Ста́так1 ‘гурт буйной дамашняй жывёлы’, ‘пагалоўе; быдла; рагатая жывёла’ (ТСБМ, Ласт., Сцяшк., Арх. Федар., Шымк. Собр., Бяльк., Сержп., Сл. ПЗБ; полацк., Шн. 2), ‘чарада кароў’ (ЛА, 1), ‘буйная рагатая жывёла’ (Нас., Мал.), ‘стада’ (Шат., Касп.), ‘інвентар; стада’ (Др.-Падб.), ‘стада авечак, коз і да т. п.’ (Мядзв.), ‘рухомая маёмасць’, ‘стада жывёлы’ (Федар. 7), ‘пасудзіна’, ста́ток ‘інструмент’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ), ста́ткі толькі мн. л. ‘снасці, прылады, прыстасаванні для рыбнай лоўлі’ (Крыв.), ‘рэшткі, спадкі, спадчына’ (Нас.), ст.-бел. статокъ ‘маёмасць’ (Ст.-бел. лексікон; Сташайтэне, Абстр. лекс., 161), ‘буйная рагатая жывёла’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ста́ток ‘статак’, рус. ста́ток ‘дастатак; маёмасць’, зах. ‘жывёла’, польск. statek ‘рухомая маёмасць; жывы інвентар’, дыял. ‘быдла, хатняя жывёла’, н.-луж. statk ‘прадпрыемства; дзеянне; справа’, чэш. statek ‘маёмасць, рэчы’, дыял. ‘буйная рагатая жывёла’, славац. statok ‘тс’. Прасл. дыял. *statъkъ, дэрыват ад *stati ‘стаць’ з суф. ‑ъkъ. Гл. Махэк₂, 675; Фасмер, 3, 745. Шустар-Шэўц (1356–1357) мяркуе, што *statъkъ утворана ад праславянскага назоўніка *statь (параўн. стаць2, постаць, гл.; рус. стать ‘пастава’) з суф. ‑ъkъ; Борысь (576) выводзіць ад прасл. *statъ < *stati. Ст.-бел. статокъ ‘рэчы, маёмасць’ Булыка (Лекс. запазыч., 78) лічыць паланізмам, што, ведаць, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ве́сці, вяду́, вядзе́ш, вядзе́; вядзём, ведзяце́, вяду́ць; вёў, вяла́, вяло́; вядзі́; незак.

1. каго. Памагаць ісці, суправаджаць.

В. хворага пад руку.

2. каго-што. Накіроўваць чый-н. рух; ісці на чале.

В. войска ў бой.

В. каня за повад.

В. самалёт.

Добра вядзе машыну.

3. што. Пракладваць у пэўным напрамку.

В. шашу на Полацк.

В. тэлеграфную лінію цераз раку.

4. чым па чым. Рухаць чым-н. па паверхні чаго-н.

В. ўказкай па карце.

В. смыкам па струнах.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець той або іншы напрамак, служыць шляхам куды-н.

Дарога вяла ў лес.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., да чаго. Мець сваім вынікам, цягнуць за сабой.

Гэта да дабра не вядзе.

7. што. Рабіць, выконваць, ажыццяўляць, падтрымліваць.

В. падлікі.

В. назіранне.

В. агонь (страляць). В. размову.

8. што. Кіраваць, загадваць чым-н.

В. хатнія справы.

Гаспадарку в. — не барадой трэсці (прыказка). В. гурток.

В. сход (старшынстваваць).

Весці (размову, гутарку) да чаго-н. — гаворачы (або робячы) што-н., мець на мэце што-н.

Весці рэй (разм.) — быць завадатарам, верхаводзіць.

|| наз. вядзе́нне, -я, н. (да 1—4 і 8 знач.).

У парадку вядзення (сходу, пасяджэння: па ходу, у сувязі з правядзеннем).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

славу́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, пра якога ўсе ведаюць; агульнавядомы; праслаўлены. Славутыя дняпроўскія парогі. □ Шэдэўр сусветнай лірыкі, славуты «Ветразь» напісаў шаснаццацігадовы Лермантаў, дваццацігадовы Пушкін быў ужо аўтарам «Руслана і Людмілы». Грахоўскі. Яўген і Аляксееў чулі пра славуты Ніжагародскі адхон над Волгай. Карпаў. // чым. Які прыкметны чым‑н., карыстаецца славай у якіх‑н. адносінах. Мікола, падкасаўшы вышэй калень штаны, палез у славутую чырванапёркамі затоку. Ляўданскі. Хлопцы любяць мястэчка — нічым яно асабліва не славутае, няма ў ім ні рэчкі, не забрукавана пакуль што ніводнай вуліцы, але ўсё адно здаецца, што лепшай мясціны на свеце няма. Навуменка. Полацк жа славуты перш за ўсё сваёй шматвяковай гісторыяй. Хадкевіч.

2. Які набыў славу або дастойны яе; слаўны. Ніколі не забыць нам гэты дзень, Калі ў семнаццатым славутым годзе Аўроры залп, як сонечны прамень, Народам асвятліў шляхі к свабодзе. Астрэйка. Як пост той пакінеш, што з боем Узяты ў паходзе славутым? Калачынскі. Славутыя сцягі ўздымаюцца горда Па грозных напрамках ваенных дарог. Броўка.

3. Які дасягнуў шырокай вядомасці, карыстаецца папулярнасцю (пра чалавека). Славуты вучоны. Славуты лётчык. Славуты акцёр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядзе́ць, сяджу, сядзіш, сядзіць; сядзім, седзіце, сядзяць; незак.

1. Займаць такое становішча, пры якім тулава апіраецца на што‑н. ніжняй сваёй часткай. Сядзець на ложку. Сядзець на крэсле. □ [Рыбак:] — Сяджу гэта я на беразе, цікую за паплаўком. Якімовіч. [Віця] ўстаў з мяха, на якім сядзеў, і адчуў, што цяжка стаяць. Чарнышэвіч. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць асаблівасці такога становішча. Сядзець падкурчыўшы ногі. □ Даўгі Мірон сядзеў на кукішках на дне выдзеўбанага чоўна. Маўр. // Быць у такім становішчы, пры якім тулава змяшчаецца на чым‑н. сваёй ніжняй часткай і пярэднімі лапамі (пра сабаку, ваўка, ката і пад.). Сядзіць сабе [кот Фядот], дрэмле, мурлыкае. Брыль. Высока на галінцы Вавёрачка сядзіць. Журба. // Знаходзіцца па якім‑н. месцы, паверхні, не рухаючыся (пра птушак, насякомых). Белабока сарока сядзіць на лазе І дзяцей сваіх кліча. Бядуля. Дзіма ляжаў і хроп пад кустом, а на носе ў яго сядзела вялікая шызая муха. Даніленка.

2. Знаходзіцца, быць дзе‑н.; праводзіць час дзе‑н., у каго‑н. доўга, пастаянна. [Сябры:] — Якія ж мы цыганы, калі будзем сядзець на месцы. Вандраванне — наша стыхія. Астрэйка. [Ярохін] з усмешкай успомніў, што ў дзяцінстве вельмі любіў сядзець на вышках, калі дождж вось так барабаніць па гонтавым даху. Шамякін. // Знаходзіцца дзе‑н. з мэтай адпачынку, забавы і пад. Сядзець у рэстаране. Сядзець у гасцях. // Разм. Праходзіць паўторны курс навучання, набываць якія‑н. веды (другі раз). Калісьці ў першым класе .. [Рыгор] сядзеў два гады і таму быў старэйшы за сваіх аднакласнікаў. Ваданосаў. // Жыць, гаспадарыць дзе‑н. (на зямлі, надзеле і пад.). [Барановіч:] — Ніхто мяне з маёй зямлі не спора, на якой я спрадвеку сядзеў. Чорны. На сваіх палосках [бацькі] сядзелі нядоўга. Вялюгін.

3. Знаходзіцца ў стане бяздзейнасці, нічога не рабіць. Мама крыху вальнейшая, але таксама не сядзіць без справы, увесь час завіхаецца. Васілёнак. — А чаго ж вы [старшыня] марудзіце? Людзі колькі балот асушылі, а вы седзіце, — папракнуў Андрэй. Дуброўскі.

4. звычайна за чым, на чым, над чым. Быць занятым чым‑н., займацца чым‑н., знаходзячыся ў сядзячым стане. Сядзець за абедам. □ Але было пазнавата, каб сядзець за чарцяжамі. Шыцік. Хлопец, стоячы перад лаўкай, гаварыў: — Валодзя — трактарыст, ого! Я ў яго ўсю вясну на прычэпе сядзеў. Мы суседзі. Брыль. Я надоўга ў бакоўцы Памкнуўся адзін. Мне — сядзець над праектам І днём і ўначы. Куляшоў. // Разм. Наогул быць занятым чым‑н. Сядзець на выдачы кніг. □ Да вайны Дуся сядзела на кадрах мінскай фабрыкі «Камунарка». Васілевіч. [Унук:] — Сядзіш толькі на званках і на паперах. Тое давай, тое не давай. Пташнікаў. // Разм. Займаць якую‑н. пасаду, выконваць якія‑н. абавязкі; служыць дзе‑н. Чалавек сядзіць у старастах па партызанскаму загаду. Лынькоў. [Мікалай Васільевіч:] — Я працаваў у сталіцы. Высока сядзеў. Паперы рассылаў, па тэлефоне камандаваў. Гаўрылкін.

5. Быць у зняволенні; быць пазбаўленым свабоды. Сядзець у турме. Сядзець на гаўптвахце. □ Толькі Ганку вясна не радавала. Бацька ўсё яшчэ сядзеў у астрозе. Бяганская. З таго часу Якуб з Санькам сядзяць у халоднай. Якімовіч. [Дазорац:] — А завошта ж сядзіць твой бацька? [Паўлік:] — Не ведаю, дзядзечка, ведаю толькі, што ён не вінаваты. Сташэўскі. Хадзіла тады Макарыха пад Полацк у той страшны лагер, але Васіля не знайшла. .. Дзе ты там знойдзеш чалавека, калі ў лагеры сядзела можа тысяч дваццаць. Асіпенка. // Быць змешчаным куды‑н. (пра жывёл, птушак). Канарэйка сядзела ў клетцы. Сабака сядзеў на прывязі. // Быць вымушаным прытрымлівацца якога‑н. рэжыму, абмяжоўвацца чым‑н. Сядзець па дыеце. Сядзець на пайку. □ [Сымон:] — Парсюка сабе закалю, каб не сядзець на нішчымніцы. Чарнышэвіч. Саша, якая .. заўсёды абражалася, калі ёй што-небудзь падобнае прапаноўвалі, узяла гэтае сала, бо брала не для сябе, а для ўсёй сям’і, якая сядзела на адной бульбе. Шамякін. // Разм. Не мець чаго‑н., быць без чаго‑н. неабходнага. Сядзець без грошай. □ [Дзееў:] Вы разумееце, я сяджу без хлеба, але працаваць да іх [немцаў] не іду. Кучар. Хоць не сядзелі без жытла, Але рашылі вось як: Каб жыць паводдаль ад сяла І ад людзей паводдаль. Камейша.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца, размяшчацца дзе‑н. Направа і налева сядзяць хутары, моцныя, каменныя, як крэпасці. Маўр. Гэта быў вельмі стары дом. Вокны яго сядзелі нізка, амаль пры самай зямлі, мезанін перакасіўся. Арабей. Велічэзная галава [Уолтэра] шчыльна сядзела на яго круглых плячах, твар быў прадаўгаваты, энергічны, са сцятымі, сухімі губамі. Гамолка. З чорнажоўтым каптурыкам, на тоўстай ножцы сядзіць баравічок. Навуменка. / Пра вочы. Шэрыя вочы, якія глыбока сядзелі пад пакатым ілбом, выражалі сумленнасць і дабрату. Федасеенка. // Быць, мецца на паверхні чаго‑н. Праз праваленую столь і разбураную страху на .. [ложак] заўсёды лілі дажджы, і ржа на ім сядзела шышкамі. Чорны. // перан. Глыбока таіцца ў кім‑, чым‑н.; караніцца дзе‑н. (пра схільнасці, думкі, звычкі і пад.). Дзяўчына... ведама, дзяўчына — Хто там згадаў, што ў ёй сядзіць. Купала.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Глыбока ўпіўшыся куды‑н., аставацца там. Левая нага была раструшчана ў калене, асколак сядзеў глыбока ў сцягне. Васілевіч. Нарэшце, сазан, у якога ў хрыбце сядзелі маленькія вострыя восці Вано, знямогся, і тады Іліко .. схапіў свае восці і ўдарам пад жабры дакончыў рыбіну. Самуйлёнак. // Быць пакінутым дзе‑н., не ўбраным (пра расліны). У аўтобусе ўчора гаварылі пра маразы, якія, нарэшце, пачнуцца, дык трэба спяшацца дамоў — у .. [бабкі] на гародзе яшчэ сядзелі ў зямлі буракі. Чыгрынаў. // Быць пасаджаным у зямлю, але не расці. Прыняцца яблынька прынялася. Год сядзіць, другі, а не расце. Ігнаценка.

8. Хавацца ў засадзе, тайна размяшчацца дзе‑н. А скуль даведаліся яны [жаўнеры], Дзе мы [паўстанцы] сядзім? Бядуля. Усю мінулую восень немцы сядзелі на гарадзішчы, на Заглініцкім узгорку, а нашы стаялі пад гарой. Сяркоў. / у перан. ужыв. Мне ўспамінаецца, як гаварыў настаўнік, што ў сельсавеце доўгі час сядзелі кулакі. Скрыган.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць змешчаным куды‑н. для выпякання, апрацоўкі. Пірагі .. ужо сядзелі ў печах. Бядуля.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размяшчацца на фігуры пэўным чынам, быць надзетым тым ці іншым чынам; ляжаць. Касцюм сапраўды быў пашыты з густам і сядзеў добра. Карпаў. Яшчэ новая пілотка была як пажаваная, сядзела на патыліцы. Грамовіч.

•••

Вось дзе сядзіць хто-што — выраз нездаволенасці, прыкрасці, злосці і пад., які звычайна суправаджаецца жэстам з указаннем па галаву, шыю, карак (пра каго‑, што‑н., што прычыняе клопаты, непрыемнасці і пад.).

На куце сядзець — знаходзіцца, быць на покуці як ганаровы, пачэсны госць (на вяселлі).

Седма (поседам) сядзець — а) сядзець доўгі час, не ўстаючы; б) знаходзіцца дзе‑н. неадлучна, не выязджаючы, не выходзячы.

Сядзець злажыўшы (склаўшы) рукі — сядзець без справы, нічога не робячы.

Сядзець каменем (камяком) — цяжка ператраўляцца (пра страву).

Сядзець крукам — вельмі старанна рабіць што‑н. (звычайна седзячы). [Таня:] — Квартал жа закончыўся, справаздачнасць складаем, цэлымі днямі сядзім крукам. Марціновіч.

Сядзець на зямлі — займацца сельскай гаспадаркай, земляробствам.

Сядзець на карку чыім (шыі чыёй), у каго — знаходзіцца, быць на ўтрыманні каго‑н., жыць на сродкі каго‑н., стаць клопатам для каго‑н.

Сядзець на тэлефоне — пастаянна знаходзіцца ля тэлефона, перадаючы або прымаючы якія‑н. звесткі, чакаючы чаго‑н.

Сядзець на чамаданах — склаўшы ўсе рэчы, чакаць ад’езду.

Сядзець на чужым хлебе — быць на чыім‑н. утрыманні.

Сядзець на яйках — выседжваць птушанят (пра птушак).

Сядзець пад замком — быць замкнутым дзе‑н.; быць пад арыштам.

Сядзець рот замазаўшы — маўчаць, не адважыцца сказаць слова.

Сядзець у гразі — брудна, неахайна жыць.

Сядзець у дзеўках — доўга не выходзіць замуж.

Сядзець у пячонках у каго — вельмі непакоіць, хваляваць каго‑н., дапякаць каму‑н.

Сядзець як багародзіца (іран.) — нічога не рабіць, сядзець склаўшы рукі, ні на што не рэагуючы.

Сядзець як мыш пад венікам (пад мятлою) — весці сябе (сядзець) вельмі ціха, каб не звярнуць на сябе чыёй‑н. увагі.

Цвіком сядзець; сядзець як цвік — пра неадчэпную думку, пытанне.

Чорт сядзіць у кім гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)