўдар (у 1 знач.) каму-н., зрабіць удар аб што-н.
У. палкай.
Ударыла токам (перан.; безас.). У. кулаком па стале.
У. у грудзі.
2. каго-што. Пашкодзіць, прычыніць боль ударам.
У. калена.
3. што і ў што. Ударамі апавясціць, адзначыць што-н., а таксама ўвогуле раздацца (пра рэзкі гук).
У. трывогу.
Ударыў гром.
4. па кім-чым. Нанесці ўдар (у 3 знач.).
У. знянацку па ворагу.
5. перан., па кім-чым. Спыніць чые-н. адмоўныя дзеянні, знішчыць што-н. адмоўнае.
У. па бюракратах.
У. па недахопах.
6. што, чым і без дап. Пачаць энергічна рабіць што-н., энергічна дзейнічаць чым-н. (разм.).
Музыканты ўдарылі вальс.
Матросы ўдарылі вёсламі.
7. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Раптоўна, з сілай наступіць.
Ударыла засуха.
Ударылі маразы.
8. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., у што. Моцна падзейнічаць на што-н.
Віно ўдарыла ў галаву.
|| незак. удара́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1, 2, 3 і 8 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)