Развару́ха ’трывожны час’ (Сцяшк. Сл.), ’неспакой’: пашла такая разваруха, што нікому жыця нема (Сержп. Казкі). Ад разварушы́ць па аналогіі з завару́ха, параўн. рус. прастамоўныя завару́ха ’складаная, заблытаная справа’, завари́ть ’пачаць што-небудзь рабіць, не прадбачачы наступствы’. Гл. варушы́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пару́шыць, -шу, -шыш, -шыць; -шаны; зак.

1. што. Перашкодзіць нармальнаму стану, развіццю чаго-н., перарваць.

П. маўчанне.

П. сон.

2. што. Не захаваць чаго-н., пераступіць што-н.

П. дагавор.

П. дысцыпліну.

П. граніцу (незаконна перайсці яе).

3. каго-што. Скрануць, разварушыць.

П. пчол.

П. яйкі ў птушыным гняздзе.

|| незак. паруша́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. парушэ́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зара́злівы, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і заразны (у 1 знач.).

2. перан. Які лёгка перадаецца іншым, пераймаецца іншымі. Часамі ўдавалася. .. [Янку Тукалу] разварушыць, і тады ён рабіўся вясёлым, жартлівым, здольным усіх захапіць сваімі жартамі і смяяўся такім заразлівым смехам, што нельга было не паддацца яму. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здзеравяне́лы і здзервяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Цвёрды, як дрэва. Здзеравянелы атожылак. // Здранцвелы, анямелы (пра часткі цела). [Васіль] зусім выбіўся з сіл, залез у снег па пояс і не можа ўжо мясіць яго здзеравянелымі нагамі. Колас. Яўхім стомлена павёў плячамі, перагнуўся трохі назад — хацеў разварушыць здзервянелую спіну. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развороши́ть сов., разг. разварушы́ць, разваро́чаць, мног. паразваро́чваць; растрэ́сці, мног. парастраса́ць, парастрэ́сваць; раскіда́ць, мног. параскіда́ць; (о сене в прокосах) разбі́ць, мног. паразбіва́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

расшавялі́ць, ‑вялю, ‑веліш, ‑валіць; зак., каго-што.

1. Шавелячы, змяніць становішча чаго‑н.; разварушыць. Расшавяліць вуголле ў печы. // Шавелячы, штурхаючы, вывесці са стану спакою; разбудзіць. Расшавяліць соннага.

2. перан. Абудзіць да дзейнасці, вывесці са стану вяласці, абыякавасці да навакольнага. Узварухнулі, расшавялілі, ускалыхнулі калгасны сход разумныя дакументы партыі. Бялевіч. — Бачу, прападае чалавек. Кругом музыка, а ён кісне. Думаю, пайду, расшавялю... Кудравец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскача́ть сов.

1. (качели, маятник и т. п.) разгайда́ць, раскалыха́ць, разгу́шкаць;

2. (расшатать) расхіста́ць, раскалыва́ць, расківа́ць;

3. перен., разг. разварушы́ць;

его́ не раскача́ешь яго́ не развару́шыш;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

раскату́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Нямоцна штурхаючы, трасучы, абудзіць ад сну, прымусіць прачнуцца. Мікола моцна спаў, праз сон чуў, як званіў будзільнік, але ён не падняўся, а толькі перавярнуўся на другі бок і зноў заснуў. А потым яго раскатурхала жонка. Гаўрылкін. // перан. Вывесці са стану пасіўнасці, разварушыць. [Лабановіч:] — А самае важнае — мы раскатурхалі б соннае балота нашага настаўніцтва, бо жыць так, як жывём мы, адарваныя адзін ад аднаго, жыць без жывой ідэі, .. так жыць нельга. Колас. Толькі самай прыгожай дзяўчыне .. ўдаецца некалькі раскатурхаць Браму. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбі́ць, разаб’ю́, разаб’е́ш, разаб’е́; разаб’ём, разаб’яце́, разаб’ю́ць; разбі́ў, -бі́ла; разбі́; разбі́ты; зак.

1. гл. біць.

2. Пашкодзіць ударам, параніць.

Р. галаву.

3. перан. Загубіць, разбурыць.

Р. мары і надзеі.

Р. чужое шчасце.

4. каго-што. Раздзяліць на часткі, на групы; размеркаваць.

Р. лес на ўчасткі.

Р. атрад на групы.

5. каго-што. Перамагчы, нанесці паражэнне.

Р. ворага.

6. перан. Даказаць памылковасць, беспадстаўнасць, неабгрунтаванасць каго-, чаго-н.

Р. праціўнікаў новай ідэі.

7. Паставіць, раскінуць (палатку і пад.).

Р. лагер.

8. Распланаваўшы, пасадзіць што-н.

Р. парк.

9. што. Растрэсці, разварушыць, раскінуць.

Р. сена.

Р. гной на полі.

|| незак. разбіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. разбіва́нне, -я, н. і разбі́ўка, -і, ДМ -біўцы, ж. (да 4, 7—9 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пару́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.

1. Перашкодзіць далейшай плыні, ходу чаго‑н.; перапыніць. Парушыць маўчанне. Парушыць спакой. □ Гэтая акалічнасць парушыла ранейшыя сяброўскія адносіны паміж хлопчыкамі. Кавалёў. [Васіль Маркавіч] быў задаволены пачаткам экскурсіі, хоць здарэнне з качкай трохі і парушыла яго планы. Скрыпка. // перан. Падарваць, пахіснуць. Максім бачыў, што шчырую веру Алеся ў гэтага чалавека нельга нічым парушыць. Машара.

2. Не захаваць чаго‑н., пераступіць што‑н. Парушыць парадак. Парушыць дысцыпліну. □ Мікола сам зразумеў, што не пасцярогся ў сварцы з солтысам, у гарачцы парушыў правілы канспірацыі. Сабаленка. А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне, Хай ад рук партызанаў я лягу, Пакарайце за здраду мяне. Астрэйка. Людзі ведалі — Парфенчык заўсёды ў лесе — і раніцою, і ўвечары — і баяліся парушыць правілы лесакарыстання. Шчарбатаў.

3. і каго. Скрануць, разварушыць. Вось вырваў [Мядзведзь] пень, асінак пару, Мурашнік пад ялінай раскапаў, Узлез на ліпу, пчол парушыў, Задзёр карову у лагу... Корбан. Ніхто іх не трывожыў — Кранаць буслоў няможна, Бо гавораць людзі — Бусел злосны будзе, Як гняздо хто разварушыць Ці яйкі парушыць. Блатун. // Разбурыць, пахіснуць. — Ясна адно, што добра твая жонка зрабіла, што парушыла гэтае пекла, якое, мусіць, было ў вашай сям’і. Чорны.

парушы́ць, ‑рушу́, ‑ру́шыш, ‑ру́шыць; незак.

Тое, што і церушыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)