прамо́ва 1, ‑ы, ж.

Публічнае выступленне. Гаварыць прамовы на публічных вечарах я быў не дужа які майстар і ахвотнік. Сабаленка. Госці дружна заапладзіравалі, вітаючы прамову Івана Кузьміча. Каршукоў.

прамо́ва 2, ‑ы, ж.

У параўнальна-гістарычным мовазнаўстве — не засведчаная пісьмовымі помнікамі, рэканструяваная мова, у выніку распаду якой узніклі сучасныя жывыя або засведчаныя пісьменнасцю мёртвыя роднасныя мовы. Індаеўрапейская прамова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канцэ́рт, ‑а, М ‑рце, м.

1. Публічнае выкананне інструментальных, вакальных музычных твораў, а таксама харэаграфічных, дэкламацыйных і інш. нумароў па пэўнай праграме. Сімфанічны канцэрт. Канцэрт мастацкай самадзейнасці. Эстрадны канцэрт. □ Крысціна не магла не быць у трывозе за тое, што яе няма вось на гэтым канцэрце, што яна не слухае, як спявае яе малодшая сястра. Кавалёў.

2. Буйны музычны твор для аднаго інструмента ў суправаджэнні аркестра. Канцэрт для фартэп’яна з аркестрам. Скрыпічны канцэрт.

•••

Кашэчы канцэрт — а) пра завыванне катоў; б) пра бязладныя спевы, музыку і інш.

[Фр. concert.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакла́д 1, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Публічнае паведамленне на пэўную тэму. Справаздачны даклад. Даклад на міжнародную тэму. Чытаць лекцыі і даклады. □ Увечары ў клубе, пасля даклада, была мастацкая частка. Ермаловіч.

2. Вуснае ці пісьмовае афіцыйнае паведамленне кіраўніку, начальніку і пад. Маёр Раманенка хутка выскачыў яму насустрач з дакладам: — Таварыш палкоўнік!.. Палкоўнік махнуў рукою: «Не трэба». Шамякін.

3. Паведамленне аб прыходзе наведвальніка. — Прашу мяне не турбаваць і без даклада не ўваходзіць. Дубоўка.

дакла́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Дадатковы матэрыял (падкладка, гузікі і пад.) для шыцця адзення, абутку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́кцыя, ‑і, ж.

1. Вуснае выкладанне вучэбнага прадмета выкладчыкам у вышэйшай навучальнай установе. Наведваць лекцыі. □ Сівы прафесар, адпачыўшы на сонечным ўзбярэжжы Крыма, першыя лекцыі чытаў неяк больш усхвалявана. Шахавец. // толькі мн. (ле́кцыі, ‑ый). Частка вучэбнага прадмета, якая выкладаецца ў вуснай форме. Курс лекцый. // Публічнае чытанне на якую‑н. тэму. Направа, за прычыненымі дзвярыма, ішла для сялян лекцыя. Чорны. Цяпер часта ў клубе, у брыгадах, на фермах прапагандысты чытаюць лекцыі. Дуброўскі.

2. толькі мн. (ле́кцыі, ‑ый). Аддрукаваны курс публічных чытанняў, а таксама запісы па якому‑н. прадмету выкладання. Інстытуцкія лекцыі па літаратуры.

[Ад лац. lectio — чытанне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сло́ва, -а, мн. -ы, слоў, н.

1. Асноўная сэнсавая адзінка мовы, якая свабодна ўзнаўляецца ў мове і служыць для пабудовы выказвання.

Іншамоўныя словы.

Падзяліць с. на склады.

2. адз. Мова і маўленчыя здольнасці.

Культура с.

Валодаць словам.

3. звычайна мн. Фраза, выказванне; гаворка, размова.

Бацькавы словы.

Сказаць некалькі слоў на развітанне.

4. адз. Вуснае публічнае выступленне, прамова дзе-н., а таксама права, дазвол гаварыць публічна.

Заключнае с. на выбарным сходзе.

Атрымаць с. для выступлення.

5. адз., з азначэннем. Думка, вывад; дасягненне ў якой-н. галіне.

У гэтай справе трэба с. вучоных.

Новае с. ў навуцы.

6. мн. Тэкст да вакальнага твора.

Песня на словы Адама Русака.

7. адз. Літаратурны твор у форме аратарскай прамовы, пропаведзі ці паслання (уст.). «С. аб палку Ігаравым».

Адным словам — карацей кажучы.

Ад слова да слова — ад пачатку да канца.

Апошняе слова

1) навейшае дасягненне (кніжн.);

2) заключнае слова падсуднага.

Браць слова назад (разм.) — адмаўляцца ад сказанага.

Глытаць словы — гаварыць неразборліва.

Да слова сказаць — у сувязі са сказаным.

Закінуць слова за каго (разм.) — падтрымаць пры неабходнасці.

З чужых слоў — з таго, што сказана кім-н.

Не абмовіцца ні адным словам — змаўчаць.

Слова за слова

1) пра паступовае развіццё размовы;

2) спрачаючыся, пасварыцца.

Слоў няма (разм.) — канешне, так.

У адно слова — разам, адначасова падумаць, сказаць.

У двух словах (разм.) — коратка.

Цвёрдае слова — якому можна верыць.

|| памянш. сло́ўца, -а, н. (да 1 і 3 знач.; разм.).

|| прым. сло́ўны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спрэ́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Спаборніцтва на словах, абмеркаванне чаго‑н. дзвюма або некалькімі асобамі, у часе якога кожная з іх адстойвае сваю пазіцыю. За ўвесь сённяшні дзень гэта было адно пытанне [аб начлезе], па якім не адбылося спрэчак паміж таварышамі. Маўр. Зіна пайшла да сваіх, пакінуўшы радыстаў з іх даўняй спрэчкай: як будуць жыць пасля вайны людзі. Ваданосаў. // Барацьба думак па розных пытаннях навукі, літаратуры і пад.; палеміка (звычайна ў друку). Ужо даўно ідуць спрэчкі наконт таго, ці можна нарыс падзеляць на мастацкі і немастацкі. «ЛіМ». // Разм. Сварка, рознагалоссі. У Косцікавым двары такая пачалася гарачая гаворка, што кончылася яна слязьмі і спрэчкаю. Чорны. Яны [вада, агонь і вецер] уступілі трое ў спрэчку між сабою, крычаць, шумяць, трасуцца ды за чубы бяруцца. Дзеружынскі.

2. Аспрэчванне правоў на валоданне чым‑н. Спрэчкі аб маёмасных правах. □ Сонца звярнула з поўдня, пакуль разабраў старшыня іх [Кузьмы і Петрака] спрэчку і вызначыў ім мяжу. Нікановіч.

3. перан. Барацьба, змаганне з чым‑н.; супраціўленне чаму‑н. У прыказках і прымаўках знайшла адлюстраванне спрэчка, якую вёў чалавек працы з непрымальнымі для яго поглядамі. Шкраба. Гэта была вострая спрэчка паміж старым і новым старшынёю. Гурскі.

4. Публічнае абмеркаванне якіх‑н. пытанняў. Ні першага даклада, ні спрэчак, якія разгарнуліся пасля яго, прафесар амаль не чуў. Галавач. [Старшыня сходу:] — Ужо другая гадзіна ночы, а яшчэ не выступіла і палавіна таварышаў, якія запісаліся для спрэчак. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)