прабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; зак.

1. Прабрацца праз што‑н. з цяжкасцю, пераадольваючы перашкоды. Люба чула, што гаварылі конныя чырвонаармейцы, і старалася прабіцца да іх праз натоўп. Чорны. Прамень сонца прабіўся ў каюту праз вузкую шчыліну, весела затрапятаў на асколку шкла, што ляжаў на падлозе. Гамолка.

2. Выступіць на паверхню. Калі пушок прабіўся над губою І ў сны прыйшло дзявочае імя, Я ні аб чым не раіўся з табою, матуля адзінокая мая. Грахоўскі. // перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуцці, перажыванні і пад.). Мне стала горача — праз крыўду прабілася дурная рэўнасць. Савіцкі.

3. Захаваць здольнасць біцца на працягу якога‑н. часу (пра сэрца, артэрыі і пад.). Сэрца прабілася дзесяць мінут.

4. Разм. Біцца некаторы час.

5. Разм. Пражыць да якога‑н. часу, пераадольваючы цяжкасці, пракідацца. Суцяшаюць маму хлопцы: — Мы вясной усё здабудзем! — Як прыгрэе добра сонца, пойдзем зноў тады мы ў людзі. Нам абы зіму прабіцца! Дубоўка. — А як ты адна, калі бацька жыў, была? Ты ж упраўлялася з усім? Так і без мяне праб’ешся. Мележ.

•••

Не прабіцца — аб вялікай цеснаце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне для чысткі, змятання і пад. у выглядзе драўлянай ці пластмасавай калодачкі з густа пасаджаныя на яе шчаціннем ці іншым матэрыялам. Коней і кароў шаравалі скрабніцамі і шчоткамі. Бядуля. Свідзерскі знайшоў на кватэры начальніка станцыі шчотку і доўга шоргаў ёю па чаравіках, потым драіў яшчэ і суконнай. Хомчанка. — Ты зноў маёй шчоткай зубы чысціла? — нахмурыўся Пятрусь. Даніленка. [Казік:] — Узяў я шчотку ды мяту паціху. Чарнышэвіч. // перан. Пра што — н., што нагадвае шчотку. Дружна выбівалася з чорнай раллі густая шчотка яшчэ ружовай ярыны. Васілевіч. [Натура:] (правёўшы рукой па густой шчотцы барады). Якая там барада. Першы пушок паказаўся. Крапіва.

2. Частка нагі над капытом каня і пучок валасоў на гэтым месцы.

3. У электратэхніцы — калодка з медзі, графіту і пад., якая датыкаецца да калектара, якара электрамашыны і служыць для перадачы току. — І статар, і ротар, і шчоткі зусім спраўныя. Якімовіч. [Сымонка:] — Шчоткі трэба праверыць. Можа, яны слаба прылягаюць да вала якара? Гамолка.

4. У мінералогіі — сукупнасць крышталяў, якія панарасталі на народу шчыльна адзін да аднаго. Аметыставая шчотка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пух1 ’мяккія варсінкі; падсцілка шэрсці, поўсць’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. МГ, Бес., Сл. ПЗБ; ельск., Мат. Гом.), ’пер’е наогул’: гэто пух, у нас пе́рʼе не кажуць (ТС), ’пер’е (гусінае)’ (гом., Мат. Гом.), ’адходы пры паланні, мякіна’ (Нас.; ЛА, 2; Выг.; петрык., лун., брагін., Шатал.), ’абдзіркі ад круп, высеўкі’ (ПСл; ветк., Мат. Гом.), ’пушны хлеб’ (Нас. Сб.), мн. л. пу́шʼе ’пер’е’ (ТС), параўн. укр. пух ’пух, дробныя валаскі’, рус. пух ’пух; шалупінне з проса, мякіна’, польск. puch ’мяккае, дробнае пер’е, валаскі’, чэш. puch ’дробнае пер’е’, славен. puh ’пух, пушок; галаўня ў збожжы’, балг. пух ’пух’, макед. пувка ’чубок’. Прасл. *puxъ — аддзеяслоўны назоўнік, семантыка зыходнага дзеяслова ’дуць, дзьмуць’, параўн. пу́хаць ’выпускаць паветра; ферментаваць’ (гл.), польск. puchać ’пыхаць, пускаць дух’, харв. púhati ’тс’, славен. pūhati ’пыхаць, дуць, дымець’ (< *puxati); літаральна ’тое, што адлятае пры подыху (дыхання, ветру)’. Узводзяць да і.-е. *p(h)eu̯s‑ ’пыхаць, пухкаць’ імітатыўнага паходжання (Бязлай, 3, 134; Скок, 3, 70), параўн. санскр. púšyati ’паспяваць’, грэч. φῦσα ’пухір’, лац. pussula, pustula ’тс’; параўнанне з літ. paustìs ’шэрсць жывёлы’, зафіксаваным на Віленшчыне (гл. Фасмер, 3, 414; Сной, 514 і інш.), сумнеўнае, паколькі апошняе хутчэй за ўсё запазычана з бел. поўсць ’тс’ (< прасл. *pьlstь або *pl̥stь).

Пух2 ’агаткі, Antennaria dioica Gaertn.’ (віц., Кіс.). Да пух1, параўн. укр. пух ’расліна Eriophorum vaginatum L.’ і чэш. дыял. peři ’тс’, названых так з-за знешняга выгляду пладоў.

Пух3 — выклічнік, імітуе лопанне, стрэл і пад. (ТСБМ, ЭШ, Сл. ПЗБ; полац., мсцісл., Нар. лекс.). Гл. пу́хаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)