прытрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Злёгку падтрымліваючы, не даць рухацца, упасці і пад. Леанід прытрымаў хворую руку, узлез на сена і пачаў вобмацкам выбіраць, дзе зручней прымасціцца. Пташнікаў. — Прытрымай [бервяно], я змянюся, — сказаў Рыгор і выняў кол, каб залажыць яго трошкі вышэй за наступны кавалак. Крапіва. // Затрымаць, прыпыніць (рух каго‑, чаго‑н.). Марцін прытрымаў каня, пакуль Насця.. садзілася на сена. Мележ. Параўняўшыся з агароджай школы, .. [жанчына] прытрымала крок, пайшла павальней. Колас. // Затрымаць на некаторы час, патрымаць некаторы час дзе‑н., для якой‑н. мэты. Нейкі незнаёмы вахцёр прытрымаў мой пропуск. Савіцкі. Білі не дробязь — не сподачкі .., а возьме каторы вялізную вазу.., падыме над галавой, прытрымае, смакуючы небяспеку, і гвазне. Брыль. // Затрымаць наступленне, выкананне чаго‑н. Дажджы прытрымалі сяўбу.
2. Патрымаць да некаторага часу; прыберагчы. Прытрымаць сена к вясне. Прытрымаць тавар.
•••
Прытрымаць язык — не выказацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпе́рціся, ‑пруся, ‑прэшся, ‑прэцца; ‑промся, ‑працеся; пр. прыпёрся, ‑перлася; зак.
1. Абаперціся аб што‑н., прываліцца да чаго‑н., стаўшы або сеўшы дзе‑н. Прыперціся спінай да дзвярэй. □ Сцяпан кінуўся на двор, доўга чагосьці шукаў там, .. пасля знайшоў: прыпёрся ілбом да мокрага ствала старой ігрушы. Чорны. Падышоў. Сеў на вільготную зямлю, прыпёрся плячамі да шурпатай кары. Пянкрат. // Разм. Прысесці, прымасціцца. — Прыпрыся ж ты, вось хоць тут на зэдліку. Крапіва.
2. Разм. груб. Прыйсці, прыбыць. — Хіба ты не ведаеш майго нязгрэбу, — адказала сястра Магда. — Часам, як з прывязі сарваўшыся, першы прыпрэцца, а сёння хоць аглобляй падважвай... С. Александровіч. — І мая дачка, Жэня, старэйшая, там засталася. Сам я толькі здурнеў, прыпёрся з бежанства сюды. Брыль.
3. Разм. Знайсці сабе прыстанішча, прыстроіцца дзе‑н. — За плячыма павінна што-небудзь у чалавека быць, каб заўсёды прыперціся да чаго льга было... Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыляпі́цца, ‑ляплюся, ‑лепішся, ‑лепіцца; зак.
1. Прыстаць да чаго‑н., прыліпнуць, прыклеіцца (пра што‑н. ліпкае, клейкае і пад.). Пластыр прыляпіўся. Камяк гліны прыляпіўся. □ Да фартуха прыляпіліся шматочкі белай тканіны і нітак — відаць, жанчына нешта шыла. Савіцкі. // перан. Разм. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). А калі мянушка прылепіцца — аж да самай смерці можаш хадзіць з ёю... Гамолка. // перан. Разм. Змясціцца, размясціцца вельмі блізка да чаго‑н. Нейкаю сотняю саламяных стрэх прыляпілася гэтая вёска да спаду гары. Брыль. // перан. Разм. Прымасціцца дзе‑н. (звычайна нязручна). — Едуць, бывала, у школу, у раён, — мой на веласіпедзе, а Федзька — ззаду ў яго, на багажніку. Прылепіцца, як верабей, і едуць, быццам бацька з сынам. Ракітны. Бургамістр прыляпіўся на самы край крэсла і ледзьве не саскаўзнуў. Новікаў.
2. перан. Разм. Адчуць прывязанасць да каго‑, чаго‑н. У Шукевіча я браў Тагора і надоўга прыляпіўся да яго душою. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыстро́іцца 1, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.
1. Прымасціцца, размясціцца дзе‑н. Васілёк прыстроіўся каля табурэткі ў кутку і вельмі пільна ўглядаўся ў малюнкі ў кніжцы. Броўка. Якаў прыстроіўся на дубе, поруч з Юзікам. Чарнышэвіч. // Далучыцца, прыстаць да каго‑н. Касец з Яхіма так сабе, другі год як узяўся за касу, а тут яшчэ ў кампаніі сталых мужчын прыстроіўся Барын бацька. Дуброўскі.
2. Разм. Уладкавацца на работу, заняць якое‑н. месца, становішча ў жыцці. — Каб як гэта мне дзе-небудзь прыстроіцца — рабіць па сваёй сіле, каб ніхто не мяшаў мне жыць. Чорны. — Прыстроімся матросамі. Здорава было б трапіць на кітабойную флатылію. Асіпенка. — Ці не хочаш ты, дзед, ключнікам прыстроіцца? — запытаў Максім Ус. Грахоўскі.
3. Далучыцца да строю, стаць у строй; стаць у рад, у адну лінію з кім‑, чым‑н. Лёдзя, захапіўшы чатыры бляшаныя падносы, прыстроілася да чаргі за абедамі. Карпаў. Асцярожна, як бы баючыся аступіцца, машына выпаўзла з памяшкання і прыстроілася ў канцы калоны. Беразняк.
прыстро́іцца 2, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.
Разм. Апрануцца па-святочнаму, прыбрацца. Прыстройся, дзяўчынка-нябожа, Так, як у дзянёчак святы,.. — Сягоння прыедуць сваты. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыткну́цца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; ‑ткнёмся, ‑ткняцеся; зак.
1. Злёгку дакрануцца, даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Камбат даў мне прыкурыць ад сваёй папяросы. Мне доўга не ўдавалася прыткнуцца да яе. Васілёнак. У арміі ён спаў добра. Прыткнецца да падушкі і гатоў. Навуменка.
2. Разм. Прыхіліцца да каго‑, чаго‑н., абаперціся аб што‑н. Спінай да .. [печы] прыткнулася гордая, як каралева, з халоднымі карымі вачамі прыгажуня Міра. Карпюк. // Прымасціцца, прысесці дзе‑н. Невялікі садок нашага двара. Нам і прыткнуцца няма дзе. Вітка.
3. Наблізіцца да чаго‑н., размясціцца ўпрытык з чым‑н. На разліве, сярод магутных дубоў, што стаялі па пояс у вадзе, прыткнуліся адзін да аднаго некалькі чаўноў. Караткевіч.
4. перан. Разм. Уладкавацца (на якое‑н. месца, пасаду), паступіць куды‑н., прыстроіцца дзе‑н. Саўка ляжаў і думаў. У такім цяжкім беспрасветным стане ён не быў ніколі. Куды ж яму падацца і што рабіць? Дзе ён цяпер прыткнецца?.. Колас. [Сёмка:] — У клубе якраз пасада кінамеханіка пуставала. От і прыткнуўся я туды. Кандрусевіч. // Знайсці прыстанішча дзе‑н. — Вот спалілі сяло, трохі ўцякло народу, а куды прыткнуцца? Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытулі́цца, ‑тулюся, ‑тулішся, ‑туліцца; зак.
1. Прыгарнуцца, прыхіліцца да каго‑, чаго‑н. з ласкай, пяшчотай. Ліда сустрэла настаўніка, паздароўкалася, абняла яго руку, прытулілася да яе, як даверлівае дзіця. Колас. Малое насупілася, недаверліва паглядзела на незнаёмага дзядзьку і прытулілася да дзеда. Дуброўскі. [Мікола] прытуліўся да мяне, і, засынаючы, я чуў ягоны шэпт і адчуваў шчасліва роднае сяброўскае цяпло. Брыль. // Шчыльна прыціснуцца, прыпасці да каго‑, чаго‑н. Адно толькі жаданне было ў Казіка: узлезці на печ, прытуліцца да яе акалелым целам. Чарнышэвіч. Прытуліўся [Мікола] лбом да шурпатай дошкі, прыжмурыў адно вока.. На срэбнай пласцінцы выціснута яго імя і прозвішча. Б. Стральцоў.
2. Знайсці сабе прытулак, прыстанішча. Калгасны жывёлавод Яшчын, у хаце якога жыве Паходня, дзе цяпер прытуліўся і я, расказваў мне неяк увечары, што толькі пры яго памяці Старыца знішчалася дашчэнту тройчы. Хадкевіч. // Прыладзіцца, прымасціцца дзе‑н. Хлопцы прытуліліся пад кустом, пакінулі на галаву плашч-палатку і пры ліхтарыку пачалі пісаць. Казлоў.
3. перан. Размясціцца дзе‑н. у зацішным месцы, пад аховай чаго‑н. Амаль у самым канцы вуліцы Карла Маркса прытулілася невялічкая хатка. С. Александровіч. [Аўтар] адразу ж зачароўвае чытача хараством роднай вёскі Пасынкі, што прытулілася над Ціхменню-ракой недзе ў Заходняй Беларусі. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)